Турчын аб перспектывах прадпрыемстваў Мінпрама: Эфектыўнасць работы ставіцца ў аснову
Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын прадставіў калектыву Мінпрама новага кіраўніка — Андрэя Кузняцова, якога Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня прызначыў міністрам прамысловасці. Прэм'ер таксама абазначыў задачы новаму кіраўніку холдынга «Амкадор» Аляксандру Яфімаву, які ўзначальваў да нядаўняга часу профільнае міністэрства.
— Самае галоўнае — нацэленасць на эфектыўнасць работы нашых прадпрыемстваў. Міністэрства прамысловасці як рэгулятар павінна займацца ўсімі кірункамі дзейнасці галіны і падведамных прадпрыемстваў (і аб'ёмам вытворчасці, і экспартам), — падкрэсліў Прэм'ер-міністр.
Што датычыцца падтрымкі ўрада, Аляксандр Турчын запэўніў новага кіраўніка галіны ў тым, што ён можа разлічваць на усёабдымную падтрымку пры выкананні пэўных умоў.
Былы ж міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў прызначаны кіраваць холдынгам «Амкадор».
— Адно з найважнейшых прадпрыемстваў у галіне машынабудавання ў нашай краіне, якое аказалася ў вельмі няпростай сітуацыі, — адзначыў Прэм'ер-міністр. — Хачу адразу падкрэсліць, што дзякуючы рашэнню Прэзідэнта, а ён перш за ўсё клапоціцца пра людзей, якія працуюць на прадпрыемстве, яно перайшло пад крыло дзяржавы.
Ён дадаў, што прадпрыемства перайшло з вялікай колькасцю абавязацельстваў, якія неабходна будзе выконваць разам з профільным міністэрствам.
— Вельмі няпростае рашэнне. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, яно абумоўлена клопатам пра людзей, якія працуюць на «Амкадоры». Таму што, калі б не дапамога дзяржавы, не ўпэўнены, што прадпрыемства змагло б працягнуць работу з такім грузам назапашаных абавязацельстваў, — канкрэтызаваў Аляксандр Турчын.
Ён паставіў задачу новым кіраўнікам холдынга і профільнага міністэрства забяспечыць паспяховую работу «Амкадора».
— Каб сёння прадпрыемства паспяхова працавала, выпускала канкурэнтаздольную прадукцыю і забяспечвала людзей годным заробкам. Задача няпростая, — прызнаў кіраўнік урада і пажадаў Аляксандру Яфімаву поспехаў. — Думаю, для вас гэта ў пэўным сэнсе справа гонару.
У завяршэнне Прэм'ер-міністр адзначыў, што на дадзены момант урадам рыхтуецца нарматыўны прававы акт, які комплексна дапаможа вырашыць праблемы холдынга «Амкадор».
Гаворачы ў цэлым аб рабоце галіны, Прэм'ер-міністр таксама нацэліў кіраўнікоў на аптымізацыю затрат, зніжэнне расходаў, дыверсіфікацыю экспартных паставак.