Аляксандр Лукашэнка: Трэба не разварушвацца, а свідраваць. Але свідраваць з розумам
Што для Беларусі значыць нафтаздабыча, гаварылі на нарадзе ў Прэзідэнта.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную дзейнасці і далейшым перспектывам нафтаздабываючай галіны. Гэту тэму на самым высокім узроўні абмяркоўваюць ужо не першы раз. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў мінулым годзе на падобнай нарадзе падрабязна абмяркоўвалі рэспубліканскія нетры, развіццё мінеральна-сыравіннай базы і эфектыўнае выкарыстанне, інтэнсіўнае выкарыстанне і асваенне айчынных радовішчаў. На мінулагодняй нарадзе кіраўнік дзяржавы адзначаў, што ўсе карысныя выкапні з’яўляюцца нацыянальным здабыткам краіны, стратэгічным запасам, які належыць народу. Тады ж Прэзідэнт падкрэсліваў, што прыродныя багацці, якія знаходзяцца на паверхні, вывучаны нядрэнна і ставіў задачу нарошчваць геолагаразведачныя работы. Прыйшоў час зверыць гадзіннікі.
Плануецца выйсці на два мільёны тон нафты
«Я мяркую, што нікому з прысутных не трэба тлумачыць важнасць гэтага пытання для нашай краіны нават без уліку знешнеэканамічнай сітуацыі, якая склалася, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што мы вельмі сур’ёзна абмяркоўвалі гэтую праблему. І гэта не толькі нафта і газ. Гэта і іншыя нашы запасы мінеральныя». Прэзідэнт нагадаў, што перад міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і перад іншымі адказнымі асобамі стаіць задача даць сур’ёзны адказ на існуючыя пытанні.
Беларускі лідар звярнуўся да фактаў. На сёння ў Беларусі адкрыты 5 буйных і сярэдніх радовішчаў нафты і 91 радовішча — дробнае і вельмі дробнае. Большая частка з іх — савецкая спадчына. «Агульнасусветная практыка такая: для забеспячэння максімальнай эфектыўнасці геолагаразведачных работ (вельмі нятаннае гэтае мерапрыемства, я б сказаў —вельмі дарагое) у першую чаргу пачынаюць здабычу з буйных па велічыні запасаў і, пераходзячы да больш дробных», — адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што беларускія радовішчы інтэнсіўна эксплуатавалі ў часы СССР, аб’ём здабычы дасягнуў піку ў сярэдзіне 70-х гадоў (каля 8 мільёнаў тон у год). З набыццём суверэнітэту гэтую работу працягнулі. «Розуму хапіла тады ў кіраўнікоў Беларусі (не будзем іх асуджаць або абмяркоўваць, тады такія былі часы) — мы вельмі шмат выпампавалі нафты, якая ў нас была, не ведаю, навошта, і паставілі што на ўнутраны, што на знешні рынак», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі са спустошваннем буйных і сярэдніх радовішчаў знізіліся аб’ёмы здабычы (аж да 1,6 мільёна тон у 2016 годзе). «Я бачыў, што ідзе гэта падзенне, і тады ўжо валявым чынам была пастаўлена задача перад кіраўніком нашай кампаніі выходзіць на два мільёны тон як мінімум», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Тым не менш з развіццём метадаў сейсмаразведкі і аптымізацыяй сістэмы распрацоўкі на дзеючых радовішчах з 2015 года штогадовае бурэнне свідравін павялічана ў 2,5 разы (у 2024 годзе пройдзена 285 тысяч метраў). «Гэта забяспечыла нам станоўчую дынаміку здабычы (рост у сярэднім на 20 тысяч тон у год). Сёлета плануецца выйсці на два мільёны тон нафты для выканання задач», — адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што гэта нядрэнна і адразу паставіў пытанне: што ў перспектыве? Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як далей будзем забяспечваць інтэнсіўнасць геолагаразведкі і асваення новых радовішчаў.
«Ведаю, урад падрыхтаваў план-графік правядзення геолагаразведачных работ. Разам з тым тэрміны іх выканання, як звычайна, зацягнутыя. Да 2030 года! Ёсць пытанні і да навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі. У абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы за апошнія пару гадоў укладзена амаль 35 мільёнаў рублёў! А фактычныя тэмпы выканання работ па разведцы новых радовішчаў нізкія. З 2021 года па май 2025-га прасвідравана 4 пошукавыя свідравіны, з іх у бягучым толькі адна. За 2024 год забяспечаны прырост запасаў нафты ў 91 тысячу тон (у 2 разы да ўзроўню 2023 года). Але план на бягучы год сфарміраваны ў меншым аб’ёме — толькі 70 тысяч тон, або 77 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Гэта значыць, мы ў сваіх планах і ў сваіх канкрэтных дзеяннях ужо зноў пачалі зніжацца», — заўважыў кіраўнік дзяржавы і пацікавіўся, чаму такое падзенне адбываецца.
Любыя бурэнні павінны быць апраўданыя
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нафтаздабываючая галіна з’яўляецца адной з самых высоказатратных. «Я дакладна ведаю, што ў нас тут рэзервы ёсць, як і ў любым кірунку нашай дзейнасці. Таму трэба не разварушвацца, а, як казаў вядомы персанаж, свідраваць і свідраваць. Але свідраваць з розумам і з укараненнем новых тэхналогій! Любыя свідраванні, любая геолагаразведка павінны быць апраўданыя», — запатрабаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: Акадэмія навук, НПЦ па геалогіі і кампанія «Беларуснафта» павінны працаваць у адной звязцы. «У нас не столькі шмат нафты, краіна кампактная, таму дзяліць тут няма чаго. Але трэба выпрацаваць такую схему, каб мы атрымлівалі блізкі да рэальнасці адказ, праўдзівы, — заявіў ён. — У Беларусі няма і не можа быць не важных галін. Уласная нафтаздабыча — гэта не толькі адно з істотных звёнаў энергетычнай бяспекі краіны, але і сыравіна для экспартнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю».
Прэзідэнт паставіў перад адказнымі за нафтаздабычу наступныя пытанні. Як будзе развівацца нафтаздабываючая галіна? Ці ёсць навуковае і эканамічнае абгрунтаванне абранай стратэгіі? Што з іншымі нафтаноснымі раёнамі, акрамя Прыпяцкага прагібу? «Вы называлі такія раёны аж да поўначы Беларусі, але прайшло два дзясяткі гадоў, а вы так і не сказалі, што гэта за раёны», — адзначыў беларускі лідар. Ён таксама пацікавіўся, ці дастатковая сёння разведка і нафтаздабыча забяспечаны тэхналагічным абсталяваннем і асабліва кадрамі? Прэзідэнт спытаўся, як вырашаюцца існуючыя праблемы і чаму не ліквідаваны карупцыйныя праявы на асобных прадпрыемствах?
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што аб дасягненнях гаварыць не трэба. Ён зрабіў акцэнт на ацэнках і праблемах.
Прыгожыя словы ці гаспадарскі сэнс. Як арганізавана работа па нафтаздабычы
Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў у сваім дакладзе адзначыў, што геолагаразведкай у краіне займаюцца два прадпрыемствы: навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі ў сістэме Мінпрыроды і «Беларуснафта». «НВЦ па геалогіі праводзіць пачатковыя стадыі пошуку вуглевадародаў, фарміруе абгрунтаванне для наступнага бурэння і зон магчымай нафтагазаноснасці», — распавёў намеснік міністра.
«Гэта значыць, вы панюхалі, памацалі, „Беларуснафце“ кажаце: „свідруй“, — удакладніў Прэзідэнт. Віктар Галанаў патлумачыў, што НВЦ вывучае запасы вуглевадародаў, праводзіць даследчую работу і перадае гэту інфармацыю „Беларуснафце“, якая, у сваю чаргу, прыступае да даразведкі, распрацоўкі і прамысловай эксплуатацыі. „Падчас правядзення геафізічных работ вада і нафта па ўсіх катэгорыях паказваюць адзін і той жа вынік. Таму толькі свідраванне дазволіць дыферэнцыраваць, ці той мінеральна-сыравінны рэсурс пад зямлёй на глыбіні 3-4 кіламетры, які мы чакаем“, — удакладніў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паводле інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, НВЦ па геалогіі выявіў сем перспектыўных свідравін і перадаў іх „Беларуснафце“ для далейшай работы. Аднак „Беларуснафта“ ў распрацоўку гэтыя свідравіны не ўзяла, спаслаўшыся на тое, што нафты там няма. „Гэта значыць „Беларуснафта“ расследавала пасля навукоўцаў і сказала: хлопцы, нам такія свідравіны і вашы прапановы не патрэбныя, бо там нічога няма? Значыць, гэты час (а гэта не адзін год) НВЦ спрацаваў марна, выходзіць так?“- удакладніў Прэзідэнт.
„Практычнага вынік ад іх дзейнасці фактычна няма“» — пацвердзіў старшыня КДК Васіль Герасімаў. На што Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што краіне ад НВЦ патрэбны толькі практычны вынік, гэта значыць нафта.
Віктар Галанаў патлумачыў, што гаворка ідзе пра сем свідравін, якія сёння знаходзяцца на балансе НВЦ па геалогіі. «За ўвесь перыяд, апошнія дзесяцігоддзі каля 14 свідравін перададзена „Беларуснафце“ ў прамысловую эксплуатацыю. Па ўсіх іх праведзены работы, вызначаны запасы. Разам з тым, 7 свідравін, якія засталіся на балансе НВЦ, — малапрадуктыўныя, у іх ёсць нафта, але эканамічны эфект ад іх будзе адмоўны. Таму сёння яны маюць навуковую мэту і навуковую задачу. Зыходзячы з тых вынікаў, якія мы атрымалі, у выніку распрацоўкі гэтых свідравін, мы прагназуем далейшае вывучэнне ў гэтай мясцовасці. Гэтыя малапрадуктыўныя свідравіны застаюцца на нашым балансе і патрэбныя для навуковых даследаванняў»
«Так прыгожа сказана. Ці гэта сапраўды па-гаспадарску мае сэнс?» — удакладніў Прэзідэнт.
Намеснік міністра дадаў, што сёння комплексам геафізічных даследаванняў вызначаецца яшчэ 14 дадатковых свідравін, якія могуць даць прырост запасаў нафты на найбліжэйшую пяцігодку. Па словах Віктара Галанава, гэтыя свідравіны яшчэ трэба будзе даследаваць.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі чалавек працуе ў НВЦ па геалогіі. Віктар Галанаў адказаў, што 830. «У чатыры разы больш, чым ва Урадзе», — заўважыў Прэзідэнт. Намеснік міністра патлумачыў, што гэта прадпрыемства займаецца не толькі нафтай, але і даследаваннем усёй мінеральна-сыравіннай базы. Цэнтр уключае таксама два філіялы: філіял у Слуцку займаецца мінеральна-сыравіннай базай (пясок, жвір, друз, базальт і інш.), філіял у Мазыры займаецца толькі вуглевадародамі. У склад НВЦ таксама ўваходзяць Інстытут геалогіі, навукова-даследчая лабараторыя. «Гэта значыць, цэлы комплекс, які дазваляе аднаму прадпрыемства выконваць увесь спектр работ», — удакладніў намеснік міністра.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці не перасякаецца дзейнасць НВЦ з працай Акадэміі навук. Віктар Галанаў адказаў, што НВЦ абапіраецца на даныя Акадэміі навук і звяраецца з імі. «Гэта значыць, яны самі па сабе, вы -самі па сабе. А потым звяраецеся, а яны з вамі?», — спытаў Прэзідэнт. Віктар Галанаў адзначыў, што ў Акадэміі навук гэтым кірункам займаюцца лічаныя спецыялісты, да чыйго меркавання прыслухоўваюцца ў НВЦ. «Дык а чаго вы не хочаце іх забраць да сябе, калі ў Акадэміі навук не трэба гэты кірунак? Яны што, фундаментальнымі даследаваннямі займаюцца ў гэтай галіне. Дык гэта ж прыкладныя даследаванні», — адрэагаваў кіраўнік дзяржавы. Але Віктар Галанаў адзначыў, што гэта сусветная практыка. Паводле яго слоў, падобным чынам выбудаваная работа ў Расіі. На гэта Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Расія здабывае 600 мільёнаў тон нафты ў год, а Беларусь — два.
Прэзідэнт пацікавіўся меркаваннем генеральнага дырэктара «Беларуснафты» Аляксандра Ляхава па такой форме арганізацыі работы. Гендырэктар патлумачыў, што НВЦ па геалогіі вядзе найбольш рызыкоўны этап работы — параметрычнае пошукавае свідраванне. Кожная трэцяя свідравіна, гэта сусветная статыстыка, можа даць нафту або газ. Іншыя свідравіны не дазваляюць атрымаць рэнтабельную прадукцыю. «З радовішча з запасамі менш за 100 тысяч тон, з адной свідравіны можна арганізаваць здабычу ў год не менш за 300-400 тон. Для гэтага трэба пабудаваць адпаведныя камунікацыі, інфраструктуру, і акупнасці тут няма. Але ў той жа час без такой работыдаведацца пра свае нетры немагчыма», — адзначыў Аляксандр Ляхаў. Ён распавёў, што яшчэ ў савецкі час, перад адкрыццём Рэчыцкага радовішча пабудавалі каля 90 свідравін, якія або далі нафтагазапраяўленне, або ўвогуле нічога не далі. І толькі з 91-й свідравіны было адкрыта Рэчыцкае радовішча, найбуйнейшае ў Беларусі, якое сёння дае 40% усёй здабычы нафты ў краіне.
ДаслоўнаЯшчэ не зробленыя апошнія адкрыцці
У размове з журналістамі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў адзначыў, што геолагаразведавальныя работы, якія сёння праводзяцца ў краіне, у тым ліку і па вуглевадародах, эфектыўныя. Ён расказаў, што па выніках нарады размежаваны напрамкі работы. НВЦ па геалогіі будзе працаваць на слабавывучаных тэрыторыях Прыпяцкага прагібу. «Беларуснафта» актывізуе работу на ўжо дзейных радовішчах, павышаючы іх прадуктыўнасць, даразведку гэтых тэрыторый, тым самым захоўваючы той узровень здабычы нафты, які сёння існуе ў краіне, з перспектывай яго далейшага росту.
«Апошнія 10 гадоў выяўляюцца дробныя і вельмі дробныя радовішчы. Але тэхналогіі ў галіне нафты і газаздабычы не стаяць на месцы, ёсць перспектыва, што ў бліжэйшыя 5-10 гадоў сітуацыя можа ў корані змяніцца і дадзеныя радовішча могуць выйсці на рэнтабельную здабычу.
Таму задача, якая стаіць перад Мінпрыроды і НВЦ, заключаецца ў тым, каб выявіць новыя радовішчы на слабавывучаных тэрыторыях, стварыць геалагічны фонд інфармацыі, якая ў будучым можа быць выкарыстана з мэтай павелічэння здабычы нафты», — распавёў намеснік міністра. Такая праца ўжо вядзецца на поўначы краіны. Віктар Галанаў расказаў, што ў Аршанскім раёне свідруецца 101-я параметрычная свідравіна для вывучэння рэгіёну. Па выніках свідравання будзе дадзена ацэнка ў тым ліку і нафтагазаноснасці дадзенай тэрыторыі. «Але трэба разумець, што падчас свідравання параметрычных свідравін ацэньваецца ўвесь комплекс мінеральнага складніка тэрыторыі. І ў будучыні такія свідравіны будуць свідравацца і на іншых слаба вывучаных тэрыторыях краіны, тым самым ствараючы навуковыя абгрунтаванні для далейшай геолагаразведавальнай работ у той ці іншай сферы. Сёння стаіць задача атрымаць першасную гамалагічную інфармацыю, на падставе якой потым можна планаваць далейшае вывучэнне канкрэтнага рэгіёна на наяўнасць не толькі вуглевадародаў, а ўсяго спектра мінеральных рэсурсаў, запатрабаваных эканомікай», — дадаў намеснік міністра.
Старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Ілья Ікан звярнуў увагу, што ў бягучым годзе назіраецца станоўчая дынаміка ў здабычы нафты. За шэсць месяцаў гэтага года аб’ём здабываемай нафты склаў з прыростам да страт мінулага года больш за 4,5%. Паводле слоў старшыні канцэрна, гэта забяспечваецца, перш за ўсё, дзякуючы перадавому вопыту сусветнага ўзроўню, якім валодаюць спецыялісты «Беларуснафты». «Гэта дазваляе эфектыўна здабываць нафту з пастаянным прыростам як аб’ёмаў, якія здабываюцца, так і аб’ёмаў, якія разведваюцца. Сёння гэта добрая дапамога не толькі для Гомельскай вобласці, дзе ў асноўным вядзе сваю дзейнасць кампанія, але і ў цэлым для краіны. У гэтым годзе мы плануем здабыць крыху больш за 2 млн т нафты», — заявіў Ілля Ікан. Ён адзначыў, што беларуская нафта — добрай якасці. Напрыклад, яна лягчэйшая, чым расійская, і з яе большы выхад светлых нафтапрадуктаў — бензіну, дызельнага паліва. Старшыня канцэрна таксама звярнуў увагу, што беларускія спецыялісты валодаюць высокімі кампетэнцыямі і запатрабаваныя ў іншых краінах. Таму можна казаць і пра беларускую школу нафтаздабычы.
«Беларускі рынак сёлета дэманструе невялікі, але рост спажывання на ўнутраным рынку. Каля 2,5% у нас прыраслі аб’ёмы спажывання нафтапрадуктаў. Мы сталі крыху багацей жыць, часцей ездзіць і асвойваць невядомыя прыгожыя месцы Беларусі, — падзяліўся сваімі назіраннямі Ілья Ікан. — Гэта з аднаго боку ўклад у скарбонку пазнання і вывучэння сваёй Радзімы, а з другога — у працу нафтавікоў».
Генеральны дырэктар «Беларуснафты» Аляксандр Ляхаў нагадаў, што на леташняй нарадзе Прэзідэнт паставіў задачу «свідраваць яшчэ больш». «Калі казаць пра апошнія пяць гадоў, то ў нас у кампаніі распрацоўка свідравін узрасла больш чым у два разы. Будаўніцтва новых свідравін з’яўляецца залогам росту здабычы нафты ў краіне. Мы практычна з выніку 1 млн 645 тысяч тон паднімаемся за сем гадоў да планкі больш за 2 млн тон. Апошні раз такі ўзровень здабычы нафты ў краіне быў у 1992-1993 гадах», — падкрэсліў Аляксандр Ляхаў.
Задачу, пастаўленую Прэзідэнтам аб выхадзе з геолагаразведачнымі работамі ў паўднёвыя раёны Гомельскай вобласці. «Беларуснафта» будзе выконваць сумесна з Мінпрыроды. Аляксандр Ляхаў упэўнены: у краіне ёсць перспектывы па здабычы нафты. «Я думаю, яшчэ не зробленыя апошнія адкрыцці, якія ўносяць свой уклад у патэнцыял эканомікі нашай краіны», — дадаў ён. Са слоў генеральнага дырэктара «Беларуснафты», ёсць шанец адкрыць больш буйныя радовішчы нафты. Але сёння асноўны рост здабычы нафты ў краіне звязаны з цяжказдабывальнымі запасамі, якія знаходзяцца на дзеючых радовішчах.
Валерыя СЦЯЦКО