Пункты росту эканомікі — будаўніцтва, інфармацыя і сувязь
Як раней інфармаваў Белстат, тэмп росту ВУП па выніках шасці месяцаў склаў 102,1 %. «Некаторае запаволенне звязана са зніжэннем тэмпаў вытворчасці ў шэрагу галін на фоне агульнага запаволення сусветнага эканамічнага росту. На вынікі ў сельскай гаспадарцы аказалі ўплыў неспрыяльныя ўмовы надвор’я: істотна зрушаны тэрміны ўборкі збожжавых і нарыхтоўкі травяных кармоў», — адзначылі ў Мінэканомікі. Пры гэтым драйверамі выступілі такія галіны, як будаўніцтва (110,8 %), інфармацыя і сувязь (104,8 %).
У першым паўгоддзі захоўваецца трэнд на апераджальны рост інвестыцый у асноўны капітал — «плюс» 14 %. Прадпрыемствы актыўна ўкладваюць у тэхналагічнае развіццё і мадэрнізацыю: выдаткі на набыццё машын і абсталявання павялічыліся больш як на 20 %. Высокая дынаміка забяспечана ў будаўнічай сферы: за 6 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 848,5 тыс. кв. метраў жылля — 109,5 % да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.
Рознічны тавараабарот за студзень—чэрвень дадаў 9 %, што абумоўлена ростам рэальных даходаў насельніцтва (10,5 % па выніках студзеня—мая). Экспарт тавараў і паслуг па выніках пяці месяцаў перавысіў узровень мінулага года. Працягваецца нарошчванне паставак у краіны «далёкай дугі»: у краіны Афрыкі — рост у 1,6 раза, у краіны Лацінскай Амерыкі — амаль у 1,7 раза, Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіі — на 25 %. Высокімі тэмпамі расце і экспарт паслуг — па выніках студзеня—мая павелічэнне на 15,7 %.
Устойлівая работа эканомікі дае магчымасць забяспечваць паступальнае паляпшэнне дабрабыту насельніцтва, адзначылі ў Мінэканомікі. Сярэдняя заработная плата ў студзені—маі склала 2546,3 рубля, сярэдні памер працоўных пенсій перавысіў 916 рублёў.