Гісторыі аднаго знікнення
Апавяданне Ірыны Карнавухавай «Знікненне Глеба» выйшла ў серыі «Падлеткавы ўзрост». І адрасуецца твор дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Гэта гісторыя пра тое, што любую сітуацыю, у якую трапляем, мы разглядаем і ацэньваем з пэўнага пункту гледжання, абумоўленага нашымі ўяўленнямі пра жыццё, вопытам, начытанасцю і нават эмоцыямі. Гэты твор дае чытачам унікальную магчымасць спачатку пазнаёміцца з успрыманнем эпізоду знікнення пятнаццацігадовага Глеба рознымі героямі апавядання, а пасля ў іх кампаніі пражыць завяршэнне... Аднак, ці будзе шчаслівы фінал у гэтай гісторыі — зможам даведацца на апошніх старонках кнігі.

Сіла слова і сяброўства
Кніга Жанны Касап «Аліса і Мішкавы лісты» — гэта чароўны свет, у якім вера ў цуды дазваляе справіцца з любымі няўдачамі яго гераіні. Па сюжэце цікаўная і дабрадушная дзяўчынка Аліса ідзе ў першы клас. Але там высвятляецца, што не ўсё так лёгка, як было ў яе жыцці раней. Казачная гісторыя дазваляе пражыць важны перыяд разам з галоўнай гераіняй, якая дзеліцца яркімі ўражаннямі ад сваёй новай рэальнасці са сваім плюшавым мядзведзікам. І аднойчы атрымлівае ад яго ліст... Разам з дзяўчынкай чытачы даведаюцца пра будні першакласнікаў, адкрыцці і пераадоленне цяжкасцяў. Так, аднойчы Аліса хацела купіць шакалад і стаць вельмі разумнай, але замест чаканага эфекту ад салодкага адкрыла для сябе радасць ад умення дзяліцца.

Самыя яркія эпізоды ў кнізе ўвасабляюцца таксама ў ілюстрацыях Людмілы Суханавай. Выданне будзе карысным і дарослым, бо ў ім мамы і таты знойдуць добрыя падказкі, як дапамагчы ўласным дзецям паверыць у сябе, убачыць стымул у вучобе і не згубіць веру ў цуды ў паўсядзённасці.
Калейдаскоп вопыту
Дорыць чытачам дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту аповесць Ірыны Тулупавай «33 гісторыі Плаксільяны», якая суправаджаецца ілюстрацыямі мастака Кацярыны Казлоўскай. Тут мы ўжо знаёмімся з гісторыяй адной маленькай прынцэсы, якая з’явілася на свет за пяць хвілін да 1 мая. Юных чытачоў чакаюць прыгоды ў кампаніі гераіні і яе сяброў. Кожная гісторыя — нібы яркая частка ў калейдаскопе жыццёвых падзей, дзе сяброўства з хлопчыкамі можна адчуць па болі ў каленках ці, напрыклад, знайсці сапраўднага абаронцу ў хатнім гадаванцы, навучыцца плесці вянкі, выхоўваць характар і даведацца шмат іншых карысных рэчаў. Словам, гэта 33 гісторыі пра тое, як дзяўчынка Плаксільяна з дапамогай старэйшага сябра Дзьмухавея сталее і крок за крокам разумее, што зусім неабавязкова быць капрызнай і шантажыраваць бацькоў слязьмі, а лепш штодня рабіць штосьці цікавае, карыснае.

Алена ДРАПКО