У Прэзідэнцкай бібліятэцы праходзяць выстаўкі з унікальнымі архіўнымі дакументамі і кнігамі
Да Дня Незалежнасці Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь некалькі каштоўных падарункаў зрабілі краіны, з якімі склаліся сяброўскія адносіны. Убачыць рарытэты, а таксама наведаць выстаўкі, прысвечаныя галоўнаму святу беларускай дзяржаўнасці, можа любы ахвотны.
Расія прэзентавала два новыя праекты, якія ўразяць не толькі цудоўным афармленнем, але і ўнікальным зместам.
Адзін з іх — «Карты Вялікай Перамогі», дзе сабраны арыгінальныя баявыя карты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта матэрыялы, з якімі працавалі афіцэры, плануючы аперацыі.
Па картах можна прасачыць, як крок за крокам рухаліся войскі, якія рашэнні прымаліся і як мянялася лінія фронту.
Сярод матэрыялаў — асабістыя подпісы камандавання, уключаючы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Гэта не проста гістарычныя дакументы, а рабочыя інструменты таго часу. Трэба сказаць, што картографы ў гады вайны выконвалі сваю работу ў найскладанейшых умовах: на перадавой, пад абстрэламі, і іх праца дазваляла войскам арыентавацца і дзейнічаць дакладна.
Яшчэ адзін падарунак з Расіі — адукацыйны праект РІА «Новости» для школьнікаў і студэнтаў.
— Ён імкнецца гаварыць з моладдзю на яе мове — праз візуальныя матэрыялы, QR-коды і інтэрактыўныя фарматы, — расказвае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Прэзідэнцкай бібліятэкі Ала ПЕНДА. — Гэта вельмі прадуманы і сучасны падыход да гістарычнай асветы, разлічаны на розныя ўзроставыя групы. Падобныя ініцыятывы дапамагаюць школьнікам і студэнтам не проста запомніць факты, а асэнсаваць іх, далучаючыся да працэсу праз відэа, аўдыя і тэсты.
У найбліжэйшай перспектыве Прэзідэнцкую бібліятэку папоўніць трэцяя частка праекта РІА «Новости», прысвечаная вызваленню Беларусі. Сярод асаблівасцяў — плакаты з унікальнымі фатаграфіямі і кароткімі фактамі, многія з якіх публікуюцца ўпершыню. QR-коды вядуць да дадатковых матэрыялаў: можна прачытаць артыкул, паслухаць аўдыяфрагмент ці прайсці тэст.
А вось нядаўнім падарункам урадавай кніжніцы ад Азербайджана сталі кнігі, якія апісваюць гісторыю, культуру ці славутасці краіны і яе сталіцы — Баку.
Гэтымі днямі праходзіць у бібліятэцы і некалькі выставак. Адна з іх расказвае пра гісторыю самой установы на прыкладзе газетных публікацый розных часоў (а яна, між іншым, была створана ў 1933 годзе). На іншай экспазіцыі можна пазнаёміцца з кнігамі, прысвечанымі вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выданні расказваюць, як у акупаваны Мінск увайшла танкавая брыгада пад кіраўніцтвам Аляксея Бурдзейнага і пачалося вызваленне горада. З гэтай выстаўкі таксама можна даведацца, чаму многія франтавікі называлі Днепр ракой герояў. Менавіта 23 верасня 1943 года пры актыўным фарсіраванні Дняпра быў вызвалены пасёлак Камарын Гомельскай вобласці і якраз з гэтай даты бярэ пачатак вызваленне Беларусі.
Безумоўна, кажучы пра вызваленне Радзімы, нельга не згадаць і наступальную стратэгічную аперацыю «Баграціён». Кнігі, прысвечаныя ёй, раскажуць шэраг цікавых фактаў. Напрыклад, пра велічны сяміметровы помнік, які знаходзіцца ў вёсцы Раковічы Гомельскай вобласці, адкуль і пачалася аперацыя.
Памяць пра Вялікую Айчынную вайну жыве і ў іншых мемарыялах і кнігах пра іх. Гэта Брэсцкая крэпасць-герой, а таксама Буйніцкае поле, дзе ў бітве па абароне Магілёва ўдзельнічаў вядомы пісьменнік Канстанцін Сіманаў, які пасля апісаў яе ў рамане «Жывыя і мёртвыя». І, вядома, такі мемарыял, як Курган Славы, размешчаны на тым месцы, дзе ў 1944 годзе праходзіла адна з частак аперацыі «Баграціён» — Мінскі кацёл, падчас якой была разгромлена 105-тысячная нямецкая армія.
А нашу сталіцу нельга ўявіць без 38-метровага манумента Перамогі на аднайменнай плошчы. Адна з кніг расказвае цікавую гісторыю яго стварэння, якой падзяліўся сам архітэктар Георгій Заборскі. Ён задумаў гэты помнік яшчэ ў 1942 годзе, калі з раненнем ляжаў у шпіталі. Архітэктар папрасіў у палату бальнічныя бінты, на якіх і зрабіў эскіз будучага манумента, ужо ў той час упэўнены ў перамозе савецкага народа.