Top.Mail.Ru

«Аб сучаснай дзіцячай пляцоўцы марылі даўно»: у сталіцы рэалізавана яшчэ адна грамадзянская ініцыятыва

На прыдамавой тэрыторыі па праспекце Газеты «Звязда», 59/1 з’явіўся новы дзіцячы гульнявы комплекс у рамках рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы. Дзесяць працэнтаў ад кошту ўсяго праекта сабралі мясцовыя жыхары, астатнюю суму дадала дзяржава — такія ўмовы конкурсу. Як з’явілася гэтая задума і хто дапамог увасобіць яе ў жыццё, даведалася карэспандэнт «Звязды».


Ініцыятарам праекта стала Марыя Яновіч — жыхарка аднаго з дамоў па гэтым праспекце. Аб сучаснай дзіцячай пляцоўцы і добраўпарадкаванай тэрыторыі вакол дома марылі многія мясцовыя жыхары, таму актыўна ўкладвалі ў гэтую справу свае сродкі: «Хтосьці — 10, хтосьці — 50, хтосьці — 100, а хтосьці — 200. І ўсё на добраахвотнай аснове. Такім чынам, сваімі сіламі мы змаглі сабраць 6 тысяч рублёў. Увесь наш праект быў на суму звыш 60 тысяч. Большую частку выдзеліла дзяржава». Ініцыятар праекта адзначыла падтрымку і намаганні дэпутацкага корпуса, адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, супрацоўнікаў ЖЭСа, якія на працягу некалькіх месяцаў працуюць у гэтым двары.

IMG_4711.jpg

Дэпутат Мінскага гарсавета рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль, маючы на ўвазе рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў, адзначыў добра выбудаваную сістэму, якая аб’ядноўвае не толькі гарадскія, раённыя ўлады, але і ініцыятывы, дапамогу саміх жыхароў. 

«Роўна год таму да мяне як да дэпутата звярнулася ініцыятар праекта і выказала прапанову арганізаваць на прыдамавой тэрыторыі дзіцячую пляцоўку з элементамі спартыўнай. Намалявала эскіз. Ідэю выслухалі на савеце тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, абмеркавалі на ўзроўні дэпутатаў, аформілі як грамадзянскую ініцыятыву — і яна выйграла», — расказаў дэпутат.

У выніку выкананы работы па ўстаноўцы горкі, дзіцячага гульнявога комплексу, дзіцячага спартыўнага комплексу, доміка, гойданкі на спружыне, дзвюх гойданак-балансіраў, дзвюх пясочніц, двух арэляў, трох трэнажораў, пяці лавак і плота.

Акрамя таго, добраўпарадкавана прылеглая да гульнявой пляцоўкі тэрыторыя, прыведзены ў парадак хмызнякі і дрэвы, высаджаны кветкавыя кампазіцыі. Таксама праведзена работа па замене пліткі на пешаходных дарожках, абноўлена асфальтавае пакрыццё ў двары, устаноўлены новыя лаўкі і агароджа. Праведзены работы па афарбоўцы фасадаў жылога дома і ўваходных груп пад’ездаў, а таксама адміністрацыйных будынкаў, якія знаходзяцца побач.

IMG_4730.jpg

IMG_4562.jpg

Новая пляцоўка будзе заўжды ў парадку — у гэтым можна не сумнявацца. Адна справа — калі прыбіраюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і зусім іншая — калі ты сам уклаў часцінку сваёй душы, працы і нават грошай.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю