Рыба ў рацэ — лічы, што ў руцэ...
Наш прыяцель Юра над такім пытаннем ніколі не задумваўся. Ён цвёрда ўпэўнены, што калі адпачываць, дык толькі з выездам на прыроду, а найперш — на бераг хуткаплыннай Шчары, у вёску, дзе яму ў спадчыну застаўся дамок, дзе навокал цішыня і чыстае паветра, буслянка на блізкім слупе, прыгожыя краявіды, а галоўнае — рыба ў рацэ — лічы, што ў руцэ!
Любіць чалавек парыбачыць, кажа, што лепшага адпачынку проста не існуе. А таму і не скупіцца: на адзін рыштунак (вуды, спінінг, лёскі, блёсны...), відаць, не адну сотню баксаў аддаў.
Можа, таму і шчасціць чалавеку, бо з пустымі рукамі, без улову, ён з рэчкі ніколі не ідзе. Нехта скажа, што потым, дома, пачынаецца самае нецікавае: злоўленую рыбу трэба ж спарадкаваць? Гэта значыць, пачысціць, памыць, пасаліць, падсмажыць... Работы хапае. І як жа добра, калі ў рыбака ёсць надзейныя памочнікі!
На самым першым этапе — гэта, вядома ж, вясковыя каты. Здараецца, гаспадар толькі вярнуўся з рыбалкі, толькі ўзяўся за чыстку рыбы, а чатыры пары зялёных вачэй ужо не міргаючы сочаць за кожным рухам. Бо нешта ж рэжа чалавек! Пакідае сабе? Выкідае... Раптам пачастуе?
Што цікава, гэтыя аматары тады нават не думаюць «штурхацца», адбіраць здабычу адзін у аднаго. Яны трымаюцца пэўнай чаргі, і Юра згодна з ёю кідае пачастунак.
...Бусел, мяркуючы па ўсім, не раз назіраў такую карціну, бачыў, як шанцуе гэтым халяўшчыкам, і аднойчы не вытрымаў: ціха зляцеў са сваёй буслянкі, наблізіўся да ката, у бок якога ляцеў гасцінец, ударыў мурлыку дзюбай. Той, бедны, хіба што мяўкнуў ды перакуліўся ў паветры — адскочыў убок. За ім пабеглі астатнія каты, а бусел стаў злёту хапаць спажыву, задзіраць галаву і ўмомант яе праглытваць.
Назіраць за гэтым новым памагатым было вельмі цікава. Юру цешыла, што птушка зусім не баіцца яго, давярае. А з іншага боку... Можа, гультай гэты бусел, калі не хоча здабываць сабе ежу? Ці проста... не дурань? Ну сапраўды: навошта некуды ляцець ды шукаць спажыву, калі яна ў «адкрытым доступе», вось тут, побач з буслянкай?
...Гаспадар тым часам пачысціў і памыў рыбу — пайшоў у хату. А на падворак нейкім чынам занесла суседскага пеўня. Пахадзіў ён, паглядзеў пад ногі, зацікавіўся бліскучай луской, паспытаў на смак, потым неяк дзіўна крэкнуў-кукарэкнуў — трэба разумець, паклікаў курэй, якія тут жа «адгукнуліся»: адшукалі шчыліну ў плоце, з’явіліся побач, сталі заўзята склёўваць, падбіраць луску.
Ні бусел, ні каты, ні тым больш Юра іх не ганялі: няхай... Абы на карысць — і рыбаку, і яго памочнікам.
Ірына Салата
Мастоўскі раён
P.S. Нядаўнім чытачам, падпісчыкам «Звязды», мусіць, варта паведаміць, што клопатам якраз іх, чытачоў-падпісчыкаў, рубрыка «Алё, народ...» (не так даўно — з дадаткам «на провадзе!»), выходзіць... трэцяе дзесяцігоддзе, што ўсе «вясёлыя і цікавыя гісторыі» ў рэдакцыю прыносіць пошта і друкуюцца яны ў межах на найлепшую...
Журы працуе. Пераможцы вызначаюцца на фінішы года. Значыць, ёсць шанс не толькі далучыцца, але і перамагчы. З усіх жывёл — пісаў Хемінгуэй — толькі чалавек умее смяяцца, хоць якраз у яго для гэтага найменей падстаў.