Сустрэчы з карысцю для рэгіёна
— У гэтым сэнсе надзвычай плённымі выдаліся летнія месяцы, — паведаміў Віктар Нікалайкін. — Разам з выбаршчыкамі мы адзначалі Дзень Віцебска, Дзень Рэспублікі, а напярэдадні гэтага галоўнага свята беларускай дзяржаўнасці я сустракаў дэлегацыю паўночнага рэгіёна ў Мінску. Гутарылі з землякамі аб праблемах і планах, расставаліся натхнёнымі.
У ліпені ў Віцебскім гарвыканкаме адбылося сумеснае пасяджэнне камісій Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па бюджэце, падатках і фінансавым рынку, па эканамічнай палітыцы, а таксама прамысловасці і гандлі. На падставе пагаднення паміж Віцебскім аблвыканкамам і Адміністрацыяй Смаленскай вобласці наладжаны кантакты паміж універсітэтамі, гандлёва-прамысловымі палатамі, саюзамі наймальнікаў, цэнтрамі маркетынгу. Да ўзаемадзеяння са Смаленшчынай далучана больш чым 300 прадпрыемстваў Віцебшчыны, па аб’ёме знешняга тавараабароту гэты рэгіён уваходзіць у пяцёрку асноўных расійскіх партнёраў.
— Згодна з мадэльным заканадаўчым актам «Аб прыгранічным супрацоўніцтве ў Саюзнай дзяржаве», перад рэгіёнамі стаіць задача інтэграцыі эканамічных мадэляў на ўзроўні абласцей і асобных прадпрыемстваў, — патлумачыў Віктар Нікалайкін. — Заканатворчым уладам у гэтай сувязі належыць папрацаваць над змяненнямі ў нарматыўных прававых актах абедзвюх дзяржаў. Гэтыя моманты закраналі на пасяджэнні.
Яго ўдзельнікі таксама наведалі ААТ «Нафтан», упэўніліся, што на рынку нафтапрадуктаў сітуацыя стабільная, абмеркавалі пытанні лагістыкі і паставак.
Дні Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», калі ў горад над Дзвіной з’язджаюцца сябры з розных куткоў, выкарыстоўваюцца ў ліку іншага для дэманстрацыі патэнцыялу рэгіёна-гаспадара. Так, па ініцыятыве старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы прадстаўнікоў расійскіх дзелавых колаў запрасілі ў СЭЗ «Віцебск». Рэзідэнты надзелены і карыстаюцца пэўнымі прэферэнцыямі, будуюць адносіны на ўнутраным і знешнім перыметрах. СЭЗ разраслася і прадстаўлена 17 сектарамі ў розных рэгіёнах Віцебшчыны. Як патлумачыў Віктар Нікалайкін, сёння, каб зарэгістравацца ў СЭЗ, трэба звяртацца непасрэдна ў яе адміністрацыю. Заканадаўства чакаюць змяненні, згодна з якімі ажыццяўленне рэгістрацыі стане магчымым на месцах, каб спрасціць працэдуру для патэнцыяльных рэзідэнтаў.
Не кантроль, а дапамога
— Безумоўна, мне як дэпутату надзвычай карысны папярэдні вопыт гаспадарання, а асабліва — кіраванне вялікім абласным цэнтрам, — прызнаецца Віктар Нікалайкін. — Усё ж ідзе ад жыцця і нацэлена на паляпшэнне становішча прадпрыемстваў і людзей. Дарэчы, я прымаў рашэнне балаціравацца ў дэпутаты менавіта таму, што хацеў прымяняць на практыцы назапашаны рознабаковы багаж, дзяліцца ім з калегамі, прыносіць карысць у шырэйшых маштабах. Аб тым, што дэпутату гэта ўдаецца, сведчыць і давер людзей: яго выбралі ў Палату прадстаўнікоў і на другі тэрмін.
Цяпер увага дэпутатаў накіравана на арганізацыю летняга адпачынку дзяцей і падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Пабываўшы ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Буравеснік» ААТ «Віцебскія дываны», Віктар Нікалайкін парадаваўся за поўную мадэрнізацыю двух з чатырох карпусоў і сталовай. Не адносячы сябе да кантрольных органаў, ён выконвае функцыі памочніка: садзейнічае адрасным трансферам запланаваных у бюджэце грашовых сродкаў, зносінам суб’ектаў гаспадарання, мясцовых органаў улады з насельніцтвам.
— Неад’емнай часткай маёй работы з’яўляецца правядзенне прыёмаў грамадзян на рабочым месцы ў Віцебску і падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі, — засяродзіў увагу член Савета Палаты прадстаўнікоў. — Ад адміністрацый прадпрыемстваў паступаюць пытанні, вырашэнне якіх мае вялікую грамадскую значнасць. Уважліва стаўлюся і да прыватных праблем людзей. Дарэчы, маючы магчымасць падзяліцца набалелым са сваімі выбраннікамі, атрымліваючы дапамогу, яны ўпэўніваюцца ў тым, што ўлада працуе для іх, прасякаюцца даверам і ўдзячнасцю.
У якасці аднаго з прыкладаў станоўчага вырашэння пытання, якое закранала інтарэсы значнага кола людзей, Віктар Нікалайкін прывёў вяртанне на лініі хуткасных дызель-цягнікоў бізнескласа павышанай камфортнасці. На пэўны час гэтыя экспрэсы зніклі з маршрута Віцебск — Мінск, чым былі не задаволены пасажыры, якія прывыклі да камфортных паездак. Не без уплыву дэпутата ў чэрвені чыгуначныя саставы вернуты на лініі.
Віктар Нікалайкін адзначыў, што амаль на кожнай сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі атрымлівае пытанні, якія патрабуюць вырашэння, наводзяць на думкі аб выпраўленні недакладнасцяў у нарматыўных актах. Гэта своеасаблівае «дамашняе заданне» па розных прадметах. Над яго выкананнем дэпутат і працуе штодня.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц