З гэтага месяца ў некаторых бюджэтнікаў павялічацца надбаўкі, а разам з імі і заробкі, пенсіянеры будуць атрымліваць пенсіі на базавыя рахункі — без дадатковых пераплат банку. Абітурыентаў чакае новы этап уступнай кампаніі, а бацькам школьнікаў можна пачынаць рыхтавацца да новага навучальнага года, атрымаўшы дапамогу да падрыхтоўкі да школы. Што яшчэ зменіцца ў ліпені?
Пенсіі — толькі на базавыя рахункі
З 1 ліпеня ўсе сацыяльныя выплаты змогуць пералічваць толькі на базавыя рахункі. Гэта датычыцца тых, хто атрымлівае пенсіі, дапамогі на дзяцей або іншыя сацвыплаты. Базавы рахунак гарантуе пэўны бясплатны набор аперацый, за якія банк не будзе браць грошы. У тым ліку картку выпусцяць і будуць абслугоўваць дармова.
Не трэба адкрываць базавы рахунак тым, каму выплаты прыходзяць на пошту. Да гэтай катэгорыі адносяцца інваліды, пенсіянеры ў сельскай мясцовасці, пенсіянеры, старэйшыя за 70 гадоў, асобы з абмежаванай здольнасцю да руху. Калі дапамога на дзяцей прыходзіць на зарплатную картку, базавы рахунак таксама не спатрэбіцца. І замежнікам з дазволам на часовае пражыванне такія фінансавыя інструменты не даступныя, выплаты прыйдуць на звычайны разліковы рахунак.
Калі не адкрыць базавы рахунак, выплаты прыпыняць і адновяць толькі пасля яго адкрыцця. Цяпер дадзеныя рахункі адкрываюць Белаграпрамбанк, Беларусбанк, Банк БелВЭБ, Белгазпрамбанк, Белінвестбанк, Банк Дабрабыт, МТБанк, Прыёрбанк, Сбер Банк. Куды менавіта звярнуцца, выбірае сам атрымальнік выплат.
Матдапамога да школы
З 1 ліпеня пачнецца прыём заяў на аднаразовую выплату для шматдзетных сем’яў. Яе даюць сем’ям з трыма і больш непаўналетнімі дзецьмі незалежна ад даходу. Памер выплаты складае 30 % бюджэту пражытачнага мінімуму на 1 жніўня на кожнае дзіця-школьніка. Заява падаецца ў органы сацабароны па месцы жыхарства, у Мінску і некаторых раёнах Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей — па месцы вучобы дзіцяці. Прадугледжана таксама дадатковая дапамога: па месцы работы бацькоў, дзяржаўная адрасная сацдапамога, дабрачынныя акцыі («Збяры дзіця ў школу», «Школьны ранец» і інш.).
У бюджэтнікаў вырастуць заробкі
Згодна з пастановай урада № 277 прадугледжана павышэнне з 1 ліпеня надбавак работнікам цэнтраў, якія забяспечваюць дзейнасць бюджэтных арганізацый. У супрацоўнікаў (спецыялістаў, кіраўнікоў, іншых служачых) у Мінску і Мінскім раёне надбаўка складзе 220 % ад акладу, у рэгіёнах — 140 %, а з 1 студзеня 2026 года вырасце да 170 %.
Кампенсацыя за пелетныя катлы
З 1 ліпеня можна разлічваць на кампенсацыю часткі расходаў на набыццё катлоў, якія працуюць на пелетах. Асобы, якія ўстанавілі такое абсталяванне, маюць права атрымаць кампенсацыю ў памеры 40 % яго кошту, але не больш як 120 базавых велічынь (5040 беларускіх рублёў). Праграма кампенсацыі прадугледжана Указам № 475 ад 30 снежня 2024 года і распаўсюджваецца на абсталяванне беларускай вытворчасці, а таксама вырабленае ў краінах ЕАЭС.
Разлікі ў касах і тэрміналах
З 1 ліпеня беларусы будуць па-новаму прабіваць тавары на касах самаабслугоўвання ў магазінах: трэба будзе счытваць код маркіроўкі шэрагу пазіцый. Інструмент называецца Data Matrіx, нагадвае QR-код. Новаўвядзенне накіравана на барацьбу з кантрафактам і фальсіфікатам. Ведаць, якія тавары падлягаюць маркіроўцы, пакупнікам не трэба: пры сканаванні штрыхкода пакупкі на экране будзе з’яўляцца акенца з надпісам, што патрабуецца адсканаваць яшчэ адзін код.
З 1 ліпеня ў плацежна-даведачных тэрміналах «Белпошты» будзе даступна толькі наяўная аплата. Пры гэтым змены не закранаюць магчымасць разліку карткамі праз касіраў.
Стартуе падача дакументаў у ВНУ
Прыём пачнецца 12 ліпеня і скончыцца 17 ліпеня (бюджэт і платная аснова). Для некаторых сельскагаспадарчых і сілавых спецыяльнасцяў устаноўлены асобныя тэрміны ўступнай кампаніі. З 12 да 19 ліпеня будуць прымаць дакументы на дзённую форму па кірунках «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка», «Ахова працы», а таксама ВНУ сілавых ведамстваў (Акадэмія МУС, Ваенная акадэмія і іншыя). Уступныя іспыты ў большасці ВНУ пройдуць з 18 да 25 ліпеня. Залічэнне на бюджэт завершыцца 27 ліпеня, на навучанне на платнай аснове — 3 жніўня.
Зноў вялікія выхадныя
Міні-водпуск можна будзе арганізаваць сабе зусім хутка. У пачатку ліпеня беларусаў чакае адпачынак чатыры дні запар — з 3 да 6 чысла. Праўда, потым давядзецца працаваць у суботу, 12-га. Наступныя вялікія выхадныя — толькі ў лістападзе.