Аўтарскія ідэі пераўтварэння сталіцы
Іх можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе працуе выставачны праект «Хранатоп сталічных метамарфоз», прымеркаваны да Года добраўпарадкавання і Дня Незалежнасці.
У цэнтры ўвагі экспазіцыі — архітэктурнае развіццё і змяненне Мінска з пачатку мінулага стагоддзя і да сённяшняга дня. Прадстаўлена больш за 200 экспанатаў, сярод якіх самыя разнастайныя кніжныя выданні, фотаздымкі, мастацкія работы, копіі сучасных скульптур, схемы сканструяваных, рэалізаваных і запланаваных архітэктурных аб’ектаў для добраўпарадкавання гарадскога асяроддзя.
Напрыклад, свае работы прадставілі навучэнцы Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Архэмчыка, Мінскага дзяржаўнага каледжа архітэктуры і будаўніцтва, а таксама Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. Экспанаты выразна дэманструюць, якой успрымаюць сталіцу юныя мінчане праз прызму ўласных пачуццяў і эмоцый. Тут і карціны з любімымі вулачкамі горада, і макеты, зробленыя ўласнаручна з паперы, пластыку, кардону і дрэва. Яшчэ можна ўбачыць 3D-мадэлі ветак метро, зробленых у стылі Марка Шагала, знакамітыя «Вароты Мінска»...
Сярод макетаў ужо існуючых будынкаў сталіцы прадставілі ўласныя распрацоўкі студэнты: мадэлі дамоў, 3D-карту мікрараёна «Пантано» з некалькімі жылымі секцыямі, стадыёнам, дзіцячым садком, школай і спартыўным комплексам. А праектная кампанія «VІASET» паказала новыя, свежыя і неардынарныя рашэнні. Яшчэ да ўвагі — паменшаныя версіі скульптур Максіма Пятрулі.
— Дзякуючы падобнаму тандэму атрымаўся каларытны і захапляльны праект, які здолеў спалучыць студэнтаў з іх крэатыўнымі і смелымі ідэямі і архітэктурныя кампаніі, якія могуць даць карысныя парады навучэнцам мастацкіх устаноў адукацыі, — адзначае загадчык сектара праектна-выставачнай дзейнасці, аддзела галерэйнавыставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аліна Федарашына.
Дапоўнена выстаўка кніжным фондам Нацыянальнай бібліятэкі, які налічвае каля 5 тысяч кніг па архітэктуры. Так, у вітрыне «Будучыня архітэктуры: позірк у заўтрашні дзень» выклікае цікавасць кніга архітэктара Міхаіла Асмалоўскага, дзе прадстаўлены праекты, якія хацелі ўвасобіць у Мінску ў пасляваенныя гады, аднак не здолелі рэалізаваць.
Выстаўка аб’ядноўвае гісторыю, мастацтва і архітэктуру ў розных іх праявах, а таксама расказвае пра людзей, якія шмат усяго распрацавалі і рэалізавалі ў нашай краіне, кім мы па-сапраўднаму можам ганарыцца і нават натхняцца. Пераканацца ў гэтым можна, завітаўшы на выстаўку ў
Нацыянальную бібліятэку Беларусі да 25 жніўня.
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ, фота аўтара