Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Трэба, каб беларускія навукоўцы як мага далей зазіралі за гарызонт

Без нафты, газу і велізарных карысных выкапняў дарагіх мы можам развіваць іншыя напрамкі і атрымліваць добрыя грошы. Аб гэтым ішла размова ў Палацы Незалежнасці 


Развіццё нашага грамадства і перш за ўсё эканомікі без навукі не толькі сёння, але і надалей немагчыма. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гаворыць пастаянна. І нагадаў на чарговай нарадзе, прысвечанай аналізу дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час было шмат меркаванняў аб рабоце Акадэміі навук. Былі і дыяметральныя меркаванні. Адны ацэньвалі яе станоўча, іншыя ацэнкі былі вельмі негатыўныя. «У мяне не склалася ніякага меркавання ў сувязі з гэтым. І тады было прынятае рашэнне сур’ёзна прааналізаваць работу Акадэміі навук. Была створана рабочая група, якую ўзначаліў Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю. Мы не аднойчы падыходзілі на працягу гэтага часу да пытання дзейнасці гэтай рабочай групы, якая павінна была ўключыць у сябе не толькі кантралёраў, але і ўсіх зацікаўленых: членаў урада, міністраў і асабліва навукоўцаў. Каб аб’ектыўна паглядзець на акадэмічную навуку і зрабіць адпаведныя высновы», — адзначыў Прэзідэнт. Ён заклікаў членаў рабочай групы, членаў урада і адказных прыйсці да агульнага паказчыка ў ацэнцы дзейнасці Акадэміі навук. Праблемныя пытанні акадэміі ўжо двойчы разглядаліся на працягу гэтага года. Але як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, размова не скончана.

Па некаторых перадавых напрамках мы адстаём

«З улікам змены кіраўніцтва Акадэміі навук трэба вызначыць план дзеянняў, каб нашы навукоўцы працавалі ў адным ключы з усёй краінай, эканомікай і грамадствам, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Ёсць матэрыялы рабочай групы, якія трэба абмеркаваць. У іх цалкам справядліва крытыкуецца структура Акадэміі, якая склалася і іншыя пытанні. На фінансаванне навуковых даследаванняў траціцца шмат дзяржаўных сродкаў, а належнай аддачы мы не бачым. Ёсць толькі кропкавыя станоўчыя вынікі, без шырокага ўкаранення ў галіны эканомікі. Сёння гэтага відавочна недастаткова». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што па асобных перспектыўных напрамках, такіх, як беспілотнікі, электратранспарт, іншыя пытанні мы проста топчамся на месцы. «Патрэбных кампетэнцый дагэтуль няма, напрацовак для поўнага цыклу вытворчасці таксама, падрыхтоўка кадраў у працэсе станаўлення», — крытычна выказаўся кіраўнік дзяржавы. Але, з ягоных слоў, электратранспарт, беспілотнікі гэта невялікая доля ў рабоце Акадэміі навук. І не толькі НАН павінна займацца гэтымі пытаннямі. Але, як нагадаў Прэзідэнт, кіраўніцтва Акадэміі паабяцала, што яны ўсё зробяць на ўзроўні сусветных стандартаў.

256616-16.jpg

  • «Але гэта толькі частка праблем. Значна горш, што па некаторых перадавых напрамках мы адстаём ад іншых краін. А трэба паскарацца. Жыццё нас падштурхоўвае да гэтага. Трэба, каб беларускія навукоўцы як мага далей зазіралі за гарызонт. Каб па-сапраўднаму ўключыліся ў распрацоўку суперперспектыўных напрамкаў, можа быць, такіх, як штучны інтэлект, нейрасеткі, біятэхналогіі. Гэта цяпер на слыху». — адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што беларусам лезці ў тое, што робіць увесь свет і для чаго ў нас няма рэсурсаў, можа, і не варта. Кіраўнік дзяржавы заклікае займацца тым, на што мы здольныя. Тым больш, з ягоных слоў, у перспектыве мы здольныя на многае — мазгі ў людзей добрыя. «Без нафты, газу і велізарных карысных выкапняў дарагіх мы можам развіваць іншыя напрамкі і атрымліваць добрыя грошы, — упэўнены Прэзідэнт. — Гэта пытанні не толькі эканомікі, але і нацыянальнай бяспекі. А, калі выказацца яшчэ больш жорстка, — пытанне будучыні нашай краіны, нашага народа і наогул нашай выжывальнасці!»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння вядучыя сусветныя эканомікі развіваюцца менавіта за кошт бесперапыннага ўкаранення вынікаў найноўшых тэхналагічных распрацовак. «Інвестыцыі ў навуку з’яўляюцца ключавой умовай эканамічнай стабільнасці і заможнасці любой дзяржавы. Мы, вядома ж, у гэтым не выключэнне. Час такі, што без рэальных дасягненняў у навуковай сферы рух наперад проста немагчымы», — заявіў ён. 

Паводле слоў Прэзідэнта, мы валодаем самым важным рэсурсам — чалавечым патэнцыялам. «Людзі ў нас галавастыя, могуць многае прыдумаць і зрабіць. Менавіта таму ў нас такая пільная ўвага, перш за ўсё, да навукоўцаў», — патлумачыў ён сваю пазіцыю. 

Практыкаарыентаванасць, укараненне распрацовак, імпартазамяшчэнне

Краіна ўступае ў новую пяцігодку. І як арыентуе кіраўнік дзяржавы, навука ва ўсіх яе формах — акадэмічная, галіновая, ВНУ — павінна быць настроена на той жа вынік, што і краіна ў цэлым. «Гэта найважнейшая задача. А ўсе формы павінны дапаўняць адна адну, забяспечваючы сінэргетычны эфект», — удакладніў ён. І пацікавіўся, ці так настроена сістэма дзяржаўнага кіравання навукай?

Прэзідэнт пацікавіўся, што зроблена для ліквідацыі выяўленых рабочай групай недахопаў, што не зроблена. У такім выпадку кіраўніка дзяржавы цікавіць, што прапануецца зрабіць. Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць аб выніках аналізу дзейнасці Акадэміі навук за мінулы час па трох асноўных пытаннях. 

Першае — практыкаарыентаванасць навуковых даследаванняў і распрацовак. «Эфектыўнасць узаемадзеяння навукі і прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, медыцыны і далей па спісе, — удакладніў беларускі лідар. — Бо важны і такі аспект: ці бачаць сёння практыкі ў навуцы падмурак для свайго развіцця? Наколькі вынікова яны ўзаемадзейнічаюць з навукоўцамі?»

Другое пытанне — укараненне распрацовак у эканоміку і сацыяльную сферу. Што перашкаджае росту навукаёмістасці ВУП? 

Трэцяе пытанне — імпартазамяшчэнне і экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка спытаў, наколькі наша Акадэмія ўключана ў вырашэнне гэтых задач. 

Прэзідэнт заявіў, што ў дакладах патрэбна рэальная карціна, якая складваецца ў айчыннай навуцы, і перш за ўсё ў Акадэміі навук. «Хачу пачуць, якія меры па ўдасканаленні дзейнасці прыняты і якія прапановы па яе далейшай рабоце падрыхтаваны. Ад вынікаў сённяшняй нарады залежыць, якія арганізацыйныя, кадравыя і іншыя рашэнні будуць прынятыя. Вы добра ведаеце, што ў навуковай сферы так заведзена — усе найважнейшыя рашэнні прымаюцца калегіяльна, што мы і робім. Таму адобраныя падчас нарады падыходы мы восенню разгорнем у канкрэтныя мерапрыемствы, абмяркуем і зацвердзім на сустрэчы з навуковай грамадскасцю», — адзначыў Прэзідэнт.

Што высветліла рабочая група

256616-03.jpg

Аб выніках дзейнасці рабочай групы далажыў яе кіраўнік, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. Ён расказаў, што работа была пабудавана ў два этапы. На першым вывучаліся вынікі працы Акадэміі навук па практыкаарыентаванасці распрацовак, укараненні іх у галіны эканомікі, уключаючы вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі. На другім этапе аналізавалася эфектыўнасць арганізацыйнай структуры Акадэміі навук. 

Васіль Герасімаў распавёў, да чаго прыйшлі ў выніку аналізу. «Першае — Акадэмія навук укладвала бюджэтныя сродкі ў асноўным у працы фундаментальнай накіраванасці. Па прыкладной тэматыцы ў рамках навукова-тэхнічных праграм не выконвалі патрабаванні заканадаўства па забеспячэнні долевага пазабюджэтнага фінансавання і вытворчасці неабходнага аб’ёму новай прадукцыі. Другое — Акадэмія навук у адной асобе фарміравала пералік праграм навуковых даследаванняў, выступала іх заказчыкам, выканаўцам і ацэньвала вынік выканання. Як вынік, расла доля даследаванняў для ўласных патрэб. За 2024 год яна склала 83%. Пасля такія даследаванні часта проста клаліся на паліцу. З пяцігодкі ў пяцігодку выконваюцца заданні па падобных тэматыках, за 10 гадоў выканана 205 такіх работ. Найбольшая колькасць у аграрнай сферы — 70 работ і ў біялагічнай — 58», — далажыў ён.

256616-20.jpg

Па словах Васіля Герасімава, не ўсе напрамкі навуковай дзейнасці забяспечваюць належны ўклад у развіццё вытворчасці і экспарту. З 18 праграм, дзяржзаказчыкам якіх выступае Акадэмія навук, толькі па трох маюцца істотныя вынікі. Гэта праграмы фундаментальных даследаванняў па матэрыялазнаўстве і фатоніцы. Найбольш значныя распрацоўкі атрыманы для патрэб «Інтэграла», БелАЗ, БМЗ, Атланта. 

Таксама кіраўнік рабочай групы заявіў, што методыка ацэнкі выніковасці навукова-тэхнічных праграм патрабуе ўдасканалення. Рабочая група высветліла, што значныя сродкі накіроўваюцца на выкананне незапатрабаваных заданняў. Адзначаюцца выпадкі, калі Акадэміяй прымаюцца работы, па якіх не выкананы пастаўленыя задачы, не забяспечаны запланаваны аб’ём вытворчасці.

Даслоўна 

Акцэнт — на канкрэтныя вынікі 

Журналістам Васіль Герасімаў расказаў, што паралельна з вывучэннем рабочай групай дзейнасці Акадэміі навук прымаліся і практычныя меры. Разглядаліся дзяржаўныя праграмы, прыняты ўказ па прыярытэтных напрамках, многія пытанні абмяркоўваліся ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях. «Мы гэтыя працэсы праводзілі паралельна, каб справа не стаяла. Пытанні, вядома, ёсць. Мы сёння іх абмеркавалі. Кіраўніком дзяржава пастаўлена задача да новага года сумесна рабочай групай, Саветам Міністраў, Акадэміяй навук прыйсці да адзінай высновы і распрацаваць канкрэтны план, які будзе вынесены на З’езд навукоўцаў, падчас якога і будзе вызначаны шлях, па якім мы пойдзем», — адзначыў ён. 

Па словах кіраўніка рабочай групы гэта данастройка дзейнасці Акадэміі навук будзе тычыцца многіх бакоў. Акцэнт будзе рабіцца на канкрэтныя вынікі ад дзейнасці Акадэміі навук. «Мы дакладна вызначылі, што будзе ў рамках навуковых даследаванняў, што ў рамках навукова-тэхнічных работ. Як гэта будзе фінансавацца. Якім чынам павышаць не толькі ўзровень Акадэміі навук, але і галіновых рэгулятараў, якія павінны быць заказчыкамі па прыкладных пытаннях, і яны ж павінны адказваць за ўкараненне і далейшую камерцыялізацыю. І, вядома, данастройка закране і арганізацыйную структуру, таму што мы ўбачылі, што не ўсё аптымальна. Гэта будзе вялікая шматпланавая работа», — патлумачыў Васіль Герасімаў.

У сваім дакладзе Васіль Герасімаў адзначаў тэндэнцыю, калі Акадэмія навук з’яўляецца заказчыкам, выканаўцам і кантралёрам. Паводле яго слоў, Акадэмія навук павінна быць заказчыкам не па ўсіх тэмах, якія распрацоўвае. Што тычыцца прыкладных даследаванняў — заказчыкамі павінны быць галіновыя рэгулятары, каб не было спакусы самому ў сябе заказваць толькі дзеля фінансаваная і класці вынікі даследаванняў на паліцу. Што тычыцца фундаментальных даследаваннях — на іх ніхто, акрамя Акадэміі навук, і не можа быць заказчыкам. «Але павінны быць і знешнія органы, якія будуць ацэньваць, наколькі гэтая тэма перспектыўная, наколькі яна актуальная для краіны. Гэта таксама будзе ўносіць свае карэктывы», — патлумачыў Васіль Герасімаў.

«Гэта час магчымасцяў»

Са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Каранікам журналісты перш за ўсё пагаварылі пра структуру Акадэміі навук. Ён адзначыў, што Акадэмія навук — гэта і фундаментальныя, і прыкладныя даследаванні, гэта і вытворчасці, на якіх укараняюцца новыя распрацоўкі. Але ёсць напрамкі, якія да Акадэміі навукі і развіцці навук маюць вельмі аддаленае дачыненне. «Кіраўніком дзяржавы былі падтрыманы падыходы па аптымізацыі і перадачы часткі юрыдычных асоб органам мясцовага самакіравання альбо органам дзяржкіравання. Мы яшчэ раз сумесна з зацікаўленымі правядзем усю работу, падрыхтуем прапановы і вынесем іх на ўзровень кіраўніка дзяржавы», — распавёў Уладзімір Каранік. 

256616-21.JPG

Старшыня Прэзідыума НАН звярнуў увагу, што свет хутка змяняецца, з-за геапалітычнай нестабільнасці дадаліся новыя напрамкі. І навука павінна адпавядаць гэтым зменам. «Калі раней Акадэмія навук — гэта фундаментальныя, прарыўныя даследаванні, гэта развіццё напрамкаў, у якіх ёсць кампетэнцыі, то цяпер шмат увагі трэба надаваць забеспячэнню тэхналагічнага суверэнітэту, імпартазамяшчэнню, напрацоўваць кампетэнцыі там, дзе раней гэта лічылася немэтазгодным, таму што „навошта рабіць сваё, калі ўсё можна купіць“. У гэтым плане мы разумеем, што самастойна мы патрацім даволі шмат часу, фінансаў і сіл на тое, каб ліквідаваць адставанне па тых напрамках, якія для нас крытычна важныя», — адзначыў ён. І тут, па словах кіраўніка Акадэміі навук, вялікае значэнне мае міжнароднае супрацоўніцтва, актывізацыя сумеснай працы з навукоўцамі Расіі, Кітая. «Гэта час магчымасцяў, калі мы больш увагі звяртаем адзін на аднаго і выкарыстоўваем напрацоўкі адзін аднаго, каб разам стаць тэхналагічна мацнейшымі і больш тэхналагічна незалежнымі», — сказаў Уладзімір Каранік. 

Што тычыцца заказаў на даследаванні, кіраўнік Акадэміі навук распавёў, што работа будзе праводзіцца сумесна з рэгулятарамі, у кожным выпадку высвятляючы, што неабходна заказчыку. Пры гэтым правільным падыходам будзе адказнасць заказчыка, сумесная работа з распрацоўшчыкамі, каб дасягнуць жаданага выніку. Гэта пытанне інтэграцыі навукі і практыкі. «Павінен быць тэхналагічны ланцужок: ідэя — фундаментальная распрацоўка — прыкладная распрацоўка — укараненне», — удакладніў Уладзімір Каранік. Па яго словах, нельга падзяліць фундаментальную і прыкладную навуку. Павінен быць сімбіёз: навука не павінна быць адарваная ад практыкі, але пры гэтым практыка павінна ўмець ставіць правільныя пытанні для навукі.

Уладзімір Каранік расказаў, што на нарадзе ў Прэзідэнта абмяркоўваліся падыходы, якія адназначна будуць прыняты навуковай супольнасцю. Гэта змены ў падыходах да фінансавання, павелічэнне матывацыі навуковых супрацоўнікаў (у тым ліку і фінансавай). «Тое, што гэта ідзе ў комплексе з узмацненнем адказнасці навукоўцаў, таксама будзе ўспрынята ўсімі станоўча, таму што нашы навукоўцы — людзі адказныя, патрыёты сваёй краіны», — адзначыў ён. «На сустрэчу кіраўніка дзяржавы з навуковай грамадскасцю мы павінны выйсці з не з размовамі, а з гатовымі рашэннямі, якія большасць навукоўцаў падтрымаюць і якія будуць спрыяць далейшаму развіццю нашай навукі. І калі мы вызначымся, як будзем эвалюцыянаваць у пабудове навуковай сферы краіны, тады на з’ездзе навукоўцаў падвядзём вынікі і вызначым стратэгію развіцця навуковай галіны», — расказаў кіраўнік Акадэміі навук.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Качанава: Заканадаўцы гатовыя падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на развіццё навуковых даследаванняў


Дэпутат: «Навука — гэта інвестыцыі ў будучыню»


Даніловіч: Навука — аснова эканамічнай стабільнасці і заможнасці любой дзяржавы, якая дбае пра свой суверэнітэт і будучыню


Сапега: Толькі мэтанакіраваны падыход да навуковых распрацовак дасць магчымасць атрымаць важкі эканамічны эфект


Сенатар: Распрацоўкі навукі павінны знаходзіць увасабленне ў рэальнай эканоміцы, у паляпшэнні жыцця кожнага беларуса


Крываносаў: Ад эфектыўнасці навукі залежыць тэхналагічная незалежнасць краіны


Ікан: Нафтахімія і спадарожныя распрацоўкі навукоўцаў паслужаць умацаванню тэхналагічнай і эканамічнай бяспекі краіны


Сенатар: Інавацыйная актыўнасць прадпрыемстваў, заснаваная на навуковых дасягненнях, з’яўляецца важным фактарам росту эканомікі


Дэпутат: «Неабходна зрабіць так, каб моладзь ішла ў навуку»


Дзьячэнка: Навука павінна так паўплываць на развіццё ўсіх сфер эканомікі, каб забяспечыць прагрэс усіх яе сістэм


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю