0

Нумар «Звязды» за 3 ліпеня 1945 года быў па-сапраўднаму святочным нават у афармленні

01.07.2025 | 15:48
Аддрукавана ў чырвоным і золаце

Пра гэты нумар у звяздоўскім асяроддзі хадзілі нават легенды. Кожнаму маладому пакаленню старэйшыя разам з аповедамі пра Уладзіміра Амельянюка, першыя падпольныя нумары, востраў Зыслаў (у нас багатая і гераічная гісторыя, ёсць пра што распавесці!) пераказваюць гісторыю і пра газету, выпушчаную да гадавіны вызвалення Беларусі ад фашыстаў — нумар за 3 ліпеня 1945 года. Гэта была самая першая поўнакаляровая газета, кажучы прафесійнай мовай, аддрукаваная ў фармаце 4+4. 

Сёння гэта не навіна, а тады нават у нармальных умовах гэта была падзея. Што ўжо казаць пра краіну, якая была літаральна растаптаная акупантамі...

Але нумар — шыкоўны нават па сённяшнім часе — выйшаў. З чырвона-пунсовым сцягам, з элементамі, пафарбаванымі ў залаты колер (менавіта пра іх была «звяздоўская» легенда: нібыта золата друкары і супрацоўнікі рэдакцыі наносілі ўручную на ўсе газеты вялізнага тыражу). За восемдзесят гадоў, што прайшлі з яго выпуску, шчыльная папера толькі крыху пажаўцела, а фарбы зусім не пацьмянелі, залатая нават блішчыць. Дарэчы, друкавалі газету ў два прыёмы, як сведчаць выхадныя даныя: «Друкаванне нумару ў фарбах выканана рэспубліканскай літаграфіяй (г. Гродна). Тэкст надрукаваны ў друкарні імя Сталіна (г. Мінск)».

Хтосьці з канапных крытыкаў зараз скажа: людзі яшчэ ўдосталь не маглі наесціся хлеба, жылі ў зямлянках, навошта такая раскоша? А каб паказаць людзям, што яны гэтай раскошы вартыя, што на гэтых яркіх старонках — пра іх, пра народ, які вытрымаў, выжыў і перамог; што самую страшную навалу з зямлі год назад прагналі, а значыць, будзе і хлеб, і новыя дамы, і кнігі, і газеты — калі трэба будзе, дык і з пазалочанымі літарамі.

А тая залатая лічба і ў тэксце «перадавіцы» абыграная: «Трэцяга ліпеня! Залатымі літарамі запісаная гэта дата на старонкі гісторыі гераічнага беларускага народа. Прамяністым, яркім святлом вее ад яе, і невыказанай цеплынёй сагравае яна душу і сэрца, будзіць вялікую, нязменную радасць шчасця».

У нумары шмат віншаванняў. Першае ў падборцы — ад Маршала Перамогі Георгія Жукава: «Ад усяго сэрца вітаю цябе, гераічны народ Беларусі, у радасны дзень гадавіны твайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шчыра жадаю табе найлепшых поспехаў у аднаўленні народнай гаспадаркі і культуры, працвітання і шчасця ў мірным будаўніцтве». «Радзіма мая дарагая! З глыбокім хваляваннем і радасцю ў сэрцы шлю гарачае прывітанне і віншаванні ў гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў... Я рад, што дажыў да гэтых шчаслівых дзён маёй Радзімы», — пісаў у віншаванні народны мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля. А народны паэт Якуб Колас апублікаваў артыкул «Жыві, Беларусь!». «Першая гадавіна вызвалення нашай сталіцы застае нас у самым разгары адбудавання краіны. Мы не пашкадуем сваіх сіл для вялікай работы, і ўсе цяжкасці мы пераможам. Парукаю таму — невычарпальныя сілы нашага народа, загартаванага ў шматвекавой барацьбе, праз кроў і пакуты пранёсшага сваю культуру, сваю мову», — пісаў класік

Славуты савецкі публіцыст Ілья Эрэнбург у артыкуле «Верная сярод верных» напісаў вось такія словы: «Яна была мірнай зямлёй, і, здаецца, нідзе не было такога спакою, такой цішыні, такой сардэчнай скромнасці, як у яе сёлах. Але калі прыйшоў на беларускую зямлю вораг, знайшліся для яго і самадзельныя гранаты, і ружжы, і агонь, і страсць. Верная сярод верных, будзь благаславёна, Беларусь. Народ, які можа так ваяваць, — вялікі народ. Беларусы залечаць раны роднай зямлі. Яны адбудуюць Мінск, Гомель, Магілёў, усе гарады, спаленыя ворагам. Яны перамаглі захопнікаў, яны перамаглі гора. З імі цені герояў. З імі памяць аб гадах выпрабаванняў. З імі слава партызанскіх подзвігаў. З імі любоў і гордасць Савецкай Радзімы...»

У святочным нумары героі — тыя самыя беларусы, які адбудоўваюць краіну. Трактарысты Цімкавіцкай МТС з-пад Капыля Васіль Лобан і Васіль Сакалоўскі, якія дааралі тысячны гектар і «далі якраз чатыры гадавыя нормы». Начальнік цэха гомельскага завода Барыс Чарны, які эвакуіраваўся з прадпрыемствам на Урал, працаваў там для фронту, а цяпер вярнуўся з таварышамі «падымаць з руін і папялішчаў родны завод»...

Яны — тыя, пра якіх «Звязда» пісала восемдзесят гадоў таму ў нумары з залатым аздабленнем, да якіх з усіх эпітэтаў найчасцей ужываўся «гераічны», — не волаты з казкі. Гэта рэальныя людзі, нашы з вамі дзядулі, бабулі, нашы зусім не далёкія продкі. І нам трэба пра гэта ведаць, памятаць і быць вартымі. Бо незалежнасць, дзень якой мы будзем заўтра адзначаць, у многім трымаецца менавіта на веданні і памяці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю