На ўборцы — пяць чалавек з адной сям'і
У Гродзенскай вобласці на раніцу панядзелка было ўбрана 14 % плошчаў. Уласны карэспандэнт «Звязды» пазнаёмілася з ходам работ на палях СПК «Пагранічны» ў аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна.
Паміж дажджамі
У дзень камандзіроўкі з надвор’ем пашанцавала! Было па-летняму сонечна, бязважкія аблокі плылі над залатым разлівам збожжавых, пахла прагрэтай зямлёй. Галоўны аграном СПК «Пагранічны» Юрый Салама адзначыў, што работа будзе ісці да захаду сонца, нельга ўпусціць ні хвіліны ў сонечны дзень. Тут ужо сабраны ўраджай азімага ячменю, зараз ідзе збор азімай пшаніцы. Агульная плошча палёў, якія неабходна ўбраць, складае 1440 гектараў, не лічачы азімага рапсу. З іх 720 гектараў займае азімая пшаніца, 230 — азімы ячмень, 100 — жыта і 390 — азімае трыцікале. Азімы рапс займае яшчэ 510 гектараў. На гэты момант убрана каля 19 % збожжавых, 12 % рапсу.
— Праводзім штодзённы маніторынг ураджаю, глядзім, дзе што наспела, што можна прыбіраць. Вядома, сёлета карэктывы ў работу ўносіць надвор’е, але, на шчасце, марозы не моцна паўплывалі на ўраджайнасць. Цяпер убіраем паміж дажджамі, калі збожжа вільготнае, дадаткова дасушваем яго. Думаю, што з усім можна справіцца, калі працуеш з адказнымі людзьмі, а яны ў нас у «Пагранічным» менавіта такія. На плошчах шчыруюць мясцовыя, нават цэлымі сем’ямі, — расказаў Юрый Салама.
З сям’і Саловічаў у гаспадарцы працуюць восем чалавек. З іх пяцёра — на ўборцы: тры браты Генадзь, Казімір і Франц, жонка Генадзя Марыя і сын Франца Павел. Марыя — загадчыца склада з 2007 года. Першапачаткова хацела быць кандытарам, але планы змяніла каханне — паехала ў Адэльск за мужам. Марыя гаворыць пра сваю работу з усмешкай. Калектыў разумее ўсю важнасць этапа, калі зерне трапляе на склад. Тут яго дасушваюць, увесь час трымаюць паказчыкі вільготнасці на кантролі.
— У гэтым годзе ловім кожны сонечны дзень. У збожжа няма працоўных гадзін і выхадных. Надвор’е стаіць — механізатары шчыруюць, мы прымаем. І так, пакуль апошняе зярнятка не будзе ўбрана з поля.
Юрый Салама адзначыў, што Марыя строгі кіраўнік, пільна сочыць за якасцю работы, дае ўказанні школьнікам, якія падзарабляюць на складзе. У цэлым калектыў спраўляецца добра, бо ўсе працуюць згуртавана.
Сувязь з роднай нівай
Далей шлях ляжыць на палі, дзе, як караблі, плывуць камбайны. Усяго іх у гаспадарцы дзесяць, цяпер працуе сем, бо аб’ём саспелых пасеваў не патрабуе выхаду ўсіх. Застаём працаўнікоў жніва за вячэрай. Якаснае харчаванне — важны аспект уборачнай кампаніі. Кожны дзень у поле прывозяць абеды і вячэры, механізатары адпачываюць, а потым з новымі сіламі садзяцца за руль. І ніхто дакладна не ведае, калі скончыцца іх працоўны дзень.
Выйшлі як вопытныя камбайнеры, так і маладое пакаленне. Павел Саловіч у полі чацвёрты год, кажа, што ўсе этапы работы яму падабаюцца: і сеяць любіць, і ўбіраць.
— Адвучыўся на электрыка, але вырашыў пайсці па шляху бацькі і сеў за руль камбайна. З малых гадоў за ім назіраў. Тэхніка заўсёды выклікала вялікую цікавасць. Мне па душы ўсё, што звязана з зямлёй, таму сумневаў не было. Нягледзячы на тое, што справа няпростая, кожны раз атрымліваю вялікае задавальненне.
Мікалай Бяліда ў гаспадарцы з 1993 года, пачынаў на «Доне», цяперашні «карабель» у яго трэці. Калі Марыя Саловіч паехала ў Адэльск за мужам, то Мікалай — за жонкай.
— Спачатку працаваў зваршчыкам, потым прапанавалі выйсці ў поле. Быў памочнікам — цяпер сам камбайнер. У кожнага свой шлях. Кожны робіць тое, што ў яго атрымліваецца і што яму па сэрцы, — разважае механізатар.
Дзеці Мікалая па яго шляху не пайшлі, а вось трохгадовы ўнук з вялікай цікавасцю назірае за дзядулем.
Усё пад кантролем
Сёлета аграрыям Гродзнскай вобласці трэба ўбраць 297 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур, а таксама 72,8 тысячы гектараў азімага рапсу.
— Мы правялі аналіз плошчаў у параўнанні з мінулым годам і павялічылі долю азімых. Больш пасеялі азімых збожжавых, азімага трыцікале і азімага ячменю. Акрамя таго, пашырылі пасевы
алейнага насення рапсу, — расказаў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валеваты.
Прадстаўнік рэгіёна адзначыў зладжанасць работы. Ва ўборачную кампанію ўключаюцца прамысловыя прадпрыемствы, ЖКГ, сілавы блок. Супрацоўнікі МНС, напрыклад, у напружаную пару не толькі гарантуюць бяспеку, але і самі становяцца ўдзельнікамі жніва — працуюць камбайнерамі і памочнікамі.
фота аўтара