Top.Mail.Ru

Законапраект па пытаннях нетракарыстання рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні

Дэпутаты разам з прадстаўнікамі Мінпрыроды абмеркавалі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях нетракарыстання», які рыхтуецца да першага чытання.


І летась, і на нядаўняй нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, прысвечанай дзейнасці і далейшым перспектывам нафтаздабываючай галіны, падрабязна абмяркоўваліся рэспубліканскія нетры, развіццё мінеральна-сыравіннай базы, эфектыўнае выкарыстанне і асваенне айчынных радовішчаў. Калі яшчэ некалькі гадоў таму казалі аб невялікім патэнцыяле мінеральна-сыравіннай базы Беларусі, то сёння вядома пра больш як 50 відаў шматлікіх карысных выкапняў, звыш 14 тысяч радовішчаў. З мэтай эфектыўнага выкарыстання прыродных багаццяў, асваення новых відаў карысных выкапняў і змяншэння іх імпарту распрацаваны законапраект, унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў. 

Як адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў, асноўны дакумент, які падлягае перагляду, — гэта Кодэкс аб нетрах. «Ён рэгулюе ўсе працэсы, звязаныя з горна-геалагічнымі пошукамі, са здабычай карысных выкапняў, рэгуляваннем, забеспячэннем рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, — канкрэтызаваў ён. — Змяненні, якія прапануюцца, накіраваны на пашырэнне і сістэматызацыю гэтай работы ў галіне. Уводзіцца шэраг вызначэнняў, тэрмінаў — гэта значыць рэгулюецца прававая аснова. Дадатковымі паўнамоцтвамі надзяляецца Савет Міністраў па вызначэнні тых ці іншых задач, звязаных з нетракарыстаннем».

Дабавіцца паўнамоцтваў і ў мясцовых органаў улады, і ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У цэлым, па словах намесніка міністра, новаўвядзенні найперш накіраваны на рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і аптымізацыю сістэмы ў цяперашніх эканамічных рэаліях.

«Сёння ў Рэспубліцы Беларусь эксплуатуецца каля 1300 кар’ераў, з іх 427 — гэта прамысловыя кар’еры, якія з’яўляюцца крыніцай мінеральных рэсурсаў, — прывёў прыклад Віктар Галанаў. — Дагэтуль няма дакладнай сістэмы выкарыстання ўнутрыгаспадарчых кар’ераў. Урад надзяляецца паўнамоцтвамі па вызначэнні парадку распрацоўкі, рэкультывацыі і дзейнасці саміх нетракарыстальнікаў у частцы распрацоўкі ўнутрыгаспадарчых кар’ераў».

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Жанны Чарняўскай, стаіць задача — знізіць імпарт мінеральных угнаенняў, мінеральных рэсурсаў. «Падчас нарад у кіраўніка дзяржавы, праведзеных у сакавіку 2024 года і ў ліпені 2025 года, даручана вывучыць мінеральна-сыравінную базу, выявіць праблемы і складанасці, знайсці шляхі вырашэння — што трэба зрабіць у бліжэйшы час для таго, каб павялічыць здабычу карысных выкапняў». 

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях нетракарыстання» прадугледжвае карэкціроўку не толькі Кодэкса аб нетрах, а і Кодэкса аб унутраным водным транспарце, Закона «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе». Практыку прымянення дзеючага заканадаўства дэпутаты вывучалі на базе Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі, што дазволіла высветліць праблемы ў гэтай сферы. Шэраг пытанняў для роздуму парламентарыям падкінулі і жыхары, юрыдычныя асобы падчас прыёмаў грамадзян.

958a327f774c55b8deb54df5b2fc9b80.jpg

«Прыняцце закона дазволіць стварыць умовы для ўхілення пытанняў у рабоце па геалагічнай распрацоўцы, вывучэнні, здабычы карысных выкапняў і геалагічных рэсурсаў нетраў, — адзначыў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Глеб Гулянкоў. — У нашай краіне надаецца вялікая ўвага, асабліва ў апошні час, здабычы вуглевадароднай сыравіны. У сувязі з гэтым карэкціруюцца нормы, накіраваныя на дакладнае выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў пытаннях здабычы вуглевадароднай сыравіны. Спрашчаюцца асобныя нормы па выкарыстанні выпрабавальных радовішчаў і буравых свідравін па здабычы вуглевадароду. У прыватнасці, выключаецца норма, у адпаведнасці з якой павінна было здабывацца не больш як 10 % вуглевадароднай сыравіны пры пробнай эксплуатацыі гэтых свідравін і радовішчаў. Таксама ў заканадаўстве плануецца ліквідаваць пэўныя прабелы адносна аховы і эксплуатацыі нетраў».

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю