Медалі і досвед: падводзім вынікі галоўных стартаў для моладзі
13 узнагарод, бясцэнны досвед і вялікія перспектывы прывезлі дадому маладыя беларускія спартсмены з Еўрапейскага алімпійскага юнацкага фестывалю. Некалькі дзён у сталіцы Паўночнай Македоніі горадзе Скоп’е больш за паўтары тысячы маладых атлетаў з 49 краін змагаліся за медалі ў розных відах спорту. У беларусаў пяць залатых і па чатыры сярэбраныя і бронзавыя медалі.
«Хлопцы і дзяўчаты паказалі годны ўзровень падрыхтоўкі і добрыя вынікі. Мы чакалі медалёў, хай і заўсёды хочацца больш, але ў цэлым усе задаволеныя выступленнем. Нашы спартсмены ўжо ўдзельнічалі ў гульнях „Дзеці Азіі“ і „Дзеці Прымор’я“, так што яны былі гатовыя да той канкурэнцыі, якую ўбачылі. Яны вялікія малайцы», — адзначыў шэф місіі беларускай дэлегацыі ў Скоп’е Васіль Юрчык.
Двухразовым чэмпіёнам фестывалю стаў плывец Максім Малышка. Ён быў найлепшым на дыстынцыі 100 метраў брасам. А пасля замацаваў поспех на дыстанцыі 200 метраў брасам. «Быў упэўнены, што займу першае месца. Лёгкі мандраж перад вырашальным заплывам прысутнічаў. У папярэдніх не выкладваўся на поўную моц, а ў паўфінале паказаў не той вынік, які хацеў, хоць і выйшаў з лепшым часам. У фінале ўжо выклаўся па максімуме. Гэта мае першыя міжнародныя спаборніцтвы. Тут моцная канкурэнцыя, мне падабаецца», — падзяліўся ўражаннямі Максім Малышка.
Анастасія Васіленка на кароннай дыстанцыі 50 метраў вольным стылем заняла другое месца. Мікіта Лях стаў сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем. А пасля замацаваў свой поспех перамогай на дыстанцыі 50 метраў кролем. Як потым прызнаўся сам спартстмен, менавіта гэта было яго галоўнай мэтай на турніры. Дасягнуў яе вельмі прыгожа, з новым юніёрскім рэкордам краіны — 22,73 секунды.
Стралкі Дар’я Чупрыс і Арсеній Ліванцоў занялі першае месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі ў дуэце. Аліна Несцяровіч была самай меткай у спаборніцтвах з пнеўматычнага пісталета ў дысцыпліне «Сола» і заваявала залаты медаль.
Медалі са Скоп’е прывезлі і нашы таэквандысты. У катэгорыі да 63 кг сярэбраны медаль заваяваў Уладзімір Шрамук. Бронзавымі прызёрамі ЕАЮФ сталі Марыя Струнец (да 49 кг) і Мікіта Белавы (да 48 кг).
Нагода для радасці — і вынікі весляроў. На юніёрскім чэмпіянце свету ў Партугаліі нашы спартсмены заваявалі чатыры залатыя, пяць сярэбраных і адзін бронзавы медаль. Марыя Папічыч і Паліна Собаль — чэмпіёнкі на дыстанцыі 500 метраў у каноэ-двойцы U18, Юлія Трушкіна і Іна Нядзелькіна — пераможцы ў каноэ-двойцы на дыстанцыі 200 метраў U23. У спаборніцтвах каноэ-двоек на дыстанцыі 500 метраў першымі фінішавалі Ягор Аўчыннікаў і Вадзім Лычоў U18. Кацярына Семянцова, Іна Нядзелькіна, Ева Данільчук і Ганна Наляцько — найлепшыя ў чацвёрцы на дыстанцыі 500 метраў U23. Экіпаж каноэ-чацвёркі ў складзе Ягора Аўчыннікава, Івана Архіпенкі, Аляксея Маглюя і Канстанціна Рогава на дыстанцыі 500 метраў заняў другое месца. Марыя Папічыч на паўсотні стала другой у адзіночцы.
У заездзе байдарак-чацвёрак на дыстанцыі 500 метраў сярод юніёраў Аляксей Пажывілка, Эміль Абалмасаў, Ігар Якшын, Георгій Варажун сталі сярэбранымі прызёрамі. Ігар Якшын заняў другое месца ў заездзе адзіночак на дыстанцыі 1000 метраў сярод юніёраў. Дзяніс Ярмоленка стаў сярэбраным прызёрам у заездзе адзіночак на 500 метрах. На гэтай жа дыстанцыі Эміль Абалмасаў і Георгій Варажун былі другімі ў гонцы двоек.
У каноэ (500 м, юніёры) Ягор Аўчыннікаў, Іван Архіпенка, Аляксей Маглюй, Канстанцін Рогаў сталі бронзавымі прызёрамі.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота НАК Беларусі