0

Прэзідэнт выступіў на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці

01.07.2025 | 18:08

«Беларусь пад чыстым небам — гэта мэта ўсёй нашай палітыкі»


Дзень Незалежнасці — больш чым свята. Гэта яшчэ і падвядзенне вынікаў, аналіз таго вялікага шляху, які прайшла наша краіна. Гэта ўрокі мінулага, сучасныя дасягненні і планы на будучыню. Гэта наша гісторыя — такая, якая яна ёсць. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў прамове Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці. Традыцыйнае мерапрыемства сабрала ў Палацы Рэспублікі беларусаў розных узростаў, прафесій, жыхароў усіх абласцей — тысячы людзей, аб’яднаных любоўю да сваёй краіны і зацікаўленых у яе росквіце.


GOR_3158_result.jpg

«Памяць аб подзвігу — пытанне нацыянальнай годнасці»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што свята Дня Незалежнасці, якое мы ўрачыста адзначаем, мае для нас, беларусаў, фундаментальнае значэнне. «Незалежнасць — гэта свабоднае і мірнае жыццё, бяспека і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, — падкрэсліў ён. — Так мы павінны разумець сваю незалежнасць». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, беларускі народ добра памятае, што значыць страціць усё гэта раптоўна. «І ведае, што значыць пакласці жыццё на алтар будучай роднай Айчыны, — дадаў Прэзідэнт. — У нашай гісторыі так было не аднойчы. Але дата вызвалення Мінска ад фашысцкай акупацыі — 3 ліпеня — стала мяжой. Мяжой духоўнага і грамадзянскага станаўлення нацыі, якая агнём і крывёй зацвердзілася ў сваім статусе».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Вялікая Айчынная вайна, самая бесчалавечная з усіх войнаў, перавярнула свядомасць усёй сусветнай супольнасці. «І тады здрыгануліся ўсе, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Уварванне фашысцкай Германіі на тэрыторыю еўрапейскіх краін прымусіла жыхароў усіх кантынентаў задумацца аб каштоўнасці свабоды і крохкасці жыцця. У вачах усяго свету абрынуўся міф аб гарантыях бяспекі. Гарантыях, якія павінны былі забяспечваць ваенныя саюзы, кааліцыі, пакты аб ненападзенні і іншыя міжнародныя пагадненні... Слухайце, нібыта сёння...»

Прыклад толькі адной Беларусі, якая страціла за няпоўныя тры гады трэцюю частку насельніцтва, уключаючы самых слабых і безабаронных — жанчын, старых, дзяцей, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, падзяліў гісторыю на «да» і «пасля». «Ніякая гэта не вайна была на тэрыторыі Беларусі супраць нас. Гэта быў сапраўды генацыд, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Не толькі нашу гісторыю падзялілі. Усе, хто сачыў за бітвай стагоддзя, распачатай на подступах да Брэсцкай крэпасці, дзе быў дадзены першы дастойны адказ агрэсару, разумелі, што лёс свету будзе вырашацца тут, на ўсходнеславянскіх землях. І вырашаць яе будуць сілы нашай Чырвонай Арміі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты гістарычны факт — і наш боль, і наш гонар. «Мы працягваем гісторыю няскоранага народа, — сказаў беларускі лідар. — Памяць аб яго подзвігу — пытанне нацыянальнай годнасці, без якога размовы аб незалежнасці, суверэнітэце, свабодзе — проста словы. Мы ж абапіраемся на рэальны досвед і рэальныя дасягненні».

«Памятаем усіх, хто стаяў насмерць за кожную пядзю нашай зямлі»

Прэзідэнт паставіў слушнае пытанне — колькі мы ведаем народаў, якія былі пастаўлены на мяжу поўнага знішчэння, падобна савецкаму народу, беларусам, але са зброяй у руках выстаялі? «Колькі такіх народаў? — акцэнтаваў увагу ён. — Колькі мы ведаем дзяржаў, якія гэтак жа гераічна, як мы, трымалі ўдар цэлай арміі нацысцкіх вайсковых фарміраванняў, сабраных з 30 краін Еўропы? Колькі такіх дзяржаў?»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўдар трымалі байцы, партызаны, падпольшчыкі. «Змагаліся жанчыны, старыя, дзеці, — канстатаваў ён. — На роўных. Са зброяй у руках. Менавіта на нашай зямлі захопнікі сутыкнуліся з масавым і ўсебаковым супраціўленнем. Сталі сведкамі бяспрыкладнай смеласці нашых землякоў — моцных духам і нязломленых».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што славу Перамогі над гітлераўскімі акупантамі мы, безумоўна, дзелім з былымі савецкімі рэспублікамі. «Іначай нельга, — сказаў Прэзідэнт. — Памятаем усіх, хто стаяў насмерць за кожную пядзю нашай зямлі. З належнай павагай ставімся да гісторыі краіны, якая перамагла фашысцкую Германію і яе сатэлітаў».

Па словах кіраўніка дзяржавы, і ў 1990-я гады беларусы свядома абралі шлях гістарычных пераемнікаў гэтай вялікай дзяржавы. «Мы не адмаўлялі і не перакрэслівалі нашу гісторыю, — удакладніў Прэзідэнт. — Паняцце „братэрскія народы“ для нас не фігура маўлення. Гэта спадчына, якую мы беражом».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што толькі ў нашай краіне Дзень Незалежнасці святкуецца нароўні з Днём Вялікай Перамогі. «Бо тады, у самы востры момант пераможнага наступлення Чырвонай Арміі, дзень вызвалення Мінска стаў прадвеснікам пераможнага 9 Мая, сімвалам адраджэння беларускай зямлі, ды і ўсяго савецкага народа, — патлумачыў ён. — Выбар даты нашага галоўнага дзяржаўнага свята гістарычна абгрунтаваны і прыняты сэрцам кожнага з нас, кожнага беларуса. У гэтым выбары — воля не толькі нас, сучаснікаў, якія не маглі паступіць інакш, але і нашых бацькоў і дзядоў».

Звяртаючыся да ветэранаў — і вайны, і працы (усяго пакалення), Прэзідэнт адзначыў, што яны вытрымалі неймаверны па сіле ўдар і выстаялі ў эпахальнай бітве. «Бітве за жыццё вашых дзяцей і ўнукаў, — удакладніў ён. — За наша жыццё і тых, хто прыйдзе пасля нас. Нізкі вам паклон! Ваша пакаленне здзейсніла подзвіг, роўнага якому ў гісторыі не было, няма. Ці будзе? Сёння мы разам з вамі зноў схіляем галовы ў памяць аб героях той вайны. Вечная слава, бязмерная падзяка скрозь стагоддзі ўсім, хто здзейсніў ваенны і працоўны подзвіг. Подзвіг, які стаў нашым маральным арыенцірам».

«Паўтарэнне бяды, як ва Украіне або, не дай Бог, на Блізкім Усходзе, для нас абсалютна непрымальна»

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што многія краіны свету сталі незалежнымі дзякуючы той Вялікай Перамозе. У многіх народаў з’явілася магчымасць выбіраць уласны шлях развіцця.

«Нагадаю: незалежнасць каштуе дорага, вельмі дорага, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І справа не толькі ў эканоміцы. Мы, беларусы, заплацілі за яе самую страшную цану. Таму ў кожным новым ваенным канфлікце, развязаным на планеце цяпер, мы бачым асабістую трагедыю, нам чуецца рэха Вялікай Айчыннай вайны. Мы вастрэй, чым хто-небудзь, рэагуем на падзеі, якія прымушаюць нас праводзіць гістарычныя паралелі. Паўтарэнне бяды, як ва Украіне або, не дай Бог, на Блізкім Усходзе, для нас абсалютна непрымальна. Перадумовы да падобнага развіцця падзей будзем спыняць на корані, калі, не да Бог, мы ўбачым гэта ў сябе, на нашай зямлі. Кажу гэта тым, хто стаіць за кожным падобным сцэнарыем».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што праз 80 гадоў пасля нашай Перамогі на змену Ялцінскаму міру прыйшла брусельска-вашынгтонская аванцюра. «Ачагі напружанасці распальваюцца прама з кабінетаў заходніх чыноўнікаў, — удакладніў ён. — Гуляюць жыццямі людзей, як персанажамі камп’ютарнай гульні ці галівудскага фільма. Спытацца, навошта? Я хачу, каб вы разумелі. Кажу вам, як чалавек па пасадзе такой жа, як яны, на Захадзе. Калі нешта праваліў тут, калі ты сатварыў несусветнае... А паглядзіце, што адбываецца ў Францыі, Велікабрытаніі, Германіі. Не ў тым, што я нагнятаю абстаноўку. Там жа ўрады мяняюцца кожныя год-два. Гэта аб многім сведчыць. Значыць у сябе натварылі і не хвастом хочуць замесці свае злачынствы, а праз удары па мірным насельніцтве, як гэта адбылося ў безабароннай Газе або пры нанясенні ўдараў па Іране. Удумайцеся толькі: з-за нейкай зноў прабіркі. У Іране знайшлі а-ля прабірку: „там ядзерная зброя заўтра будзе, значыць трэба нанесці ўдар“. Давайце падумаем: а хто даў права? Хто дазволіў? Чаму краіна, якая валодае ядзернай зброяй, павінна бамбіць такую ж краіну, якая няхай нават, можа быць, імкнецца да гэтага, каб сябе абараніць? Якое права яна мае бамбіць?».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэтага не адбылося б, каб «за спінай не стаялі моцныя свету ўсяго». 

Прэзідэнт праінфармаваў, што Германія, амаль як у пачатку мінулага стагоддзя, з маўклівага заахвочвання заходніх партнёраў заяўляе аб стварэнні самай моцнай арміі Еўропы. «Не нагадвае гэта вам нічога? Што было сто гадоў таму, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Зноў прымярае на сябе ролю рэгіянальнага ваеннага лідара, размяшчаючы паблізу нашых граніц злучэнні сухапутных войскаў брыгаднага ўзроўню. І не верце вы гэтым размовам. Зноў амерыканцам на перагаворах я сказаў: мы вам не верым. Што адбываецца сёння ў свеце: Трамп кажа адно, а яны, у Еўропе, робяць іншае. Гэту кашу заварылі. Людзі, нават палітыкі, не паспяваюць за гэтым сачыць. Усё гэта — сцэнарый. Так, у Трампа ёсць крыўда на Еўропу: за Байдэна ішлі сцяной, а перамог Трамп. Так, у яго ёсць крыўда. Ëн чалавек, які не змог змірыцца з гэтай крыўдай, хаця любы палітык павінен быў перакрэсліць мінулае і пачаць будаваць цяперашняе. Дык вось іх цяперашняе — яны як былі разам, так і ёсць. Толькі ў гэтым „спектаклі“ разыгрываюць розныя ролі». 

У гэтай сувязі Прэзідэнт заклікаў не супакойвацца і не думаць, што надта нешта змянілася. Іран, па яго словах, гэта паказаў. З аднаго боку, Дональд Трамп — міратворац, які хоча скончыць вайну ва Украіне, а з другога — адбываецца нанясенне абсалютна незаконнага ўдару па Ірану. 

