Аб чым гаварылі на калегіі МЖКГ у Гродне?
Размова на выязной калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ішла аб выніках работы сістэмы ЖКГ Беларусі ў першым паўгоддзі, а таксама аб рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 сакавіка 2019 года № 7 «Аб удасканаленні і развіцці ЖКГ краіны». На парадку дня таксама была дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021-2025 гг. і работа службы 115 на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.
Як адзначыў міністр ЖКГ Генадзь ТРУБІЛА, усе паказчыкі паўгоддзя сістэмай жыллёва-камунальнай гаспадаркі дасягнуты. Адрамантавана больш за 4,5 млн км2 вулічна-дарожнай сеткі, выкананы капітальны рамонт каля 1,4 млн м2 жылля. Акрамя таго, паспяхова ідзе рамонт дахавых пакрыццяў, ужо большая частка таго, што было запланавана, зроблена. Таксама з апярэджаннем ідуць работы па будаўніцтве станцый абезжалезвання.
— За першае паўгоддзе ўжо пабудавана 90 станцый, праграма амаль завершана, на наступны год застануцца толькі невялікія населеныя пункты, дзе водазабеспячэнне ажыццяўляецца іншымі пастаўшчыкамі. Таксама працуем над перападключэннем сістэм водазабеспячэння да ўжо пабудаваных станцый для таго, каб людзі атрымлівалі чыстую пітную ваду, — паведаміў Генадзь Трубіла.
З клопатам аб экалогіі
Вялікая ўвага надаецца збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. План па іх зборы выкананы. Адзінае, што не дапрацавалі ў рамках паўгоддзя, — дзяржзаказ на пастаўку шкла.
— У нас яшчэ ёсць паўгода наперадзе, таму, думаю, усё атрымаецца, — адзначыў міністр ЖКГ. — У гэтую пяцігодку было запланавана запусціць у работу некалькі смеццесартавальных заводаў. У Гродне такі завод ужо ўзведзены, у Ваўкавыскім раёне ён будуецца. Летась быў адкрыты Аршанскі смеццесартавальны завод. У Наваполацку вядзецца рэканструкцыя аб’екта, але завяршыць работы сёлета не ўдасца. У Віцебску і Брэсце заводы ўжо функцыянуюць, у Гомелі гатоўнасць складае 60 %. Гэта буйны смеццесартавальны завод, а самы маштабны адкрыўся ў Мінску 3 ліпеня. Зараз там ідуць пусканаладачныя работы. У будучыні плануецца будаўніцтва завода ў Пінскай зоне абслугоўвання.
У найбліжэйшыя пяць гадоў будзе ўдзелена асаблівая ўвага буйным гарадам — з насельніцтвам 80 тысяч і больш. Там збіраецца пэўная колькасць цвёрдых каму-нальных адходаў, якія трэба перапрацоўваць. У малых населеных пунктах працуе 81 лінія сартавання другасных матэрыялаў. Іх трэба мадэрнізаваць, бо многія ўжо ўстарэлі і патрабуюць абнаўлення.
Генадзь Трубіла падкрэсліў, што для паспяховай перапрацоўкі другасных матэрыялаў важна супрацоўніцтва грамадзян і прадпрыемстваў ЖКГ. Цяпер працэнт здабывання другасных матэрыялаў складае 43,1 %. Мэта — дасягнуць 64 %. Для гэтага неабходна, каб людзі больш актыўна раздзялялі адходы, а прадпрыемствы якасна перапрацоўвалі іх у другасныя матэрыялы.
Алё, гэта 115?
Яшчэ адно з важных пытанняў на парадку дня — работа службы 115 у Гродзенскай вобласці. Як адзначыў Генадзь Трубіла, кожны месяц праходзяць калегіі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзе абмяркоўваецца сітуацыя ў рэгіёнах. Выяўляюцца слабыя месцы, спецыялісты высвятляюць, на што трэба звярнуць увагу, каб палепшыць узаемадзеянне паміж насельніцтвам і службамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншымі арганізацыямі, якія адказваюць за гарадскую інфраструктуру.
— Некаторыя заяўкі ўжо апрацаваны, але не закрытыя па розных прычынах, аб’ектыўных і суб’ектыўных. Дзесьці ідзе складанне планаў, ёсць і тэхнічныя асаблівасці, не заўсёды своечасова можна знайсці рэсурсы. Мы бачым павелічэнне зваротаў, звязаных з рамонтам асфальтавага пакрыцця ў малых населеных пунктах. Два гады таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на гэту праблему і даручыў вырашыць яе. Былі распрацаваны планы, і людзі бачаць, што ў нейкім аграгарадку ўжо пачалося асфальтаванне, і ім хочацца, каб у іх населеным пункце дарогі таксама былі адрамантаваныя. Але планы распісаны на 7 гадоў наперад, так што паступова дарожнае пакрыццё будзе прыведзена ў парадак.
Дзякуючы службе 115 відаць, якія праблемы хвалююць грамадзян на той ці іншай тэрыторыі. Іх імкнуцца вырашыць кропкава, выкарыстоўваючы дзяржаўныя сродкі. Напрыклад, некалькі гадоў таму назіраўся значны рост колькасці зваротаў, звязаных з рамонтам дахаў. Гэта пытанне мела сур’ёзныя маштабы. Міністэрства ЖКГ звярнула на яе ўвагу, і Міністэрства фінансаў выдзеліла дадатковыя рэсурсы. Дзякуючы гэтаму за два гады праблема працёкаў у шматкватэрных дамах была амаль поўнасцю вырашана па ўсёй краіне.
Парадак ва ўсім
Не абышлі ўвагай і мерапрыемствы Года добраўпарадкавання.
— Гродна — адзін з найстарэйшых гарадоў краіны. Цяпер мы актыўна рыхтуемся да 900-годдзя з дня заснавання. Гэта важны этап, і многае, што мы ўбачым у горадзе, якая тут абстаноўка, гаворыць само за сябе, — падкрэсліў старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй ХМЕЛЬ.
Не застаюцца без увагі і іншыя пытанні. У прыватнасці, адзначаецца важнасць паляпшэння стану сельскіх могілак, безгаспадарчых тэрыторый і закінутых участкаў. У міністэрстве выказалі ўпэўненасць, што ў канцы года ўсе асноўныя задачы будуць выкананы, а большасць сістэмных праблем — ліквідавана.
У цэлым міністр адзначыў станоўчую дынаміку. Пастанова, у якой дакладна прапісаны правілы навядзення парадку, сапраўды прынесла свой плён.
— Людзі адгукнуліся на заклік, прадпрыемствы і сельскія выканаўчыя камітэты актыўна ўключыліся ў працу. Ужо па ўсёй краіне праведзена аблічбоўка праблемных тэрыторый. Паступова яны прыводзяцца ў належны стан.
Таксама ў ходзе выязной часткі калегіі ўдзельнікі наведалі аб’екты ў Гродзенскай вобласці, у тым ліку ачышчальныя збудаванні.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
фота «Гродзенская праўда»