0

«Сваю работу трэба любіць усім сэрцам». Сям’я Міхейчыкаў са славутага «БЕЛАЗа» адзначыла агульны працоўны юбілей

01.07.2025 | 14:19
325 гадоў — менавіта столькі налічвае агульны стаж сям’і

Адкрытае акцыянернае таварыства «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» — гэта прадпрыемства, якое працуе стабільна на працягу 77 гадоў, а прадукцыя завода пастаўляецца не толькі ў Беларусь, але і ў многія іншыя краіны свету. На сёння ААТ «БЕЛАЗ» займаецца вытворчасцю кар’ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, спецыяльнай і спецыялізаванай тэхнікі для горназдабыўной, будаўнічай, металургічнай і іншых галін прамысловасці. Тут таксама распрацоўваюцца і выпускаюцца машыны для падземных работ, бульдозеры, пагрузчыкі і аэрадромныя цягачы. Гонар завода — кар’ерныя самазвалы, уключаючы самы вялікі ў свеце самазвал грузападымальнасцю 450 тон.

За высокімі вытворчымі паказчыкамі прадпрыемства стаіць самаадданая праца людзей, многія з якіх з’яўляюцца ганаровымі прадаўжальнікамі сямейных працоўных дынастый. 

Сярод іх — дынастыя Міхейчыкаў, агульны працоўны стаж якой складае 325 гадоў.

Было ў бацькі пяць сыноў...

...У шасцідзясятых гадах мінулага стагоддзя, скончыўшы курсы кіроўцаў у Смалявічах, уладкаваўся працаваць кіроўцам на аўтамабіль «БЕЛАЗ» Анатоль Міхейчык. Любоў да прафесіі Анатоль Пятровіч перадаў пяцярым сынам, якія па прыкладзе бацькі таксама набылі спецыяльнасць кіроўцы і прыйшлі працаваць на прадпрыемства. Старэйшы Анатоль атрымаў правы на вучэбна-вытворчым камбінаце ў Смалявічах. Пачаў свой працоўны шлях у жодзінскім аўтапарку. Пасля арміі некаторы час працаваў у саўгасе імя Урыцкага, а ў 1984 годзе стаў кіроўцам на Беларускім аўтамабільным заводзе. Анатоль Анатольевіч і цяпер успамінае, як дастаўляў рухавікі да аўтамабіля «БЕЛАЗ» з-за мяжы, з Англіі і Галандыі. 

Атрымаўшы ўсе катэгорыі кіроўцаў, ён аддаў працы на заводзе 40 гадоў і з’яўляецца ветэранам завода.

Яго брат Сяргей Анатольевіч скончыў Жодзінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 149 і ў 1983 годзе ўладкаваўся ў аўтаматны цэх завода «БЕЛАЗ» слесарам па рамонце абсталявання. Пасля арміі зноў вярнуўся на завод. У транспартным цэху маладому кіроўцу быў давераны «ЗІЛ-130». У 1989-м Сяргей Анатольевіч стаў кіроўцам аўтамабіля «МАЗ», што дастаўляў запчасткі для транспартнага цэха. У 2009 годзе вопытны работнік перасеў на «МАЗ 5440 А9» з паўпрычэпам, на якім транспартуе прадукцыю завода і дастаўляе камплектуючыя да машын «БЕЛАЗа» з усёй тэрыторыі СНД.

Жодзінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 149 скончыў і сярэдні брат Віктар. Набыўшы спецыяльнасць слесара-рамонтніка, Віктар Анатольевіч прыйшоў працаваць на «БЕЛАЗ» у 1988 годзе. Адслужыўшы ў арміі, зноў вярнуўся на завод, дзе працаваў слесарам-рамонтнікам. Праз тры гады, калі пасля развалу Савецкага Саюза эканамічнае становішча было нестабільным, мужчына прадоўжыў свой працоўны шлях у ведамаснай ваенізаванай ахове «БЕЛАЗа» стралком-кіроўцам. Разам з калегамі яму даводзілася затрымліваць зладзеяў, якія ўчынялі крадзяжы на вытворчасці. 

Атрымаўшы дзве вышэйшыя адукацыі: завочна скончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры і Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, у 2009 годзе Віктар Анатольевіч атрымаў прапанову працаваць начальнікам майстэрняў транспартнага цэха. Адказнасць, ініцыятыва і вопыт Віктара Анатольевіча былі ацэнены на высокім узроўні. Для сваіх калег ён стаў мудрым дарадчыкам, а для маладых спецыялістаў — настаўнікам. 

У 2016-м Віктару Анатольевічу прапанавалі ўзначаліць транспартны цэх. Затым некаторы час працаваў інжынерам у аддзеле галоўнага механіка, а ў 2022-м — зноў начальнікам транспартнага цэха, шчыраваў начальнікам аўтакалоны. Сёння Віктар Анатольевіч працуе намеснікам начальніка па адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці аздараўленчага цэнтра «Дудзінка» пры ААТ «БЕЛАЗ». Належны ўзровень адукацыі, багаты працоўны вопыт і ўменне знаходзіць падыход да людзей вельмі патрэбныя Віктару Анатольевічу на гэтай пасадзе.

Чацвёрты сын Анатоля Пятровіча Пётр прыйшоў працаваць на завод у 1994 годзе пасля арміі. Пётр Анатольевіч — кіроўца ў транспартным цэху прадпрыемства ўжо больш за трыццаць гадоў. Спачатку сядзеў за рулём «БЕЛАЗ-Люблін», затым — «МАЗа», а цяпер ездзіць на «МАЗ-5440 А9» з паўпрычэпам.

Малодшы з братоў Аляксандр, набыўшы спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю ў Смалявіцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 204, па прыкладзе старэйшых братоў прыйшоў працаваць на «БЕЛАЗ». Аляксандр Анатольевіч працуе кіроўцам у транспартным цэху на той жа мадэлі «МАЗа», з паўпрычэпам, што і старэйшыя браты.

Дзеці пачыналі з рабочых прафесій

ААТ «БЕЛАЗ» стала родным прадпрыемствам не толькі для братоў Міхейчыкаў, але і для іх жонак і дзяцей. Практычна ўсе яны, набыўшы адукацыю, пачалі свой працоўны шлях на заводзе, дзе шмат гадоў рупіліся бацькі. 

Сын Анатоля Кірыл скончыў БДУІР па спецыяльнасці «Маркетолаг-праграміст» і цяпер працуе ў аналітычным аддзеле маркетынг-цэнтра. Менавіта тут збіраецца ўся інфармацыя аб адгрузцы прадукцыі прадпрыемства: што адгружаецца, якая сітуацыя на рынку, куды прадаецца прадукцыі больш, куды — менш і г. д. На аснове атрыманых звестак робіцца справаздача для кіраўніка. 

Нягледзячы на малады ўзрост, Кірыл Анатольевіч ужо мае працоўны вопыт. Пачаў свой шлях на заводзе слесарам механазборачных работ, затым быў інжынерам-праграмістам у прэсавым цэху, дзе распрацоўваліся малярныя робаты, быў заняты і на лазерным абсталяванні. 

Пяць гадоў таму малады чалавек паспяхова прайшоў адбор на пасаду, якую займае цяпер. Вялікае значэнне мае і тое, што Кірыл з’яўляецца прадаўжальнікам працоўнай сямейнай дынастыі.

Дачка Сяргея Анатольевіча Кацярына, якая набыла спецыяльнасць трэнера-выкладчыка па баскетболе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, ні хвіліны не раздумваючы, прыйшла працаваць на сямейны завод. Была камплектоўшчыкам-кладаўшчыком у цэху запасных частак, дзе вядзецца адгрузка прадукцыі завода. Пасля паспяхова прайшла сумоўе на пасаду сакратара бухгалтара прадпрыемства. Праз два гады, адправіўшыся ў дэкрэтны водпуск, дзяўчына завочна набыла другую вышэйшую адукацыю. Скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Бізнес-адміністраванне» і прадоўжыла працоўны шлях у бухгалтэрыі на пасадзе аператара — выпісвала таварныя накладныя. І ўжо праз год Кацярына стала бухгалтарам завода «БЕЛАЗ». У зоне ўвагі спецыяліста знаходзіцца работа складоў. Безумоўна, гэта работа патрабуе не толькі высокай кампетэнцыі, але і асаблівай пільнасці і ўвагі. Са сваімі абавязкамі Кацярына паспяхова спраўляецца. Бухгалтарам завода працуе і старэйшая сястра Кацярыны Анастасія. Жанчына скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Некаторы час працавала на заводзе кантралёрам і цяпер адказвае за вялікі ўчастак работы.

Па натуры энергічная і актыўная, Кацярына Сяргееўна не развітваецца са спортам, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзяцца на заводзе.

Сын Віктара Анатольевіча Аляксей скончыў Жодзінскі політэхнічны каледж па спецыяльнасці «Электраманцёр па рамонце абсталявання» і працуе ў рамонтна-механічным цэху завода. У цяперашні час хлопец праходзіць тэрміновую службу ў войску Міністэрства ўнутраных спраў у 2-й брыгадзе спецыяльнага прызначэння.

— Прызнаюся шчыра: за шматлікія гады работа для ўсіх нас стала неад’емнай часткай жыцця, — кажа Віктар Міхейчык. — Мы выбіралі свае прафесіі па душы і невыпадкова аддалі рабоце на заводзе шмат гадоў.

Калі з’яўляецца вольная хвілінка, вялікая і дружная сям’я Міхейчыкаў збіраецца разам. Неаднойчы сям’я выступала ў конкурсе працоўных дынастый, які праводзіўся Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь. У 2022 годзе, напрыклад, яны занялі ганаровае трэцяе месца.

У летні час бацькі разам з дзецьмі з задавальненнем працуюць і на лецішчы, даглядаюць градкі.

— І для мяне, і для маіх братоў сэнс жыцця заключаецца ў шчырай і бездакорнай працы, — адзначае Віктар Анатольевіч. — З малых гадоў бацькі навучылі нас быць працавітымі, выконваць сваю справу так, каб за яе не было сорамна. Сваю работу трэба любіць усім сэрцам.

З захапленнем слухаю свайго суразмоўцу і чарговы раз пераконваюся ў тым, што надзейную будучыню прадпрыемстваў складаюць вось такія — адданыя сваёй справе — спецыялісты. Менавіта дзякуючы ім мы штогод даведваемся пра высокія працоўныя паказчыкі і ўпэўнена ствараем светлую будучыню краіны.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота Віктара Іванчыкава і з архіва герояў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю