Чаму варта наведаць Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей?
Гудзевіцкі музей — сапраўдная жамчужына не толькі Мастоўшчыны, але і ў цэлым Гродзенскай вобласці. Сваю гісторыю ён пачаў як школьны, а цяпер у яго фондах больш за 17 000 экспанатаў, аналагаў некаторых з іх няма больш нідзе ў свеце.
Ад пакоя да асобнага будынка
Будынак, у якім размясціўся музей, раней быў школай, дзе сам ён займаў адзін пакой. Яго заснавальнік — настаўнік Алесь Белакоз, які сабраў звыш 14 000 экспанатаў. Пасля таго як установа адукацыі пераехала ў новы будынак, музей цалкам заняў вызваленыя плошчы. Сёння тут працуюць дзве літаратурныя залы, дзве залы народнага ткацтва і этнаграфічны аддзел, якія расказваюць аб мастацтве, культуры, народных традыцыях. У экспазіцыі нямала ўнікальных экспанатаў. Напрыклад, адзіны ў свеце глобус на беларускай мове, які быў створаны ў 1939 годзе. Вядома, гэта ўзоры падвойнага ткацтва, рэдкія літаратурныя зборнікі беларускіх пісьменнікаў. Дарэчы, Зоська Верас дапамагала Алесю Белакозу збіраць экспанаты для экспазіцыі, прысвечанай народнай медыцыне.
У двары стаіць сялянскі дом, які ў 1980 годзе прывезены з вёскі Семярэнкі. У працэсе перавозкі ўсе элементы і дэталі будынка захаваны, за выключэннем печы. Хатцы больш за 200 гадоў, унутры — арыгінальныя рэчы, якімі карысталіся сяляне. Да адкрыцця рыхтуецца новая экспазіцыя, прысвечаная гісторыі і сучаснасці Гудзевічаў. Яна падзелена на тэматычныя аддзелы. Сродкі на адкрыццё выдзелены з раённага бюджэту. Плануецца, што наведвальнікаў для азнаямлення з навінкай запросяць да канца 2025 года.
— Мы адзначаем цікавасць да музея, асабліва да экспазіцыі, прысвечанай вырабам у тэхніцы падвойнага ткацтва. У 2011 годзе гэтай тэхніцы быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, — расказала дырэктар установы Таццяна Прудзілка. — Супрацоўнічаем з турыстычнымі фірмамі, прымаем індывідуальных турыстаў. Нельга сказаць, што нас наведвае нейкая канкрэтная катэгорыя людзей. Бываюць і школьнікі, і дарослыя, і людзі пенсіённага ўзросту. Замежныя турысты, якія прыязджаюць пагасціць, нярэдка ўключаюць у маршрут нашу экспазіцыю.
Захаваць традыцыі
У 2024 годзе ў Гудзевічах адбыўся першы «Гудзевіцкі тэкстыльны фэст», які будзе праходзіць раз на два гады. Гэта мерапрыемства — працяг і новы этап у развіцці выдатнай традыцыі свят, прысвечаных рэгіянальнаму ткацтву.
Госці фестывалю могуць даведацца аб падвойным ткацтве Мастоўскага раёна, рознакаляровых узорыстых дыванах Воранаўскага раёна, белаўзорыстым ткацтве Лідшчыны, пераборным аднабаковым ткацтве Гродзенскага раёна і ваўняным ткацтве Карэліцкага раёна. Мерапрыемства рыхтуецца сумеснымі намаганнямі сектара культуры Мастоўскага райвыканкама, Мастоўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея. Метадычную падтрымку па арганізацыі свята аказвае Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці ў межах рэалізацыі мерапрыемстваў Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій ткацтва ў Гродзенскай вобласці.
— Доўгія гады традыцыі ткацтва захоўвала і перадавала жонка заснавальніка музея Вера Ігнатаўна Белакоз, народны майстар Рэспублікі Беларусь, — расказвае Таццяна Прудзілка. — Вельмі хацелася б адрадзіць работу гуртка, які дзейнічаў у музеі шмат часу. Сама я ўмею працаваць за кроснамі. Калі была школьніцай, хадзіла на заняткі да Веры Ігнатаўны, але падвойнага ткацтва пакуль не асвоіла — гэта вельмі працаёмкі працэс. Шчыра кажучы, уявіць не магла, што калісьці ўзначалю музей. Для мяне гэта вялікі гонар.
Што яшчэ паглядзець?
Мастоўскі раён у цэлым валодае добрым турыстычным патэнцыялам. Усю падрабязную інфармацыю можна атрымаць у Мастоўскім раённым турыстычным інфармацыйным цэнтры.
— Мастоўшчына прапануе разнастайныя магчымасці для адпачынку і турызму, — адзначае дырэктар цэнтра Вольга Хальцова. — Тут можна атрымаць асалоду ад маляўнічых краявідаў, наведаць цікавыя славутасці і актыўна правесці час на прыродзе.
А пераначаваць можна ва ўтульным атэлі. Яркая славутасць раёна — падвесны мост, адкрыты сёлета пасля рэканструкцыі. У асноўным турысты з Беларусі, але прыязд-
жаюць і з Расіі, Узбекістана, Казахстана, краін Еўропы. Ёсць унікальны музей, які расказвае пра ролю дрэва ў жыцці чалавека, з экспазіцыяй па дрэваапрацоўцы і гісторыі горада. Маецца магчымасць наведаць прадпрыемства «Мастоўдрэў» і яго музей. Вялікую цікавасць выклікае Рэспубліканскі заказнік «Ліпічанская пушча». Добра развіты рэлігійны турызм.
У турыстычным цэнтры наведвальнікі атрымліваюць падрабязныя кансультацыі, а дырэктар распрацавала якасныя буклеты па кірунках.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара
а. г. Гудзевічы, Мастоўскі раён