Top.Mail.Ru




0

Беларусам у 2025 годзе трэба заплаціць маёмасныя падаткі не пазней за 17 лістапада

30.07.2025 | 15:05

Беларусам у 2025 годзе трэба заплаціць маёмасныя падаткі не пазней як 17 лістапада, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўск.



Хто і калі?

Тры віды маёмасных падаткаў — транспартны, зямельны і на нерухомасць — цяпер аплачваюцца адным плацяжом па месцы рэгістрацыі падаткаплацельшчыка, а не як раней — рознымі, і па месцы знаходжання ўласнасці. Важна памятаць, што гэта падаткі за мінулы, 2024 год, і калі права ўласнасці наступіла сёлета — заплаціць падатак трэба будзе ў 2026-м.

На дадзены момант у краіне зарэгістравана больш за 3,5 мільёна падаткаплацельшчыкаў і разлічыцца з падатковай ім трэба да 17 лістапада.

Плацельшчыкамі з’яўляюцца ўсе ўладальнікі нерухомасці ў Беларусі (дамоў, кватэр, гаражоў, садовых домікаў, дач, камерцыйнай нерухомасці), а таксама зямельных участкаў і транспартных сродкаў, якія стаяць на ўліку ў ДАІ.

Цяперашнім часам падатковыя органы заканчваюць падлік маёмасных падаткаў. У пачатку жніўня паведамленні будуць перададзеныя для накіравання па пошце і выгружаныя ў асабістыя кабінеты плацельшчыкаў.

— Многія, хто карыстаўся асабістым кабінетам, звярнулі ўвагу, што летась ім прыходзіла паведамленне яшчэ і на папяровым носьбіце. Бо былі пытанні, што шэраг грамадзян страцілі пароль да асабістага кабінета, і былі пэўныя нараканні, што папяровага паведамлення няма і людзі не разумеюць, як аплаціць. Сёлета была праведзена пэўная мадэрнізацыя: тыя, хто заходзіў у асабісты кабінет, бачылі паведамленне, якое ўсплывае: «Ці пацвярджаеце вы сваё жаданне атрымліваць паведамленне электронным спосабам?» Тыя, хто адказаў станоўча, сёлета атрымаюць паведамленне выключна ў электронным выглядзе. На сёння гэта каля 160 тысяч чалавек. Большасць атрымаюць паведамленні па пошце. Усе яны будуць разасланыя плацельшчыкам у тэрмін не пазней за 1 кастрычніка. Падаткі падлягаюць выплаце не пазней за 15 лістапада, але паколькі ў бягучым годзе гэты дзень прыпадае на суботу, то па заканадаўстве тэрмін выплаты падатку пераносіцца на першы працоўны дзень. Гэта значыць сёлета трэба выплаціць падаткі не пазней за 17 лістапада, — звярнуў увагу Андрэй Кавалеўскі.

Маёмасныя падаткі выплачваюцца фізічнымі асобамі па заканчэнні года.

— Гэта значыць, сёлета мы плацім падаткі за 2024 год. Таму калі хтосьці летась валодаў нерухомасцю, транспартнымі сродкамі нягледзячы на тое, што на сёння кватэра або аўтамабіль прададзеныя, падаткі за 2024 год выплачваюцца. І, адпаведна, не плацяць сёлета падаткі тыя, хто набыў маёмасць у 2025 годзе. Падаткі за 2025 год будуць выплачвацца ў 2026-м, — растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Паводле яго слоў, у кожным паведамленні падрабязна прыведзены разлік падаткаў па кожным відзе аб’екта, няхай гэта будзе падатак за кватэру, за зямельны ўчастак або за транспартны сродак. Пазначаны таксама кантактныя тэлефоны падатковых органаў, якія вылічвалі падатак, гэта значыць заўсёды можна звязацца, калі ёсць нейкія пытанні. 

А ў асабістым кабінеце плацельшчыка на сайце падатковых органаў можна азнаёміцца з аб’ектамі нерухомасці, якія абкладаюцца падаткам.

У паведамленні таксама ёсць інфармацыя аб парадку і спосабах выплаты і QR-код, з дапамогай якога можна трапіць на патрэбную старонку для аплаты ў АРІП.

Як плаціць?

Можна пералічыць усю суму адразу, а можна разбіць яе на часткі па сваім жаданні. Галоўнае — здзейсніць апошні плацеж не пазней за 17 лістапада.

— Заканадаўства не ўстанаўлівае ніякіх забарон: можна адной сумай разлічыцца альбо часткамі зыходзячы з фінансавых магчымасцей. Прычым сістэма АРІП арганізаваная такім чынам, што праз секунду пасля плацяжу, калі перайсці ў тое ж самае меню, на экране адлюстроўваецца рэшта, — дадаў Андрэй Кавалеўскі.

Колькі плаціць?

Па падатку на нерухомасць за адну кватэру з 2022 года льгота адменена. Адпаведна, усе, хто валодае хоць бы адной кватэрай, плацяць падаткі (за выключэннем ільготных катэгорый грамадзян, пра якую мы раскажам ніжэй). Падатак на нерухомасць вызначаецца зыходзячы з разліковага кошту квадратнага метра, які прыведзены ў Падатковым кодэксе, плошчы гэтай кватэры і стаўкі падатку — для фізічных асоб яна складае 0,1 %.

— Таму за 2024 год, напрыклад, падатак на кватэру плошчай 50 кв. м у Мінску складзе крыху менш за 

50 рублёў. Калі весці гаворку пра абласныя цэнтры, то калі кватэра плошчай 50 кв. м у Брэсце, Віцебску, падатак на нерухомасць складзе каля 40 рублёў. У выпадку буйных гарадоў, якія не з’яўляюццца абласнымі цэнтрамі, — там сума будзе яшчэ меншай. Плюс не забываемся пра тое, што калі чалавек валодаў аб’ектам нерухомасці, зямельным участкам і транспартным сродкам няпоўны год, падатак яму вылічаецца прапарцыянальна колькасці месяцаў валодання. Гэта значыць, напрыклад, паўгода валодаў кватэрай — сума падатку ў два разы меншая, — прывёў прыклады начальнік галоўнага ўпраўлення.

Што датычыцца транспартнага падатку, стаўкі крыху ўзраслі, але толькі на ўзровень змены індэкса спажывецкіх коштаў.

— Мы памятаем, што за 2021, 2022 і 2023 год стаўкі падатку не мяняліся. За 2024-ы стаўкі падатку падраслі. Але прывяду просты прыклад. Па нашай статыстыцы, самы папулярны транспартны сродак, які абкладаецца падаткам, — легкавы аўтамабіль масай ад 1750 кг да 2 т — стаўка транспартнага падатку па ім усе папярэднія гады была 102 рубля. Велічыня падатку за 2024 год, які мы будзем выплачваць сёлета, — 110 рублёў. Гэта значыць розніца ўсяго 8 рублёў. Тры гады стаўкі не мяняліся, а цяпер проста адбылася індэксацыя. А найменшая стаўка плацяжу за легкавы аўтамабіль масай да 1,5 т — гэта 66 рублёў за год. За матацыкл, да прыкладу, стаўка фіксаваная — 44 рублі. Велічыні падатку за валоданне машынай устаноўлены ў залежнасці ад масы транспартнага сродку, калі мы вядзем гаворку аб легкавушках, альбо ад колькасці пасадачных месцаў у аўтобусе. Індывідуальныя прадпрымальнікі робяць дадзены плацеж гэтак жа, як і фізічныя асобы, на падставе паведамлення падатковага органа, ім не патрабуецца падаваць асобную дэкларацыю, — падкрэсліў Андрэй Кавалеўскі.

У каго і якія льготы?

Варта сказаць, што шэраг грамадзян вызваляецца ад выплаты маёмасных падаткаў.

— Як і летась, ад плацяжу на нерухомасць у дачыненні да адной кватэры вызваляюцца пенсіянеры, інваліды І і ІІ груп, члены шматдзетнай сям’і, ваеннаслужачыя тэрміновай і альтэрнатыўнай службы. Калі ў дадзеных катэгорый грамадзян ёсць некалькі кватэр, якія належаць на праве ўласнасці, то гэты плацеж трэба будзе здзейсніць за другую і наступныя. Адзін з аб’ектаў нерухомасці, якія знаходзяцца ва ўласнасці, — найбольш дарагі — будзе вызваляцца ад выплаты. Тое ж самае датычыцца і жылых дамоў. Калі ў пенсіянера ёсць два жылыя дамы, па адным, найбольш дарагім, ільгота будзе дадзена падатковым органам аўтаматычна, за другі і наступныя жылыя дамы трэба будзе здзейсніць плацеж. Названыя катэгорыі грамадзян вызваляюцца таксама ад выплаты ў дачыненні да ўсіх садовых домікаў, дач, гаражоў і машына-месцаў, якія ім належаць, — праінфармаваў Дзяніс Церашкоў.

Трэба адзначыць, што льготы прадугледжаны для грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і працуюць там на сельгаспрадпрыемствах, у медыцынскіх установах, установах адукацыі і сацыяльнага абслугоўвання.

Па зямельным падатку льготы аналагічныя. Пенсіянеры, інваліды І і ІІ груп, члены шматдзетных сем’яў не будуць выплачваць яго ў дачыненні да аднаго зямельнага ўчастка, выдзеленага для абслугоўвання і будаўніцтва жылога дома, а таксама ў дачыненні да ўсіх зямельных участкаў, дадзеных для дачнага будаўніцтва, вядзення садаводства, будаўніцтва гаражоў, агародніцтва.

— Гэта значыць, каб былі льготы на ўсе ўчасткі, мэты выдзялення зямельнага ўчастка павінны быць накіраваны на задавальненне бытавых патрэб грамадзян. Калі ў ільготных катэгорый уладальнікаў ёсць некалькі зямельных участкаў, выдзеленых для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, то льгота будзе дадзена ў дачыненні да аднаго зямельнага ўчастка, кошт якога самы вялікі. У дачыненні да ўсіх астатніх уладанняў чалавеку будзе накіравана паведамленне на выплату падатку, — звярнуў увагу Дзяніс Церашкоў.

Што датычыцца транспартнага падатку, не абкладаюцца ім транспартныя сродкі, выпушчаныя да 1992 года (не ўключна: за аўто 1992 года выпуску падатак трэба плаціць). Акрамя таго, не абкладаюцца транспартным падаткам легкавыя электрамабілі. Гэта льгота Падатковым кодэксам прадугледжана да канца 2025 года. 

Прадугледжаны таксама шэраг дадатковых ільгот, напрыклад не патрабуецца выплачваць падатак за транспартны сродак, прызначаны для выкарыстання інвалідамі, але пры важнай умове, што ў пасведчанні аб рэгістрацыі транспартнага сродку ёсць адпаведная пазнака.

Стаўка падатку на аўто паніжаецца на 50 %, калі транспартны сродак зарэгістраваны ў органах ДАІ на пенсіянера па ўзросце, інваліда І-ІІ групы, аднаго з бацькоў у шматдзетнай сям’і. Але ёсць адна важная ўмова: у асоб, пра якіх вядзецца гаворка, павінна быць сапраўднае пасведчанне кіроўцы адпаведнай катэгорыі. Для інвалідаў ІІІ групы стаўка транспартнага падатку паніжаецца на 25 % пры той жа ўмове.

Па матэрыялах БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю