Любы грыб, які кладзеш у кошык, трэба добра ведаць «у твар»
Грыбы — адны з самых загадкавых жывых істот на нашай планеце. Навукоўцы дагэтуль не вызначыліся, да якой навукі іх аднесці — батанікі ці заалогіі. А вось тое, што гэтыя лясныя жыхары забралі не адну тысячу чалавечых жыццяў, — факт дакладны. Мы самі цягнем іх у рот, а пасля ўсё заканчваецца або перасадкай печані, або ўвогуле магілай.
Размова тут, канешне, пра грыбы ядавітыя. Ядомыя грыбы — гэта хоць і не вельмі карысная, але бяспечная смаката. Уся праблема ў тым, што людзі, здараецца, не адрозніваюць адны ад другіх. А самае надзейнае правіла: не ведаеш, што за грыб, — не бяры — выконваюць, на жаль, далёка не ўсе.
Мы сабралі парады дасведчаных грыбнікоў наконт таго, як адрозніць ядомы грыб ад небяспечна-атрутнага. Камусьці, магчыма, яны пададуцца элементарнымі. Але лепш лішні раз паўтарыць пройдзенае, чым пасля шкадаваць.
Як адрозніць ядавіты грыб?
Хтосьці скажа: пакаштаваць. Калі смак горкі ці пякучы — выкідвай. Гэтага рабіць не варта. Тая ж бледная паганка вельмі ядавітая, і нават дробненькая яе частка можа выклікаць сур’ёзную інтаксікацыю арганізма. Так што лепш даверыцца не смаку, а іншаму асноўнаму пачуццю — зроку.
Паглядзіце на ўнутраны бок грыбной шапачкі. З асцярогай пастаўцеся да «незнаёмца», у якога яна пласціністая, — такія часцей сустракаюцца ў ядавітых. У ядомых жа часцей шапачка трубчастая.
Ножка, асабліва яе ніжняя частка, таксама можа шмат сказаць: у тых жа паганак усіх відаў там ёсць невялікае патаўшчэнне.
Калі на ножцы ёсць «спаднічка», размешчаная бліжэй да шапачкі, гэты грыб таксама трэба ставіць пад вялікае сумненне.
Неядомыя «двайнікі»
У многіх любімых правераных грыбоў ёсць «браты», вельмі на іх падобныя знешне, але ні ў якім разе не па прыдатнасці ў ежу. Ужыванне такіх двайнікоў можа скончыцца вельмі дрэнна. Нагадаем, чым яны адрозніваюцца ад арыгіналаў.
- Баравік / жоўцевы і сатанінскі грыбы
Знешне яны падобныя да ядомага баравіка. Але пры пільным аглядзе можна заўважыць адметныя асаблівасці. У жоўцевага грыба на ножцы вы ўбачыце цёмную сетку, а ў сатанінскага — чырвоную. Паназірайце, ці мяняе колер зрэз грыбной ножкі. Калі ён мае ружовае адценне, то гэты грыб з’яўляецца неядомым. Сапраўдны баравік пры разразанні ножкі колер не мяняе.
- Падасінавік / несапраўдны падасінавік
Колер шапачкі ў двайніка больш цёмны, чым у сапраўднага чырвонагаловіка. Таксама можна зрабіць на ножцы надрэз і паглядзець на колер. У грыба, які без боязі можна класці ў кошык, ножка пацямнее (пасінее). А ў несапраўднага падасінавіка — паружавее.
- Падбярозавік / несапраўдны падбярозавік
У гэтага грыба таксама колер шапачкі цямнейшы, чым у ядомага «брата». Зрэз ножкі будзе мець сіняе адценне ў «падробкі». Яшчэ важная дэталь: несапраўдны падбярозавік не расце пад бярозамі.
- Лісічкі / несапраўдныя лісічкі
«Двайнікі» больш яркія па афарбоўцы — яны ярка-аранжавыя. Яшчэ адна вызначальная прыкмета: калі такі грыб надламаць, з яго будзе выдзяляцца вадкасць, падобная на малако. У сапраўдных грыбоў мякаць шчыльная і сухая.
Міфы аб ядомых і ядавітых грыбах
-
Ёсць меркаванне, што толькі ядомыя віды грыбоў прыемныя на смак. Насамрэч і неядомыя прадстаўнікі могуць мець падобныя якасці. Вызначаць грыбы, прыдатныя для прыгатавання, неабходна толькі па знешніх прыкметах. Каштаваць іх нельга: падобныя эксперыменты могуць прывесці да негатыўных наступстваў.
-
Некаторыя думаюць, што маладыя грыбы бяспечныя, нават калі яны ядавітыя, бо толькі па меры росту грыба ў ім назапашваюцца небяспечныя для жыцця чалавека рэчывы. Насамрэч у ежу смяротна небяспечна ўжываць любыя грыбы, якія адносяцца да ядавітых і неядомых, незалежна ад этапаў іх росту.
-
Памылковай з’яўляецца версія, што абсалютна ўсе ядавітыя грыбы маюць непрыемны пах. Насамрэч гэта не так. Справа ў тым, што некаторыя грыбы не маюць паху ўвогуле. Іншыя ж прадстаўнікі неядомых грыбоў могуць мець, наадварот, прыемны водар.
-
Нават грыбы, на якіх ёсць насякомыя або сляды зубоў жывёл, могуць аказацца неядомымі для чалавека. Калі вы заўважылі на шапачцы чарвякоў, смаўжоў, не варта быць упэўненым, што гэтыя грыбы можна ўжываць у ежу.
-
Адной з самых небяспечных памылак з’яўляецца міф аб тым, што алкаголь здольны нейтралізаваць атрутныя рэчывы. Наадварот, алкаголь дзейнічае падобна каталізатару. Ужыванне падобных напояў спрыяе інтаксікацыі арганізма.
-
Не варта спадзявацца на тое, што тэрмічная апрацоўка здольная пазбавіць грыбы ад таксінаў. Колькі паганку ні вары, яна паганкай і застанецца, у тым ліку і па атрутных якасцях.
Дарэчы, атруціцца можна і баравіком. Калі ён стары, чарвівы або вы зрэзалі яго каля ажыўленай аўтамабільнай дарогі.
Цяпер, калі мы нагадалі вам асноўную важную інфармацыю, можаце смела ісці ў лес. А не, забыліся яшчэ раз сказаць самае галоўнае правіла дасведчанага грыбніка: калі грыб выклікае ў вас хаця б тысячную долю сумнення — пакіньце яго там, дзе ён расце!
І ўдалага вам «ціхага палявання»!
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА