Да паходу ў лес варта падрыхтавацца
Нават самыя заўзятыя грыбнікі і ягаднікі кажуць, што наваколле ўвесь час змяняецца, таму заблукаць на раней знаёмых сцежках і палянках не складана. Тым больш рызыкоўна, калі маршрут аматараў збору лясных дароў пралягае не праз «свой» лес. Нярэдка грыбнікі пераацэньваюць свае сілы ў пошуках лісічак ды баравікоў, калі пераадольваюць вялікія адлегласці. Вярнуцца назад ім не дазваляе здароўе. Іншыя, упэўненыя ў сваіх сілах, будучы ў лесе, не звяртаюць увагі на арыенціры — у выніку забрыдаюць у незнаёмыя месцы.
Ідучы ў лес, людзі настолькі перасталі клапаціцца аб уласнай бяспецы, што не задумваюцца аб належнай падрыхтоўцы да «ціхага палявання», спадзяваючыся на ратавальнікаў у выпадку надзвычайнай сітуацыі, забываюць узяць з сабой нават тэлефон або папярэдзіць родных аб сваіх планах. Безумоўна, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, калі да іх паступіць адпаведны сігнал, неадкладна выедуць на пошукі, але колькі на гэта спатрэбіцца часу — ужо іншае пытанне. У такім выпадку варта задумацца вось пра што: у той час, як ратавальнікі шукаюць вас у лесе, дзесьці, магчыма, у больш крытычнай сітуацыі, патрэбна іх дапамога.
У кішэні — зараджаны тэлефон
Мабільны тэлефон (абавязкова падзараджаны!) — гэта галоўнае, што трэба ўзяць з сабой у лес. Па-першае, вы самі зможаце паведаміць ратавальнікам, што заблукалі, патлумачыць, у якім месцы ўваходзілі ў лес. Па-другое, дзякуючы геалакацыі тэлефона з дакладнасцю будзе ўстаноўлена ваша месцазнаходжанне.
- Хто ведае, колькі б часу спатрэбілася на пошукі грыбніка ў Пухавіцкім раёне, калі б ён не ўзяў з сабой у лес мабільнік. Высветлілася, што ў грыбы мужчына накіраваўся ў шэсць гадзін вечара. У дзесяць ён патэлефанаваў у МНС і сказаў, што не можа самастойна знайсці дарогу дадому. На працягу гадзіны ратавальнікі выявілі згубленага ў лесе. Увесь гэты час яны размаўлялі з ім па тэлефоне, што дазволіла не толькі больш эфектыўна правесці пошукавую аперацыю, а і падтрымліваць мужчыну ў стабільным маральным стане.
14 чалавек (ратавальнікам дапамагалі супрацоўнікі міліцыі) і чатыры адзінкі тэхнікі былі задзейнічаны ў пошуку 84-гадовай жанчыны на Гродзеншчыне. У МНС патэлефанаваў яе муж і папрасіў дапамогі. Як высветлілася, раніцай суджэнцы пайшлі ў грыбы. Пасля некалькіх гадзін збору жанчына стамілася і засталася на паляне, пакуль яе муж пайшоў па машыну. Вярнуўшыся, мужчына не застаў жонку на месцы, на яго голас яна не адгукалася. Пры абследаванні ляснога масіву ратавальнікі і міліцыянеры знайшлі пенсіянерку, даставілі яе да машыны хуткай дапамогі. На шчасце, шпіталізацыя выратаванай не спатрэбілася.
І такіх прыкладаў у ратавальнікаў — кожны дзень па некалькі.
Папярэдзьце родных
Як звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ, самая галоўная рэкамендацыя для тых, хто збіраецца ў лес, — праінфармуйце аб сваіх планах родных, блізкіх або суседзяў. «Важна ўлічваць умовы надвор’я, якое апошнім часам непрадказальнае, — удакладняе ён. — Калі вы бачыце папярэджанне МНС аб небяспечных метэаралагічных з’явах, то, калі ласка, устрымайцеся ад паходу ў лес. Акрамя таго, што можна згубіцца, павышаюцца шанцы трапіць у стыхію, што можа прывесці да пэўных наступстваў».
Збіраючыся ў лес, варта сур’ёзна падысці да выбару адзення. Апранацца пажадана ярка: у выпадку, калі вы збіліся з маршруту, чырвоная куртка або аранжавая хустка, кепка дапамогуць хутчэй вас заўважыць. Вельмі важна, каб адзенне і абутак не прамакалі.
Ідучы ў грыбы або ягады нават на непрацяглы час, варта ўзяць з сабой невялікі запас ежы, ваду, нож і запалкі. Калі заблукаеце, гэты просты набор дазволіць пратрымацца пэўны час. Тым, хто рэгулярна прымае лекі, ратавальнікі рэкамендуюць узяць іх з сабой. Калі самаадчуванне не вельмі, то «ціхае паляванне» або збор ягад варта ўвогуле адкласці на потым. Не лішнім будзе «ўзброіцца» компасам і картай. Калі вы дрэнна арыентуецеся на мясцовасці, то ратавальнікі ўвогуле рэкамендуюць не ісці ў лес.
Яўген Бараноўскі раіць устанавіць у сваім мабільным тэлефоне афлайн-карту, якая дапаможа арыентавацца ў мясцовасці і прасторы. «Калі згубіліся і не можаце самастойна выйсці з лесу або трапілі ў бяду, тэлефануйце ў МНС. Мы абавязкова вам дапаможам», — падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік ведамства.
Не панікаваць і падрыхтавацца да начлегу
Калі вы ўсё ж такі заблукалі, першае, што раяць супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — не панікаваць. Пасля варта прыслухацца: гукі нярэдка дапамогуць сарыентавацца. Шум трактара, напрыклад, чуваць за 3-4 кіламетры, брэх сабакі — за 2-3 кіламетры, цягнік — за 10 кіламетраў. Ідзіце на гук і абавязкова выйдзеце да людзей.
У населены пункт прывядуць і лініі электраперадачы, прасекі, сцяжынкі. Калі на шляху сустрэўся ручай ці рака, ідзіце ўніз па плыні — яны заўсёды прывядуць да людзей.
Самастойна выбрацца з лесу не ўдаецца? Патэлефануйце ў МНС (па нумары 112) і паведаміце, з якога населенага пункта і з якога раёна вы ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце па баках. Пачынае цямнець — сарыентуйцеся на мясцовасці і падумайце, дзе арганізаваць начлег. Месцам начлегу можа стаць яма ад вывернутага з коранем дрэва. З галінак зрабіце прытулак накшталт будана і подсціл з падручных матэрыялаў. Ліст газеты, запхнуты пад адзенне, зменшыць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лістота. Паспрабуйце знайсці ваду. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб тыя, хто вас шукае, не прайшлі міма. Напрыклад, павесьце на кусты кепку, насоўку ці ліст паперы, абламіце галінкі, каб прыцягнуць увагу
Калі вы апынуліся ў лесе без тэлефона і ў вас самастойна не атрымліваецца выйсці да людзей, у любым выпадку супакойцеся і настройцеся на добры зыход. Ніхто ў бядзе вас не пакіне. А каб увогуле не трапіць у такую сітуацыю, збіраючыся на «ціхае паляванне», абавязкова прыслухайцеся да парад ратавальнікаў. Паклапаціўшыся аб уласнай бяспецы загадзя, вы пазбегнеце непрыемнасцяў, а паход у грыбы ці ягады прынясе толькі прыемныя ўражанні.