...У той надвячорак да мяне напрасілася сяброўка Тамара. Зяць яе ўвесь час «матаўся па камандзіроўках» — дамоў прыязджаў хіба зрэдку, на выхадныя. «Дык я пажыву ў цябе з пятніцы да панядзелка? — спытала каляжанка. — Трэба ж маладым удваіх пабыць?»
А я і не супраць: госць лаву не праседзіць і ложак не праляжыць. Да таго ж Тамара жанчына вясёлая, гаваркая... Мы з ёй яшчэ і прыяцельку Лору з сабой прыхапілі. На вуліцы, помню, дождж, холад, а ў нас — цікавыя размовы і смех, чай з варэннем, пірожныя.
Ларыса хіба нервавалася: перш чым дамоў, ёй трэба было да бацькоў заехаць, малога забраць.
— Зачакаліся мяне і Лёшык, і мама з татам, — перажывала яна, скіраваўшы ўжо ў вітальню, а там ёй насустрач — новыя госці: Наташа, аднакурсніца маёй сястры, без званка.
На правах гаспадыні я пазнаёміла Наташу і яе мужа Эліка (ён Эльдар, як Разанаў) са сваімі сяброўкамі, зноў паставіла чайнік, распакавала прывезеныя гасцінцы... Чула, як Элік расказваў Томе з Ларысай, што яны з Віцебска, на машыне, што заўтра пойдуць у цырк...
І пры гэтым і адной, і другой ён «адважваў» такія кампліменты...
Тамары ад іх — ні холадна ні горача, як той казаў, а Ларысу, бачу, як падмянілі: вачэй не падымае, маўчыць, чаю ў кубак наліла, а падняць баіцца, бо рукі дрыжаць...
Не ведаю, можа, Наташа з Элікам і хацелі б заначаваць, але ўбачылі, што пакой заняты, — сталі збірацца да іншай аднакурсніцы, якая жыла на Камароўцы, якраз там, дзе... Ларыны бацькі.
— Во, — кажу, — як пашчасціла! На машыне зараз заедзеш. Да самага пад’езда.
— А заадно мне дарогу пакажаце... Згодны? — пытаецца ў Лоры Элік.
— Не, толькі не гэта! — адмаўляецца мая каляжанка. — Вы ўжо неяк самі... А мне вось тут яшчэ трэба пабыць...
Пакуль госці ў вітальні абуваліся-апраналіся, шапчу:
— Дурніца, чаму ты не едзеш? Няўжо табе лепш па дажджы цялёпкаць да прыпынку, чакаць аўтобус?
— Мне — лепш! — абрывае прыяцелька.
...Толькі потым, калі госці сышлі, я такі дапытала, чаму гэта ёй лепш, і Лора мне шчыра прызналася, што, убачыўшы Эліка, проста аслупянела, што калі б не Наташа, то яна глядзела б на яго не міргаючы дзень і ноч (ён праўда прыгожы), што калі б села да яго ў машыну (ды яшчэ побач, каб паказваць дарогу), то выйсці ўжо не змагла б!..
— І што далей? — не тое ў сябе, не тое ў мяне пыталася каляжанка. — Ён жанаты, я замужам. Мне гэтыя прыгоды патрэбны? Не! Дабром жа яны не скончацца?
Як у ваду глядзела! Бо Элік — мы потым дазналіся — не прапускаў ніводнай спадніцы, гуляў «направа і налева». Улюбіцца ў нейкую — нават з дому сыдзе. Праз месяц ці год разлюбіць — назад прыпаўзе. Наташа, бедная, колькі жыла з ім — столькі плакала.
Людзі праўду кажуць: не ўсё тое золата, што свеціць, не ўсё тое смачна, што ўзрачна.
Л. МІХАЛЕВІЧ
г. Мінск
Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР