Top.Mail.Ru




0

Як хлебапякарная галіна краіны рэагуе сучасныя выклікі?

17.07.2025 | 17:20

Хлеб, які аб’ядноўвае.


Хлеб у Беларусі — не проста прадукт штодзённага спажывання, а частка культурнай спадчыны. Сёння хлебапякарная прамысловасць краіны стаіць перад новымі выклікамі: ад адаптацыі да зменлівых харчовых запытаў насельніцтва да ўкаранення інавацыйных тэхналогій і пашырэння асартыменту. Якой бачыць сябе галіна ў сучасных умовах расказалі спецыялісты Мінсельгасхарча і Белкаапсааюза

Як паведаміла намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ірына БАРАНЦЭВІЧ, штогод у краіне вырабляецца каля 2000 найменняў хлебабулачных вырабаў. Толькі за мінулы год сумесна са спецыялістамі «Белтэхнахлеба» было распрацавана каля 200 новых відаў прадукцыі. Асартымент адаптуецца да патрэб насельніцтва: улічваюцца пажаданні розных узроставых груп, інавацыйныя тэндэнцыі і попыт на прадукты з натуральным складам.

Па словах Таццяны КАСЯКОВАЙ, галоўнага тэхнолага аддзела па вытворчасці прамысловай прадукцыі і кіраванні якасцю Белкаапсаюза, у сістэме спажывецкай кааперацыі функцыянуюць 48 хлебазаводаў ва ўсіх рэгіёнах краіны (у тым ліку міні-пякарні). У сярэднім у суткі выпякаецца каля 100 тон хлеба. Агульны асартымент хлебабулачных вырабаў сягае каля 1000 пазіцый — ад караваяў да пірагоў. 

Беларускі хлеб вырабляецца з натуральных інгрэдыентаў з беларускай сыравіны. Пры вытворчасці жытнёва-пшанічных сартоў выкарыстоўваюцца закваскі, для пшанічных — парныя спосабы. Папулярнасцю карыстаецца дэсертная група (з курагай, чарнаслівам), а таксама нацыянальныя віды хлеба: багеты, круасаны, лавашы. Асобны кірунак — шырокі выбар булачных вырабаў: батоны, булкі, вітушкі, пляцёнкі.

Пра смак і папулярнасць нашага хлеба гаворыць і геаграфія яго экспарту — гэта не толькі Расія і краіны СНД, але і «дальняя дуга». Як адзначыла Ірына Баранцэвіч, сёння беларускі хлеб — гэта брэнд, які ведаюць і цэняць далёка за межамі краіны.

Гаворачы пра развіццё галіны, Таццяна Касякова падкрэсліла, што асноўныя задачы на сёння — гэта мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай інфраструктуры, удасканаленне інгрэдыентнага складу, забеспячэнне адпаведнасці санітарным нормам, а таксама ўпакоўка прадукцыі з улікам павелічэння тэрмінаў яе захоўвання. Дарэчы, у хлебапякарную прамысловасць ўжо інвесціравана 10 мільёнаў рублёў, набыта каля 340 адзінак тэхналагічнага абсталявання, а таксама каля 50 аўтамабіляў для дастаўкі прадукцыі

Галоўны тэхнолаг таксама заўважыла, што сярод тэндэнцый апошніх гадоў — дабаўленне да прадукцыі насення льну, кунжуту, сланечніку. Гэта адказ на попыт спажыўцоў на больш карысныя і багатыя на пажыўныя рэчывы вырабы.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю