Top.Mail.Ru

Як народныя выбраннікі ўсіх узроўняў далучаюцца да ўборачнай кампаніі

05.08.2025 | 14:59

Сёння харчовая бяспека — задача нумар адзін у нашай краіне, таму і да ўборачнай кампаніі ўвага асаблівая, і кантроль за якасцю ўборкі на самым высокім узроўні. Да гэтай работы падключыліся і парламентарыі, і дэпутаты мясцовых Саветаў. Наведванне рэгіёнаў — гэта не толькі падстава пракантраляваць уборачную, але і даведацца, з якімі праблемамі сутыкаюцца мясцовыя жыхары.


«Людзі разумеюць, што ў іх руках — харчовая бяспека краіны»

Ход уборачнай кампаніі ў сельскагаспадарчых арганізацыях Пружанскага раёна ацаніў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Пішч, які сам узначальвае адно з вядучых прадпрыемстваў раёна — ААТ «Жураўлінае».

«Уборачная кампанія — гэта не проста сезон збору ўраджаю. Гэта час выпрабаванняў, праверка на трываласць, дзе кожны дзень на ўліку. Гэта адказны этап, ад якога залежыць дабрабыт усёй краіны. Менавіта таму мы выязджаем у палі, на своеасаблівую перадавую, дзе кіпіць работа і нараджаецца наша будучыня. Тут, сярод залатых каласоў, мы ўшаноўваем найлепшых — тых, хто сваёй працай дамогся выдатных вынікаў. І ўжо сёння можна з упэўненасцю сказаць: наша краіна будзе забяспечана харчаваннем у поўнай меры. Гэта вынік каласальных намаганняў, упартасці і любові да сваёй справы нашых аграрыяў», — адзначыў парламентарый.

Стан спраў у сельскай гаспадарцы Расонскага раёна з выездам на месца прааналізавала член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Алена Фурс. З размовы з дырэктарам філіяла «Клясціцы-Агра» парламентарый даведалася, што ўборачная кампанія ў сувязі з умовамі надвор’я ідзе няпроста, але аграрыі выкладваюцца па максімуме. Сенатар таксама падзялілася, што машынна-трактарны парк хутка папоўніць корма- і збожжаўборачныя камбайны.

«Прыемна, што дзяржава падстаўляе плячо і дапамагае, — падкрэсліла парламентарый. — Ёсць натуральны знос тэхнікі, таму рэгулярнае абнаўленне парка неабходна. Гэта дазваляе працаваць эфектыўна і ўбіраць ураджай без страт».

Сенатар паглядзела, як на расонскіх палях ідзе нарыхтоўка кармоў, пагутарыла з механізатарамі, якія ўбіраюць зялёную масу паблізу вёскі Карзунова. «Глеба пераўвільготненая, але на надвор’е мы паўплываць ніяк не можам. Механізатары — вялікія малайцы. Разумеюць, што жывёлу галоднай не пакінеш, як і ўраджай у палях, таму што гэта ўсё — харчовая бяспека краіны», — адзначыла парламентарый.

Поплеч з механізатарамі

Сёння важна бачыць і чуць работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый, якія ў гэтыя дні працуюць на палях, збіраючы ўраджай збожжавых культур. Для таго каб азнаёміцца з ходам уборачнай кампаніі, член Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Дзяніс Ушацкі наведаў ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс». Падчас візіту парламентарый пагутарыў з камбайнерамі, трактарыстамі і іншымі работнікамі гаспадаркі. Ён адзначыў важнасць іх працы для забеспячэння харчовай бяспекі краіны і развіцця аграрнага сектара. «Вашы намаганні і прафесіяналізм адыгрываюць ключавую ролю ў дасягненні высокіх вынікаў. Мы ўсе павінны ганарыцца тым, што робім», — падкрэсліў дэпутат.

1.jpg

У знак прызнання і падзякі за працу Дзяніс Ушацкі ўручыў работнікам гаспадаркі падзячныя лісты. «Кожнае ваша намаганне, кожная адпрацаваная змена — гэта ўнёсак у агульную справу. Я хачу, каб вы ведалі: вашу працу цэняць і паважаюць», — дадаў ён. У сваю чаргу работнікі гаспадаркі адзначылі, што падтрымка з боку дэпутатаў і мясцовых улад вельмі важная, асабліва ў такія напружаныя перыяды, як уборачная кампанія.

Член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Кацярына Паздзяйкіна асабіста ўдзельнічала ў жніве ў Камянецкім раёне. Парламентарый максімальна адчула пульс уборачнай кампаніі — 2025, бо сама кіравала камбайнам! «Наведваючы хлебныя палі, я вырашыла не проста паглядзець на працу камбайнераў, а адчуць яе знутры, — падзялілася дэпутат. — Падняўшыся ў кабіну камбайна і ўзяўшы ў рукі кіраванне, на некалькі хвілін стала часткай жніва — рука ў руку з механізатарамі, чыю працу і адданасць роднай зямлі немагчыма пераацаніць».

«Заўсёды падтрымліваем і дапамагаем»

Як расказала старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Філон, большасць мясцовых дэпутатаў у рэгіёне так ці інакш звязаны з сельскай гаспадаркай і дакладна разумеюць, наколькі гэта складаная і адказная праца. У дэпутацкім корпусе прадстаўлены кіраўнікі і работнікі розных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прадстаўнікі дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве і многія іншыя.

— Гэта неабыякавыя людзі, якія жывуць праблемамі нашага раёна і вёскі. Яны прыкладваюць усе намаганні, каб уборка прайшла на высокім узроўні. Заўсёды выслухаюць, прыйдуць на дапамогу. Так што наш аграпрамысловы комплекс ніколі не застаецца без увагі, — падкрэсліла Валянціна Філон.

Дэпутаты арганізоўваюць кантроль за гарачым харчаваннем для работнікаў, сочаць за ўмовамі працы, узнагароджваюць камбайнераў, вадзіцеляў і сямейныя экіпажы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ветэранам і пенсіянерам, якія прыходзяць на дапамогу ў гарачую пару.

photo_2025-07-26_11-34-08.jpg

— Важна падтрымліваць аграрыяў падчас уборачнай кампаніі, таму што ад іх працы залежыць харчовая бяспека нашага раёна і краіны ў цэлым. Наша задача — стварыць усе неабходныя ўмовы для эфектыўнай працы і дапамагчы пераадолець магчымыя цяжкасці ў гэты адказны час, — адзначыла Валянціна Філон.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю