0

Прадстаўнікі заканадаўчай улады расказалі, што ёсць для іх Дзень Незалежнасці

01.07.2025 | 16:41
«Самае каштоўнае, што можа быць у народа і дзяржавы»

Таццяна ІГНАЦЮК, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— 3 ліпеня — дата, навекі ўпісаная ў летапіс нашай Радзімы залатымі літарамі. Гэта дзень вызвалення Мінска, дзень, які стаў сімвалам адраджэння беларускай дзяржаўнасці з попелу самай страшнай вайны ў гісторыі чалавецтва. Сёлета свята набывае асаблівую, глыбока сімвалічную важнасць — мы адзначаем 80-годдзе Вялікай Перамогі. Гэтыя дзве святыя даты непарыўна звязаны адной лёсавызначальнай ніткай.

Наша незалежнасць, наша свабода, наша мірнае неба — гэта прамы вынік той бяспрыкладнай Перамогі, здабытай неверагоднай цаной. Калі мы глядзім на яркае неба на ўзыходзе сонца над роднымі прасторамі, успамінаем тых, чыя кроў акрапіла гэтую зямлю. Калі чуем радасны смех дзяцей, кланяемся памяці юных герояў, якія так і не сталі дарослымі. Калі праходзім міма манументаў і абеліскаў, адчуваем вечны абавязак перад пакаленнем пераможцаў — салдатамі, партызанамі, падпольшчыкамі, працаўнікамі тылу, усімі, хто абараніў наша права на жыццё і суверэнітэт.

Сёлета, у юбілейны год Перамогі, Дзень Незалежнасці гучыць як урачысты гімн пераемнасці пакаленняў і нацыянальнай стойкасці. Мы — нашчадкі вялікага подзвігу. Наш абавязак — не проста памятаць, але і берагчы заваяванае імі. Берагчы нашу незалежнасць як зрэнку вока. Берагчы мір і стабільнасць на нашай зямлі. Берагчы праўду пра вайну, перадаючы яе з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, каб ніякія вятры часу не змаглі сказіць святую памяць пра подзвіг народа.

Дзень Незалежнасці — гэта не толькі дзень памяці, але і дзень гонару за сённяшнюю Беларусь. Гонару за наш працавіты народ, які будуе моцную, суверэнную дзяржаву. За нашы дасягненні, за мір у нашых гарадах і вёсках, за тое, што мы захавалі і прымножылі тое, што было завешчана нам героямі 1945 года. Мы будуем будучыню, трывала стоячы на падмурку, закладзеным Перамогай.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў:

— Незалежнасць — гэта самае каштоўнае, што можа быць у любога народа і дзяржавы. Для нас, беларусаў, важныя не нейкія папяровыя дэкларацыі, а рэальныя справы нашых продкаў, таму далёка не выпадкова менавіта 3 ліпеня — дзень вызвалення сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — з’яўляецца Днём Незалежнасці. Тады, у гады Вялікай Айчыннай вайны, нашы продкі са зброяй у руках адстаялі права жыць на гэтай зямлі і жыць так, як мы лічым патрэбным. А гэта і ёсць рэальны суверэнітэт. Таму перамога ў Вялікай Айчыннай вайне мае вялікае значэнне для беларускага народа, беларускай дзяржаўнасці. Без гэтай перамогі не было б ні беларусаў, ні, натуральна, нашай дзяржавы. Свята 3 ліпеня фактычна з’яўляецца галоўным святам нашай краіны.

Галоўнай задачай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве, з’яўляецца супрацьстаянне скажэнням і фальсіфікацыям гістарычнага мінулага. Беларусі ёсць што супрацьпаставіць. Вельмі важна як мага шырэй трансліраваць нашу гістарычную памяць, даносіць наш погляд перш за ўсё да маладога пакалення, таму што моладзь — будучыня нашай дзяржавы і на міжнароднай арэне трэба адстойваць свой погляд, сваю пазіцыю. Мы нічога не скажаем, не фальсіфікуем, мы ацэньваем гістарычнае мінулае з пазіцыі, што было дрэннага і што добрага для нашага народа. Той народ, які не ведае свайго гістарычнага мінулага або бачыць яго скажоным і фальсіфікаваным, не мае будучыні.

Ганна ХВЯДЗЮК, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў:

— Трэцяга ліпеня для маёй сям’і — галоўнае свята. Тыя, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў краіну ад нямецкага зла, — асаблівыя людзі, героі. Многія з іх цаной жыцця здабылі нашу свабоду. Мае маленькія ўнукі заўжды разам са сваімі бацькамі ідуць на свята з горда паднятай галавой, ускладаюць кветкі, таму што яны з маленства ведаюць, што мір у нашай краіне — здабытак пакаленняў. Людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, сваёй працай, адносінамі да жыцця паднялі яе з попелу. Гэтым трэба ганарыцца. Мае стрыечныя дзядулі, якія змагаліся на франтах падчас Вялікай Айчыннай вайны, вельмі мала расказвалі. Калі я асабіста звярталася да іх з просьбай: «Раскажыце», у іх заўжды нагортваліся на вочы слёзы. Яны гаварылі: «Не дай Бог, каб ты ведала тыя пакуты і жахі, якія перажылі мы». Я стараюся перадаваць гэта сваім дзецям і ўнукам. Калі так будуць рабіць у кожнай сям’і, спадзяюся, мы захаваем мір на зямлі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю