У гэтай сям'і армянская мова гучыць штодзённа
Вера і Мікалай Дайнэкі лічаць: іх дзеці — Нэлі, Арцём, Абрам — жывучы ў Беларусі, павінны ведаць мову, гісторыю, культуру мамінай радзімы.
У пошуках новага дома
Сям’я Аруцюнян прыехала ў нашу краіну пасля Спітакскага землятрусу, які здарыўся ў снежні 1988 года і закрануў Эчміядзінскі раён, дзе жылі Карапет Абрамавіч, Лідзія Тадэвосаўна і пяцёра іх дзяцей. Далёкую Беларусь для перасялення галава сям’і абраў па парадзе былога таварыша па службе ў арміі.
Апынуўшыся ў Дзяржынскім раёне, Карапет Абрамавіч уладкаваўся ў калгас кіроўцам-кранаўшчыком. Альберт, Раман і Вера пайшлі ў школу, малодшы Давід — у дзіцячы садок. Пазней з Арменіі прыляціць з мужам і старэйшая Марынэ.
— Спачатку ў Беларусі нам было вельмі нялёгка, — успамінае Вера Дайнэка. — У школе выкладалі на беларускай мове. Я тады не ведала нават рускай. У чацвёртым класе пачынала навучанне з нуля... Але паступова ўсе члены сям’і Аруцюнян вучылі мову, асвойваліся, жыццё наладжвалася.
А калі нарэшце з інтэрната яны пераехалі ў свой дом у Залессі, адчулі сапраўднае шчасце. Да заканчэння школы Вера дагнала па паспяховасці сваіх беларускіх аднагодкаў і паступіла на факультэт статыстыкі ў БДЭУ.
Спатканне — толькі пасля дазволу бацькі
Здавалася б, дзяўчынка-армянка будзе імкнуцца да шлюбу выключна з суайчыннікам. Але ў кожнага свой лёс.
— Сам я з Фаніпаля, усіх Аруцюнянаў сустракаў і ў горадзе, і ў самім Залессі, дзе жыла мая бабуля, — расказвае Мікалай Дайнэка. — Аднойчы з прыяцелем зайшлі ў кавярню, там за столікам сядзела Вера, і Андрэй, сябар, прывітаўся з ёй.
Як аказалася, яго маці і Вера працавалі разам у банку, ён часта купляў у яе латарэйныя білеты. Пасля той сустрэчы ў кавярні хлопец вырашыў асабіста пазнаёміцца з дзяўчынай. Зайшоў у банк і прапанаваў Веры сустрэцца, пагуляць.
— Мне было ўжо 25 гадоў, але бацька забараняў без яго ведама кудысьці хадзіць, тым больш з хлопцамі, — успамінае Вера. — Я так і сказала Мікалаю: «Трэба прыйсці да майго таты і папрасіць, каб ён дазволіў мне ісці з табой на спатканне. Ты павінен паабяцаць, што своечасова прывядзеш мяне дадому».
— Спачатку я падумаў, што Вера жартуе, — прызнаецца Мікалай. — Але аказалася — не, усё на поўным сур’ёзе. Памятаю, упершыню размаўляючы з Карапетам Абрамавічам, адчуваў сябе трохі напружана. З першага ж спаткання мне спадабалася, як Вера паводзіла сябе — сціпла, з годнасцю. Не хаваю: было крыху страшна ісці ў сям’ю з іншай культурай, адносінамі, традыцыямі. Але я хацеў ажаніцца раз і на ўсё жыццё, і інтуіцыя падказвала: з Верай на гэта можна спадзявацца. Не стаў зацягваць — праз паўгода зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца.
Пабудаваць дом, адносіны, бізнес
Сям’я Дайнэкаў жыве ва ўтульным доме з вялікай кухняй, агародам і садам, дзе растуць яблыкі і абрыкосы. У Веры і Мікалая трое дзяцей: 18-гадовая Нэлі, 16-гадовы Арцём, 7-гадовы Абрам. Сёння муж і жонка займаюцца бізнесам па продажы матэрыялаў і абсталявання для шынамантажу.
Адносіны, дом, дастатак Мікалай і Вера будавалі паступова, дзень за днём. Не ўсё атрымалася адразу, але яны праявілі зайздросныя ўпартасць і цярпенне.
— Я заўсёды марыў працаваць разам з жонкай, — адзначае Мікалай. — Калі па выслузе гадоў сышоў з МНС, стаў пераконваць яе ў неабходнасці заняцца бізнесам. У Веры для гэтага ёсць усё — эканамічная адукацыя, камерцыйная жылка, уменне размаўляць з людзьмі. Я быў упэўнены: гэты «капітал» абавязкова павінен прынесці дывідэнды.
Вера спачатку супраціўлялася: толькі нарадзілася трэцяе дзіця, яна планавала больш часу ўдзяліць Абраму. Але пад напорам мужа ўрэшце здалася і пачала «раскручваць» сямейную справу.
А Мікалай пайшоў у дэкрэтны водпуск па доглядзе маленькага сына. І хоць гэта быў ва ўсіх адносінах новы для мужчыны досвед, ён здолеў. Абрам аказаўся спакойным хлопчыкам, да таго ж пры неабходнасці на выручку заўсёды прыходзіла Лідзія Тадэвосаўна.
Ведаць свае карані
Нэлі сёлета скончыла Фаніпальскую гімназію імя А. І. Гурына. 16-гадовы Арцём і 7-гадовы Абрам працягваюць там вучыцца. Ніхто з траіх дзяцей ні разу не сутыкаўся з праявамі нядобразычлівасці з боку аднагодкаў.
Усе трое вывучаюць матчыну мову, размаўляюць па-армянску.
— Ніякіх рознагалоссяў на гэты конт у мяне з Мікалаем не было, — падкрэслівае Вера. — Мы абое перакананыя: дзеці павінны ўмець падтрымліваць адносіны не толькі са сваякамі, але і з любым суайчыннікам-армянінам, адчуваць сябе носьбітамі не толькі беларускай, але і армянскай культуры.
Трэба чуць, з якім пачуццём 18-гадовая Нэлі чытае ўласныя вершы на армянскай мове, бачыць, як тэмпераментна яна і Абрам выконваюць армянскія танцы. Абрам на любым свяце — тамада, душа кампаніі. Ён любіць гатаваць разам з мамай смачныя стравы. Арцём аддае перавагу спорту: захапляецца футболам, тэнісам.
У вольны час сям’я Дайнэкаў любіць падарожнічаць па Беларусі, рэгулярна наведвае Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, штогод адпачывае ў Арменіі.
За 18 гадоў сумеснага жыцця нават Мікалай стаў разумець армянскую мову і шмат што палюбіў у культуры, традыцыях і кухні гэтага народа.
Мы сядзім за шчодрым, смачным сталом, размаўляем. Высвятляецца, што Нэлі хоча быць медыкам. Арцём і Абрам пакуль не вызначыліся з выбарам прафесіі. Усім траім падабаецца ў Беларусі, з ёй яны звязваюць сваю будучыню. Але і Арменія ім вельмі дарагая. Усе трое задаволены, што ў іх столькі сваякоў і сяброў — беларусаў і армян, што на іх стале бываюць і дранікі, і далма, што яны ўмеюць размаўляць і па-беларуску, і па-армянску. Галоўнае, чаго хочуць іх бацькі, — каб яны сябравалі паміж сабой, і ў выніку злучэння дзвюх культур станавіліся духоўна багацейшымі.
Фота Віктара Іванчыкава