Аб гэтым паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Паводле апошніх даных назіранняў, у азімых збожжавых культур (пшаніца, жыта, трыцікале) працягваецца наліў зерня, у шэрагу раёнаў пачалося паспяванне — адзначана васковая спеласць. На пасевах азімага ячменю надышла поўная спеласць, праводзіцца масавая ўборка гэтай культуры.
Як паведамілі ў Белгідрамеце, пераважаюць добрыя візуальныя ацэнкі стану азімых культур. Аднак на шэрагу назіральных участкаў адзначана паляганне пасеваў. З-за аграметэаралагічных умоў сёлета развіццё азімых культур ідзе з адставаннем на адзін-два тыдні ад леташніх тэрмінаў. У найбліжэйшы час дажджы рознай інтэнсіўнасці будуць стрымліваць паспяванне і прасыханне збожжа, ускладняць правядзенне ўборачных работ. Ападкі з ветрам могуць павялічыць плошчы палягання пасеваў збожжавых.
- У той жа час невысокі тэмпературны рэжым і дажджы садзейнічалі фарміраванню ўраджаю льновалакна. Па выніках праведзенага маршрутнага абследавання пасеваў, сярэдняя вышыня лёну сёлета перавышае мінулагоднюю. На большасці агледжаных палёў стан лёну-даўгунцу добры, адзначылі ў Белгідрамеце. Па даных аграметэаролагаў, пасля інтэнсіўных дажджоў і вятроў на асобных агледжаных участках фіксуецца слабае паляганне. У паўночным рэгіёне месцамі назіралася частковае вымаканне пасеваў лёну. У Брэсцкай вобласці праводзіцца яго масавая ўборка.
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання падрыхтавала рэкамендацыі для аграрыяў, якія работы трэба правесці на палях напярэдадні ўборачнай кампаніі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ведамства.
У міністэрстве адзначылі, што шквалісты вецер і моцныя ападкі становяцца прычынай палягання сельгаскультур. На такіх палях магчыма вегетацыя шматгадовых і аднагадовых відаў пустазельных раслін, а таксама прарастанне збожжа, што ўскладняе ўборку збожжавых, зернебабовых і іншых культур.
Для мінімізацыі страт ураджаю Мінсельгасхарч нацэльвае сельгасвытворцаў своечасова правесці перадуборачнае падсушванне (дэсікацыю) пасеваў. Гэта дасць магчымасць паскорыць раўнамернае паспяванне раслін, здушыць рост пустазелля і забяспечыць больш якасную работу ўборачнай тэхнікі.
Падрабязныя метадычныя рэкамендацыі, дзе ўказаны аптымальныя тэрміны і тэхналогіі, а таксама пералік дазволеных прэпаратаў, размешчаны на афіцыйным сайце Мінсельгасхарча.
Тым часам
Па ўраджайнасці ў лідарах Гродзеншчына
У Беларусі поўным ходам ідзе ўборка азімага ячменю. Як паведамілі ў Мінсельгасхарчы, апрацавана каля 40 % плошчаў. Намалочана звыш 340 тысяч тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць складае 37,8 цэнтнера з гектара. Найбольш актыўна ідзе жніво ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях. Па ўраджайнасці ў лідарах Гродзеншчына, дзе ў сярэднім намалочваюць звыш 50 цэнтнераў з гектара.