КДБ правёў шматхадовую спецаперацыю і сарваў планы атакі ўдарных дронаў на Беларусь
Пра гэта расказалі ў эфіры тэлеканала АНТ.
Спецаперацыя доўжылася 732 дні. Яе сутнасць — выцягнуць з-за мяжы арганізатара групы, якая рыхтавала ўдарныя дроны, каб з паветра ўзарваць беларускія стратэгічныя аб’екты. Збеглыя планавалі ўдарыць дронамі па Беларусі. У прыватнасці, па БелАЭС у Астраўцы.
Дзякуючы аперацыі з-за мяжы ўдалося выцягнуць арганізатара групы. Гэта Павел Бялюцін. Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1977 годзе, займаўся прадпрымальніцтвам, захапляўся спортам. Паступова пачаў прытрымлівацца радыкальных поглядаў. У 2016 годзе далучыўся да руху «Салідарнасць», які ўзначальваў Мікалай Аўтуховіч — фігурант некалькіх крымінальных спраў. Пасля выбараў 2020 года была затрымана групоўка з 12 чалавек са зброяй і трацілам. Павел Бялюцін праходзіў па той крымінальнай справе. Пасля затрымання Аўтуховіча Бялюцін уцёк за мяжу.
У 2020 годзе ён удзельнічаў у незаконных акцыях і пісаў у інтэрнэце пагрозы і абразы ў адрас прадстаўнікоў улады і сілавых структур. За гэтыя дзеянні супраць яго распачалі крымінальныя справы.
Павел Бялюцін уцёк у Літву, дзе адразу ж далучыўся да віленскай харугвы, клуба «Літвіны». Падобныя ствараліся для нападзення на Беларусь. Усе харугвы ў Літве і Польшчы аб’яднаны «Паспалітым рушэннем» — цэнтрам, які каардынуе дзеянні, трымае сувязь з баевікамі, забяспечвае трэніроўкі, каб ваяваць. Асаблівы ўпор — на вывучэнне баявых дронаў і іх кіраванне. Для гэтага зрабілі нават асобны чат «Людзi на балоце», куды ўвайшоў і Бялюцін. У ім сабраліся тыя, хто вызначыўся агрэсіўным экстрэмізмам у 2020 годзе, а потым уцёк за мяжу. Былі і такія, хто ваяваў наёмнікам на тэрыторыі Украіны, а потым дзяліўся навыкамі з удзельнікамі віленскай харугвы. Жаданне адпомсціць «беларускаму рэжыму» было настолькі вялікае, што ў адным з чатаў яны пачалі не толькі абмяркоўваць ударныя дроны, але і самі іх рыхтаваць.
Адна з экс-актывістак апазіцыі Вольга Цішкевіч узгадвае пра гэта так: «Паша сказаў, што яны хацелі ўдарыць па Беларусі. Па энергетычных аб’ектах, гэта значыць знішчыць энергетычны рэсурс Беларусі. АЭС, атамная электрастанцыя. Паша сказаў, што хацелі абясточыць Беларусь. Купілі больш за 20 дронаў. Я кажу: «Вы што, звар’яцелі? З тэрыторыі Літвы вы хацелі ўдарыць па Беларусі?»
Бялюціна ўзялі пад шчыльнае назіранне супрацоўнікі КДБ, якія дакладна пралічвалі кожны ягоны крок для нейтралізацыі пагрозы. І для гэтага была прыдумана спецаперацыя «Гарпун». Назва — не выпадковая. Такім метадам вырашылі ўчапіць аб’ект, а потым выцягнуць яго ў Беларусь, ізаляваць, каб не дапусціць бяды.
Пастку зрабілі на базе сайта КДБ Беларусі ў раздзеле «Электронныя звароты грамадзян і юрыдычных асоб». Там знаходзіўся архіў. Унутры — тысячы паведамленняў. Яго скарэкціравалі і ўнеслі зварот ад імя Паўла Бялюціна: «Добры дзень. У мяне ёсць некаторыя падставы меркаваць, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь Аўтуховіч Мікалай Мікалаевіч прадумвае і пачынае ажыццяўляць падрыхтоўку да спробы ўзброенага захопу ўлады ў нашай рэспубліцы. Пра спробу даведаўся са слоў грамадзяніна Аўтуховіча». Паведамленне дадалі ў архіў і замаскіравалі пад рэальнае з базы даных.
Супрацоўнікі КДБ кантралявалі ўвесь працэс, як зламыснікі спрабавалі ламаць вэб-рэсурс. У канчатковым выніку яны атрымалі доступ да блока, які быў спецыяльна пакінуты для іх.
Усё ішло згодна з планам КДБ. Злачынцы спампавалі базу дадных — і менавіта тую, якую ім спецыяльна падсунулі. А праз пяць дзён у апазіцыйным асяроддзі скандал — збеглыя знайшлі тое самае паведамленне Бялюціна, яго самога абвясцілі стукачом.
Бялюціна выклікалі на допыт у ДДБ Літвы. І далей дыскрэдытацыя «змагара» ажыццяўлялася ўжо аўтаматычна. 29 ліпеня 2024 г. Дэпартамент міграцыі пры МУС Літвы прызнае яго пагрозай нацбяспецы. 29 кастрычніка таго ж года Бялюціна пазбаўляюць статусу бежанца. 16 студзеня 2025 года суд у Каўнасе прымае рашэнне аб забароне знаходжання ў Літве. Бялюцін разумее, што ў Літве яго могуць пасадзіць ці дэпартаваць у Беларусь. Ён стукаецца ў чаты збеглых у Германіі. Далей ён шукае дапамогі ў збеглых у Партугаліі, дзе яго таксама не прымаюць. Бялюцін робіць спробу дастукацца і да збеглых у Іспаніі, але дарэмна.
Бялюцін мыкаўся па розных краінах Еўропы, разумеў, што нікому не патрэбны. Выматаны абыякавасцю, кінуты сваімі ж. Дэталі яго прыбыцця ў Мінск пакінулі за кадрам. Але Бялюцін у Беларусі, дзе яму давядзецца адказваць па законе.
Аперацыя «Гарпун» скончана. Але адплата чакае ўсіх. «Камітэт дзяржаўнай бяспекі неаднаразова заяўляў, што асобы, якія ўчынілі злачынствы, асабліва цяжкія злачынствы супраць дзяржавы, дзе б яны ні знаходзіліся, будуць жыць з думкай аб тым, што немінуча надыдзе гадзіна адплаты», — падкрэсліў начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, звяртаючыся да збеглых.
Паводле БелТА