«Кітайская Народная Рэспубліка, старажытная цывілізацыя, дакладна вызначае, што, напэўна, самы галоўны і небяспечны праціўніік для нас, самая небяспечная краіна-дзяржава — гэта Германія, — канстатаваў беларускі лідар. — Вось яно пацвярджаецца. Яны ствараюць армію. Калісьці ў свеце мы абмяжоўвалі Германію. Да чаго гэта прывяло? Да новай — Другой сусветнай — вайны. Абмежавалі. А што сёння? Тармазоў няма, толькі ўперад».

«Не спяшайцеся даваць ацэнкі, час расставіць усё на свае месцы» 

Літва і Польшча, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, старанна акопваюцца, польская ўлада па ўсім свеце скупляе ваенную тэхніку. «Усе выдаткі — за кошт падаткаў сваіх грамадзян і тых крэдытаў, хто іх дае (амерыканцы або па іх указцы), — заўважыў беларускі лідар. — Так што ж памянялася? Кідаюцца ў новыя ваенныя саюзы, па сутнасці, варожыя ў адносінах да нас. Звярніце ўвагу: Францыя і Польшча падпісалі дагавор, які прадугледжвае паглыбленае супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. Аналагічны Польшча плануе заключыць найбліжэйшым часам з Вялікабрытаніяй — на ўсялякі выпадак з дзвюма ядзернымі дзяржавамі». 

GOR_6040-R_result.jpg

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ніхто не хоча ўспамінаць, чым скончыўся паход на ўсход, як цяпер модна казаць, «гітлераўскага Еўрасаюза». «Таму Польшча і краіны Балтыі дазваляюць ператвараць сябе ў чарговы пасля Украіны ваенны палігон, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ні ў якім іншым статусе нашы найбліжэйшыя суседзі Захаду абсалютна не цікавыя. Што, Германія, ствараючы армію, хоча ваяваць на сваёй зямлі? Не. Вы бачыце, як ва Украіне — проксі-вайна. Дакладна так яны хочуць ваяваць супраць нас, у тым ліку супраць Украіны, славянскіх народаў — мы заўсёды ім папярок горла. Яны хочуць ваяваць на чужой зямлі. У гэтым выпадку Літва, Латвія, Эстонія і Польшча».

Так што ні ў якім іншым статусе, як акцэнтаваў увагу беларускі лідар, гэтыя дзяржавы Захаду не патрэбныя, не цікавыя. «Калі хочуць у чарговы раз знікнуць з карты свету — гэта будзе іх выбар!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт нагадаў, што спыніць братазабойчую вайну, распачатую ва Украіне пасля дзяржаўнага перавароту, Беларусь заклікала яшчэ ў 2015 годзе. «На Саміце ААН па ўстойлівым развіцці ад імя нашага народа і дзяржавы я папярэджваў, што горача будзе ўсяму цывілізаванаму свету і мы яшчэ не ведаем, што будзе, калі не спынімся, — узгадаў свае словы кіраўнік дзяржавы. — Вы бачыце: уцягнулі ва ўкраінскі канфлікт усіх, каго толькі можна. І зноў — сцэнарый, зноў — спектакль. Быццам бы міратворац з-за акіяна адышоў, ён жа супраць гэтай вайны, ён хоча яе спыніць. А вось гэтыя дурні (Захад), яны хочуць вайны. Кіньце вы, мы гэта ўсё бачылі. Ролі размеркаваны. Прэзідэнт ЗША правільна зрэагаваў. У пэўным сэнсе правільна. Гэта ваша вайна ў Еўропе — ваюйце. Але гэта не значыць, што яны па-за гульнёй. Яны зноў там, у цені. Яны думаюць, што схаваюцца ў сучасным свеце за акіянам»

На фоне гэтага канфлікту, па словах Прэзідэнта, зацягнулі ў Паўночнаатлантычны альянс Фінляндыю і нават Швецыю, якая на працягу двух апошніх стагоддзяў заставалася нейтральнай. «Мы ўжо назіраем, як палае Блізкі Усход, — дадаў беларускі лідар. — Свет яшчэ не ачуняў ад жудасных кадраў ізраільска-палесцінскай бойні, дзе хочуць на касцях (удумайцеся!) стварыць нейкую крутую базу адпачынку або курорт. На касцях людзей, дзяцей! Не паспелі ад гэтага аправіцца, як бомбы ўжо ляцяць на іранскія гарады».

І дзе, пацікавіўся кіраўнік дзяржавы, так званыя міжнародныя праваабаронцы, якія клапоцяцца аб выкананні дэмакратычных правоў і свабод? «Іх не чуваць», — канстатаваў беларускі лідар, нагадаўшы, што зусім іншая сітуацыя была ў адносінах да Беларусі ў 2020 годзе і пасля яго.

«Я, памятаеце, вам казаў: не спяшайцеся даваць ацэнкі, час расставіць усё на свае месцы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вось ён і расставіў. Мы бачым сапраўдную праўду і бачым іх твар. І цэнім тое, што адбылося ў 2020 годзе. Цэнім тое, што мы спынілі гэту мярзоту, якая спрабавала здзейсніць у нас мяцеж, што меў бы наступствы значна мацнейшыя, чым у нашай братняй Украіне». 

«Мы не можам сабе дазволіць сорак першы год»

Прэзідэнт звярнуў увагу, што належнай рэакцыі наднацыянальных інстытутаў, якія прэтэндуюць на ролю гарантаў глабальнай бяспекі, няма. Але ёсць дакладнае разуменне сітуацыі ў нашай краіне, стратэгіі развіцця ў гэтых умовах.

«Як краіна — заснавальніца Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (думаю, вы гэта памятаеце), якая найбольш пацярпела ў той далёкай вайне і аказала гераічнае супраціўленне агрэсару, мы не можам сабе дазволіць ігнараваць новы віток эскалацыі планетарнага маштабу, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Пры ўсіх рызыках, пагрозах, пры ўсіх нападках на Беларусь мы паслядоўна прытрымліваемся прынцыпаў міралюбівай знешняй палітыкі. Нашы ініцыятывы па запуску глабальнага дыялогу па бяспецы — крокі, якіх вельмі чакаюць людзі. На ўсіх кантынентах. Чакаюць і ад сваіх палітыкаў».

  • Беларускі лідар канстатаваў, што меры, якія прымаюцца па ўмацаванні абараназдольнасці дзяржавы — не больш чым люстраны адказ на варожую рыторыку і неадэкватная колькасць баявога патэнцыялу паблізу нашых граніц. «Мы па-ранейшаму нікому не пагражаем — ні словам, ні справай — нягледзячы на правакацыі, — сказаў Прэзідэнт. — Але мы не можам сабе дазволіць сорак першы год».

Кіраўнік дзяржавы ўжо не раз звяртаў увагу на высокіх сходах, што калі б тады не ўлагоджвалі ледзь не сяброў з Германіі, то не мелі б такіх наступстваў. «Вы павінны разумець (і гэта вайна сучасная паказвае), наступаць, заваёўваць тэрыторыі чужых дзяржаў — забойна, — падкрэсліў ён. — Тады было яшчэ больш забойна, але мы не былі гатовы. Але чамусьці амаль за некалькі месяцаў да вайны пачалі рамантаваць аэрадромы, сцягнулі ўсю авіяцыю на адзін аэрадром. І авіяцыя была знішчана пры першым жа налёце фашысцкай авіяцыі. Мы прашлёпалі, пагранічнікі прапусцілі на нашу тэрыторыю дыверсійныя групы фашыстаў, якія перабілі ўсіх, хто ахоўваў стратэгічныя аб’екты, у тым ліку масты. Пераапрануліся ў адзенне савецкіх войнаў і ўжо ў глыбокім тыле ваявалі супраць нас. Гэта ўсё было тут, на тэрыторыі Беларусі». 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтыя гістарычныя факты, якія ён прывёў, з’яўляюцца для нас урокам. «Таму нельга расслабляцца, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Кожны дзень, кожную гадзіну мы павінны рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць. Зразумейце: каб яе пазбегнуць, а не ваяваць».

«Робім усё, каб зменшыць напружанасць у рэгіёне»

Прэзідэнт праінфармаваў, што побач з Беларуссю праводзіцца серыя вучэнняў «Абаронца Еўропы — 2025». «Ад каго абараняецеся? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Маштаб і блізкасць манеўраў пагрозлівыя: 25 тысяч ваеннаслужачых НАТА (гэта як яны заявілі, ніхто дакладную лічбу ніхто не заяўляе, заўсёды больш) і каля 3 тысяч адзінак узбраенняў і тэхнікі літаральна ў 10 — 15 кіламетрах ад нашай граніцы. Гэта нават не адлегласць аднаго кідка сучаснай тэхнікі. Гэта ўжо фактычна на нашай зямлі. Мы бачым гэтых „абаронцаў“ з наступальным сцэнарыем ва ўсёй красе. І не збіраемся рэагаваць на агрэсіўную дэманстрацыю сілы. Робім усё, каб зменшыць напружанасць у рэгіёне».

Таму, па словах Галоўнакамандуючага, было прынята рашэнне змяніць параметры вучэнняў узброеных сіл Саюзнай дзяржавы «Захад-2025». «Мы знізілі колькасць войскаў практычна ўдвая, перанеслі месца іх размяшчэння ўглыб сваёй тэрыторыі, падалей ад граніцы на сотні кіламетраў, на палігоны, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Заклапочаныя амерыканцы на апошніх перагаворах з намі... Я ім прама сказаў: „Нічога не хаваем“. Мы з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі гэту тэму. Вы хочаце — калі ласка, я вас запрашаю ў Беларусь на гэтыя вучэнні. Калі ласка, глядзіце. Мы ні на каго не збіраемся нападаць. Тады чаму лямантуюць, што „вось яны заўтра нападуць, Еўропу захопяць“? Ім жа трэба абгрунтаваць сваю палітыку. Таму яны шукаюць ворага. І бачаць гэтага ворага ў нас». 

MGUK3100_result-1.jpg

Па словах Прэзідэнта, самая галоўная зброя, якая стрымлівае спробы нават думаць у бок нашай граніцы, — адданасць інтарэсам Беларусі. «Усіх і кожнага!», — акцэнтаваў ён увагу. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гарантыі нашай незалежнасці — уменне працаваць на сумленне на карысць сваёй сям’і і краіны, беражлівыя адносіны да гістарычнай памяці, традыцый і спрадвечных каштоўнасцяў. 

Прэзідэнт адказаў тым, хто не лічыць важным адзначаць Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, узгадваць загінулых. «Так, нам, магчыма, па форме трэба неяк па-іншаму святкаваць шанаваць памяць, можа быць, мы аб гэтым падумаем, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але забываць пра гэта нельга. Слухайце, мы дарослыя людзі, у нас гэта ў крыві. Нам ўбілі ў мазгі гэта са школы, са школьнай лаўкі. А моладзь? Яны павінны памятаць. Гэта ж вялікі набытак народа, які перамог у такой страшнай бойні мінулага стагоддзя. Гэта самае галоўнае, каб не дапусціць, каб гэта зноў адбылося. Вось чаму мы шмат кажам, але, можа, па старой форме неяк падыходзім да святкавання гэтых дат. Падумаем. Але забываць ні ў якім разе нельга. Я ўжо вас у Хатыні папярэджваў: як толькі забудзем дарогу ў Хатынь — усё, назад гэта вернецца. Давайце не будзем пра гэта забываць». 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што мы ўважліва назіраем, адэкватна ацэньваем рызыкі і ўласныя магчымасці. «Мы ж не крычым, што заўтра будзем нападаць абараняцца і гэтак далей, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Вы ж разумееце, што ў адзіночку супраць грамадзіны Еўрасаюза, НАТА, у якім, можа, каля мільярда чалавек разам са Злучанымі Штатамі... Мы што, выстаім у адзіночку? Ніколі. Вось вам адказ, чаму мы побач з брацкай Расіяй. Скажыце, а з кім? Тыя, хто мяне за гэта крытыкуе, назавіце краіну, з кім мы можам разам адстойваць нашы інтарэсы? З кім мы размаўляем на адной мове? І мы павінны цаніць гэта і быць побач».

«Мы робім усё, каб мірам аплаціць абавязак перад пакаленнем пераможцаў»

Па словах Прэзідэнта, Беларусь уважліва назірае за тым, што адбываецца ў свеце, і працягвае гераічны шлях сваіх продкаў. «У нас шмат планаў на жыццё, — заўважыў ён. — Простых, асабістых, важных для усёй краіны. Нядаўна правялі выпускныя балі. Пачалася ўступная кампанія. Вы бачылі, што на самым высокім узроўні мы назіраем, як яна адбывалася і адбываецца. Нашы дзеці рыхтуюцца зрабіць лёсавызначальны крок у дарослае жыццё, бацькі хвалююцца. Я і многія іншыя на гэта рэагуем, разумеем, што гэта ваша жыццё. Гэта не бульба, якая дзесьці там на складах згубілася. Гэта будучыя самых адукаваных, самых адораных, мэтанакіраваных людзей — будучых будаўнікоў нашага жыцця, нашых дзяцей».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер гарачая пара ў аграрыяў. Па яго словах, нашы працаўнікі вёскі актыўна працуюць на рэзультат, вынікі будуць падведзены падчас святкавання «Дажынак». Звяртаючыся да беларускага народа, Аляксандр Лукашэнка папрасіў не быць у баку ад гэтых спраў. Ëн нагадаў пра тэндэнцыю ад’езду людзей з сельскіх населеных пунктаў у гарады і параіў не забываць пра тое, што вёска сёння корміць і апранае насельніцтва. 

«Пастаўлена галоўная задача — накарміць краіну і зарабіць», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. 

Пералічваючы справы надзённыя, Прэзідэнт нагадаў, што не за гарамі і любімыя летнія фестывалі. «У Александрыі, Віцебску збярэцца ўся краіна, да нас прыедуць сябры з блізкага і далёкага замежжа, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Хто бачыць у гэтых планах іншыя, не мірныя мэты? Мы святкуем Дзень Незалежнасці пад чыстым небам і вельмі-вельмі гэта цэнім. Мы робім усё, каб мірам аплаціць абавязак перад пакаленнем пераможцаў, якія падарылі нам 80 гадоў гэтага мірнага жыцця. Робім усё, каб апраўдаць іх надзеі. У іншым выпадку, яны за што гінулі? Мы ж усе дакладна разумеем, што яны там, на нябёсах, бачаць, чым мы займаемся. Мы таксама там будзем усе і будзем бачыць, як будуць жыць і працаваць нашы дзеці і ўнукі». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь пад чыстым небам — гэта і мэта ўсёй нашай палітыкі, і вобраз будучыні, да якой імкнёмся. «Галоўнае, што, мы, на жаль, не можам купіць, — гэта наша здароўе, — дадаў ён. — Таму здароўя вам, шчасця і дабрабыту. Беражыце сябе! Беражыце свае сем’і! А заадно беражыце нашу родную Беларусь, нашу зямлю! Са святам! З Днём Незалежнасці!»

У мяне няма нічога асабістага, акрамя нашай дзяржавы

Па традыцыі на ўрачыстых сходах Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні, якія сёння больш за ўсё хвалююць наша грамадства. Не ў якасці палітінфармацыі ці прэс-канферэнцыі, а прама і адкрыта, за рамкамі афіцыйнага выступлення. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сочыць за тым, што людзі абмяркоўваюць у інтэрнэце, таму вырашыў праліць святло на тэмы, якія не заўсёды правільна ўспрымаюцца, але трывожаць беларусаў.

«Значыць, паважаюць пункт гледжання»

Першая тэма — перагаворы з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі. «Хачу, каб вы разумелі — я ніколі не грэбаваў размаўляць з людзьмі, як у нас дыпламаты кажуць „не роўных самому сабе“. Не важна, хто, вельмі важна, што людзі да цябе прыязджаюць і хочуць з табой размаўляць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што пасля 2020 года на Захадзе ў яго адрас нават не ўжывалі слова «прэзідэнт», а сёння высветлілі, што ў Беларусі, аказваецца, ёсць Прэзідэнт і з ім трэба размаўляць, таму што ад імя беларускага народа ён нешта вызначае. 

MGUK2948_result.jpg

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ініцыявалі гэтыя перагаворы амерыканцы. І гэта далёка не першая сустрэча. Беларускі лідар размаўляў з прафесіяналамі, якія складаюць нарматыўна-прававыя дакументы, прадстаўляюць іх лідарам, пераконваюць іх па розных важных пытаннях — такія спецыялісты ёсць у кожнай дзяржаве. Адна з сустрэч Прэзідэнта, як вядома, адбылася са спецыяльным пасланнікам Дональда Трампа Кітам Келагам, які адказвае за Украіну. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, перш за ўсё гаварылі аб сітуацыі ў свеце. «Я не хачу тут быць нейкім зазнайкам, але тое, што з вашым Прэзідэнтам абмяркоўваюць абстаноўку ў свеце — гэта ўжо нядрэнна. Значыць, паважаюць пункт гледжання,» — адзначыў беларускі лідар. Ён растлумачыў, для чаго звярнуў на гэта ўвагу: «Я чалавек адказны. І вы зусім не разумееце, калі мяне дзесьці залішне ці нават не залішне падтрымліваеце, захвальваеце і іншае. Я наогул не люблю ліслівасць і хвальбу. Для мяне гэта самы цяжкі цяжар, які я нясу. Я страшна баюся вас падвесці. Вось сёння чалавек цябе падтрымаў, добрае слова табе сказаў. А ты заўтра зрабіў не так, як ён чакаў... Здавалася б, столькі гадоў працуючы на гэтай пасадзе можна было неяк адысці і нешта забыцца (гэта часта бывае). Не. Я не забыўся. Я не забыўся, адкуль я. Я не забыўся, што я павінен зрабіць. І, паверце, для мяне самае галоўнае вас не падвесці, каб потым вы потым расчаравана не разводзілі рукамі і не казалі, што памыліліся ў гэтым чалавеку. Гэта для мяне закон». 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што менавіта з гэтай прычыны ўсе свае перагаворы і размовы ён не ўтойвае. «У мяне няма нічога асабістага, акрамя нашай дзяржавы, акрамя нашага народа. Таму што я першы. За мной будуць іншыя, і яны будуць абавязкова глядзець, як працаваў ты. І робячы сёння нешта ад вашага імя, я думаю пра тое, каб і потым пасля мяне сапраўды так людзі паступалі: бераглі памяць, бераглі людзей, працавалі, імкнуліся накарміць і апрануць людзей і гэтак далей», — прызнаўся Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што менавіта з гэтых пазіцый ён вёў перагаворы з ЗША. Ён звярнуў увагу, што ніхто не перад кім не нізкапаклоннічаў, як гэта кажа адзін са збеглых. Дарэчы, звярнуў увагу, Аляксандр Лукашэнка, за гэтага чалавека, амерыканцы не прасілі: «Яны яго лічаць прарасійскім. Адмазацца ад гэтага яму будзе складана. Мы ж памоўчваем яшчэ, вы ж разумееце, што фактаў у нас дастаткова. Гасподзь з ім, хай жыве. Мы не ўмешваемся ў сямейнае жыццё, катэгарычна забараніў людзям, якія штосьці ведаюць, умешвацца ў асабістае жыццё. Мы павінны быць вышэй усякай гэтай дурноты». 

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на размовы з разраду «вось Трамп скажа — і ён пабяжыць, ён выпусціць». «Як толькі Трамп асмеліцца сказаць хоць адно слова — усякія размовы з амерыканцамі спыняцца. Мы вядзем годна размову з людзьмі і ім часта кажам: „калі нешта ў нас не так, вы ж былі ініцыятарамі гэтага, вы ж гэтага хацелі“, — заявіў беларускі лідар. — Якія перагаворы могуць быць з людзьмі, якія ўвялі супраць нас шалёныя санкцыі, развязалі супраць нас вайну. Перш за ўсё эканамічную вайну, вайну на знішчэнне». Па словах кіраўніка дзяржавы, амерыканцы такую пазіцыю не адмаўляюць, разумеюць што ў чым зацікаўлены беларускі бок.

«Я не веру, што яны хочуць спыніць гэту вайну»

Беларускі лідар параіў, тым, хто ацэньвае яго дзеянні, не спяшацца. Па-першае, таму што пройдзе час і ён ўсё расставіць на свае месцы. Па-другое, таму што не ўсё можна агучваць публічна, гэта няправільна. Аляксандр Лукашэнка іранічна заўважыў: магчыма, у вялікіх дзяржавах так і трэба, што прэзідэнт раніцай кажа адно, а ўвечары робіць іншае. «Мяне гэта здзіўляе. Сапраўды так я амерыканцам гэта казаў і дадаў: «яшчэ вы так папіярыцеся ў сродках масавай інфармацыі — амерыканцы вас выкінуць на вуліцу» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён распавёў, што папярэдзіў амерыканскую дэлегацыю аб тым, што, калі цяперашняя ўлада будзе казаць адно, а рабіць іншае — гэта вельмі падарве іх аўтарытэт і апусціць уніз. «А я б не хацеў, каб Трамп прайграў і гэтыя людзі. Яны яшчэ, па-мойму, не адышлі ад перадвыбарчай вакханаліі. Я ім таксама пра гэта сказаў. Час адыходзіць і пачынаць займацца канкрэтнай справай. З гэтых пазіцый ішлі перагаворы і па Украіне ў тым ліку», — паведаміў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што амерыканцы цяпер настойваюць на перамір’і хоць бы ў паветры. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што раней ужо абмяркоўваў гэта з Уладзімірам Пуціным. З ягоных слоў, расійскі бок гэтак жа зацікаўлены ў перамір’і, але пры ўмове, што і Украіна спыніць удары па Расіі. 

Беларускі лідар расказаў, што і гэтую пазіцыю данёс да амерыканцаў. Тыя абяцалі папрацаваць у гэтым кірунку. «Гэта будзе добры першы крок да спынення гэтай братазабойчай вайны. Але я не веру, што яны хочуць спыніць гэтую вайну», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што на перагаворах абмяркоўвалі сітуацыю ў Іране і на Блізкім Усходзе. Ён адзначыў, што данёс тую ж пазіцыю, пра якую казаў раней. «Ніякай гульні ў паддаўкі, паважаныя сябры, не было. Была годная размова», — рэзюмаваў беларускі лідар. Ды і, звярнуў увагу ён, гульня ў паддаўкі ў прынцыпе нічога нам даць не можа, таму яна была недарэчная. «Мы не поўзаем, не вымольваем нічога. Мы здольныя пракарміць сябе самі. Мы яшчэ не развучыліся працаваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

«Гэта злачынцы. Але гэта людзі»

Паводле слоў Прэзідэнта, нямала часу надалі тэме так званых палітвязняў. «На што я чарговы раз заўважыў, што калі вы будзеце казаць пра палітвязняў, мы з вамі перастанем весці размову. Асабліва пасля Блізкага Усходу, дзе вы разграмілі, разбамбілі, забілі людзей, дзяцей — дзясяткі тысяч сцерлі з твару зямлі. Пра якіх палітвязняў? Дзе мы няправільна паступілі?», — сказаў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, амерыканцы такую пазіцыю прынялі. 

«Чаму іх цікавяць тыя, хто ў нас парушыўшы закон, знаходзіцца ў месцах не гэтак аддаленых? Для мяне гэта балюча. Можа быць, хтосьці пагаварыў і забыўся, а для мяне гэта боль. Я гэтую праблему павінен вырашыць. Як? Толькі ў вашых інтарэсах», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ніколі не пойдзе супраць меркавання народа і супраць меркавання сілавікоў, якія тады прынялі ўдар на сябе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што былі і тыя, хто асуджаў яго рашэнні адпусціць асуджаных. Але, паводле яго, да гэтых людзей трэба ставіцца па-чалавечы. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прымаючы рашэнні аб вызваленні Сяргея Ціханоўскага, думаў пра яго сям’ю, дзяцей, жонку, якая «пяць гадоў галасіла». І звярнуў увагу, што яго слёзы на прэс-канферэнцыі пасля вызвалення былі падрыхтаваныя, зразумела, з чыёй дапамогай. Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што менавіта беларускія сілавікі пяць гадоў таму выратавалі Святлану Ціханоўскую ад замаху, арганізаванага «паплечнікам, які хацеў быў адзіным лідарам апазіцыі», яны ж вывезлі яе за мяжу. 

MGUK3984_result.jpg

«Як некаторыя крычаць: „дарма, трэба, каб здохлі“. Гэта не мая мэта. Гэта дрэнныя людзі, гэта злачынцы. Але гэта людзі. Я заўсёды шукаю выйсце, каб нам не было горш і каб ім добра было, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму перш чым разважаць, асуджаць і гэтак далей, вы заўсёды задавайце пытанне: „а якая мэта, для чаго, навошта“. Тут палітыка. Яна не заўсёды павінна быць прамалінейнай, трэба часам уціхамірыцца, падумаць пра мэту, пра будучыню. Пра нашу дзяржаву». 

Па словах Прэзідэнта, варта памятаць, што гэтыя людзі не змяніліся. І ўсім вядома, хто ім плаціць грошы. Як і вядома, для чаго іх плацяць. Тут, паводле яго слоў, нічога не змянілася. «У гэтым хітраспляценні палітычным трэба выстаяць, утрымацца і ні ў якім разе не падставіцца, абараняючы свае інтарэсы», — рэзюмаваў беларускі лідар. Ён дадаў, што гэтыя людзі ў поле зроку і на кантролі. «Мы гуманна паставіліся да іх, але вельмі сур’ёзна кантралюем. Не перанапружваем наша грамадства, але часам паказваем, хто яны і як працуюць спецслужбы беларускія супраць гэтай усякай дрэні». 

«Арэшніку на беларускай зямлі быць»

Яшчэ адна тэма, якая гучыць — ядзерная зброя і асабліва «Арэшнік». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разумее тых, хто кажа, што размяшчэннем у сябе ядзернай зброі Беларусь паставіла сябе пад удар. «А назавіце ў гісторыі ці нават цяпер, хто марыць пра гэта — напасці на краіну, якая валодае ядзернай зброяй? Гэта не для вас, каб пацешыць. Я не хачу, каб на вас і на маю краіну, як раней, хтосьці нападаў. І прадстаўнікам Злучаных Штатаў Амерыкі прама ў лоб даслоўна сказаў: «ядзерная зброя дзе трэба ціха спакойна існуе, ахоўваецца, як належыць у свеце. Але барані вас Гасподзь ступіць на нашу зямлю без нашага ведама — адказ будзе імгненны, вокамгненны і гэтай самай зброяй, якой вы больш за ўсё баіцеся», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

  • Аляксандр Лукашэнка расказаў, што па дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным першыя пазіцыі «Арэшніка» ў Беларусі будуць. Паводле яго слоў, да канца года гэтая зброя будзе размешчаная ў Беларусі. «Тады не трэба будзе нікому баяцца, што беларусы, валодаючы ядзернай зброяй, гатовыя нанесці ўдар. Натуральна, што ўдар будзе нанесены не ядзернай зброяй», — рэзюмаваў ён. 

