Top.Mail.Ru

Наталля Пяткевіч праінспектавала ўступныя іспыты ў каледжы мастацтваў

Прыёмная кампанія з думкамі пра збалансаванасць патрэб і набораў у сярэднеспецыяльныя навучальныя установы культурна-мастацкай сферы.


Ля Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў з раніцы збіраліся юнакі і дзяўчаты — тут адбываліся адмысловыя экзамены па профільных спецыяльнасцях. У розных аўдыторыях здавалі сальфеджыо, эстрадныя спевы, харэаграфію, малюнак... 

Асаблівасцямі уступнай кампаніі ў гэтай сярэднеспецыяльнай навучальнай установе цікавілася Наталля Пяткевіч, намеснік прэм’ер-міністра, старшыня дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ў 2025 годзе. Асаблівасці набору, адукацыйныя падыходы, спалучэнне тэорыі з практыкай і далейшае працаўладкаванне выпускнікоў: куды ідуць, дзе працуюць, наколькі запатрабаваныя такія спецыялісты. І наогул, якая цікавасць да творчых прафесій?

— Уступная кампанія 2025 года пацвердзіла цікавасць маладых людзей да нашай навучальнай установы, — патлумачыў дырэктар каледжа Юрый Ляйко. — Пра гэта сведчыць конкурсная сітуацыя. На 104 бюджэтныя месцы пададзена 204 заявы. На асобныя спецыяльнасці, як, напрыклад, «арганізацыя культурна-забаўляльных мерапрыемстваў» конкурс нават 4 чалавекі на месца. Звычайна карыстаюцца ўвагай абітурыентаў «мастацтва эстрады (спевы), харэаграфічнае мастацтва (эстрадны танец) — таксама высокія конкурсы на гэтыя спецыяльнасці. Гэта невыпадкова. Таму што мы актыўна займаемся прафарыентацыяй, удзельнічаем у культурным жыцці нашай рэспублікі, а таксама ў конкурсах і фестывалях, вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Зусім нядаўна на конкурсе маладых выканаўцаў «Славянскага базару» навучэнка 4-га курса нашага каледжа Валерыя Бернатовіч заваявала першую прэмію. Да нас паступаюць юнакі і дзяўчаты не толькі з Мінскай вобласці і горада Мінска, але шмат заяў з Брэсцкай вобласці, ёсць з Магілёўскай і Віцебскай. 

Сёлета Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў адзначыў 50 гадоў з дня заснавання. За гэты час падрыхтавана 6772 спецыялісты, якія працуюць у першую чаргу ва ўстановах культуры Мінскай вобласці, але і наогул па ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Цяпер падрыхтоўка вядзецца па 10 кірунках. Той, хто скончыў каледж — ужо спецыяліст, які гатовы працаваць у розных ўстановах культуры, у школах мастацтваў. І не ўсе хочуць вучыцца далей — кваліфікацыі для працы хапае, сцвярджаюць у каледжы. А тры гады таму тут адкрылі навучанне па спецыяльнасці «арганізацыя культурна-дасугавых мерапрыемстваў» завочнай формы навучання — і яна вельмі запатрабаваная ў тых, хто ўжо працуе на месцах. 

... Некаторыя абітурыенты прыходзілі на творчыя іспыты з «групай падтрымкі». Напрыклад, Максіма Шукайлу праводзілі да каледжа мама з малодшым брацікам — усе хваляваліся, бо юнаку здаваць экзамен па малюнку. Максім з дзяцінства любіць маляваць, але марыць быць не проста мастаком, бо выбраў кірунак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — хоча працаваць з дрэвам. 

— Восенню мы прыязджалі сюды на Дзень адчыненых дзвярэй, — кажа мама Святлана Шукайла. — Гэты каледж быў першы, які мы наведалі сярод сярэднеспецыяльных навучальных устаноў па мастацтву. Спадабалася тут абстаноўка, добразычлівае стаўленне выкладчыкаў. Пасля прыйшлі сюды на курсы. 

Хвалявання не хавала і Ірына Шаблыка: яна другі год імкнецца паступіць, абрала спецыяльнасць «харавое выканальніцтва». Настойлівая: год таму, калі не прайшла па конкурсу, то вярнулася ў школу, а ў вольны час нават падпрацоўвала ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Але дзяўчына зноў праходзіць іспыты там, дзе хацела б вучыцца, хоць бацькі спрабавалі звярнуць увагу на іншыя прафесіі. Гэтую ж спецыяльнасць абраў і Цімафей Заяц, які з дзяцінства спявае ў хоры, і яму гэта падабаецца. Хацеў бы займацца гэтым усё жыццё. А вось Улляна Траскоўская прыехала нават з Мазыра, каб паступіць у на «харавое выканальніцтва». Конкурс, аднак...

Наталля Пяткевіч прайшла па аўдыторыях і спынілася ў найбольш каларытных — адна абсталяваная «пад беларускую хатку», другая — як выставачная зала з керамічнымі вырабамі, аўтарамі якіх з’яўляюцца навучэнцы каледжа, трэцяя — сонечныя зала з творамі з саломкі. Віцэ-прэм’ер адразу звярнула ўвагу на ручнікі, сплеценыя з саломы: цудоўныя падарункі з Беларусі маглі быць, вось толькі транспартаваць такія вырабы надзвычай складана. Тым не менш яна павезла з сабой падарунак — саламянага павука, які з’яўляецца традыцыйным беларускім абярэгам. Сапраўды цудоўны выраб, варты увагі і абароны — каб не зніклі ўмельцы, што могуць ствараць іх і іншыя мастацкія цуды. Але які б ні быў дадзены талент ад прыроды, яго трэба «шліфаваць» — значыць, вучыць, накіроўваць, выхоўваць асобу, якая не толькі ўмее рабіць нешта, але і разумее: чаму і для каго. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю