Top.Mail.Ru




0

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Цылько падзяліўся сваім вопытам работы ў Рэчыцкім раёне

08.07.2025 | 17:50
«Прапановы выбаршчыкаў дапамагаюць удасканальваць заканадаўства»

У дэпутацкую акругу намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па экалогіі і прыродакарыстанні Алега Цылько ўваходзяць горад Рэчыца, гарадскі пасёлак Зарэчча і пяць сельскіх саветаў: Жмураўскі, Азершчынскі, Перасвятоўскі і Салтаноўскі.

Аснову эканомікі ўсяго Рэчыцкага раёна складае прамысловасць. Вядучыя прадпрыемствы тут — Рэчыцкі завод вырабаў з металу, мэблевая фабрыка «Рэчыцадрэў», «Беларуснафта-Прамсэрвіс», «Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў», «Рэчыцкі тэкстыль», хлебазавод. Раён славіцца сваімі нафтавікамі. У горадзе працуюць тры каледжы: аграрны, тэхнічны і педагагічны. Маецца выдатны гарадскі палац культуры, музычная школа і школа мастацтваў, краязнаўчы музей, цэнтр культуры і народнай творчасці, амфітэатр на набярэжнай Дняпра, лыжаролерная траса...

— Горад бурлівы, — расказвае дэпутат. — Людзі звяртаюцца да мяне як дэпутата Палаты прадстаўнікоў з самымі рознымі пытаннямі і прапановамі. Традыцыйна ўвесну ўстае праблема рамонту дарог, дваровых тэрыторый, вывазу смецця. Праз два тыдні пасля абрання прыйшлі жыхары сядзібнай забудовы «Верталётная пляцоўка», выязджаў туды, аглядаў маштабы затаплення. У тым ліку і па маёй просьбе ўлады аператыўна і бесперапынна адкачвалі ваду, а цяпер робяць дрэнажную сістэму, каб падобнае не паўтаралася.

Роля прадстаўнічай улады ў такіх сітуацыях заключаецца ў тым, каб інтарэсы простых людзей былі ўлічаныя і абароненыя своечасова, кажа Алег Цылько. Дэпутат парламента таксама дапамагае вырашыць праблемы, калі для гэтага не хапае паўнамоцтваў на ўзроўні раёна.

— Неяк на прыём прыйшоў былы вайсковец, які перанёс інсульт, — прыводзіць прыклад суразмоўнік. — Яго хвалявала аплата бальнічнага. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пацвердзіла, што сапраўды ў гэтым пытанні ваенныя пенсіянеры, якія працуюць, ушчэмленыя. Цяпер міністэрства разглядае магчымасць унясення змяненняў у парадак аплаты бальнічных гэтай катэгорыі грамадзян.

Вясной Алег Цылько вывучаў у акрузе практыку прымянення заканадаўства ў землеўпарадкавальнай службе. Падчас падрыхтоўкі змяненняў у Кодэкс аб адукацыі рэчыцкія настаўнікі агучвалі пытанні дастаўкі вучняў школьным транспартам не толькі на заняткі, але і на трэніроўкі, экскурсіі. Менавіта ініцыятывы знізу дапамагаюць зрабіць адпаведныя праекты законаў больш дасканалымі, падкрэслівае дэпутат.

— Месяц таму звярнуўся выбаршчык з прапановай усталяваць у горадзе памятны знак у гонар віцэ-адмірала Георгія Халасцякова, Героя Савецкага Саюза, які некаторы час жыў у Рэчыцы, — згадвае прыклад яшчэ аднаго роду зваротаў Алег Цылько. — У горадзе ёсць вуліца ў імя Георгія Халасцякова, на ёй і прапанавана размясціць мемарыяльную дошку. Пытанне вырашаецца разам са старшынёй райвыканкама і аддзелам культуры.

Свежы прыклад вырашанага пытання — дапамога ў асфальтаванні пляцоўкі ў Рэчыцы для навучання кіраваннем матацыклам падлеткаў ад 10 да 15 гадоў. У красавіку з просьбай аб гэтым звярталася да дэпутата майстар вытворчага навучання ДТСААФ раёна.

— Гэту секцыю наведваюць дзеці са шматдзетных сем’яў, падлеткі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку, бо спорт — дзейная альтэрнатыва кепскай кампаніі, — заўважае намеснік старшыні парламенцкай камісіі. — Па маім хадайніцтве Прэзідыумам Цэнтральнага савета ДТСААФ прынята рашэнне аб выдзяленні 20 тысяч рублёў на рамонт пляцоўкі ў Рэчыцы, пяць тысяч выдзеліла вобласць. Астатнюю суму паабяцаў райвыканкам.

З філіялам «Рэчыцаводаканал» дэпутат прапрацаваў пытанні аб забеспячэнні чыстай якаснай вадой жыхароў аграгарадка Перасвятое, водазабеспячэння аграгарадка Салтанова.

— Больш за палову ўсіх зваротаў, якія паступілі да мяне як дэпутата парламента, удалося вырашыць станоўча. Гэта было б немагчыма без узаемаразумення з райвыканкамам і райсаветам, — адзначае народны абраннік. — Астатнія пытанні патрабавалі тлумачэння, некалькі застаюцца на кантролі.

Работа ў акрузе складаецца з прыёму грамадзян, правядзення прамых тэлефонных ліній, сустрэч з працоўнымі калектывамі, удзелу ў розных мерапрыемствах.

— Абавязкова бываю ў кожным сельсавеце. У чэрвені выязджаў на мясцовыя пляжы, знаёміўся з аснаш-

чэннем выратавальнай станцыі, гутарыў з супрацоўнікамі АСВОДу, МНС, Інспекцыяй па справах непаўналетніх. Наведаў школьныя і спартыўныя лагеры, даведаўся, якая ў іх праграма работы з дзецьмі, — расказаў Алег Цылько.

Парламентарый мае багаты вопыт работы з моладдзю. Да свайго абрання працаваў першым сакратаром Акцябрскага раённага камітэта БПСМ, другім сакратаром Гомельскага абласнога камітэта БРСМ, узначальваў аддзел па справах моладзі аблвыканкама.

— Тут важна пазбягаць заарганізаванасці, быць самім сабой, шчырым, — дзеліцца парламентарый. — Тады атрымаецца данесці інфармацыю, якой павінен валодаць кожны беларус. Напрыклад, пра тое, што мы робім легкавыя аўтамабілі, а ў наступным годзе пабудуем свой самалёт. Або дзе знаходзіцца БЕЛАЗ ці якую маем карысць ад уласнай АЭС... Неабходна, каб моладзь ведала, чым па праве можа ганарыцца. Не толькі прыродай сваёй Радзімы, але і вытворчасцю сусветнага ўзроўню, культурай, духоўнасцю.

Алег Цылько адзначае, што маладыя людзі ў Рэчыцы досыць разняволеныя, выхаваныя эрудыты. У большасці не шукаюць лепшай долі ў іншых мясцінах. Праўда, ёсць пэўны перакос убок нафтаперапрацоўчай прамысловасці, дзе заробкі больш, але і праца цяжкая.

З падачы свайго памочніка, члена Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Арцёма Лапаціна напярэдадні Дня моладзі парламентарый правёў анлайн-канферэнцыю на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Тады і прагучала прапанова ад маладога выбаршчыка пабудаваць гульнявую пляцоўку на тэрыторыі акругі, дэпутат яе падтрымаў, цяпер вядзе перагаворы з мясцовымі ўладамі.

«Такая форма зносін апраўдала сябе, і я прапаную мясцовым органам улады больш актыўна карыстацца ёю», — рэзюмуе Алег Цылько.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю