Аляксандр Лукашэнка: Гэта не пра палітыку. Гэта экспарт перш за ўсё і новыя інвестпраекты
Тонкая настройка работы на знешнім контуры для дыпламатычнага корпуса ад Прэзідэнта
Глабальныя задачы, рэгіянальная спецыфіка і шматвектарны падыход. І на чале ўсяго — эканоміка. Супрацоўніцтва з усім светам, не пакідаючы Мінска, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разгледзеў з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі. На трохгадзіннай нарадзе разгледзелі праблемы, прааналізавалі падыходы ці як кажуць дыпламаты, зверылі гадзіннікі. Без дыпламатычных тонкасцяў, а прама і адкрыта, як заўсёды бывае на нарадах у кіраўніка дзяржавы.
«Мы жывём у вельмі складаны мірны час, калі патрэбна ваенная мабілізацыя»
Перш чым прыступіць да разгляду пытанняў, вынесеных на парадак дня нарады, Прэзідэнт выказаў спадзяванне, што падобныя сустрэчы стануць традыцыйнымі. Гэта варта ўзяць на заметку Міністэрству замежных спраў і Адміністрацыі Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: гэты і будучы гады будуць вельмі складанымі і напружанымі. «Таму папярэджваю ўсіх прысутных, перш за ўсё людзей і службовых асоб, якія займаюцца эканомікай. Не крыўдзіцеся, але ціск і патрабаванні, у сувязі з гэтым будуць толькі павышацца, — сказаў ён. — Не толькі падчас вайны і ваенных дзеянняў даводзіцца мабілізавацца. Але і ў мірны час. Лічыце, што мы жывем у вельмі складаны мірны час, калі патрэбна ваенная мабілізацыя. Я хачу, каб усе прысутныя тут не толькі паслы, але і члены ўрада гэта засвоілі».
Па словах кіраўніка дзяржавы патрэбныя жорсткія, часам нетрадыцыйныя метады работы, але эканоміку краіны трэба ўтрымаць. Ён адзначыў, што гэта няпроста пры той ліхаманцы, якая прысутнічае на міжнародных рынках, у глабальнай эканоміцы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў нас адкрытая эканоміка — палову таго, што мы вырабляем (можа, крыху больш), нам трэба прадаць і атрымаць адпаведныя выгады. «Таму толькі наперад! Ніякіх тлумачэнняў. Няма выніку — прабачце, вас там няма», — задаў тон нарады беларускі лідар.
«Мы даказалі ўсяму свету, што суверэнныя і незалежныя»
У апошні раз падобная сустрэча ў такім фармаце для абмеркавання пытанняў знешняй палітыкі адбылася ў 2021 годзе. «Усяго 4 гады прайшло з той сустрэчы, але паглядзіце, як змянілася сітуацыя ў свеце! Ідзе фарміраванне новай міжнароднай сістэмы, і контуры шматпалярнасці бачныя ўсё больш», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што апошнім часам шмат размоў пра гэтую самую шматпалярнасць.
Прэзідэнт заўважыў, што ў сувязі з гэтым узнікаюць пытанні і сумненні, як бы з гэтай шматпалярнасцю не сапсаваць адносіны з асноўнымі партнёрамі — Расіяй і Кітаем. «Нічога падобнага. Вы павінны (прынамсі, пакуль я Прэзідэнт) запомніць адну ісціну, аксіёму — бліжэй, чым Расія, расійскія народы для нас няма і быць не можа», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. І не таму, што гэта «ўбілі ў галаву» ў савецкія часы. «Мы эканамічна, як вы бачыце праз шмат гадоў, адзіныя як ніколі. І апошнія, дзякуй богу, гады нас як ніколі раней у гэтым пераканалі», — адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што самыя танныя энерганосьбіты ў Расійскай Федэрацыі. Бліжэй за ўсіх праз мяжу да нас Расійская Федэрацыя. Ваявалі і перамагалі Беларусь і Расія разам. «Наша эканамічная асноўная прастора, дзе мы можам прадаць сваю прадукцыю (нават у такіх складаных умовах як сёння) — гэта Расійская Федэрацыя, — дадаў беларускі лідар. — Я не кажу ўжо пра вайскова-палітычнае супрацоўніцтва з Расіяй. Асабліва, у ваеннай галіне». Паводле слоў Прэзідэнта, у складаны час 2020 года Расія падставіла плячо, якое дапамагло выстаяць у той перыяд. «Для нас Расія — гэта гарант нашай бяспекі», — рэзюмаваў ён.
Пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка і размовы аб тым, што саюз з Расіяй нібыта пагражае беларускаму суверэнітэту. Ён распавёў, што падчас нядаўняга інтэрв’ю замежнаму выданню, журналіст распавёў, што на граніцы з заходняга боку сустракаюцца надпісы пра тое, што Беларусь — краіна, «акупаваная Крамлём». «Нічога падобнага няма і быць не можа. Мы — суверэнная і незалежная дзяржава. І за апошнія дзесяцігоддзі, колькі мы з вамі працуем, мы даказалі ўсяму свету, што суверэнныя і незалежныя, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І калі ўжо так разважаць, то паўстае пытанне: а прыхвастні ва Украіне, яны што — суверэнныя і незалежныя? І што было б, калі б яны былі суверэнныя і незалежныя, як яны гэта разумеюць ці не разумеюць. Таму, усё гэта ад таго, як мы гэта ўспрымаем».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спецыяльна гаворыць гэта для паслоў, каб тыя, у каго, магчыма, у галаве ёсць нешта шалёнае, выкінулі падобныя думкі. «Давайце будзем рабіць усё дзеля таго, каб мы былі сувэрэнныя і незалежныя. Хоць гэта вельмі дорага каштуе. Наша палітыка зыходзіць ад зямлі — усё зямное. Хто б мне што ні казаў, я заўсёды кажу: „суседзі ёсць суседзі, іх не выбіраюць, яны ад Бога“. А калі гэта суседзі — з імі трэба выбудоўваць адносіны», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Па словах Прэзідэнта, сёння ідзе фарміраванне новай сістэмы і контуры шматпалярнасці бачныя ўсё больш выразна. Але шматпалярнасць не азначае адыход ад традыцыйных саюзнікаў — Расіі, Кітая і іншых. «Мы разумеем, што ў нас адкрытая эканоміка, яна перш за ўсё дыктуе ўмовы. Наша міжнароднае і геапалітычнае становішча прымушае нас думаць не толькі, што ў нас на поўначы, поўдні і ўсходзе, але і захадзе. Еўрасаюз сёння наш сусед. Мы хіба ў гэтым вінаватыя? Ад гэтага нікуды не дзецца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Сёння і Кітай зацікаўлены ў супрацоўніцтве з высокатэхналагічным Еўрасаюзам. Яны далёка адзін ад аднаго, але вялікі Кітай разумее, што ў Еўрасаюзе ёсць яго інтарэс.
«Зыходзячы з нашага становішча мы і выбудоўваем нашу палітыку, называючы яе шматвектарнай. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не значыць, што мы прадажныя такія і ад усіх адвярнуліся і шматвектарнасць азначае, што мы памянялі курс развіцця і рвёмся туды за акіян або ў Еўрапейскі Саюз. У нас ёсць там цікавасць, як і ва ўсіх. Гэта нашы суседзі, і з імі трэба выбудоўваць адносіны, бо быць бядзе. Мы бяды не хочам, ужо наеліся», — патлумачыў Прэзідэнт.
«Маскі скінутыя канчаткова»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў аснове фарміравання новай міжнароднай сістэмы не дыктат «абраных» краін, а прынцыпы ўзаемнай павагі і раўнапраўя, якія адкрываюць магчымасці для канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва. «Але дзень, калі новая сістэма канчаткова ўступіць у свае правы, прыйдзе не сёння, а магчыма, і не заўтра, і не паслязаўтра. Заходнецэнтрычная мадэль не здаецца без бою, прычым у прамым сэнсе. Маскі скінутыя канчаткова. Усе іх пастулаты аб „свеце, заснаваным на правілах“, сёння абвергнутыя на вачах гэтага ж свету», — заявіў беларускі лідар. І прывёў канкрэтныя прычыны.
Першая — гэта сітуацыя з правамі чалавека. Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра дзясяткі трупаў, якія нам перакідваюць праз мяжу тыя, хто паклікаў іх у свой «райскі сад». І ў цэлым аб міграцыйных праблемах. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з заходнімі суседзямі былі дасягнуты пэўныя дамоўленасці па міграцыйнай палітыцы. Паводле яе слоў, сутнасць яе была ў тым, што мы фактычна абаранялі іх ад гэтых «набегаў», канцэнтруючы ў сябе гэтых мігрантаў, а потым, адпраўлялі ў заходнія краіны. «Яны ўвялі супраць нас абсалютна незаконныя неабгрунтаваныя санкцыі. І я шчыра сказаў: з пятлёй на шыі я вас абараняць больш не буду. Тым больш, вы разарвалі ўсе адносіны з намі па міграцыйнай палітыцы», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. І зрабіў акцэнт на тым, што тым не менш беларускі бок адкрыты да ўсіх размоў і перамоў па міграцыйнай палітыцы.
- Прэзідэнт яшчэ раз растлумачыў тым, хто не разумее, палітыку нашай дзяржавы ў адносінах да мігрантаў, якія хочуць працаваць у Беларусі. «Гэта не значыць, што любы ў нас прыедзе і, грунтуючыся на прынцыпах правоў чалавека і свабоды чалавека, будзе тварыць усё тое, што яму захочацца ці нават тое, што ўласціва іх культуры. Мы гатовыя тут прыняць усіх тых, хто хоча працаваць, хто паважае нашу дзяржаву і народ. Хто хоча паводзіць сябе годна і працаваць. І апошняе слова тут павінны сказаць паслы у тых дзяржавах, адкуль яны сюды прыедуць. Без вас ніхто сюды ніякіх мігрантаў не пусціць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што адказнасць павінен несці і кіраўнік прадпрыемства, які бярэ на працу мігрантаў.
Паводле яго слоў, ўсе мігранты знаходзяцца на кантролі ў міліцыі і сёння да іх няма ніякіх прэтэнзій.
Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў альтэрнатыву. «Мы наогул сюды нікога не пусцім. Але каб добра жыць, заможна жыць трэба ў тры разы лепш працаваць. Так? Вось альтэрнатыва. Давайце ў тры разы працаваць лепш. Прадукцыйнасць працы павінна быць у тры разы вышэйшай для таго, каб канкурыраваць на суседніх рынках. — сказаў ён. — У любым працоўным калектыве трэба спытаць, ці гатовыя да гэтага. Калі гатовыя, не бярыце ніякіх мігрантаў. Проста так хістацца тут ніхто не будзе, яны вернуцца назад на радзіму. Калі вам трэба — запрашайце, гарантуйце ім бяспеку, роўныя правы з беларусамі. Але і патрабаванне адно: працаваць, даваць вынік».
Паводле слоў Прэзідэнта, гаворачы аб правах чалавека, трэба паглядзець на сектар Газа, дзе пакуты дзяцей пераносяць у Сярэднявечча. Трэба паглядзець на правы паралімпійскіх спартсменаў, якіх не пускаюць на спаборніцтвы. Аляксандр Лукашэнка іранічна пацікавіўся, што гэтыя людзі дрэннага зрабілі для тых, хто так рупіцца правамі чалавека.
Другі прыклад — прыватная ўласнасць. «У адкрытую замарожваюць і крадуць актывы незалежных дзяржаў. Уводзяць без усялякіх абгрунтаванняў санкцыі, выкарыстоўваючы долар як зброю. Паверце, нічым добрым для долара гэта не скончыцца», — прывёў факт беларускі лідар. Паводле яго слоў, гістарычны працэс няўмольны і ўжо відаць, як выраз «сусветная большасць» становіцца сістэмаўтваральным паняццем.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: ужо відавочна, што БРІКС ператвараецца ў структуру, якую Захад адкрыта баіцца. Відавочна, як цэлыя інтэграцыйныя аб’яднанні, уключаючы наш ЕАЭС, усё больш сыходзяць у разліках ад долару ў нацыянальныя валюты. «І гэты працэс няўмольна будзе рухацца наперад», — канстатаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт, што за гэтыя чатыры гады, знаходзячыся на адным з самых небяспечных разломаў глабальнага супрацьстаяння, Беларусь змагла захаваць галоўнае — мірнае неба над галавой. Нягледзячы на вельмі жорсткі эканамічны ціск, удалося забяспечыць людзей працай, даць рост даходаў і надзею на заўтрашні дзень.
«Ім лішнія раты там не патрэбныя»
Кіраўнік дзяржавы асобна праінфармаваў усіх аб сітуацыі з збеглымі і «сядзельцамі», якія былі асуджаныя за парушэнне закона. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што некаторыя ў грамадстве сталі яго асуджаць за вызваленне гэтых асуджаных, і больш за ўсё ляманту было ў збеглых. «Ім лішнія раты там не патрэбныя, — адзначыў ён. — Ім гэта не трэба. Яны публічна маўчаць, але гвалтам там крычаць у сябе: не трэба». У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў апошняга сядзельца, якога прасілі адпусціць. «А цяпер крычаць: «Лукашэнка нас падмануў, выпусціў 15 чалавек, з іх 14 тых, у каго заўтра тэрміны сканчаюцца, і адзін гэты ўзбурыў нам усю „маліну“. Але вы ж прасілі яго, ну дык бярыце. „Вось ён прарасійскі“. А вы не ведалі, што ён прарасійскі? Ведалі яго біяграфію, рабілі на яго стаўку нейкую. А рабілі стаўку на ўсіх, абы захапіць уладу. А потым, маўляў разбярэмся. Так не бывае ў палітыцы. Уладу могуць захапіць, як яны стаўку рабілі на ідыётаў і падонкаў, і яны могуць застацца ва ўладзе. Але яны думалі па-іншаму», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што ніякага гандлю людзьмі тут няма. «Я катэгарычна быў супраць, як яны кажуць — абмен. Гэта мяне амерыканцы навучылі. На перагаворах яны прама пра гэта гаварылі. Я кажу: „Хлопцы, гэта вы мяне да гэтага падштурхнулі. Хочаце -забірайце. Што наўзамен?“- „Мы падумаем“. — Ідзіце думайце».
Таксама, паводле яго слоў, карміць і апранаць гэтых людзей для дзяржавы нятанна. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прапаноўваў, калі захоча той бок, перадаць і некалькі тысяч іншых чалавек, якія асуджаныя за розныя злачынствы: «Я ім у апошні раз сказаў: «хочаце — мы Вам і гэтых дададзім». — «Не-не-не, гэтых не хочам, хочам вось гэтых».
«Дыпламатам на Захадзе ні ў якім разе нельга адседжвацца»
Беларускі лідар адзначыў, што, нават будучы аб’ектам бруднай інфармацыйнай вайны, Беларусь змагла пашырыць кола сяброў на ўсіх кантынентах. «Гэта — вынік паслядоўнай рэалізацыі стратэгічнага выбару, падтрыманага нашымі грамадзянамі: абарона суверэнітэту, кіравальнасць эканомікі, цесныя саюзніцкія адносіны з брацкай Расіяй і вялікім Кітаем, адкрытае і сумленнае супрацоўніцтва з усімі краінамі — без папярэдніх умоў, забароненых тэм і аднабаковай выгады. Свой уклад у гэтую работу ўнеслі ўсе беларусы, у тым ліку прысутныя тут. Але гэта не значыць, што мы ўхапілі ўдачу за хвост і можам больш не напружвацца. Наадварот!» - падкрэсліў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, стратэгія, якой бы выразнай і гістарычна выверанай яна ні была, патрабуе пастаяннай карэкціроўкі на тактычным узроўні. «Менавіта здольнасць своечасова адаптаваць свае дзеянні ў рамках агульнай мэты робіць уладу жыццяздольнай і дыпламатычна эфектыўнай», — патлумачыў ён. Гэтая тонкая наладка нашай работы на знешнім контуры ў дачыненні да канкрэтных рэгіёнаў і агульных пытанняў і стала галоўнай тэмай размовы.
«У цэлым для нашай краіны, як і раней, краевугольным каменем застаецца эканоміка. Гэта падмурак. Я часта кажу: дайце эканоміку, усё астатняе за мной. Будзе эканоміка дынамічна развівацца — будзем жыць добра і вырашаць усе пытанні — сацыяльныя, культурныя, абаронныя. Мы сярэдняя, невялікая па еўрапейскіх мерках краіна з адкрытай эканомікай, арыентаванай на экспарт. Таму нарошчванне і эфектыўнасць знешняга гандлю — безумоўныя прыярытэты, без чаго нам ніяк не выжыць», — арыентуе дыпламатаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што гэтую ўразлівасць спрабуюць выкарыстаць супраць нас і эканамічныя канкурэнты, і палітычныя апаненты, збеглыя. Еўрасаюз з 2020 года наштампаваў аж 18 пакетаў санкцый. Праўда, чым далей, тым павольней. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў 2022 годзе было прынята 5 пакетаў санкцый, потым 4, потым 3. У гэтым годзе пакуль 1.
«Няма чаго больш забараняць? Ці адчулі, што страляюць сабе ў нагу? Па мне, дык і тое, і другое», — іранічна заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт распавёў, што па лініі МЗС яму дакладваюць аб прыкметах расколу еўрапейскага «адзінства», асабліва ў тэме міграцыі. «Добра, калі так. Добра, калі ў выніку немцы паставяць на месца палякаў і прыбалтаў, назавуць сапраўдных вінаватых і заблакіруюць схемы ўвозу мігрантаў, — адзначыў ён. — Але нам важна, каб гэты праславуты раскол унутры Еўрасаюзу перакінуўся і на нашу тэму — на антыбеларускую палітыку ЕС. З якімі краінамі можна пра гэта гаварыць у першую чаргу, МЗС мне дакладваў. Канкрэтныя меры павінны быць ужо ў працы».
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дыпламатам на Захадзе ні ў якім разе нельга адседжвацца. «Не прымаюць палітыкі — трэба актыўна ўзаемадзейнічаць з бізнес-коламі. Многія з іх ужо ініцыятыўна шукаюць магчымасці супрацоўніцтва з намі для ўласнага выжывання. Трэба ўсюды пашыраць кантакты з рэгіянальнымі ўладамі, не ўцягнутымі ў агульную вэрхал сваіх сталіц. Будзе ў Еўрасаюзе правы або левы паварот — нам усё роўна. Важна, што народ усё больш стамляецца ад эліт, якія яго не чуюць і ігнаруюць яго волю на выбарах. Вечна так працягвацца не можа. А ў наступнай хвалі палітыкаў павінны быць тыя, каго вы ведаеце і хто ведае Беларусь. Цяперашнюю. Выкарыстоўвайце кожную магчымасць, каб данесці праўду пра Беларусь да заходніх экспертных і аналітычных цэнтраў, сродкаў масавай інфармацыі. Стратэгія „дэмакратызацыі санкцыямі“ правалілася. Убачыце, што неўзабаве пачнецца канкурэнцыя сярод новых канцэпцый. Там павінны загучаць разумныя галасы тых, з кім вы папрацуеце», — паставіў задачы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сыходзіць з еўрапейскага рынку і проста адвярнуцца ад ЕС нам ні ў якім разе нельга. Гэта суседзі, а іх, як вядома, не выбіраюць.
«Магчымасці адкрываюцца. Нейкія ў Еўропе, а нейкія і за акіянам. Вы ведаеце прынцып таго ж Трампа: Амерыка перш за ўсё. Але, можа, лепш так, чым „ліберальны светапарадак“, які існаваў пры былым прэзідэнце Байдэне, — сказаў Прэзідэнт. — Апошнія сустрэчы з амерыканцамі паказалі, што яны гатовыя слухаць. Без усялякага паддобрывання з нашага боку. Вяртанне Трампа адкрыла акно магчымасцяў для паляпшэння адносін. Можа быць, і для разбору нейкіх завалаў, якія нагарадзілі амерыканцы і якія перашкаджаюць нашай рабоце на сусветных рынках. Наша задача — скарыстацца гэтым шанцам, але цвёрда стаяць на абароне інтарэсаў Беларусі, не згаджаючыся на саступкі на шкоду сабе».
«Ад нас патрабуецца тактычная гнуткасць»
Што датычыцца паслоў у незаходніх краінах, а таксама — урада і рэальнага сектара эканомікі, кіраўнік дзяржавы паўтарыў непарушнае: забудзьцеся пра санкцыі і іншыя заходнія «страшылкі» — іх у нас няма. Прынамсі, па яго словах, гэта не апраўданне для нейкіх правалаў і адсутнасці вынікаў.
«Увёў ЕС чарговую вар’яцкую забарону — вось вам дадатковыя аб’ёмы прадукцыі для рэалізацыі іх на іншых рынках! А вы заўважылі, хто ўважліва за гэтым назірае, што нас чакаюць і, на наша шчасце, у любой краіне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Па вельмі шырокай наменклатуры мы аказаліся здольныя гэта зрабіць. Пастаўленая мной задача пераарыентаваць у дружалюбныя дзяржавы экспартныя патокі на суму 14 мільярдаў долараў, якія выпалі з заходняга і ўкраінскага напрамкаў, у цэлым выконваецца». Прэзідэнт адзначыў, што па выніках 2024 года ўдалося нарасціць аб’ём экспарту айчынных тавараў і паслуг амаль да 50 мільярдаў долараў.
«Праўда ў тым, што мы вырабляем патрэбную людзям прадукцыю годнай якасці па справядлівай цане, а таму попыт на яе будзе заўсёды. Але ад нас патрабуецца тактычная гнуткасць, пастаянная актуалізацыя нашай знешнегандлёвай палітыкі», — звярнуў увагу беларускі лідар. Ён абмаляваў сітуацыю, якая складваецца. У самы складаны перыяд — з 2020 па 2023 год — у нас былі максімальныя паказчыкі якасці знешняга гандлю. У 2022 годзе рэкорднае дадатнае сальда — 4,3 мільярда долараў, амаль 6 працэнтаў ВУП. А далей «паплылі», заўважыў Прэзідэнт. Летась ужо мінус больш за мільярд долараў, за 5 месяцаў бягучага года — мінус амаль 800 мільёнаў. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт, што аб гэтым мінусе не павінен забываць урад.
«Пры гэтым імпарт працягвае расці. І тут ужо ўзнікае пытанне да ўрада: атрымліваецца, у нашых прадпрыемстваў цяжкасці з разгрузкай складоў, разлікамі і лагістыкай толькі пры экспарце, а пры ўвозе замежнай прадукцыі іх няма? Або імпартуе прыватнік, а экспартуе дзяржкампанія без асаблівага жадання напружвацца? Прычым заўважце: замежныя контрагенты выкарыстоўваюць усе магчымасці зарабіць — і на пастаўках да нас, і на закупках нашай прадукцыі, — адзначыў Прэзідэнт і задаў пытанні, якія вынікаюць з гэтага. — Чаму ў нас тэмп экспарту тавараў у 2024 годзе адносна 2020-га быў амаль 140 працэнтаў, а паслуг — толькі 112? Не трэба ўсё зводзіць да айцішнікаў, тым больш што па камп’ютарных паслугах у гэтым годзе рост аднавіўся (плюс 71,5 мільёна долараў)».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, раз закрылі рынак Еўрапейскага Саюза для нашых транспартнікаў, дык гэты ж тавар трэба дастаўляць далей — у Расію, у Кітай, у Афрыку! «Ураду неабходна нарэшце разабрацца, у чым праблема: нашы лагістычныя кампаніі не могуць сфарміраваць канкурэнтныя тарыфы або нашы дырэктары працягваюць прадаваць „ад плота“ і грузіць на замежны транспарт? Мы павінны максімальна пакінуць сабе валютную выручку па ўсім ланцужку — ад транспартных і страхавых паслуг да фасоўкі і дробнааптовых продажаў. — даручыў Прэзідэнт. — Выпрацуйце дзейсныя меры па пераходзе на сістэму экспарту на больш далёкіх базісных умовах паставак з максімальным задзейнічаннем нашых лагістычных кампаній і перавозчыкаў там, дзе гэта выгадна. Цяпер кожная капейка на ўліку»
Аляксандр Лукашэнка заявіў: трэба сумленна прызнаць, што ў галіновым і геаграфічным разрэзе вынікі дыверсіфікацыі экспарту далёкія ад аптымальных.
Па асобных сектарах станоўчыя зрухі ў наяўнасці: за 3 апошнія гады нарасцілі экспарт у сферы машынабудавання на 3 мільярды долараў, харчавання — амаль 2 мільярды, лёгкай прамысловасці — на 300 мільёнаў. Але звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у іншых ключавых галінах сур’ёзныя страты. Мінус па паліўна-энергетычных таварах — амаль 2 мільярды долараў, па хімічнай прадукцыі — 1 мільярд, па дрэваапрацоўцы — амаль мільярд, па металапрадукцыі - 250 мільёнаў.
«Тлумачэнні мы чулі. Але чаму ўрадам да гэтага часу не прыняты дзейсныя меры па пераарыентацыі таварных патокаў? Не можам — значыць, трэба мяняць наменклатуру, перастройваць вытворчасць. Прымяняць новыя фінансавыя інструменты (грошы на гэта ў нас ёсць). Аператыўна ўнясіце канкрэтныя прапановы!»,— паставіў яшчэ адзін блок задач кіраўнік дзяржавы.
Расія. Праверка на трываласць.
Асобную ўвагу беларускі лідар звярнуў на геаграфію экспарту па асобных напрамках. «Нашы адносіны з Расіяй цяпер на вельмі высокім пад’ѐме. Мінск і Масква разам прайшлі сур’ёзную праверку на трываласць. І вытрымалі гэтае выпрабаванне. Вытрымалі таму, што той Саюз, які мы выбудавалі з Расіяй, — гэта не проста прыгожы фасад, а рэальна дзеючы механізм, пры ўсіх выдатках», — Аляксандр Лукашэнка пачаў з бліжэйшага партнёра. Ён прывёў факты. У 2022-2024 гадах мы змаглі пераарыентаваць на расійскі рынак істотныя аб’емы паставак, нарасціць вытворчасць і продажы там, дзе гэта было трэба расіянам. У Расію сышоў асноўны прырост экспарту за 3 гады -плюс 10 мільярдаў долараў. «Расіяне гатовыя фінансаваць многія праекты, гатовыя плаціць. Але няма чаму здзіўляцца: яны найперш гатовыя заплаціць і прафінансаваць тыя праекты, якія, перш за ўсё, патрэбныя Расіі. Гэта ж натуральна. А ў нас ёсць для гэтага вытворчасці, школы, трэба толькі разгарнуцца, узяць гэтыя грошы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, некаторыя прадпрыемствы гэта паспяхова робяць, а некаторыя ўсё чагосьці чакаюць. Як адзначыў Прэзідэнт, доля Расійскай Федэрацыі ў нашым экспарце дасягнула ўжо 65 працэнтаў. У пастаўках Мінпрама і «Беллегпрама» — амаль 90 працэнтаў, Мінбудархітэктуры — 80, Мінсельгасхарча −70," Беллеспаперапрама " — палова.
«Як быццам гэтыя тавары не патрэбныя на іншых рынках? — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Усе топчуцца на адным рынку, сітуацыя на якім зноў памянялася. Сёння не 2022 год, калі адтуль беглі заходнікі. Сёння расійскі рынак перанасычаны, канкурэнцыя становіцца больш жорсткай. І ці тое яшчэ будзе. Пад выглядам імпартазамяшчэння туды пранікаюць тавары з трэціх краін без усялякай лакалізацыі, выцясняючы нашу прадукцыю. Так быць не павінна, мы не для гэтага стваралі Саюзную дзяржаву». Як вынік, са студзеня па май экспарт тавараў у Расію прасеў на 320 мільёнаў долараў па прадукцыі машынабудавання (легкавыя машыны, трактары, камбайны).
У сувязі з гэтым Прэзідэнт пазначыў задачы, якія павінны стаць прыярытэтнымі для ўрада:
1. Абарона нашага саюзнага рынку ад тавараў з трэціх краін.
2. Запуск, нарэшце, адзінай прамысловай палітыкі, якая пакуль толькі на паперы, — з допускам да конкурсаў па продажы тэхнікі і каардынацыяй па дублюючых вытворчасцях.
3. Развіццё новых для Беларусі сегментаў эканомікі, уключаючы авія- і суднабудаванне, атамную энергетыку і касмічную прамысловасць.
4. Развіццё мультыбрэндавых і сервісных цэнтраў, беларускіх гандлёвых дамоў у рэгіёнах Расіі.
«У выніку: сваю долю на расійскім рынку мы не аддаём і жорстка абараняем, дзе можам — павялічваем продажы і замацоўваемся за кошт кааперацыі і высокага сервісу», — патлумачыў Презідэнт. Ён звярнуў увагу, што калі рынак «сціскаецца», расійскія вытворцы сыходзяць у прастой і скарачаюць штаты, мы не вырашым нашы праблемы з экспартам у Расію за кошт адной дзяржпадтрымкі. Ніводнаму з нашых прадпрыемстваў не трэба чакаць, пакуль попыт зноў ажывіцца. «Трэба аператыўна дыверсіфікавацца, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Балазе, ёсць куды».
ЕАЭС. Кожны крок павінен прыносіць выгаду
Аляксандр Лукашэнка адзначыў станоўчыя вынікі супрацоўніцтва з Азербайджанам, Грузіяй, Таджыкістанам, Туркменістанам і Узбекістанам. За 4 гады экспарт у гэтыя краіны падвоіўся, а дадатнае сальда дасягнула 2 мільярдаў долараў. «Але гэта пакуль. Расслабіцеся — атрымаеце мінус», — папярэдзіў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Еўразійскі эканамічны саюз ужо сёння дэманструе годныя вынікі. «Санкцыйны ўдар па Расіі стаў выпрабаваннем і для ўсёй інтэграцыйнай сістэмы. У цэлым яна яго прайшла паспяхова. З улікам нашага старшынства ў гэтым годзе беларускі парадак дня на інтэграцыйным контуры павінен быць рэалізаваны ў поўным аб’ёме, а нашы прыярытэты знойдуць адлюстраванне ў стратэгіі развіцця ЕАЭС на наступнае дзесяцігоддзе», — адзначыў беларускі лідар. Ён заўважыў, што хоць шэраг партнёраў па Саюзе не заўсёды на адной хвалі з Мінскам, неабходна не дапускаць тармажэння з іх боку пры вырашэнні агульных задач аб’яднання.
«Кожны крок у інтэграцыі павінен прыносіць Беларусі адчувальную выгаду. Калі мы адкрываем свой рынак, то наўзамен разлічваем на сувымерныя прэферэнцыі, а не на туманныя абяцанні». — заявіў Аляксандр Лукашэнка. У прыклад ён прывёў падпісаныя нядаўна ў Мінску гандлёвыя пагадненні з Манголіяй і ААЭ, надзвычай выгадныя для нас — абедзве дзяржавы пагадзіліся даць ільготны рэжым для больш чым 90 працэнтаў беларускага экспарту. Да канца года плануецца падпісаць пагадненне з Інданезіяй -велізарным і перспектыўным для нас рынкам. «Яе кіраўніцтва шчыра зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю, — адзначыў ён. — Галінам ужо сёння разам з пасольствамі трэба пачаць прапрацоўку паставак тавараў у гэтыя краіны па новых, выгадных для нас умовах».
Краіны далёкай дугі. Прабівацца на іх рынкі
Прэзідэнт нагадаў, што летась паслам былі дадзены дадатковыя магутныя інструменты для работы на далёкай дузе, маючы на ўвазе членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і партнёрства з БРІКС. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта найсур’ёзнейшыя вынікі сістэмных знешнепалітычных намаганняў апошніх гадоў.
«Па саміх гэтых структурах стратэгіі зацверджаны, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Зыходжу з таго, што яны будуць безумоўна рэалізаваны і МЗС, і іншымі дзяржорганамі пад кантролем ўрада. Але, з пункту гледжання эканомікі, ШАС і БРІКС даюць нам унікальны фармат адносін з дзяржавамі, якія вызначаюць і будуць вызначаць будучы светапарадак: Расія, Кітай, Індыя, Пакістан, Бразілія, ПАР, ААЭ, Эфіопія і Егіпет. У нас цяпер ёсць агульная пляцоўка для работы з Нігерыяй, Малайзіяй, Тайландам, іншымі ўдзельнікамі БРІКС. У палітыцы іх дзверы для нас адчыненыя. Гэтым трэба карыстацца і прабівацца на іх рынкі».
Кітай. Займацца тым, у чым мы можам сёння атрымаць поспех
Ключавым партнёрам Беларусі на далёкай дузе, безумоўна, застаецца Кітайская Народная Рэспубліка. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ўжо сёння тавараабарот з КНР складае 8,5 мільярда долараў і на мільярд перавышае гандаль з усім Еўрапейскім саюзам. Але і тут, па словах беларускага лідара, за агульнай лічбай трэба бачыць больш шырокую карціну супрацоўніцтва і ролю Кітая для будучыні нашай эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што на вышэйшым узроўні пастаўлена задача стымуляваць сумеснае тэхналагічнае развіццё, забяспечыць прыход у Беларусь самых сучасных кітайскіх тэхналогій. Сферы дакладна вызначаны: станкабудаванне, мікраэлектроніка, нафтахімія, фармацэўтыка і інш. Кіраўнік дзяржавы даручыў паслам разгортваць практычную работу на ўзроўні галін і рэгіёнаў.
«Але калі мы, машынабудаўнічая краіна, не можам вытрымаць канкурэнцыю ў машынабудаванні, ва ўзбраеннях і яшчэ ў чымсьці, ёсць вельмі прасунутыя тут дзяржавы, — заўважыў Прэзідэнт. — Ну не можам аб’ектыўна. Гэта іх трэба дагнаць, а потым перагнаць і гэтак далей. Але давайце развівацца там, дзе мы можам, дзе не трэба нафта для гэтага, дзе не трэба для гэтага прыродны газ, рэдказямельныя нейкія металы і матэрыялы. Давайце будзем развіваць тую ж айцісферу, будзем развіваць фармацыю. Не хлусіць, што мы, як пры Піневічы (Дзмітрый Піневіч — экс-міністр аховы здароўя. — „Зв“.), дасягнулі больш паловы вытворчасці ўласных лекаў. А калі пачынаем глыбей капацца, усё не так проста. Таму давайце будзем займацца тым, у чым мы можам сёння атрымаць поспех і ў чым на рынку вялізная патрэба. Давайце туды будзем інвеставаць. Давайце будзем інвеставаць туды, для чаго ў нас ёсць сыравіна».
- У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў перапрацоўку драўніны. «У нас што ні ўраган, то праблема, — заўважыў ён. — Пад ціскам Прэзідэнта лес паламаны-пераламаны апрацавалі, вывезлі, склалі на ўзлеску — і цішыня. Усё гніе. Пытанне, навошта мы вывозілі тады гэты лес і ратавалі ад буралому? І цяперашні прэм’ер, учарашні губернатар, гэта вельмі добра ведае і разумее. Ну дык дзейнічайце! Гэта ж мы можам перапрацаваць. Ах, смецце ўсё перапрацавалі, вырабілі пелеты — няма куды дзяваць. Паехаў на прадпрыемства, паглядзеў, пытаюся: „Пелеты патрэбны ў свеце?“ „Патрэбны“. „Прадаеце?“ „Прадаем. І не ў страту“. Так, маржынальнасць нізкая цяпер у сувязі з тым, што сышоў Еўрапейскі саюз, але ён прыйдзе. І на іншых рынках з маленькім прыбыткам, але вынік ёсць. Дык гэта смецце перапрацавалі. Паглядзіце, колькі на ўзлесках у вас, а часам знахабіліся леснікі разам з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў — проста на поле вывезлі і паклалі гэты лес. Двайная шкода. Вывезлі — згніе (валяецца дагэтуль) і занялі гектары ўрадлівых земляў. Таму калі ў нас ёсць сыравіна, найвялікшы рэсурс (ніжэй Кіева, як я кажу, на поўдзень ад Кіева няма драўніны), давайце будзем вырабляць тое, што трэба свету. Давайце будзем дамаўляцца з іншымі краінамі: няхай прыязджаюць, разам з намі ствараюць сумесныя прадпрыемствы і перапрацоўваюць гэту драўніну».
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра ранейшыя дамоўленасці з Аманам, які гатовы ствараць сумесныя прадпрыемствы. «Ужо паўгода целяпаемся пасля майго візіту туды, — удакладніў Прэзідэнт. — Праз паўгода вы прыйдзеце і пачнеце мне казкі расказваць, як гэта трэба рабіць. І спатрэбіцца яшчэ некалькі гадоў, пакуль мы прыступім да будаўніцтва, а можа быць, і не прыступім увогуле. Гэта што, палітыка?»
Ад урада і пасольства найперш у Кітаі патрабуецца ўсёабдымнае садзейнічанне на ўсіх этапах распрацоўкі канкрэтных сумесных праектаў: ад аналізу рынку і работы з інвестарамі да каардынацыі і суправаджэння. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы скіроўвае не кідацца на першую прапанову, якая трапляе. «Не трэба агулам, не трэба ўсё рабіць чохам», — арыентуе Прэзідэнт, акцэнтуючы ўвагу на тым, што да ўсяго трэба падыходзіць па-гаспадарску.
Азія. Дзейнічаць больш актыўна
У цэлым азіяцкаму вектару Беларусь, па словах кіраўніка дзяржавы, надае дастаткова шмат увагі. На вышэйшым узроўні адпрацоўваюцца В’етнам, Інданезія, Іран, Манголія, М’янма, Пакістан. МЗС дакладвае аб перспектывах па Тайландзе і Лаосе.
«Пры гэтым тэмп росту экспарту ў Азію пакуль ніжэйшы, чым у цэлым па краіне ў перыяд з 2020 года, — канкрэтызуе Аляксандр Лукашэнка. — Таму трэба дзейнічаць нашмат больш актыўна, асабліва з улікам сітуацыі на расійскім рынку».
Краіны Персідскага заліва. Узяць свабодныя грошы і капіталы
Устойлівы дыялог на вышэйшым узроўні наладжаны з вядучымі краінамі Персідскага заліва: Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Аманам, Саудаўскай Аравіяй, Катарам. Аднак Прэзідэнт хоча бачыць канкрэтную манетызацыю ўзаемаадносін — выгадныя гандлёвыя і інвестыцыйныя праекты. «Такія, напрыклад, як беларускія хабы ў Эміратах, у Амане для магчымай вытворчасці і прасоўвання нашай прадукцыі ў іншыя краіны Блізкага Усходу і Афрыкі», — канкрэтызаваў ён.
Кажучы пра ўзаемадзеянне з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Аманам, Аляксандр Лукашэнка скіраваў ўвагу Міністэрства замежных спраў на тое, што тут больш чаканняў і надзеі, чым рэалій. «Тут мы Бога за бараду не ўзялі яшчэ, ніякіх хабаў мы яшчэ там не стварылі, — заўважыў ён. — Мы толькі марым аб тым, што яны там павінны быць. Давайце дзейнічаць. Яшчэ раз кажу: для мяне пасол і пасольства — гэта не пра палітыку. Гэта экспарт перш за ўсё прадукцыі (гандаль) і новыя інвестпраекты (тэхналогіі і працоўныя месцы). Толькі так мы будзем вас ацэньваць. Пастаянна вам кажу: у свеце шмат свабодных грошай і капіталаў, але іх трэба ўмець узяць. Прыводзьце іх у Беларусь».
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы заклікаў стварыць зразумелы пералік і ўмовы інвестыцый да нас, прыбраць махровую бюракратыю і прымусіць працаваць на вынік нашы так званыя інстытуты развіцця: Нацыянальнае агенцтва па інвестыцыях, Цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн, Беларускую гандлёва-прамысловую палату і гэтак далей. «Часам думаю: навошта мы іх трымаем, ды яшчэ і за дзяржаўны рахунак?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка і даручыў ураду даць прынцыповую ацэнку іх дзейнасці, агучыць прапановы па прамым узаемадзеянні з пасламі і адказнасці за канкрэтныя даручэнні. Нагадаў Прэзідэнт і пра адказнасць за карупцыйныя праявы, якія не абмінулі і гэтыя арганізацыі.
«Я ўсіх папярэджваю: хлопцы, таямніцы не бывае, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Не бывае ніякай таямніцы. Узялі сёння, заўтра ціха, паслязаўтра — пасадзілі. Даравання не будзе нікому».
Афрыка. Не праспаць
Кажучы аб супрацоўніцтве з Афрыкай, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, колькі прыйшлося цягнуць туды нашых міністраў і штурхаць прадпрыемствы. «Сцвярджалі, што працаваць нельга, — удакладніў ён. — Цяпер глядзіце на вынікі. Нават па Зімбабвэ, якая пад санкцыямі, Нігерыі. Аказваецца, усё рэалізуема».
Пры гэтым ва ўзаемадзеянні з афрыканскімі краінамі беларускі лідар бачыць большы патэнцыял, у прыватнасці, у пастаўках сельгастэхнікі. «Перш за ўсё ў іх праблема — накарміць і вылечыць народ, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы па Зімбабвэ бачым. 30 мільёнаў чалавек, мора для нас работы. Трэба накарміць. І так усюды. Ім перш чым купіць у нас сістэму „Тор-М2“, „Бук“, якую мы стварылі, ім трэба народ накарміць. Наша тэма. І яны з гігантамі скрозь зубы, але неяк супрацоўнічаюць, а з намі, з дзяржавай сярэдніх памераў, невялікай дзяржавай, яны разумеюць, што мы ім дыктаваць парадак дня ўнутраны не будзем. І яны імкнуцца да такіх краін. І я на перагаворах іх пазіцыю гэту падтрымліваю. Таму ў Афрыку, Азію і Лацінскую Амерыку, якую мы страцілі фактычна, трэба ісці».
Нягледзячы на няпростую абстаноўку, эфектыўнае ўзаемадзеянне, па словах кіраўніка дзяржавы, у нас наладжана, у прыватнасці, з Лівіяй. «Таму з Афрыкай трэба супрацоўнічаць, гэта будучыня, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы там умацуемся, калі мы там прасунем свой інтарэс, яны будуць супрацоўнічаць з намі заўсёды, бо мы гэта робім прыстойна. Таму, гледзячы на Зімбабвэ і тую ж Нігерыю, можам іншыя краіны ў прыклад прывесці, я ўжо не кажу аб Егіпце, Алжыры, з якімі мы даўно супрацоўнічаем, аказваецца, усё можам рэалізаваць».
Прэзідэнт удакладніў, што на ўзроўні віцэ-прэм’ера даводзіцца сумежныя прадпрыемствы падключаць, каб выканаць заказы ў тэрмін. Пры гэтым, па яго словах, урад рапартуе — разгрузілі склады.
- «За адзін 2024 экспарт у Афрыку павялічыўся ў 3,5 раза да рэкорднага паказчыка ў амаль 650 мільёнаў долараў, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Сёлета за 5 месяцаў дадалі яшчэ 150 мільёнаў долараў, а доля Афрыкі ў нашым экспарце ўзрасла з 1,5 да больш як 3 %. Зразумела, па якой схеме гэта працуе. Зразумела, што ў дырэктара „Лідсельмаша“ не будзе такога кантакту з афрыканскімі прэзідэнтамі-прэм’ерамі, як у некаторых прадпрымальнікаў. Дык, можа, пара, каб і ў іншых беларускіх бізнэсмэнаў вочы адкрыліся на гэты рэгіён? Там 54 краіны — усім месца хопіць. Гэта будучы макрарэгіён нумар адзін па тэмпах росту».
У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у канцы 1990-х — пачатку 2000-х беларусы заходзілі ў Кітай. «Цяпер тое ж самае з Афрыкай, — прывёў аналогію беларускі лідар. — „Праспім“ Афрыку — страцім прырост сваёй эканомікі ў будучыні. Самі прадпрыемствы павінны нарошчваць кампетэнцыі, мэтанакіравана вучыцца працаваць на афрыканскім кантыненце. Наша задача цяпер — не ўтрымаць станоўчую дынаміку, а магутна і ў прыярытэтным парадку замацавацца на афрыканскім рынку, выйсці на ўстойлівы мільярд, а лепш — 1,5 мільярда экспарту ў год да канца нашай пяцігодкі. Кантроль і попыт з нашых дыпламатаў у Афрыцы павінны стаць беспрэцэдэнтнымі». За канкрэтныя вынікі дыпламатаў чакаюць заахвочванні.
Прэзідэнт прапанаваў дыпламатаў, якія вызваліліся на Захадзе, накіроўваць у афрыканскія краіны, якія з’яўляюцца для Беларусі перспектыўнымі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў больш актыўна перанастройваць пазіцыі ў гэтых краінах.
Лацінская Амерыка. Асваенне новых перспектыўных рынкаў
З жалем Аляксандр Лукашэнка ўказаў на прасяданне лацінаамерыканскага напрамку. «Мінус 100 мільёнаў долараў да ўзроўню 2020 года, — канкрэтызаваў ён. — Экспарт у гэты рэгіён прадаўжае залежаць выключна ад паставак калійных угнаенняў. І гэта нягледзячы на сур’ёзнае ўмацаванне дыялогу з нашымі асноўнымі партнёрамі ў рэгіёне: Венесуэлай і Кубай, а таксама наяўнасць пасольстваў у Аргенціне, Бразіліі і Калумбіі. Бачу, што ў мінулым годзе ўрад займалася толькі Нікарагуа, падключыўшы рэсурсы Банка развіцця. Спадзяюся, гэты крок пралічаны і дасць эфект».
Прэзідэнтам узгоднены прапанаваныя ўрадам механізмы падтрымкі экспарту ў мэтах асваення новых перспектыўных рынкаў. Фінансавыя рэсурсы, патрабуе кіраўнік дзяржавы, павінны выдзяляцца не толькі пад доўгатэрміновыя экспартныя кантракты, але і пад кропкавае развіццё ўласнай тавараправоднай і лагістычнай інфраструктуры за мяжой.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў яшчэ раз паглядзець, як працуе інстытут замацавання службовых асоб і кіраўнікоў за краінамі. «Дадзеная сістэма — гэта не ганаровае званне і не грамадская нагрузка», — акцэнтаваў увагу ён і ў якасці прыкладу прывёў апошнія мерапрыемствы намесніка Прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча ў Афрыцы. Па меркаванні беларускага лідара, гэтак жа ўсе замацаваныя асобы павінны прадметна паглыбляцца ў тэму і дасягаць выніку.
«Час ваенны, турыстычных паездак не можа быць»
Падчас нарады была ўзнята праблема эфектыўнасці замежных камандзіровак. «Мы вярнуліся да таго, што было ў 1990-я гады мінулага стагоддзя: па ўсім свеце раз’язджаліся, як турысты, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Мне давялося вярнуцца да гэтай праблемы тады і спыніць усялякія непатрэбныя камандзіроўкі. Адміністрацыі Прэзідэнта даручана капітальным чынам узяць гэту праблему на кантроль. Дарэчы, з падачы (трэба аддаць належнае) Адміністрацыі Прэзідэнта. Таму любая камандзіроўка (мы нікога не стрымліваем: хочаце — едзьце), але адтуль прывязіце штосьці. Хаця б па двух пытаннях, па паўтара, па адным пытанні, але не проста: „Дайце мне паляцець туды“, бізнэс-клас і іншае — і выходзяць мільёны-мільёны долараў у год. А іх не проста зарабляць. Таму калі едзеце ў камандзіроўку, галоўнае — што вы адтуль прывезлі». Адміністрацыі Прэзідэнта даручана ўзяць гэта пытанне на жорсткі кантроль.
«Час ваенны, турыстычных паездак не можа быць», — патлумачыў такое рашэнне беларускі лідар і даручыў ураду канкрэтна прапісаць, па якіх крытэрыях будзе ацэньвацца эфект ад такіх мерапрыемстваў.
Контурна Прэзідэнт абазначыў — па кожнай краіне ў нас ёсць пералік канкрэтных эканамічных задач і інвестпраектаў. Гэта база, па словах кіраўніка дзяржавы, павінна быць у Міністэрстве замежных спраў. Даручана яе перагледзець і актуалізаваць. Пастаўлена задача да канца жніўня гэту сістэму ўзаконіць і давесці да ўсіх зацікаўленых.
«Вы больш чым вайскоўцы. Вы — аблічча нашай краіны»
Ставячы перад МЗС маштабныя задачы, Аляксандр Лукашэнка добра разумее, што іх выкананне залежыць ад кадравай палітыкі. «Міністэрства замежных спраў, нашы паслы ў прамым сэнсе знаходзяцца на перадавой, абараняючы нацыянальныя інтарэсы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Калі прызначалі цяперашняга міністра, галоўным даручэннем было — прынцыпова новы падыход да кадравай працы, тым больш ён не навічок у гэтым, ён займаўся гэтай справай у Адміністрацыі Прэзідэнта. Дзяржаве патрэбны сумленныя і крыштальна чыстыя людзі, адданыя сваёй краіне. Тут няма месца здрадзе і кумаўству, чым заўсёды пакутаваў наш МЗС. Было. Баюся, што нешта ёсць і цяпер. Апраўданняў тут, мужыкі, быць не можа. Паслухайце, вы — ваенныя людзі. Вы больш чым вайскоўцы. Вы — аблічча нашай краіны».
Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў вострыя пытанні ратацыі супрацоўнікаў МЗС. «Быў цэлы пул „вопытных“ дыпламатаў, яны ездзілі выключна па маршруце: любілі ездзіць прынамсі ў Нью-Ёрк, Лондан, Жэневу, затое ў Нігерыю пасла знайсці не можам, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мяркую, у цэлым вы разабраліся з гэтым пытаннем. Хоць то тут, то там працягвае выкрывацца такое, што за галаву хапаешся. Паслухайце, у нас ёсць без дыпламатаў добрыя людзі, гаспадарнікі, як мы іх называем. Ну будзе яшчэ адзін перакладчык там, талковы, які, акрамя перакладу, будзе яшчэ чымсьці займацца. Трэба знайсці талковага туды кіраўніка»
Прэзідэнт яшчэ раз скіраваў увагу на адказнасці за карупцыю: «Не апускайцеся да крыміналу, прашу вас. Спакус усюды шмат. Усё гэта ўсплывае і б’е потым так, што цяжка будзе падняцца. А вы ў асноўным маладыя людзі. Вам да пенсіі яшчэ працаваць і працаваць і сям’ю забяспечваць».
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што за год з невялікім корпус паслоў і генконсулаў абнавіўся больш як на 40%. «Рэалізуецца ўстаноўка аб умацаванні міністэрства вопытнымі спецыялістамі з іншых галін, тымі, хто рукамі памацаў вузлы і агрэгаты машын і механізмаў, якія вырабляюцца ў Беларусі, — удакладніў ён. — Гэта ўжо цяпер вашы кадры, Максім Уладзіміравіч (Рыжанкоў, міністр замежных спраў. — „Зв“.). І не забывайцеся пра меры бяспекі ў пасольствах. Час няпросты. Саветнікі па бяспецы павінны працаваць на поўную катушку, як у часы СССР. Павінна быць забяспечана наяўнасць шыфравальнага абсталявання для хуткага і абароненага інфармавання». МЗС разам з КДБ пастаўлена задача давесці гэту тэму да розуму.
«Без гатоўнасці адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі нічога не будзе!»
Закрануў кіраўнік дзяржавы і тэму ўступнай кампаніі. «На верхніх радках у абітурыентаў — спецыяльнасці „Сусветная эканоміка“, „Міжнароднае права“, — праінфармаваў ён. — Сёлета на іх у БДУ залімітавы прахадны бал на бюджэт — 400. Усе жадаюць быць міжнароднікамі. Побач „Міжнародная канфлікталогія“, „Міжнародная лагістыка“ — усё тое, што нам патрэбна, тое, што тут абмяркоўваем».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў МЗС Беларусі ў большасці размяркоўваюцца выпускнікі расійскага Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін, а не БДУ. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу знешнепалітычнаму ведамству разам з Міністэрствам адукацыі прааналізаваць гэту сітуацыю. «Нельга, каб самая таленавітая беларуская моладзь ішла ў нашу флагманскую ВНУ, дзе пасля 2020 года навялі парадак, а потым апынулася перад зачыненымі дзвярыма профільнага міністэрства, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Няўжо мы не можам на годным узроўні „абкатаць“ у іншых міністэрствах або ў выканкамах, дапусцім, гэтых людзей? А потым Максім Уладзіміравіч іх забярэ. Гэта наш будучы „залаты фонд“ і рэзерв. Што там казаць, гэта самыя таленавітыя хлопцы і дзяўчаты. Гэта цвет нацыі сядзіць, калі мазгі, вядома, нармальныя».
Засяродзіў увагу кіраўнік дзяржавы і на сямейным пытанні. «Мы патрабуем ад дыпламатаў быць узорам і ў працы, і ў побыце, — канстатаваў ён. — Стараемся накіроўваць за мяжу толькі сямейных людзей, але пры гэтым „выдзіраем“ з эканомікі жонак і мужоў, якім у выніку і ка’еру не пабудаваць, і на нармальную пенсію зарабіць цяжка. А сярод іх большасць з вышэйшай адукацыяй і пэўным жыццёвым досведам».
Прэзідэнт пацікавіўся, што трэба зрабіць, каб яны як мага хутчэй вярталіся да працы ў Беларусі, прыносілі карысць эканоміцы. «У нас не тая сітуацыя, каб выштурхоўваць кваліфікаваных людзей у хатнія гаспадыні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У гэтай сувязі Мінпрацы і сацабароны пастаўлена задача ўважліва паглядзець на гэтае пытанне і, дзе трэба, унесці прапановы па карэкціроўцы працоўнага заканадаўства.
Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што поспех у дасягненні нашых мэт напрамую залежыць ад дакладнага выканання пастаўленых задач і бездакорнай дысцыпліны. «Вы — больш чым вайскоўцы, — яшчэ раз паўтарыў ён. — Памятайце, без гатоўнасці адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі нічога не будзе! Ці будзе, але ўжо без вас, чаго не хацелася б. Мне вельмі не хацелася б. Я часта кажу: вы мае дзеці. 2020 год у сістэме МЗС мы больш не паўторым. Таму галавой адказваеце кожны за свой рэгіён і краіны акрэдытацыі. Вам пра гэта гаварылася пры прызначэнні, і кожнаму дадзены канкрэтныя даручэнні».
Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што пры агульным прыярытэце эканомікі задачы паслам ставяцца персанальныя. «У сувязі з гэтым і да ацэнкі эфектыўнасці іх вырашэння таксама варта падыходзіць строга індывідуальна, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Я вельмі разлічваю на агульную зладжаную працу МЗС і ўсіх зацікаўленых ведамстваў. Паўтаруся: час ваенны, а дыпламаты — таксама па сутнасці людзі ваенныя».
Мы павінны вырабляць канкурэнтныя па цане тавары, адаптаваныя пад патрэбы канкрэтных рынкаў
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў далажыў, што ўсе даручэнні, дадзеныя Прэзідэнтам на нарадзе ў 2021 годзе, выкананы: забяспечаны рост знешняга гандлю таварамі і паслугамі, прыцягненне замежных інвестыцый у зададзеных параметрах, актывізаваны перагаворы аб заключэнні пагадненняў аб свабодным гандлі ЕАЭС з трэцімі краінамі. Распрацаваны і зацверджаны комплексныя стратэгіі падтрымкі экспарту, усебаковага супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі, дырэктывы аб развіцці двухбаковых адносін з Кітаем да 2025 года. Прыняты меры ў адказ да краін і кампаній, якія праводзяць санкцыйную палітыку, меры па зняцці гандлёвых бар’ераў і абмежаванняў, абароне ўнутранага рынку і інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання, удасканаленні механізмаў фінансавай і нефінансавай падтрымкі экспарту.
«У рамках рэалізацыі даручэння па пераарыентацыі экспартных патокаў забяспечаны рост экспарту на альтэрнатыўныя рынкі. За чатыры гады забяспечаны прырост экспарту тавараў і паслуг да практычна ўстаноўленага Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025 года — 50 мільярдаў долараў», — сказаў Максім Рыжанкоў. Міністр замежных спраў звярнуў увагу, што палепшаная структура экспарту. «Доля нафтапрадуктаў і калію ў экспарце паменшаная з амаль 20% да 16% пры павелічэнні долі высокатэхналагічнай прадукцыі з 3,5% да 5,5%, таварная наменклатура пашыраная на 216 новых пазіцый. Экспарт паслуг таксама вырас. Нас радуе тое, што камп’ютарныя паслугі вяртаюцца на добрыя пазіцыі ў структуры нашага экспарту. Дадалі за кошт экспарту паслуг па гэтым паўгоддзі 600 мільёнаў долараў, праўда, пры гэтым па пастаўках тавараў прасяданне. Асноўная прычына — зніжэнне паставак нафтапрадуктаў і прадукцыі машынабудавання. Але калі не лічыць гэтыя катэгорыі, то экспарт па іншых таварах, дзе сапраўды можна прасачыць ролю пасольстваў, вырас амаль на 400 мільёнаў долараў, што вельмі блізка да прагнозу на паўгоддзе», — адзначыў Максім Рыжанкоў.
- Асобна міністр спыніўся на сістэмных праблемах і задачах. Адна з іх — нарошчванне фізічнай прысутнасці на знешніх рынках. Прырост экспарту за чатыры гады, што па словах міністра, не радуе, забяспечаны пераважна за кошт спрыяльнай цэнавай кан’юнктуры. «Цэны выраслі на 30%, а вось фізічныя аб’ёмы паставак — усяго на 6,2%, — прывёў лічбы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Мы не можам знайсці пакупніка. Дыпламаты па максімуму адпрацоўваюць прапановы, падказваюць галіны, дзе прадукцыя запатрабаваная. Але мы павінны вырабляць канкурэнтныя па цане тавары, адаптаваныя пад патрэбы канкрэтных рынкаў, з высокай дабаўленай вартасцю і інавацыйным складнікам. Канкурыраваць становіцца ўсё цяжэй.
Другое пытанне — геаграфічная дыверсіфікацыя экспарту. Міністр адзначыў, што доля Расіі ў экспарце перавышае 65%. І гэта насцярожвае, бо пачынаецца залежнасць ад кан’юнктуры ў адной краіне. Таму, акцэнтаваў Максім Рыжанкоў, неабходна, актыўна дыверсіфікаваць геаграфію беларускіх паставак, у тым ліку датычна краін далёкай дугі. Але ў гэтым кірунку існуе канкурэнцыя з боку іншых краін, у прыватнасці Кітая і Турцыі. На што Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта ёсць, але гэта не крытычна. «Нам жа не трэба столькі, як Кітаю. Нам трэба зусім няшмат у кожнай краіне», — адзначыў ён. Па словах Прэзідэнта, калі раскласці на дэталі, то працаваць можна ў кожнай асобнай краіне. Галоўнае — актывізавацца.
Максім Рыжанкоў адзначыў, што дыпламаты робяць нямала намаганняў для прасоўвання беларускіх тавараў на далёкія рынкі. Але здараецца, што працэсы тармозіць інертнасць саміх прадпрыемстваў, якім прасцей працаваць з расійскімі партнёрамі і краінамі СНД. Па словах кіраўніка МЗС, кожная падобная праблема вырашаецца ў «ручным рэжыме». Аднак ёсць і станоўчыя прыклады з афрыканскімі краінамі. Паводле слоў міністра, практычна выйшлі на ўстаноўлены кіраўніком дзяржавы паказчык і па экспарце ў Кітай — за пяць месяцаў ён павялічыўся на 29%. «Мы чакаем, што нават перавысім зададзены параметр у гэтым годзе, калі далей пойдзе так работа», — удакладніў міністр.
Па яго словах, кардынальна зменены падыходы да планавання экспартнай дзейнасці. Распрацавана праграма дзейнасці ўрада на 2025-2029 гады. «У адпаведнасці з ёй мы распрацоўваем на бліжэйшую перспектыву — двухгадовыя краінавыя і на рэгіёны Расіі — дарожныя карты па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту, на сярэднетэрміновую перспектыву — галіновыя экспартныя стратэгіі на 2026-2029 гады», — далажыў Максім Рыжанкоў. На сёння зацверджаны 17 краінавых дарожных карт на 2026-2027 гады.
Гаворачы аб такім пытанні, як удасканаленне сістэмы продажаў, міністр звярнуў увагу, што нягледзячы на даручэнне Прэзідэнта аб рэалізацыі прадукцыі на больш далёкіх базісных умовах, усё яшчэ вялікая доля гандлю «ад варот». Паводле яго слоў, варта прадоўжыць адпрацоўку комплексных рашэнняў па пашырэнні геаграфіі лагістыкі, зніжэнні выдаткаў, максімальным уцягванні беларускіх экспарцёраў і перавозчыкаў
Для паспяховага прасоўвання нашага экспарту ўпор трэба рабіць менавіта на замацаванне новых экспартных прадуктаў, што ў прынцыпе немагчыма без стварэння зборачных і сумесных вытворчасцяў, сэрвіснай і гандлёва-лагістычнай інфраструктуры з наяўнасцю неабходнага асартыменту прадукцыі. Гаворачы аб эфектыўнасці падтрымкі экспарту, Максім Рыжанкоў заўважыў, што галіны, бізнес-структуры, экспарцёры нястомна патрабуюць ад урада і МЗС укараніць новыя механізмы фінансавання экспарту. У той жа час практычна не выкарыстоўваюць для прасоўвання экспарту на далёкую дугу нават тыя інструменты, якія ёсць.
«Урадам вызначаны новыя падыходы да ўдасканалення механізмаў крэдытавання экспарту. Плануецца ўвядзенне дыферэнцыраванага падыходу да памеры дзяржпадтрымкі — чым складанейшы тавар і далейшы рынак збыту, тым больш аб’ём субсідзіравання з бюджэту працэнтнай стаўкі па экспартным крэдыце. Міністэрствам замежных спраў распрацоўваюцца прапановы ў дзеючы ўказ „Аб падтрымцы экспарту“, які прадугледжвае павелічэнне кратнасці частковага пакрыцця выдаткаў пры ўмове ўдзелу ў міжнародных спецыялізаваных выставах у розных краінах», — далажыў Максім Рыжанкоў.
Гэтак жа, па словах міністра, не менш важныя, чым экспарт, замежныя інвестыцыі ў нашу краіну. Ён адзначыў, што штогадовы аб’ём прамых замежных інвестыцый у нашу эканоміку павінен складаць не менш за 4-5 мільярдаў долараў у год. Але на справе прыцягваюць у тры разы менш. Максім Рыжанкоў адзначыў, што такія краіны, як ААЭ, Катар, Аман гатовыя ўкладваць сродкі ў Беларусь. Але патрэбныя прапановы, якія змогуць" «зачапіць» патэнцыйных інвестараў.
Максім Рыжанкоў далажыў, што для ацэнкі работы кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў у дасягненні канкрэтных вынікаў у МЗС распрацаваны адпаведны механізм. З 2022 года працуе сістэма індыкатараў эфектыўнасці работы з паказчыкамі па розных пытаннях. У кожнага пасла ёсць «кіраўніцтва да дзеяння» — краінавыя дарожныя карты на двухгадовы перыяд.
Пашырэнне экспартных магчымасцяў. спытаюць найжорстка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Аляксей Багданаў праінфармаваў аб перспектывах пашырэння экспартных паставак на казахстанскі рынак. «Казахстан для Беларусі з’яўляецца адным з асноўных эканамічных партнёраў, займаючы другое месца па тавараабароце, экспарце, імпарце сярод краін СНД», — адзначыў ён.
Пры гэтым Аляксей Багданаў звярнуў увагу на тое, што шэрагам айчынных прадпрыемстваў недаацэнены патэнцыял казахстанскага рынку. «Неабходна разумець, што Казахстан — гэта буйны імпарцёр шырокага пераліку тавараў і важны геапалітычны гулец у Цэнтральнай Азіі, праз які праходзіць шэраг транспартных калідораў, неабходных для беларускага экспарту», — канстатаваў ён.
Пасол агучыў найбольш перспектыўныя кірункі, якія дазволяць забяспечыць стабільную і сістэмную работу на казахстанскім рынку. Стаўку, па яго словах, варта рабіць на больш шырокае прасоўванне машынабудаўнічай тэхнікі і стварэнне сумесных зборачных вытворчасцяў, абмен напрацоўкамі і кампетэнцыямі ў аграрнай сферы. Асобным кірункам работы, па меркаванні дыпламата, можа стаць пастаўка на спажывецкі рынак Казахстана асобных беларускіх тавараў, якія карыстаюцца шырокім попытам у жыхароў гэтай краіны.
Стаўку варта рабіць і на рэгіянальнае супрацоўніцтва. «Як паказвае станоўчы вопыт з Расійскай Федэрацыяй, прамое і жывое ўзаемадзеянне рэгіёнаў дазваляе актывізаваць усе магчымыя бізнэс-працэсы і максімальна зблізіць суб’екты гаспадарання», — заўважыў Аляксей Багданаў.
Міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў пагадзіўся з заўвагамі пасла Беларусі ў Казахстане, якія, па яго словах, будуць улічаны. Інфармуючы аб рабоце сістэмы Міністэрства прамысловасці па нарошчванні экспарту на замежныя рынкі, кіраўнік ведамства далажыў, што ў бягучай пяцігодцы сістэма Мінпрама паказала гатоўнасць да рэагавання на сучасныя выклікі і аператыўную рэалізацыю пытанняў у складаных умовах.
«У 2024 годзе дасягнулі аб’ём экспарту ў 6,5 мільярдаў долараў, гэта максімальнае значэнне за апошнія 10 гадоў, — сказаў міністр прамысловасці. — У цэлым у бягучай пяцігодцы (з 2020 года па бягучы перыяд 2025 года) тэмп росту прамысловага экспарту, у тым ліку дзякуючы працы на перспектыўных рынках Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёвай Амерыкі, у гэтых рэгіёнах склаў 143 % росту».
Андрэй Кузняцоў звярнуў увагу на недастатковыя намаганні па дыверсіфікацыі паставак і залежнасць ад аднаго рынку. «Але работу мы вядзем, практычна з усімі пасламі асабіста правёў сустрэчы, — удакладніў ён. — Ёсць разуменне, куды нам ісці. Для паглыблення дыверсіфікацыі экспарту ў 2025-2026 гадах упор зроблены на краінах далёкай дугі. Ключавым кірункам работы ў бягучым годзе з’яўляецца комплексная механізацыя сельскай гаспадаркі Нігерыі, Зімбабвэ. Усюды, дзе прысутнічае тэхніка Мінпрама, забяспечаны сэрвіс і запасныя часткі. Гэта наша асноўнае патрабаванне. Цяпер праводзім рэвізію, калі дзесьці будзе недастаткова, мы гэта ўсё паправім».
На Блізкім Усходзе ключавы партнёр Беларусі па пастаўцы тэхнікі — Пакістан. Актыўна айчынныя машыны паступаюць на рынкі Сірыі і Лівана. Буйны кантракт па пастаўках камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі рэалізуецца з Нікарагуа. І гэта далёка не ўся геаграфія экспарту тэхнікі Мінпрама. Але, па словах міністра, ёсць і рынкі, якія ў поўным аб’ёме не выкарыстоўваюцца.
«З улікам умоў на замежных рынках і накіраванасці на лакалізацыю вытворчасцяў дадатковая апора далейшага росту экспарту прамысловай прадукцыі — гэта стварэнне сумесных зборачных прадпрыемстваў на тэрыторыі замежных краін, — адзначыў Андрэй Кузняцоў. — У першую чаргу будзем арганізоўваць сумесныя прадпрыемствы ў тых краінах, дзе мы прадаём тэхніку і дзе яна запатрабавана, з магчымасцю яе рэалізацыі ў трэція краіны. Лічым зборку тэхнікі з замежнымі партнёрамі адным са стратэгічных кірункаў работы».
«Вы па экспарце, я так разумею, да 100 % не дацягваеце», — удакладніў Прэзідэнт.
«Сёння бачым у раёне 92-93 % па выніках года, работу цяпер вядзём», — сказаў міністр прамысловасці.
«Я папярэджваў цяперашняга Прэм’ер-міністра і вас папярэджваю: спытаем найжорстка, па экспарце перш за ўсё, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А не дай бог, вы створыце праблему на прадпрыемствах (а гэта ж гіганцкія прадпрыемствы, кампаніі: „Гомсельмаш“, МТЗ і гэтак далей), крыўдуце самі на сябе. Таму з Прэм’ер-міністрам вы адказваеце сёння за прарыў на гэтым фронце».
Міністр эканомікі Юрый Чабатар праінфармаваў аб рабоце па прыцягненні прамых замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі. У бягучых умовах, па яго словах, стаўка робіцца на айчыннага інвестара. І ў апошнія гады гэта задача, як ён праінфармаваў, паступова вырашаецца.
«У мінулым годзе прыраслі на 8 % па інвестыцыях у асноўны капітал, — канкрэтызаваў міністр эканомікі. — У бягучым годзе дабавілі яшчэ плюс 14 %, доля ВУП — ужо больш 18 %. Рэалізавалі за пяцігодку каля 650 інвестпраектаў. Такім чынам, краіна можа ўласнымі сіламі развіваць інвестыцыйны патэнцыял. У сувязі з гэтым у рабоце з замежнымі інвестарамі мы павінны сыходзіць з кропкавай работы ў суправаджэнні з канкрэтнымі праектамі».
Юрый Чабатар паведаміў, што ў краіне больш як 5 тысяч кампаній з замежным капіталам, што складае 3,4 % ад агульнай колькасці. Ён звярнуў увагу на эфектыўнасці канцэнтрацыі прытоку інвестыцый з некалькіх краін. «У сувязі з гэтым паслам пастаўлена задача прыцягваць у Беларусь замежных інвестараў, — праінфармаваў міністр эканомікі. — Ключавыя сферы інвесціравання — гэта апрацоўчая прамысловасць, сельская гаспадарка, энергетыка. Ужо рэалізаваны значныя праекты з прыцягненнем замежных інвестараў у нашу краіну. Таму кропкавая работа з тымі інвестарамі, у якіх ёсць праекты, — найважнейшая задача для паслоў».
На будучую пяцігодку ставіцца задача забяспечыць рост інвестыцый на 17 %.
Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева агучыла прадпрыемствы, якія, па яе словах, «правальваюцца па экспарце». Узняла яна і тэму дэбіторскай запазычанасці, што з’яўляецца актуальным для шэрагу прадпрыемстваў, у цэлым прадстаўленасці беларускай прадукцыі на замежных рынках.
- Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка агучыў шэраг праблем беларускага экспарту. «Нам не хапае капіталу, — канкрэтызаваў ён. — Таму трэба прыцягваць партфельных інвестараў і запускаць іх у асноўны капітал гэтых праектаў. Па-першае, гэта дасць нам магчымасць зэканоміць на капітале, па-другое, мы атрымаем партнёра, які будзе зацікаўлены не толькі ў атрыманні прыбытку, а і ў прасоўванні прадукцыі гэтага прадпрыемства на міжнародны рынак. Менавіта ў такой мадэлі прыцягнення інвестыцый найбольш выгадны шлях нашай эканомікі ў бліжэйшую пяцігодку».
У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па прыцягненні інвестыцый Беларусь гатова разглядаць любыя інвестыцыйныя праекты і ствараць для гэтага любыя ўмовы. «Не толькі пабудаваць, нешта прадаць, прыцягнуць 15 %, 20 %, 30 %. Любыя!», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Трэба варушыцца — іншага шляху няма»
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне, што гэтая размова будзе прадоўжана і ва ўрадзе, і ў міністэрствах, а не проста застанецца парадным мерапрыемствам. Паводле яго, гэтая нарада павінна даць эфект. Не па адзінкавых пытаннях, а па глабальных.
Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на кропкавыя пытанні, якія абмяркоўваліся на нарадзе. «Нам трэба прапісаць энную колькасць стратэгічных праектаў. Буйных, сярэдніх — не важна. Каб яны былі і мы маглі па свеце хадзіць і прапаноўваць гэтыя праекты. Нефармальна прапісаць. І кроў з носа, трэба дамагацца рэалізацыі гэтых праектаў», — паставіў задачу ён. Прэзідэнт нагадаў, што прапаноў па праектах было нямала, але многія з іх так і не было рэалізаваныя.
- Гаворачы аб пастаўках тэхнікі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, пастаўляючы тэхніку, трэба адразу пастаўляць і камплектуючыя для яе. Гэта важна зрабіць у імя будучыні. Сёння замежным партнёрам важна не толькі купіць нашу тэхніку, але і мець магчымасць яе абслугоўваць. Інакш гэтыя закупкі бессэнсоўныя. «Таму так, павінен быць камплект запчастак і сервісныя цэнтры. Мы дамовіліся, (асабліва ў нас праблемы ў буйных кампаніях дзяржаўных) давайце адзін сервісны цэнтр магутны створым у адным месцы на вобласць або, як вы вырашыце, на краіну. Але каб гэта былі агульныя цэнтры для МАЗ, БелАЗ, МТЗ і да таго падобнае. Можам гэта зрабіць? Магчыма. Хоць зноў жа, я не настойваю. Гэта ваша справа. Калі вы лічыце, што лепш і танней кожны паасобку — рабіце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што ініцыяваць гэты працэс павінен не пасол, а само прадпрыемства. А задача пасла — рухаць гэты працэс і кантраляваць.
«Мужыкі, як бы ні было складана, трэба варушыцца. Трэба варушыцца — іншага шляху няма, калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі. А вы ж усе хочаце, у нас МЗС у авангардзе гэтага ідзе — суверэнітэту і незалежнасці, — заявіў беларускі лідар. — Кожны дзень, кожную гадзіну трэба ствараць гэты суверэнітэт і незалежнасць».
Што датычыцца зборачных вытворчасцей, стварэння сумесных вытворчасцей і далей лакалізацыі, па словах Прэзідэнта, як бы ні было складана, ад гэтага нікуды не дзецца. «Калі мы хочам працаваць. Ці нам трэба гэтыя вытворчасці закрываць у краіне і развіваць нешта такое, без чаго свет не абыдзецца. Ну слухайце, у нас няма таго, без чаго свет не абыдзецца. Усё, што мы робім, у свеце робяць, і на парадак лепш пакуль», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння няма іншага выйсця, як працаваць, каб не страціць краіну і не загубіць яе. Бо ўсе хочуць жыць у сваёй краіне. «Мы разумеем, што нам усё гэта вытрымаць, што нам трэба жыць у гэтай сістэме, калі хочам быць суверэннымі і незалежнымі. І калі трэба дзесьці плячом прыткнуцца да моцнага суседа, які дапаможа нам забяспечыць бяспеку — добра. Як толькі з’явілася ядзерная зброя, тон размовы з амерыканцамі і з іншымі зусім іншы. Я кажу: „мужыкі, вы не думайце, мы не збіраемся нікога бамбіць. Але вы павінны разумець, крок налева — крок направа на тэрыторыю нашай краіны — імгненны адказ будзе“, — заявіў Прэзідэнт. — Дык што ў гэтым дрэннага? Якая краіна магла б нам даць такі шчыт? Ніякая, акрамя Расіі. І гэта дарагога варта».
Звяртаючыся да паслоў, кіраўнік дзяржавы папрасіў аб тым самым, аб чым прасіў іх пры прызначэнні, — выканаць свае абавязкі, забяспечыць экспарт у гэтых цяжкіх умовах.
Асобна беларускі лідар звярнуўся да губернатараў, якія таксама прысутнічалі на нарадзе. Для іх цяпер галоўнае пытанне — уборачная кампанія, якая сёлета праходзіць у вельмі няпростых умовах надвор’я. Паводле слоў Прэзідэнта, у гэтай сітуацыі патрэбны манеўр. Трэба жаць там, дзе ўжо можна жаць. «Манеўраваць трэба кожную гадзіну», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што падобны год ужо здараўся, і тады прыйшлося прасіць крэдыт у чэхаў для закупкі збожжа. Але тады і камбайны былі — не параўнаць з цяперашнімі. Сёння трэба знайсці добрых механізатараў і ўраджай будзе ўбраны. Таксама, арыентуе кіраўнік дзяржавы, трэба сачыць і за бульбай, рапсам, кукурузай і іншымі культурамі. «Няпросты год, таму трэба, каб усе былі „на варце“ і разумна ўбіралі хлеб», — рэзюмаваў ён.
Валерыя СЦЯЦКО
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА