0

У краіне напярэданні свята адкрыўся шэраг новых сацыяльных аб’ектаў

01.07.2025 | 17:14

Добрай традыцыяй у нашай краіне стала адкрыццё новых сацыяльных аб’ектаў напярэдадні дзяржаўных урачыстасцяў. Гэта сведчыць аб тым, што ва ўнутранай палітыцы Беларусі на першым месцы чалавек. Сёлета ў святочныя дні ліпеня ў суайчыннікаў з’явіліся новыя магчымасці для ўмацавання здароўя, дыягностыкі і лячэння, а таксама для добрага настрою і проста шчаслівых хвілін разам з блізкімі.



З клопатам аб здароўі

Шэраг новых медыцынскіх аб’ектаў адкрыліся напярэдадні Дня Незалежнасці ў розных рэгіёнах нашай краіны.

У сталіцы пасля рэканструкцыі расчыніла дзверы гарадская паліклініка № 13. Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава ўручыла паліклініцы сертыфікат на механатэрапеўтычны рэабілітацыйны апарат. Спікер назвала падзею знакавай для жыхароў Савецкага раёна сталіцы. «Здароўе нашых грамадзян — гэта прыярытэт сацыяльнай палітыкі», — падкрэсліла Наталля Качанава.

У Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы запрацаваў новы ангіяграфічны комплекс. Абсталяванне набыло Міністэрства аховы здароўя. Брэсцкая аблбальніца атрымала апарат высокага класа замежнай вытворчасці. Кошт ангіёграфа з улікам апарата электрафізіялагічнага даследавання складае амаль 3,2 мільёна рублёў. Дзякуючы яму брэсцкія медыкі змогуць выконваць не толькі дыягнастычныя, але і лячэбныя маніпуляцыі. Абласны бюджэт на суму 2,6 мільёна рублёў прафінансаваў рэканструкцыю аперацыйнай і дапаможных памяшканняў.

Гэты ангіяграфічны комплекс дазваляе праводзіць даследаванні любых сасудаў, у тым ліку перыферычных. Асноўная яго накіраванасць — на дыягностыку і лячэнне сэрца. У Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы пераважна будуць выкарыстоўваць апарат для хірургічнага лячэння арытміі сэрца.

Некалькі новых медыцынскіх аб’ектаў прадстаўляе сваім жыхарам Віцебская вобласць. Уводзіцца ў эксплуатацыю рэнтгенкабінет у філіяле № 6 Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі. Сучасны лічбавы рэнтгенадыягнастычны комплекс «Уніэксперт 3 плюс» на тры рабочыя месцы дасць магчымасць даследаваць пацыентаў з паталогіяй сістэм органаў дыхання, сардэчнасасудзістай, мочавыдзяляльнай, а таксама страўнікавакішачнага тракту. Для камфорту медыкаў праведзены рамонт восьмага і дзявятага паверхаў у інтэрнаце для работнікаў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы.

Таксама ў гэтыя дні адбудзецца адкрыццё кабінета мамаграфіі ў Браслаўскай ЦРБ. Пасля рамонту расчыніць дзверы перад пацыентамі аддзяленне сястрынскага догляду ў Расонскай цэнтральнай раённай бальніцы. Памяшканне не толькі адрамантавана, але і аснашчана новай мэбляй, шматфункцыянальнымі ложкамі, бактэрыцыднымі рэцыркулятарамі паветра.

У Гродзенскай вобласці ўвялі ў эксплуатацыю шматфункцыянальны спартыўны комплекс санаторыя «Жамчужына» УП «АзотСэрвіс». Сучасны аб’ект вырас на месцы старых складоў. Новы спартыўны комплекс мае зоны для камандных і індывідуальных заняткаў, а таксама для трэніровак прафесійных каманд. Прасторныя залы, мадэрнізаваныя пакрыцці і камфортныя распранальні забяспечваюць бяспечнае і зручнае асяроддзе для людзей усіх узростаў і ўзроўняў падрыхтоўкі.

db4a519a-81cf-4468-bcce-7f9b6087411e.jpg

У комплексе можна гуляць у валейбол, баскетбол, вялікі тэніс, мініфутбол і індорхакей. Тут будуць займацца не толькі адпачывальнікі санаторыя, але і супрацоўнікі ААТ «Гродна Азот», а таксама жыхары і госці абласнога цэнтра.

2 ліпеня ў мікрараёне Фолюш абласнога цэнтра адкрываецца дзіцячая амбулаторыя. У Гродне працягваецца будаўніцтва абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера, а таксама новага корпуса кардыялагічнага цэнтра, новай гарадской клінічнай бальніцы.

Для адпачынку, спорту і дзеля памяці

Усім вядома, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. На гэту мэту працуюць спартыўныя аб’екты, якіх таксама ў дні ўрачыстасцяў стала болей.

У гарадскім пасёлку Капаткевічы Петрыкаўскага раёна адкрылі стадыён. Яго рэканструкцыю пачалі ў 2024 годзе. Цяпер тут размешчаны валейбольная, баскетбольная пляцоўкі, футбольнае поле, варкаўтпляцоўка. На стадыёне будзе ўдасканальваць сваё майстэрства каманда ДЮСШ Петрыкаўскага раёна, а для вучняў Капаткевіцкай сярэдняй школы тут будуць праводзіць урокі фізічнай культуры і здароўя. Новы стадыён «Каралін» пры раённай ДЮСШ з’явіўся ў Ельску. Яго будаўніцтва пачалося ў 2023 годзе. У Ельскай ДЮСШ аддаюць перавагу пяці відам спорту: футбол, самба, дзюдо, настольны тэніс, лёгкая атлетыка.

dbdc6004-a09a-4b78-a1b7-745ec5f478c9.jpg

Для жыхароў Светлагорска падарункам да свята стала лыжаролерная траса, якая ўяўляе сабой лініі дыстанцый на 750 і 500 метраў. Асфальтабетоннае пакрыццё забяспечвае добрыя ўмовы для заняткаў спортам як аматараў, так і прафесіяналаў. Новы аб’ект прымыкае да Лядовай арэны і ДЮСШ2, ствараючы цэлы спартыўны комплекс.

Сучасную шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку падарылі да Дня горада і Дня Незалежнасці бабруйчанам. Дзіцячы спартыўнагульнявы комплекс на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 66 з’явіўся дзякуючы рэспубліканскаму сацыяльнаму праекту Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па падтрымцы спорту і здаровага ладу жыцця «Спорт для ўсіх» і пры падтрымцы Бабруйскага гарвыканкама і гарсавета. У распараджэнні юных гараджан цяпер гульнявое абсталяванне, пляцоўкі для варкаўта і фізічных трэніровак, баскетбола, футбольнае мініполе і тэрыторыя для тых, хто мае абмежаваныя магчымасці.

У перадсвяточныя дні ў Бабруйску таксама прэзентавалі мурал, прысвечаны двойчы Герою Савецкага Саюза Паўлу Батаву. Артаб’ект пад назвай «Спадчына і будучыня» нанесены на фасадзе жылога дома № 57 на бульвары Прыбярозінскі. Павел Батаў — генерал арміі, якая вызваляла Бабруйск у чэрвені 1944 года ад нямецкафашысцкіх захопнікаў.

Тым часам у Магілёве з’явіўся... Хабараўскі дворык. Падобных зон адпачынку ў абласным цэнтры ўжо 17, дызайн гэтага зроблены хабараўскімі архітэктарамі на конкурснай аснове. Праект рэалізаваны ў рамках дагавора аб пабрацімстве паміж Магілёвам і расійскім Хабараўскам. Атмасферу Далёкага Усходу на вуліцы Піянерскай ствараюць амфітэатр, сцэна, арэлі, альтанкі і дзіцячая пляцоўка.

Паводле паведамленняў нашых карэспандэнтаў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю