Як выпускнікі Гродзенскай вобласці плануюць рэалізаваць сябе пасля атрымання дыпломаў?
Лета — цудоўная пара. Аднак для моладзі, якая заканчвае вышэйшыя навучальныя ўстановы і адпраўляецца ў дарослае жыццё, яна яшчэ і асабліва хвалюючая. Праходзяць урачыстыя цырымоніі ўручэння дыпломаў, грымяць выпускныя. Уласны карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з выпускнікамі і даведаўся, як і дзе яны плануюць будаваць сваю будучыню.
У мінулыя выхадныя Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт праводзіў у дарослае жыццё маладых урачоў. Свята было і ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, дзе адбыўся 15-ы выпуск афіцэраў ваеннага факультэта. Выпуск супаў з 20-годдзем заснавання ваеннага факультэта. Маладыя людзі ахвотна дзяліліся эмоцыямі.
Наталля Траццякова скончыла лячэбны факультэт і будзе працаваць хірургам у Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі:
— Месцам працы вельмі задаволеная, з нецярпеннем чакаю, калі пачну свой прафесійны шлях. Навучанне ва ўніверсітэце буду ўспамінаць з вялікай цеплынёй. Дзякуючы студэнцкім гадам пазнаёмілася з мноствам цікавых людзей па ўсёй Беларусі. За гады навучання набыла ўпэўненасць у сабе і сваіх рашэннях. Эмоцыі змешаныя, прысутнічае і хваляванне, але ўпэўнена, што ў мяне ўсё атрымаецца!
Эмоцыі перапаўнялі і Арцёма Капыціча, які ў 2022 годзе заваяваў званне найлепшага студэнта СНД, а ў 2023-м стаў найлепшым маладым вучоным СНД. Малады чалавек скончыў лячэбны факультэт.
— Урачом вырашыў стаць у 12 гадоў. Тады ў мяне здарылася сур’ёзная траўма рукі, дактары зрабілі ўсё, каб дапамагчы мне. Менавіта тады ў душы нешта адгукнулася. Я з захапленнем назіраў за работай медыкаў. Буду працаваць у Мінскай абласной бальніцы ўрачом — траўматолагам-артапедам. Я вельмі рады і ўдзячны ўніверсітэту за тое, што мне далі магчымасць паказаць сябе не толькі на ўзроўні ўніверсітэта, але і на міжнароднай арэне. На дасягнутым спыняцца не планую, хачу развівацца ў прафесіі, прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы, а таксама расці як вучоны
Выпускніца лячэбнага факультэта Аляксандра Целеш будзе працаваць акушэрам-гінеколагам у 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя А. У. Клумава г. Мінска. Шлях у прафесію пачаўся ў школе з любові да біялогіі:
— У 11 класе я была ва ўніверсітэце на дні адчыненых дзвярэй. Тады мне ўдалося зрабіць лёгачную рэанімацыю, і ў гэты момант канчаткова вырашыла, што хачу быць урачом. Усе шэсць гадоў не збочвала з абранага шляху і старанна вучылася, і вось я выпускніца. Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі. У мяне быў досвед работы ў Гродзенскім абласным клінічным перынатальным цэнтры. Паглядзела на работу ўрача — акушэра-гінеколага знутры і зразумела, што жадаю прымаць у гэты свет новыя жыцці. Ты нясеш адказнасць адразу за дваіх — гэта вельмі крута, разам з тым гэта магчымасць назіраць самы трапяткі момант у жыцці любой жанчыны.
Антон Чайчыц скончыў Купалаўскі ўніверсітэт з чырвоным дыпломам. Малады чалавек паступіў ва ўніверсітэт не адразу. Спачатку служыў па кантракце, а потым вырашыў будаваць кар’еру далей:
— Да вучобы падыходзіў адказна, старанна вучыўся, таму складанасцяў не ўзнікала. Калі рабіць усё своечасова, паступова ісці да мэты, то і шлях будзе камфортным. Для навучання выбраў спецыяльнасць «Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых». З дзяцінства мне быў цікавы спорт, добра даваліся нават складаныя фізічныя нагрузкі. Пачынаецца новы цікавы
этап! Я застаюся ў Гродне, буду служыць у 62-м зенітна-ракетным палку — на карысць Радзіме. Для гэтага маю магчымасці. Я ўдзячны сваім бацькам і настаўнікам за падтрымку і веру ў мяне. Яны заўсёды казалі мне аб важнасці быць патрыётам і любіць сваю Радзіму. Гэтыя словы натхнялі на працягу ўсяго навучання.
Асаблівым гэты дзень стаў і для Цімафея Лукашова, які вучыўся на спецыяльнасці «Тылавое забеспячэнне войскаў»:
— Сённяшняя падзея для мяне — нагода для радасці і гонару. Я доўга вучыўся, і часам было нялёгка, але рады, што ўсё атрымалася менавіта так. Выбраў шлях, які быў мне блізкі і зразумелы. Працягнуў справу бацькі, таму што заўсёды адчуваў глыбокую сувязь з гэтай прафесіяй. Ваенная справа — не проста работа, гэта прызванне, якое патрабуе поўнай самааддачы і адданасці Радзіме. Патрыятызм — гэта частка мяне. Хачу служыць сваёй краіне, рабіць унёсак у яе бяспеку і росквіт.
У далейшым буду праходзіць службу ў адной з вайсковых часцей горада Гомеля. Упэўнены, што мяне чакае цікавы шлях!
Фота ГрДМУ