Top.Mail.Ru

Як развіваецца падзейны турызм у Беларусі?

У сучасным свеце турызм пераўтвараецца са звычайнага падарожжа ў шматгранны сацыяльны і эканамічны феномен. Сярод розных яго відаў асабліва вылучаецца падзейны турызм — сфера, якая ахоплівае культурныя, музычныя, гістарычныя, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы, здольныя прыцягнуць шырокую аўдыторыю як унутры краіны, так і з-за мяжы. У нас гэты кірунак сістэмна падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні. Штогод у розных рэгіёнах праходзяць сотні падзей, здольных не толькі задаволіць культурныя патрэбы грамадзян, але і зрабіць значны ўнёсак у эканоміку, павысіць турыстычную прывабнасць і падкрэсліць асаблівасці рэгіёнаў.


У кантэксце агульнасусветных тэндэнцый, дзе падарожнікі ўсё больш аддаюць перавагу не толькі месцу, але і падзеі, Беларусь паступова фарміруе сваю мадэль падзейнага турызму. Выкарыстоўваючы ўнікальныя гісторыка-культурныя рэсурсы, краіна робіць стаўку на інтэграцыю традыцый і сучаснасці, імкнучыся задаволіць інтарэсы самых розных катэгорый турыстаў.

Згодна з данымі Міністэрства спорту і турызму, толькі ў 2024 годзе ў Беларусі прайшло каля 280 мерапрыемстваў рознага маштабу і тэматыкі, якія наведалі больш за 250 тысяч чалавек. Асаблівая ўвага — рэгіянальным праектам. Так, у Лідскім раёне актыўна развіваецца турыстычны патэнцыял Лідскага замка. Паводле інфармацыі Наталлі Ляўшуновай, начальніка аддзела культуры Лідскага райвыканкама, у мінулым годзе замак наведала больш чым 130 тысяч чалавек, а за першае паўгоддзе цяперашняга — ужо звыш 82 тысяч. Гэта сведчыць пра значную цікавасць як унутраных, так і замежных турыстаў. Як адзначае Дар’я Шыбека, кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму, падзейны турызм цалкам адпавядае сучасным тэндэнцыям сусветнай туріндустрыі. Беларусь валодае багатымі рэсурсамі, адметнай гісторыяй, унікальнай культурай, што дазваляе эфектыўна развіваць гэты кірунак. Паводле ацэнак спецыялістаў, з 13 відаў турызму менавіта падзейны лічыцца адным з найбольш перспектыўных.

Яго перавагай з’яўляецца магчымасць сумяшчаць адпачынак з наведваннем яркіх і запамінальных культурных падзей. Гэта спрыяе росту турыстычнага патоку, а таксама развіццю рэгіёнаў краіны. Сярод значных мерапрыемстваў, што ўжо сталі традыцыйнымі і прывабліваюць вялікую колькасць турыстаў, — рэспубліканскае свята «Купалле» ў Александрыі, міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», фестываль «Vіva Braslav» і многія іншыя. Асобную ролю адыгрываюць гістарычныя рэканструкцыі, этнакультурныя, гастранамічныя і музычныя фестывалі. Яны не толькі прыцягваюць увагу турыстаў, але і ствараюць пазнавальны імідж рэгіёнаў, становяцца іх турыстычнымі брэндамі. Як адзначаюць у Міністэрстве спорту і турызму, менавіта гэтыя мерапрыемствы і ёсць рэальны інструмент прыцягнення турыстаў як з Беларусі, так і з замежжа.

227866-08.jpg

252412-09.jpg

256270-21.jpg

У Мінску адным з ключавых праектаў падзейнага турызму з’яўляецца летні музычна-турыстычны сезон. Як расказала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына, гэтыя мерапрыемствы ўжо сталі неад’емнай часткай культурнага жыцця сталіцы. У гэтым годзе сезон стартаваў 24 мая і працягнецца да 13 верасня. За апошнія гады яго падзеі сталі магутным магнітам для турыстаў. Яскравым прыкладам развіцця падзейнага турызму ў Мінску стаў праект «Класіка каля ратушы». Ён атрымаў папулярнасць сярод жыхароў і гасцей сталіцы. Сёлета ўсе праекты праходзяць пад агульнай назвай «Мы светлай памяццю адзіныя» і прысвечаны 80-годдзю Перамогі.

Падзейны турызм у краіне — гэта ўжо не толькі форма арганізацыі вольнага часу, але і важны інструмент сацыяльнага дыялогу, рэгіянальнага развіцця і фарміравання культурнага брэнда. Наяўнасць вялікай колькасці тэматычных фестываляў, гістарычных рэканструкцый, музычных праектаў і культурных ініцыятыў дазваляе сцвярджаць: Беларусь здольная канкурыраваць на міжнароднай турыстычнай арэне і пры гэтым заставацца вернай уласным традыцыям. Гэта не проста шлях да эканамічнага росту, а спосаб расказаць свету пра краіну праз падзеі, эмоцыі і жывыя ўражанні.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Не прапусціце

Ужо ў гэтыя выхадныя ў аграгарадку Моталь адбудзецца фестываль «Мотальскія прысмакі», 22–23 жніўня — «Востраў Нясвіж Фэст», 30 жніўня ў Мінску стартуе гарадскі пікнік «Vulіtsa Ezha».

Асаблівы інтарэс выклікае «Дзень беларускага пісьменства» ў Лідзе (6–7 верасня).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю