Як на Міншчыне рэалізуюць грамадзянскія ініцыятывы і якая ад гэтага карысць
Яшчэ ў пачатку 2025 года ў Мінскім абласным Савеце дэпутатаў адбыўся папярэдні адбор праектаў грамадзянскіх ініцыятыў.
Як адзначыла член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ, гэта адзін з важных кірункаў дзейнасці корпуса народных выбраннікаў Міншчыны. Адбор ладзіцца Асацыяцыяй па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў пры Мінскім абласным Савеце. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся, з дапамогай якіх ідэй жыхары цэнтральнага рэгіёна хочуць зрабіць свае населеныя пункты больш камфортнымі, добраўпарадкаванымі і ўтульнымі.
Ад паркаў і сквераў да спартыўных пляцовак
Сёлета на конкурс было прадстаўлена 35 ініцыятыў — ад стварэння новых грамадскіх прастораў да праектаў па захаванні гістарычнай памяці. «Грамадзянскія ініцыятывы сталі добрай традыцыяй па ўсёй краіне. Такія праекты дазваляюць рэалізаваць ідэі, накіраваныя на навядзенне парадку, добраўпарадкаванне і стварэнне камфортнага асяроддзя. Яны робяць населеныя пункты больш эстэтычнымі і прывабнымі, становячыся месцамі прыцягнення. Гэта могуць быць спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, паркі, скверы, а таксама патрыятычныя праекты, што захоўваюць памяць аб земляках, якія адстаялі Вялікую Перамогу», — адзначыла Наталля Якубіцкая.
- Паводле яе слоў, праекты-пераможцы атрымліваюць фінансавую падтрымку на іх ажыццяўленне са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Аўтар ініцыятывы забяспечвае суфінансаванне праекта ў памеры, не меншым за 10 % ад запытанай сумы. Дарэчы, у 2024 годзе ў цэнтральным рэгіёне было рэалізавана пяць такіх праектаў. У якасці прыкладу сенатар прывяла ідэю жыхароў Клецкага раёна: «На скрыжаванні дарог было створана месца для кірмашовага падворка, дзе месцічы могуць прадаваць лішкі сваёй прадукцыі — агародніну, садавіну, малочныя прадукты. Гэта важна як для вытворцаў, так і для прыезджых пакупнікоў».
Наталля Якубіцкая адзначыла рост актыўнасці грамадзян: «2025-ы — гэта Год добраўпарадкавання. Людзі аб’ядноўваюць намаганні і магчымасці, а мы падтрымліваем іх ініцыятывы. Мы не стаім на месцы — рухаемся ў гэтым напрамку, таму што разумеем: указ Прэзідэнта Беларусі аб правядзенні Года добраўпарадкавання накіраваны на ўзаемадзеянне і ўдзел усіх слаёў насельніцтва, арганізацый, мясцовых органаў кіравання і самакіравання, народных выбраннікаў. Таму робім усё для таго, каб падштурхнуць нашых людзей да правядзення работ па добраўпарадкаванні, каб наша Мінская вобласць стала яшчэ лепшай».
У праектаў — комплексны характар
«Аналіз адабраных на 2025 год праектаў паказвае разнастайнасць кірункаў грамадзянскіх ініцыятыў, што забяспечвае комплекснае развіццё тэрыторый вобласці і ўлік інтарэсаў розных груп насельніцтва. Праекты ахопліваюць мноства сфер грамадскага жыцця і накіраваны на вырашэнне актуальных праблем мясцовых жыхароў», — паведаміў старшыня Мінскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Дзмітрый ДАВЫДАЎ.
Паводле слоў народнага выбранніка, кожны праект адлюстроўвае спецыфічныя запыты і патрэбы канкрэтнага населенага пункта, што дазваляе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць выдзеленыя сродкі і дасягаць значных вынікаў. Дзмітрый Давыдаў адзначыў, што многія праекты маюць комплексны характар і накіраваны на вырашэнне адразу некалькіх задач. Напрыклад, добраўпарадкаванне парку можа ўключаць у сябе не толькі азеляненне і стварэнне зон адпачынку, але і ўстаноўку спартыўных і дзіцячых пляцовак, што робіць такія праекты асабліва каштоўнымі.
«Прысядзем на дарожку» ў Валожынскім раёне
Сярод пераможцаў конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў 2025 года — праект будаўніцтва зоны адпачынку «Прысядзем на дарожку» ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна. Яго канцэпцыя накіравана на стварэнне камфортнай зоны адпачынку для мясцовых жыхароў і гасцей пасёлка, што спрыяе паляпшэнню якасці жыцця і павышэнню прывабнасці населенага пункта. Па стане на ліпень 2025-га тут выкананы работы па раскарчоўцы спілаваных дрэў, праведзена ўкладка электракабелю, здзейснена аплата ў памеры 15 тысяч рублёў за бардзюрны камень і плітку. Таксама чакаецца пастаўка матэрыялаў найбліжэйшымі днямі, пасля чаго пачнуцца работы па ўкладцы. Праведзены таргі па набыцці лавак, вядуцца перамовы з падрадчыкам па ўмовах аплаты. Маюцца ўсе неабходныя матэрыялы для азелянення тэрыторыі.
«Парк адзінства і роўных магчымасцяў» у Капылі
Адным з пераможцаў конкурсу стаў і праект «Парк адзінства і роўных магчымасцяў» у Капыльскім раёне, у горадзе Капыль. Ён мае асаблівую сацыяльную значнасць, бо накіраваны на стварэнне інклюзіўнай прасторы, даступнай для ўсіх катэгорый грамадзян, уключаючы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
«Па стане на ліпень 2025 года ў рамках рэалізацыі задумы былі набыты лаўкі для ўстаноўкі ў парку. На гэтым тыдні плануецца аплата астатняй неабходнай маёмасці для добраўпарадкавання тэрыторыі», — сказаў Дзмітрый Давыдаў. Ён дадаў, што цяпер ініцыятары праекта плануюць прыступіць да ўстаноўкі набытага абсталявання і добраўпарадкавання тэрыторыі парку. Усе работы ладзяцца ў адпаведнасці з зацверджаным графікам і планам рэалізацыі.
Праект добраўпарадкавання парку ў Крупскім раёне
На конкурсе сёлета была ўхвалена і ідэя добраўпарадкавання тэрыторыі Цэнтральнага парку ў гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна. «Гэты праект з’яўляецца адным з найбольш маштабных сярод пераможцаў конкурсу і накіраваны на комплекснае абнаўленне галоўнай грамадскай прасторы пасёлка. Сёння ўжо створана аснова для сцэны коштам 1 348 рублёў, заключаны дагавор на пастаўку і ўстаноўку варкаўт-пляцоўкі на суму 24 тысячы рублёў (тэрмін устаноўкі да 25 ліпеня 2025 года), праводзіцца падключэнне дэкаратыўных ліхтароў для асвятлення парку». Ажыццяўляецца таксама працэдура дзяржаўных закупак па набыцці дзвюх дзіцячых гульнявых пляцовак, сямі лавак і даху для сцэны.
«Аналіз праектаў грамадзянскіх ініцыятыў 2025 года дазваляе зрабіць выснову аб іх высокай сацыяльнай значнасці і адпаведнасці актуальным патрэбам насельніцтва Мінскай вобласці, — падкрэсліў Дзмітрый Давыдаў. — Кожны з адабраных праектаў накіраваны на вырашэнне канкрэтных праблем і паляпшэнне якасці жыцця грамадзян».