Top.Mail.Ru




0

Турчын: Беларусь разглядае Танзанію як важнага партнёра ва Усходняй Афрыцы

22.07.2025 | 15:00

Беларусь разглядае Танзанію як важнага партнёра ва Усходняй Афрыцы. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аб’яднанай Рэспублікі Танзанія Касімам Маджалівай Маджалівай, паведамляе БелТА.



Аляксандр Турчын заўважыў, што гэта першы візіт такога ўзроўню ў Беларусь з Танзаніі. «Мы разглядаем яго як сведчанне асаблівай увагі да развіцця беларуска-танзанійскіх адносін. З задавальненнем адзначаю ў апошнія гады станоўчую дынаміку развіцця двухбаковых адносін», — сказаў ён.

Патэнцыял супрацоўніцтва далёка не вычарпаны, дадаў Прэм’ер-міністр. «Беларусь разглядае Танзанію як важнага партнёра ва Усходняй Афрыцы і гатова падтрымліваць вашу краіну ў яе імкненні да эканамічнага развіцця і працвітання, усяляк садзейнічаць умацаванню нашых узаемавыгадных адносін. Ведаем аб маштабных праграмах развіцця эканомікі Танзаніі, сельскай гаспадаркі, транспартнай сферы, адукацыі і аховы здароўя. Мы бачым значныя перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння ў такіх галінах, як машынабудаванне, нафтахімія, медыцынская, харчовая і ваенна-тэхнічная прамысловасці, турызм», — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Беларусь гатова пастаўляць шырокі спектр айчыннай кар’ернай, дарожна-будаўнічай, камунальнай, пажарнай і іншай тэхнікі, сказаў Прэм’ер. «Прапануем унесці ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі Танзаніі і прадставіць адаптаваную пад патрэбы танзанійскага боку тэхніку: трактары і рознае навясное абсталяванне да іх, збожжаўборачныя камбайны, збожжавозы, комплексы захоўвання і сушкі збожжа, — адзначыў Аляксандр Турчын.

  • — Мы гатовы дзяліцца ведамі, тэхналогіямі, кампетэнцыямі, забяспечыць сэрвіснае суправаджэнне і навучанне тэхнічнага персаналу, працаваць над рэалізацыяй сумесных праграм і праектаў. Наша прапанова заснавана на ўжо існуючым вопыце рэалізацыі праграм механізацыі сельскай гаспадаркі ў Зімбабвэ і Нігерыі. У іншых краінах Афрыкі таксама добра ведаюць нашу тэхніку».

Наведваючы ў дні афіцыйнага візіту беларускія прамысловыя флагманы, Касім Маджаліва Маджаліва зможа асабіста пераканацца, што Беларусь сур’ёзна ставіцца да рэпутацыі надзейнага і праверанага партнёра. Аляксандр Турчын упэўнены, што беларуская тэхніка дакажа сваю эфектыўнасць і ў Танзаніі.

Развіццё аховы здароўя і фармацэўтыкі, дзе ў аснове ўсяго чалавечае жыццё і здароўе, — прыярытэт для любой краіны, лічыць ён. «З гонарам адзначу, што медыцынская сфера таксама сёння візітная картка Беларусі. У свеце шырока вядомыя нашы дасягненні ў транспланталогіі, кардыялогіі, анкалогіі, рэабілітацыі, ахове мацярынства і дзяцінства. Маем добры вопыт у арганізацыі сістэм кіравання медыцынскімі ўстановамі, у тым ліку ў развіцці сістэмы медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр.

Беларусь гатова забяспечыць навучанне танзанійскай моладзі ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, арганізаваць падрыхтоўку кадраў і стажыроўку па спецыяльнасцях, якія цікавяць: сельская гаспадарка, інжынерныя і тэхнічныя спецыяльнасці, медыцына, унутраная бяспека і ваенная справа.

Акрамя гэтага, наша краіна адкрыта да пашырэння паставак тавараў з Танзаніі, у тым ліку для перапрацоўкі і рэалізацыі на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза, — кавы, чаю, арэхаў, бавоўны, садавіны і іншай прадукцыі.

Аляксандр Турчын падкрэсліў, што Беларусь гатова працаваць па пытанні выбудоўвання новых устойлівых сувязяў паміж бізнес-коламі і стварэння спрыяльных умоў для развіцця бізнесу.

«Пацвярджаю зацікаўленасць беларускага боку ў тым, каб па выніках вашага візіту адносіны паміж нашымі краінамі выйшлі на новы ўзровень і ўзбагаціліся ўзаемавыгаднымі праектамі. Упэўнены, што новы імпульс надасць падпісанне шэрагу дакументаў, а таксама работа сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, пагадненне аб стварэнні якога, спадзяюся, будзе падпісана ў найбліжэйшы час», — рэзюмаваў кіраўнік беларускага ўрада.

Беларусь і Танзанія падпісалі чатыры мемарандумы ў розных сферах па выніках сустрэчы. У прыватнасці, мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі замежных спраў аб палітычных кансультацыях. Бакі таксама заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі.

Акрамя гэтага, мемарандум аб узаемаразуменні заключаны паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам адукацыі, навукі і тэхналогій Танзаніі аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Чацвёртым дакументам стаў мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Гандлёва-прамысловай і сельскагаспадарчай палатай Танзаніі.

Танзанія зацікаўлена ў беларускіх кампетэнцыях у фармацэўтычнай галіне і прапануе падтрымку пры інвесціраванні ў дадзеную сферу. Аб гэтым заявіў Касім Маджаліва Маджаліва на сустрэчы з міністрам аховы здароўя Беларусі Аляксандрам Хаджаевым, якая прайшла на найбуйнейшым фармацэўтычным прадпрыемстве Беларусі — РУП «Белмедпрэпараты». «Фармацэўтычная прамысловасць — адзін з асноўных кірункаў развіцця Танзаніі, і мы з задавальненнем скарыстаемся кампетэнцыямі Беларусі, якія краіна можа прапанаваць, — сказаў прэм’ер-міністр Танзаніі. — Урад Танзаніі аказвае падтрымку ў гэтай галіне і інвесціруе ў дадзеную сферу з дапамогай некаторых агенцтваў. Яны ж могуць аказаць падтрымку і вам у пастаўцы прадуктаў, якія маюць неабходныя сертыфікаты, на наш рынак»

Касім Маджаліва Маджаліва ўдакладніў, што падтрымка інвестараў прадугледжвае не толькі дапамогу ў афармленні неабходных дакументаў, ліцэнзій, дазволаў, даведак, але і вызваленне ад некаторых выплат і інш. Прэм’ер-міністр Танзаніі абазначыў выгаднае стратэгічнае размяшчэнне сваёй краіны ва ўсходнеафрыканскім рэгіёне. У сувязі з гэтым інвестары могуць разлічваць не толькі на рынак Танзаніі, але і рынкі суседніх краін.

«Я спадзяюся, гэта сустрэча і гэты візіт створаць новыя магчымасці для развіцця адносін», — падкрэсліў прэм’ер-міністр, дадаўшы, што праз Танзанію Беларусь можа наладзіць супрацоўніцтва і з іншымі краінамі рэгіёна.

Дэлегацыя Танзаніі на чале з Касімам Маджалівам Маджалівам наведала МТЗ. На выставачнай пляцоўцы была прадстаўлена экспазіцыя прадукцыі не толькі «МТЗ-ХОЛДЫНГА», але і іншых прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Гасцям прадэманстравалі шырокі мадэльны рад тэхнікі BELARUS, а таксама тэхніку «АМКАДОР», МАЗ, абсталяванне вытворчасці «Лідаграпраммаш», «Бабруйск-АграМаш», «Лідсельмаш», расказалі аб перавагах прэзентаваных мадэляў. Беларуская тэхніка выклікала ў гасцей вялікую цікавасць.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю