Гаспадаркі Бярозаўскага раёна робяць усё, каб узяць сваё па максімуме
Камбайны на хаду, на іх ёсць каму працаваць, і як толькі дазваляе надвор’е, выходзяць у поле. Не тое, што кожны дзень — кожную сонечную гадзіну трэба скарыстаць на ўборку ўраджаю 2025-га. У такім рэжыме працуюць усе 10 гаспадарак Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, разумеючы: разлічваць трэба найперш на сябе. І робяць усё для таго, каб у год, складаны з пункту гледжання надвор’я, узяць сваё па максімуме.
Што «ў плюсе»?
Трэба адзначыць, што жніво ў раёне сёлета пачалося крыху пазней, чым звычайна. І на дадзены момант прыбрана ўжо 30 % плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. Азімы ячмень абмалочаны два тыдні таму — менавіта з яго пачалося жніво. У выніку ўбралі 1893 гектары, намалацілі 8200 тон, сярэдняя ўраджайнасць — 43 цэнтнеры з гектара — ужо ёсць плюс да ўзроўню мінулага года (тады было 7700 тон). Па меры выспявання падключаюць іншыя культуры, на сённяшні дзень у раёне завяршаюць уборку рапса і прыступаюць да абмалоту іншых зерневых культур.
— На ўраджайнасць рапсу істотна паўплывалі вясеннія замаразкі, — расказвае Інэса Пажарыцкая, першы намеснік упраўлення сельскай гаспадаркі Бярозаўскага райвыканкама. — Пры тым што перазімаваў ён няблага, пасевы былі выдатныя. У раёне ўжо ўбрана 94 % пасеваў рапсу, намалочана 9425 тон, ураджайнасць — 24,9 цэнтнера з гектара (на дадзены момант маем мінус 9,6 ц/га ў параўнанні з мінулым годам). Магчыма, што рапсу не дабяром.
Аднак, згодна з дзяржзаказам, ужо здалі 496 тон рапсу з 550 (90 %), якія раён павінен паставіць. Дзяржзаказ трымаем на кантролі. У нас не бывае такога, каб не выканалі, кожны год спраўляемся з задачай дзяржзаказу па розных культурах. Уборачная ў самым разгары, але ўжо можна нешта прагназаваць. Напрыклад, яравыя культуры паказваюць нядрэнны плюс па ўраджайнасці.
І гэта пры тым, што вясновыя замаразкі мелі наступствы. Сельгаспрадпрыемствы раёна ўсімі спосабамі стараліся пераадолець сітуацыю, рабілі ўсё магчымае, каб падтрымаць пасевы. З бюджэту — мясцовага і абласнога — выдзяляліся сродкі на закупку азотных угнаенняў. Таксама куплялі амінакіслоты для падтрымкі пасеваў, каб мінімізаваць страты ўраджаю. На сёння яравы ячмень убраны на 88 % плошчаў, ураджайнасць — 51,7 — і гэта плюс 17,7 цэнтнера з гектара ў параўнанні з паказчыкамі мінулага года. Спецыялісты ў раёне адзначаюць, што амаль усе культуры паказваюць плюс.
— Мяркуем, што ўраджай збожжавых і зернебабовых культур будзе на ўзроўні мінулага года, а магчыма, нават з плюсам, — адзначае Інэса Сяргееўна. — Нягледзячы на тое, што дажджы паўплывалі на ўсе культуры. Асаблівая ўвага да палеглых участкаў — расліны могуць пачаць прарастаць на вільготнай глебе. Але пры неабходнасці будзем апрацоўваць гэтыя пасевы гліфасатутрымліваючымі прэпаратамі, якія закуплены і выкарыстоўваюцца для таго, каб змагацца з зелянінай. Што рабіць, гаспадаркі вымушаны весці ўборку пры высокай вільготнасці, але ў сувязі з умовамі надвор’я мы бачым, што інакш немагчыма. Сушым.
Справа тэхнікі
Усе гаспадаркі ў раёне цалкам забяспечаны зернесушыльнымі комплексамі, ёсць мабільныя перасоўныя сушылкі. Цяпер стаіць задача ўбраць рапс і ячмень, — тое, што першае падышло і можа асыпацца. Але ў гаспадарках пакрысе пачынаюць прыступаць да іншых культур, напрыклад, дзе-нідзе ўжо паспрабавалі ўбіраць жыта — падпаленыя ўчасткі, альбо пагоркі. Пры высокай вільготнасці выбарачна робяць пракосы — каб сушыла ветрам і хутчэй ішло выпарванне вільгаці. Калі нешта і стрымлівае жніво цяпер, то менавіта надвор’е.
Але хіба гэтым можна здзівіць тых, хто працуе на зямлі з году ў год і разумее, што трэба рабіць, каб пераадолець наступствы розных неспрыяльных умоў? Усе гаспадаркі тэхнічна падрыхтаваныя: на палях раёна працуюць 73 камбайны. На ўборцы рапсу занятыя камбайны са спецыяльнай прыстаўкай, якая дазваляе зменшыць страты ўраджаю і павышае эфектыўнасць працы. Палеглыя пасевы ўбіраюць камбайнамі са сцеблапад’ёмнікамі, каб мінімізаваць страты, калі жніво ідзе ў складаных умовах. Усе дзесяць гаспадарак Бярозаўскага раёна даволі ўстойлівыя фінансава і забяспечаны ўсім неабходным. Паводле вынікаў мінулых гадоў, кожнае сельгаспрадпрыемства стараецца справіцца ўласнымі сіламі, перакідваць тэхніку на дапамогу з іншых участкаў не даводзіцца. Вымушаныя перапынкі — з-за дажджу — механізатары скарыстоўваюць на догляд тэхнікі: нешта змазаць, пачысціць, наладзіць.
І ўсё адно чакаюць: дождж жа не на ўвесь дзень!.. Сонейка крыху прасушыла — і выязджаюць у поле. Гаспадаркі інспектуюцца штодня — каб не было парушэнняў. Але і кіраўнікі зацікаўлены ўвесь час трымаць сітуацыю са жнівом на кантролі. Самае галоўнае, што камбайнеры і самі сочаць за тым, каб працаваць без страт — гэта іх адказнасць.
І заробак!..
Чалавечы фактар
Не сакрэт, што жніво — прыбытковая справа для механізатараў, якія працуюць добрасумленна і дбайна. Такога няма, каб камбайны прастойвалі. Некаторыя гаспадаркі на час жніва прыцягваюць спецыялістаў, якія не першы год далучаюцца да ўборачнай кампаніі і добра ведаюць справу — вучыць не трэба. Ёсць асобы, якія вяртаюцца летам у гаспадаркі, дзе ўжо давялося працаваць раней. Прыемна адзначыць, што сярод паспяховых механізатараў ёсць маладыя людзі.
— У нашым раёне сем маладзёжных экіпажаў (калі працуюць два маладыя чалавекі да 31 года). Ёсць адзін камбайн, на якім працуе адзін чалавек. І адзін экіпаж з асоб, прыцягнутых з іншых арганізацый і ўстаноў: так падключыліся да ўборкі Андрэй Углянец з Жабінкаўскага цукровага завода і Аляксандр Зейф, студэнт БДАТУ, — яны ўжо 3 гады разам ездзяць, — адзначае Паліна РУДЗЬ, галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы Бярозаўскага райвыканкама, якая скончыла з чырвоным дыпломам Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, што ў Горках. Маючы за плячыма дзве вышэйшыя адукацыі, дзяўчына знайшла працу па спецыяльнасці на радзіме: яна ведае ўсё пра тых, для каго жніво — частка жыцця. А бывае так, што і вялікая частка сямейнай гісторыі.
Напрыклад, у Бярозаўскім раёне цяпер на жніве занятыя пяць сямейных экіпажаў. Але ёсць і вельмі адметныя экіпажы, якія складаюцца з блізкіх сваякоў, прадстаўнікоў адной працоўнай дынастыі. Вось як Рамановічы з ТАА «Вінец», што ў вёсцы Равяцічы. У гэтай гаспадарцы працавалі бацькі Сяргея Васільевіча і Аляксандра Васільевіча. Тут жа пачалі сваю працоўную дзейнасць і браты Рамановічы, штогод у якасці камбайнераў далучаліся да ўборкі ўраджаю. Працуючы ў пары станавіліся пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. А калі падраслі іх сыны, таксама сталі дапамагаць бацькам. Сёлета Аляксандр Васільевіч Рамановіч працуе на камбайне разам з пляменнікам Дзмітрыем (на здымку), які... у звычайным жыцці, па-за ўборачнай кампаніяй, з’яўляецца настаўнікам фізічнай культуры школы № 1 горада Бярозы. Падключыўся на летні перыяд да важнай справы, бо цяпер той час, калі летні дзень год корміць. І гэта не толькі прыгожая метафара, так ёсць насамрэч...
Гэта справядліва як у дачыненні да канкрэтнага чалавека альбо людзей, спецыялістаў, так і для краіны наогул. На жніве важны кожны дзень. Таму калі ўмовы спрыяюць — камбайны адразу выходзяць у поле. А калі ў якісьці дзень уборкі няма, то ў гаспадарках прэсуюць салому — каб ачысціць палі пад пасевы ўраджаю 2026 года...
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота з архіва герояў і bereza.by