Наколькі даступныя беларусам заняткі спортам?
Па выніках мінулага года сістэматычна займаліся фізічнай культурай і спортам 27,9 % беларусаў, а да 2030-га гэты паказчык плануюць павялічыць да 30 %. Без сучасных стадыёнаў, басейнаў, каткоў і спартыўных пляцовак гэта немагчыма.
На неабходнасць развіцця спартыўнай інфраструктуры як найважнейшага складніка захавання здаровай нацыі неаднаразова звяртаў увагу Прэзідэнт. На сёння ў Беларусі працуе больш за 23 тысячы спартыўных збудаванняў, у тым ліку каля 7,5 тысячы знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Штогод у краіне адкрываецца шэраг новых спартыўных аб’ектаў. У прыватнасці, у канцы мінулага года ў Мінску быў адкрыты басейн міжнароднага стандарту, а сёлета ў чэрвені — Нацыянальны футбольны стадыён умяшчальнасцю больш за 33 тысячы чалавек. Наколькі заняткі спортам даступныя гараджанам і сельскім жыхарам, дзецям і пажылым людзям, а таксама колькі каштуе такі клопат пра сваё здароўе, расказалі спецыялісты.
Пляцоўку — у кожны аграгарадок
Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення планавання і арганізацыйнай работы Міністэрства спорту і турызму Яўген ЗАЛЕСКІ, з 2021 па 2024 год згодна з дзяржаўнай праграмай «Фізічная культура і спорт» завершаны мерапрыемствы на 75 спартыўных аб’ектах, у тым ліку летась — на 27 аб’ектах. Акрамя таго, уводзяцца і іншыя аб’екты. Забяспечваюцца спартыўнымі пляцоўкамі і малыя населеныя пункты. Так, у адпаведнасці з дзяржаўным сацыяльным стандартам па абслугоўванні насельніцтва ў галіне фізічнай культуры і спорту кожны аграгарадок павінен мець не менш за адну спартыўную пляцоўку. І гэты сацыяльны стандарт выконваецца.
На сёння ў краіне функцыянуе 122 раённыя і гарадскія фізкультурна-спартыўныя клубы, комплексы і камбінаты. У іх арганізавана работа на бясплатнай аснове груп і секцый для дзяцей і моладзі. Як у гэтых, так і ў іншых установах фізічнай культуры і спорту існуе гнуткая сістэма скідак для розных катэгорый грамадзян. Для ўразлівых катэгорый насельніцтва некаторыя паслугі аказваюцца на бясплатнай аснове ці з частковай аплатай. Акрамя таго, дзейнічаюць скідкі (ад 10 да 50 %) для ветэранаў, пажылых людзей і інш.
Якая ж фізкультура без спаборніцтваў? Для заахвочвання беларусаў да заняткаў спортам у першым паўгоддзі праведзена 119 рэспубліканскіх спартыўна-масавых мерапрыемстваў, з якіх 39 — для дзяцей і моладзі, 80 — для дарослых.
У іх паўдзельнічала больш за 36 тысяч чалавек, у тым ліку звыш 6 тысяч дзяцей і падлеткаў. У рэгіёнах жа прайшло каля 9 тысяч спартыўна-масавых мерапрыемстваў, з іх 5 тысяч — для дзяцей. Там узяло ўдзел больш за 820 тысяч чалавек.
- Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца такія буйныя спаборніцтвы, як Мінскі паўмарафон, Мінскі трыятлон, Мінская лыжня, турніры «Залатая шайба» і «Скураны мяч». Але штогод з’яўляюцца і новыя мерапрыемствы. Напрыклад, Міністэрствам спорту і турызму сумесна з Міністэрствам адукацыі сёлета ў акваторыі ракі Свіслач былі арганізаваны гонкі на драганботах, дзе спаборнічалі студэнты.
Пра высокую цікавасць да заняткаў спортам сведчыць і развіццё дзяржаўнага аздараўленчага комплексу «Гатовы да працы і абароны». Па выніках мінулага года нарматывы комплексу на залаты, сярэбраны і бронзавы значкі здалі амаль 14 тысяч беларусаў, а паўдзельнічалі ў здачы нарматываў больш за 100 тысяч чалавек.
Сёрфінг ці тэніс?
Безумоўна, да заняткаў фізічнай культурай і да здаровага ладу жыцця варта заахвочваць з дзяцінства. Ва ўстановах адукацыі нашай краіны дзейнічаюць як адкрытыя, так і закрытыя пляцоўкі, і сёння іх, па інфармацыі намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Паўла ШЭСЦЯРЭНЯ, больш за 15 тысяч. Тут праводзяцца спаборніцтвы як мясцовага ўзроўню, так і рэспубліканскага. Апошніх штогод арганізуецца не менш за 200. У іх удзельнічае больш за 60 % навучэнцаў з асноўнай групы здароўя. Акрамя таго, у краіне функцыянуе 17 фізкультурна-спартыўных цэнтраў дзяцей і моладзі. Летась там займалася больш за 180 тысяч школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў такімі відамі спорту, як лёгкая атлетыка, хакей, футбол і інш.
У Мінску працуе каля 4 тысяч фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Гэта стадыёны, спартыўныя пляцоўкі, манежы, басейны, спартыўныя трасы. У летні час усе яны працягваюць сваю работу. Напрыклад, летам у сталіцы наведвальнікаў чакае 47 басейнаў і два аквапаркі. Папулярнасцю ў мінчан карыстаюцца заняткі на свежым паветры.
У Мінску функцыянуе тры лыжаролерныя трасы з пракатам спартыўнага інвентару. Можна скарыстацца летнімі тэніснымі кортамі, дзе прапануюць як урокі для пачынаючых, так і арэнду на пэўны час для аматараў. Ёсць усе магчымасці займацца і воднымі відамі спорту — сапсёрфінгам, вэйкбордынгам ці сплавам на байдарках.
Сярэдні кошт аднаго занятку (у трэнажорнай зале, басейне ці інш.) у сталіцы складае каля 15 рублёў, а пры набыцці абанемента — танней.