Нумар «Звязды» 80-гадовай даўнасці, а таксама іншыя артэфакты партызанскага жыцця беражліва захоўваюцца ў сям’і Уладзіміра Коршука і яго дачкі Алены
На ўнікальным (першым каляровым!) выпуску, прысвечаным гадавіне вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, простым алоўкам напісана — «Захавайце для мяне». Ад’язджаючы з бацькавай хаты ў 1953 годзе на вучобу ў Маскву, Уладзімір Канстанцінавіч зрабіў пазнаку, дзякуючы якой святочны нумар «Звязды» захоўваецца да гэтага часу. Ды яшчэ ў такім стане, што любы музей можа пазайздросціць. Дарэчы, у многіх з іх, па ўсёй краіне, экспануюцца падпольныя выданні з калекцыі сям’і Коршукаў. Некалькі экзэмпляраў, праўда, пакінулі сабе — як напамін аб вайне, якая забрала самае дарагое.
Гутарым з Уладзімірам і Аленай Коршукамі — бацькам і дачкой — пра гісторыю з’яўлення ў іх святочнага нумара «Звязды», падпольных выданняў і пра партызанскі лёс сям’і. Дарэчы, ваенная тэма не адпускала іх і пасля вызвалення: вядомы вучоны, доктар гістарычных навук Уладзімір Коршук прысвяціў ёй шмат навуковых прац.
«Дагэтуль баліць, што не развітаўся з мамай»
Уладзімір Канстанцінавіч — сын партызана. Як тады называлі, сын палка. Нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Урэчча, што на Любаншчыне, у сям’і дырэктара школы і дырыжора школьнага хору. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Канстанціна Коршука прызначылі першым загадчыкам Брэсцкага абласнога аддзела народнай асветы. У Брэсце і сустрэлі вайну. Пакідалі горад пешшу — ішлі аж да Уздзенскага раёна, дзе ў вёсцы Мрочкі жылі бацькі галавы сям’і.
З самага першага дня на малой радзіме Канстанцін збіраў зброю і боепрыпасы, што пакідалі чырвонаармейцы пры адступленні, хаваў іх у лесе. Пасля звязаўся з партызанамі, праз нейкі час сышоў у партызанскі атрад, разам з ім пайшлі яшчэ 10 чалавек.
Уладзімір і Алена КОРШУКІ.
Затым здарылася страшнае. «Стараста-паліцай выдаў немцам чатырох жанчын-яўрэек, сярод іх была і мая бабуля, — расказвае Алена Коршук. — Бацька дагэтуль памятае, як яе забіралі. Калі прыйшлі немцы, ён спалохаўся — схаваўся пад ложак. Бабулю вывелі на вуліцу, казалі, што павязуць у гета. Яна клікала сына, хацела развітацца, а ён ад страху не мог вылезці. Думаю, дагэтуль яму баліць, што не развітаўся з мамай».
Чатырох жанчын, у тым ліку Ганну Давыдаўну, знайшлі на наступны дзень каля лесу. Нежывымі...
Заставацца ў бабулі з дзядулем малому было небяспечна. З рызыкай для ўласных сем’яў аднасяльчане хавалі хлопца ад фашыстаў пад выглядам уласнага дзіцяці, чым, вядома, збераглі яму жыццё. Падвяргаць гэтых добрых людзей небяспецы, як і ўсю сваю вялікую сям’ю, было нельга. Адной з начэй бацька забраў малога ў партызанскі атрад. Хлопцу было ўсяго восем гадоў.
«Дзядуля даведаўся, што з вострава Зыслаў на Вялікую зямлю лятаюць самалёты: забіраюць параненых і дзяцей, — расказвае Алена Коршук. — Спадзяваўся, што так і ён выратуе адзінага сына. Аднак быў перыяд, калі самалёты не прызямляліся, толькі скідвалі партызанам цюкі з неабходным для барацьбы...»
Замест зброі — слова
Спачатку ў партызанскім атрадзе Канстанцін Коршук быў звычайным байцом. Удзельнічаў у баях, выступаў перад насельніцтвам, запісваў атрыманыя па радыё зводкі Саўінфармбюро. У цэласнасці і захаванасці ляжаць гэтыя сшыткі з каштоўнымі па тым часе паведамленнямі.
У лютым 1943 года Канстанціна Фёдаравіча прызначылі намеснікам рэдактара міжраённай партызанскай газеты «Патриот Родины». У ліпені 1943-га зацверджаны кіраўніком друкарні і карэктарам партызанскай газеты «Калгаснік Капыльшчыны». У тыле ворага былі выпушчаны 63 нумары тыражом у 34 тысячы экзэмпляраў. У падпольнай друкарні таксама выпускаліся лістоўкі, звароты да насельніцтва і партызан. Восенню таго ж года Уладзіміра Коршука прызначылі інструктарам Мінскага падпольнага абкама партыі.
Недарэмна востраў Зыслаў называлі «востравам друку» — акрамя многіх міжраённых перыядычных выданняў, тут выходзілі маладзёжная газета «Чырвоная змена» і рэспубліканская «Звязда». З журналістам-звяздоўцам, Георгіем Шчарбатавым, у Канстанціна Коршука завязалася сяброўства.
Валодзя Коршук разам з маці, якую расстралялі гітлераўцы (1938 г.).
Вось што ў сваёй кнізе «Партызанскія агні», выдадзенай пасля вайны, пісаў Георгій Шчарбатаў: «Цікава пабываць у партызанскіх буданах. Тут можна назіраць за незвычайнай дзейнасцю некаторых партызан. Вось у невялічкім будане над сталом, усланым рознымі паперамі, схіліўся сярэдніх гадоў чалавек. Гэта былы настаўнік Канстанцін Фёдаравіч Коршук, які ўжо тры гады партызаніў у тутэйшых лясах...».
У ліпені 1944 года Канстанціну Коршуку даручылі адказную місію — арганізоўваць навучальны працэс на толькі што вызваленай тэрыторыі Беларусі. Старанна вывераныя спісы настаўнікаў Міншчыны, якія засталіся ў жывых, з інфармацыяй аб іх дзейнасці ў гады вайны — яшчэ адзін экспанат сямейнага архіва. Дзякуючы гэтаму спісу 1 верасня 1944-га на Міншчыне адчынілі свае дзверы першыя пасляваенныя школы.
Мінскім абласным аддзелам народнай асветы Канстанцін Коршук кіраваў да красавіка 1969 года. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Мінскага абласнога Савета. Прайшоўшы шлях ад настаўніка пачатковай школы да кіраўніка раённай асветы ў Беларусі, заслужаны настаўнік СССР зрабіў важкі ўнёсак у станаўленне і развіццё адукацыйнай галіны ў Беларусі. Красамоўна аб гэтым сведчаць шматлікія ўзнагароды: ордэны Леніна і Чырвонага Сцяга, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн «Знак Пашаны», медалі.
Самы дарагі падарунак у свеце
Годным працягам гэтага выдатнага чалавека, партызана, стаў яго сын. У 1944 годзе яго ўдалося пераправіць на Вялікую зямлю. Некаторы час Валодзя знаходзіўся ў гомельскім спецыяльным дзіцячым доме № 1 для дзяцей ваеннаслужачых і партызан. Пасля вызвалення Беларусі па яго прыехаў бацькаў таварыш. У Мінску ён адвёў хлопца ў дом на набярэжнай Свіслачы, дзе той і чакаў самага роднага чалавека.
Кніга журналіста «Звязды» — партызанкі Георгія Шчарбатава, якую ён падарыў сям’і Коршукаў.
«Раптам бачу — бацька мой ідзе! — успамінае сын партызана. — У гімнасцёрцы, з медалём. Сям’я, дзе я некалькі гадзін правёў, запрасіла нас на вячэру. За сталом гаспадыня спытала, колькі мне гадоў. Я сказаў, што дзевяць. А бацька і кажа: „Не, сынок, сёння табе ўжо дзесяць“. Вось такі я атрымаў падарунак на дзесяцігоддзе! Самы дарагі падарунак у свеце — майго бацьку». Больш яны ніколі не расставаліся. Другая бацькава жонка, Ганна Іванаўна Канцавая (дарэчы, у свой час першы намеснік міністра асветы), замяніла яму маці.
Уся прафесійная дзейнасць Уладзіміра Коршука была звязана з гістарычнай навукай. Адразу пасля заканчэння гістфака Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава гісторыю выкладаў школьнікам, затым, на працягу 60 гадоў, — студэнтам. Працяглы час доктар гістарычных навук, прафесар загадваў кафедрай гісторыі КПСС БДУ, а пасля яе рэарганізацыі — кафедрай палітычнай гісторыі, затым — сусветнай і айчыннай гісторыі. З 2001 да 2020 года з’яўляўся прафесарам кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу гістфака БДУ. Прафесар Коршук падрыхтаваў вялікую плеяду навукоўцаў: пад яго кіраўніцтвам былі абаронены больш за 30 кандыдацкіх і адна доктарская дысертацыі. У жніўні заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначыць 90-гадовы юбілей.
Зводкі Саўінфармбюро, запісаныя Канстанцінам Коршукам у звычайны сшытак, друкаваліся ў падпольных выданнях.
Па бацькавым шляху пайшла і дачка. Алена Коршук — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры міжнароднай журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ. Менавіта яна захавальніца сапраўднага скарбу — сведчанняў партызанскага жыцця, актыўнымі ўдзельнікамі якога былі яе родныя людзі. Сярод гэтых каштоўных рэчаў — і выпуск «Звязды» за 3 ліпеня 1945 года.
«Дык як у сям’і з’явіўся гэты нумар?» — пытаюся напрыканцы нашай сустрэчы.
Адказ просты: «Выпісвалі».
фота аўтара