Наталля Качанава: Няма не нашых пытанняў
На выязным пашыраным паседжанні Прэзідыума Савета Рэспублікі абмеркавалі работу са зваротамі грамадзян у Гомельскай вобласці.
На пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Гомелі разгледжаны вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у паўднёва-ўсходнім рэгіёне. Сітуацыя дэталёва прааналізавана з улікам адзінага дня прыёму грамадзян па ўсім рэгіёне 17 ліпеня, а таксама па выніках 2024 года і першага паўгоддзя 2025 года.
Як далажыў начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян сакратарыята Савета Рэспублікі Максім Шэко, па выніках 2024 года колькасць зваротаў ад жыхароў Гомельскай вобласці ў Савет Рэспублікі павялічылася практычна на трэць. «За студзень — чэрвень паступіла 405 зваротаў. У разрэзе рэгіёнаў краіны пазіцыя вобласці засталася нязменнай — на пятым радку. Найбольшую актыўнасць праяўляюць прадстаўнікі Гомеля, Мазырскага, Светлагорскага і Гомельскага раёнаў», — паведаміў ён, адзначыўшы, што істотнага росту паўторных зваротаў няма, акрамя таго, з большасці раёнаў такіх зваротаў зусім не было. «У асноўным людзі пішуць аб асабістых праблемах, удзельная вага калектыўных нязначная», — падкрэсліў Максім Шэко.
«Калі ёсць праблема, яе трэба агучваць. Рана ці позна яе давядзецца вырашаць, яна нікуды не знікне. Таму наш галоўны тэзіс у рабоце са зваротамі грамадзян — няма не нашых пытанняў. Мы ўсе працуем на адно, каб наша краіна жыла ў міры і згодзе. Не трэба ганяць чалавека па крузе, адрасуючы яго ў іншае ведамства або структуру. Сёння ёсць усе магчымасці напрамую звязацца з імі і дапамагчы чалавеку ў вырашэнні яго праблемы. Часам гэта справа аднаго тэлефоннага званка», — акцэнтавала прыярытэты ў рабоце са зваротамі грамадзян Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Як адзначыла спікер, у цэлым у вобласці захоўваецца тэматычная структура зваротаў. Сярод самых частых — ЖКГ, будаўніцтва жылля, землекарыстанне. «Гэта тлумачыцца тым, што ідзе Год добраўпарадкавання, пяцігодка якасці, і мы ўсе павінны зрабіць разам, каб наша краіна стала яшчэ прыгажэйшай, камфортнейшай і для тых, хто тут жыве, і для тых, хто да нас прыязджае», — падкрэсліла Наталля Качанава.
У цэлым, па словах Старшыні Савета Рэспублікі, відаць, што ў Гомельскай вобласці выбудаваная і праводзіцца дастаткова сістэмная работа са зваротамі грамадзян. «Уменне слухаць і чуць людзей вельмі важна для кіраўнікоў усіх узроўняў. Як заўсёды, кажа наш Прэзідэнт, галоўнае — гэта людзі», — адзначыла Наталля Качанава.
Спікер таксама адзначыла, што члены Савета Рэспублікі прадаўжаюць работу над законапраектамі. «Наша краіна жыве па сваіх законах — у нас іх больш за 2,3 тысячы. Таму для нас так важна разумець актуальнасць той ці іншай тэмы, і зыходзячы з гэтага фарміруем цяпер план работы над законапраектамі на 2026 год. Мы павінны разумець, якія пытанні найбольш актуальныя і над якімі законапраектамі нам трэба працаваць, каб вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць на месцах у людзей. Гэта датычыцца такіх важных сфер, як жыллёва-камунальная гаспадарка, сістэмы аховы здароўя і адукацыі. Кадыфікацыя заканадаўства — таксама наша задача», — прывяла прыклады спікер, асабліва адзначыўшы, што пытанні грамадзян служаць сігналам для работы над адпаведнымі законапраектамі.
Як прагучала на пасяджэнні, выбудаваная работа па звароту грамадзян у цэлым па краіне вядзецца на дастаткова высокім узроўні. «Тым, што сёння зроблена ў нашай краіне, мы можам ганарыцца», — рэзюмавала Наталля Качанава.
Да разгляду пытання далучыліся таксама старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.
Паводле БелТА
Фота: БелТА