Знакаміты тэатр балета з Санкт-Пецярбурга прадставіў прэм’еру «Злачынства і пакаранне» падчас «Гастрольнага лета ў Вялікім»
Адметна, што спачатку гэты балет маглі пабачыць у Мінску, а пасля — у Вялікім тэатры Расіі. Такі гонар мае сёлета асаблівае значэнне: гастролі балета Эйфмана адбыліся ў рамках Дзён Санкт-Пецярбурга ў Мінску, што былі прымеркаваны да 25-годдзя партнёрскіх сувязяў паміж двума гарадамі.
На самай справе Дзяржаўны акадэмічны тэатр балета Барыса Эйфмана — часты і заўсёды жаданы госць у нас, адзначыла генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава: «Вельмі прыемна, што мы сапраўды з’яўляемся ў шэрагу выпадкаў тымі, хто першым бачыць прэм’еры і пасля ўжо гаворыць пра іх іншым». Так і ёсць: у тэатраў даўняя гісторыя супрацоўніцтва. Наладжаны абмен артыстамі. Напрыклад, у трупе Эйфмана танцуюць тыя, хто пачынаў сваю кар’еру ў Беларусі, а цяпер у наш тэатр прыходзяць выхаванцы акадэміі Барыса Эйфмана.
І варта адзначыць, што падчас гастроляў беларуская публіка была рада бачыць цудоўную балерыну, як кажуць мінчане, «нашу Любу Андрэеву», якая выступіла ў ролі Соні Мармеладавай у прэм’ерным спектаклі.
- Але сёлета адна з найвыдатнейшых сусветных балетных труп прадставіла нам два спектаклі: «Злачынства і пакаранне» і «Ганна Карэніна». Аншлагі і эмоцыі беларускай публікі зашкальвалі: «Гэта было феерычна». А між іншым сучасны балет — складаны і з пункту гледжання задумкі, і з пункту гледжання выканання. Народны артыст Расіі Барыс Эйфман, які прыехаў разам з тэатрам у Мінск, падкрэсліў, што сучасны балет здольны адлюстраваць вельмі глыбокія, актуальныя эмацыянальныя пачуцці, якія сёння хвалююць усіх нас: «Выказаць думкі Дастаеўскага праз цела — гэта асаблівая магія».
Адметнасць балетмайстра Эйфмана — засяроджанасць на чалавеку. Для яго мае значэнне не толькі эстэтычная прыгажосць і знешняя форма. Ён праз харэаграфію імкнецца выявіць сэнс, шукае вобразы, якія гавораць пра важныя рэчы і з’явы. Адсюль цікавасць да літаратурных твораў, якія Барыс Якаўлевіч перакладае на мову харэаграфіі. Вельмі трапна і ўдала — адзначаюць тыя, хто ўжо мог бачыць гэтыя два балеты, а таксама іншыя, што створаны паводле няпростых кніг рускіх пісьменнікаў, у тым ліку Дастаеўскага. А ў Эйфмана ёсць балеты «Ідыёт», «Карамазавы», а цяпер яшчэ і «Злачынства і пакаранне». Харэограф імкнецца знайсці адказы на некаторыя пытанні, што жывуць унутры кожнага чалавека. Напрыклад, яго «Ганна Карэніна» — пра сітуацыю выбару для жанчыны, незалежна ад часу, у які яна жыве.
Паводле папярэдніх сустрэч з трупай Эйфмана беларуская публіка ўжо магла пазнаёміцца з яго адмысловымі «літаратурнымі» балетамі. І нам абяцаюць, што будуць іншыя сустрэчы. Харэографу падабаецца, як яго творы прымаюць у Мінску.