«Я сумленны перад вамі. Я вам кажу так, як будзе, пакуль я Прэзідэнт. Выбераце іншага, можа, у вас будзе іншая палітыка. Але я буду рабіць усё, каб тут была самая сучасная зброя, разумеючы, што не ракеты сёння, не беспілотнікі вырашаюць лёс у баі і на фронце. Салдат і яго камандзіры. Яны —г алоўная наша сіла», — дадаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што акцэнт робіцца на тое, што патрэбна нам і што можна ў нас ужываць. Напрыклад, на нашай лясіста-балоцістай мясцовасці, прымяняць тыя ж беспілотнікі будзе дастаткова праблематычна. Але яны ў нас ёсць, распрацаваны айчынныя ўзоры, развіваецца гэты від войскаў. Аднак, зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы, не трэба кідацца ў крайнасці. А тое, што расійскія партнёры дапамаглі з «Арэшнікам» — гэта дарагога варта. «Таму „Арэшніку“ на зямлі беларускай быць, каб не дапусціць мецяжоў», — сказаў Прэзідэнт. 

Вырашаць пытанні ад зямлі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў курсе ўсяго, што цяпер хвалюе людзей, пачынаючы з самых элементарных пытанняў. «Я ўсё бачу і чытаю. Толькі вас прашу: не перагружайце мяне пытаннямі, якія там, на месцы трэба вырашаць і якія ніхто не павінен вырашаць, акрамя вас. Але я чытаю гэта ўсё, раблю адпаведныя высновы. З гэтага ўся мая палітыка — вырашаць пытанні ад зямлі», — адзначыў напрыканцы беларускі лідар.

Фота БелТА

У тэму

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі:

— Незалежнасць нашу трэба берагчы, адстойваць, дзякаваць за яе Богу. Кожны народ імкнецца да таго, каб жыць свабодна, рэалізоўваючы свае магчымасці так, як лічыць правільным, у адпаведнасці з той спадчынай папярэдніх пакаленняў, якая была перададзена, улічваючы культурныя і духоўныя традыцыі. Мы нямала сёння маем. Пытанне будучыні заўсёды таемнае, цяжка яе прадбачыць, але, думаецца, што калі мы будзем разам рабіць агульную справу на карысць дзяржавы, нашага народа, то будзе добрая, хоць і няпростая будучыня. Мы бачым, якія складаныя працэсы адбываюцца ў свеце. Важна, каб людзі добрай волі аб’ядноўваліся і каб духоўна-маральныя каштоўнасці 

беларускага народа, іншых народаў дапамагалі чалавецтву правільна будаваць сваю будучыню. Ад гэтага шмат што залежыць.

Іван КУБРАКОЎ, міністр унутраных спраў:

— Вакол нашых граніц абстаноўка вельмі напружаная. Але дзякуючы кіраўніку нашай дзяржавы нам удаецца захаваць гэты астравок бяспекі. Паглядзіце на бязвізавы рэжым: людзі з задавальненнем едуць да нас, таму што ведаюць пра якасць нашага жыцця, якасць нашых прадуктаў. І, самае галоўнае, яны ведаюць, што ў нас бяспечна: у любы час яны могуць смела хадзіць па вуліцах любога горада, любой вёскі. Так, ваенная бяспека — гэта вельмі важна. Але самае галоўнае — гэта эканамічная бяспека. У Беларусі працавітыя людзі. Нягледзячы на санкцыі, мы развіваемся, з’яўляюцца новыя прадпрыемствы — і не толькі ў Мінску і абласных гарадах, а ў кожным раёне. Мы як супрацоўнікі органаў унутраных спраў, ваенныя людзі рабілі і робім усё для таго, каб на нашай беларускай зямлі быў мір. Мы павінны захаваць незалежнасць нашай краіны. Калі мы будзем незалежныя, у нас усё будзе добра.

Андрэй ІВАНЕЦ, міністр адукацыі:

— Дзень Незалежнасці — гэта адно з найважнейшых дзяржаўных свят, таму што яно прымеркавана да той падзеі, якую павінен памятаць кожны беларус. Сёлета мы адзначаем 81-ю гадавіну вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Самае галоўнае, вядома, тое, што мы жывём пад мірным небам. І, упэўнены, гэта для кожнага чалавека, які пражывае ў нашай краіне, — найвялікшая каштоўнасць. Беларусь сёння — незалежная суверэнная дзяржава, мы развіваем нашу эканоміку, сацыяльную сферу, ствараем усе неабходныя ўмовы для таго, каб кожны адчуваў сябе тут камфортна.

Уладзімір КАРАНІК, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі:

— Дзень Незалежнасці — гэта цудоўнае свята, не толькі магчымасць азірнуцца назад і ацаніць, які шлях мы прайшлі, але і сказаць «дзякуй» нашаму працавітаму народу, мудраму кіраўніцтву і лёсу за тое, што мы здолелі захаваць мір і стабільнасць на нашай зямлі. Галоўнае — пачуццё яднання, якое ўзнікае ў гэтае свята, калі людзі рознага ўзросту, веравызнання, нацыянальнасцяў адчуваюць сябе разам грамадзянамі незалежнай Рэспублікі Беларусь. І вось менавіта гэта — залог міру, стабільнасці і далейшага развіцця. Я ўпэўнены, што пакуль мы адзіныя, разам з аптымізмам глядзім у будучыню, мы пераадолеем любыя складанасці.

Аляксандр СУБОЦІН, старшыня Віцебскага аблвыканкама:

— Мы ганарымся тым, што ў нас вакол спакойна, што дзеці ходзяць у школу, іх не трэба суправаджаць. Тым, што ў нас смачныя прадукты ў крамах. З гэтых дробязяў і складаецца шчасце, якое мы часам не адчуваем, а яно на самай справе ёсць. Гэта ўсё — плён нашай незалежнасці, цяжкай працы. Мы самі гэта зрабілі. Мы не баімся працаваць. Наш самы вялікі страх — падвесці адзін аднаго, краіну. І гэты страх прымушае рухацца яшчэ хутчэй.

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО, Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю