Top.Mail.Ru




0

Токар «Бабруйскаграмаша» расказаў аб асаблівасцях прафесіі

21.07.2025 | 14:30
Прафесія рабочая, але патрабуе ведаў і па хіміі, і па фізіцы

Калі мы сустрэліся з Валерыем Аляксеевым, токарам-расточнікам-каардынатчыкам інструментальнага цэха прадпрыемства «Бабруйскаграмаш», па-добраму здзівілі яго адносіны да сваёй прафесіі. «Прызнаюся шчыра: мая праца для мяне — гэта бязмежны акіян. Тут кожны дзень можна зрабіць шмат адкрыццяў. На працу я заўсёды іду з вялікім задавальненнем, а, вяртаючыся, зноў думаю пра яе», — вось так па-творчаму падыходзіць ён да таго, чым займаецца. Маючы значны працоўны вопыт, Валерый Аляксееў з’яўляецца старшынёй цэхавага камітэта і аб’ядноўвае вакол сябе такіх жа актыўных, энергічных і адданых сваёй справе людзей, якія імкнуцца праявіць сябе ў розных галінах.

Засяродзіць увагу на дэталях

Валерый Мікалаевіч ажыўлена расказвае мне пра сваю працу, зладжаны калектыў прадпрыемства, без якога ён сябе нават уявіць не можа. Праўда, спачатку планы на прафесію ў яго былі зусім іншыя.

...Гады дзяцінства Валерыя прайшлі ў Хабараўскім краі. Хлопчык нарадзіўся ў сям'і ваеннаслужачых. Афіцэрамі былі і яго дзядуля, і бацька. Са службай ва Узброеных Сілах жадаў звязаць сваё жыццё і Валерый. У 1988 годзе бацьку перавялі служыць у Беларусь, у Бабруйск. Тут хлопец і скончыў сярэднюю школу.

Калі адбыўся развал Савецкага Саюза, бацька дэмабілізаваўся з арміі. Змяніліся далейшыя планы і сына. Хлопец, які змалку быў прывучаны да строгай дысцыпліны, меў добрую фізічную загартоўку, вырашыў пайсці працаваць у Дзяржаўны канцэрн па машынабудаванні «Белаграмаш». Свой першы працоўны дзень на прадпрыемстве Валерый добра памятае і цяпер:

  • — Нягледзячы на тое, што ў мяне на той час не было ніякай спецыяльнасці, работнікі завода сустрэлі мяне з душой. З першых дзён работы я адчуў падтрымку сваіх вопытных калег. Мне прапанавалі быць штампоўшчыкам. Паколькі ўсё для мяне было вельмі цікавым, я акунуўся ў кругаварот заводскіх спраў. Працаваў на прэсе, займаўся халодным штампаваннем. Маім першым настаўнікам у прафесіі стаў брыгадзір Васіль Богуш. Менавіта ён патрабаваў ад членаў брыгады дысцыпліны, арганізаванасці. Каштоўнасці, якія я засвоіў ад калег, вельмі спатрэбіліся мне ў далейшым.

Прайшоў некаторы час — і Валерый зразумеў, якое вялікае месца ў яго жыцці займае прафесійная дзейнасць. Жаданне быць ваеннаслужачым у хлопца знікла, ён застаўся працаваць на заводзе. І хоць мужчыне прапаноўвалі набыць вышэйшую адукацыю, быць інжынерна-тэхнічным работнікам, ён адмовіўся. Яму вельмі падабалася працаваць у цэху, з людзьмі.

Праз некаторы час з прэсавага цэха Валерый перайшоў на працу ў інструментальны, дзе яму прапанавалі быць фрэзероўшчыкам або расточнікам. Паколькі другая спецыяльнасць з'яўляецца рэдкай, патрабуе асаблівай дакладнасці, пільнасці і ўвагі, ён вырашыў стаць расточнікам.

«Гэту спецыяльнасць можна атрымаць толькі на практыцы, яна патрабуе ўмення засяродзіць увагу на дэталях. Станок, на якім працуе спецыяліст, з'яўляецца вымяральным прыборам, — расказвае Валерый Мікалаевіч аб асаблівасцях сваёй працы. — Дапамаглі калегі, сярод якіх было шмат цікавых, неардынарных людзей, якія навучылі мяне прафесійнаму майстэрству і адказнасці. А яшчэ яны — людзі рабочых спецыяльнасцей — токары, фрэзероўшчыкі, шліфоўшчыкі — уражвалі сваёй адукаванасцю... У цяперашні час рабочыя спецыяльнасці не вельмі прэстыжныя, але я ганаруся тым, што працую менавіта ў цэху. Гэта работа патрабуе шмат ведаў і па фізіцы, і па хіміі, тэрмічнай апрацоўцы матэрыялаў. Таму я ніколькі не шкадую, што звязаў сваё жыццё менавіта з машынабудаваннем.

«Кожны раз думаю пра тое, якую важную справу мы робім»

У цяперашні час Валерый Мікалаевіч працуе брыгадзірам. У яго падпарадкаванні знаходзіцца ўчастак па вырабе і рамонце штампаў. Паколькі Аляксееў умее працаваць з людзьмі, асабіста знаёмы з многімі супрацоўнікамі прадпрыемства, яго прызначылі старшынёй цэхавага камітэта. Штодзень да адказнага работніка звяртаюцца дзясяткі людзей па самых розных пытаннях. Адным трэба аказаць матэрыяльную дапамогу, другім — даць кансультацыю... Нікому Валерый Мікалаевіч не адмаўляе. Дапамагаючы ў вырашэнні надзённых пытанняў, Валерый Аляксееў супрацоўнічае з прафсаюзным камітэтам ААТ «Бабруйскаграмаш». Працоўны стаж Валерыя Мікалаевіча складае 34 гады.

— Кожны раз, калі іду на працу, думаю пра тое, якую важную справу мы штодзень робім. Мы ствараем сельскагаспадарчую тэхніку, якая так патрэбна краіне. Напэўна, гэтыя думкі і дораць энергію, — адзначае суразмоўца. — Вельмі важна і тое, што супрацоўнікі прадпрыемства маюць магчымасць падзяліцца з кіраўніцтвам сваімі ідэямі, прапановамі. Ніводны зварот не застаецца без увагі.

Валерый Аляксееў з гонарам расказвае пра тое, што нядаўна рабочыя цэха паспяхова выканалі заказ з Нігерыі. Для гэтага былі патрэбны слесары механазборачных работ. Аднак рабочыя інструментальнага цэха — электраманцёры, тэрміст, слесар-інструментальшчык, фрэзероўшчык — актыўна ўзяліся за справу, самастойна распрацавалі аснастку — і пастаўленыя задачы выканалі. Людзей у цэху няшмат — усяго 50 чалавек, са сваімі абавязкамі рабочыя паспяхова спраўляюцца. Зараз ідзе праца над чарговым заказам — удасканальваецца паўпрычэп да тэхнікі, якая ў наступным сезоне будзе запушчана ў серыйную вытворчасць

Валерый Мікалаевіч знайшоў шчасце не толькі ў прафесіі, але і ў сям'і. З любімай жонкай Веранікай Віктараўнай яны жывуць ужо без малога трыццаць гадоў. Два дарослыя сыны звязалі сваё жыццё з сілавымі структурамі: старэйшы Вячаслаў — ваеннаслужачы, малодшы Уладзіслаў — супрацоўнік МНС.

На пытанне, як наш герой праводзіць свой вольны час, ён адказаў: «З думкамі аб працы. Атрымаў новае заданне — вырашаю, як яго найлепш выканаць».

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю