Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях дзейнасці Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Нарада рабочая, ніякай надзвычайшчыны няма. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што мерапрыемства звязана, натуральна, з сітуацыяй, якая складваецца не толькі ўнутры нашай краіны, але больш за ўсё з ваенна-палітычным становішчам вакол Беларусі.
«Што насцярожвае? Што больш за ўсё вельмі жудасна, агрэсіўна ў дачыненні да Беларусі настроеныя нашы суседзі — Польшча і краіны Балтыі. Ціск ажыццяўляецца па ўсіх напрамках і больш за ўсё гэты ціск адчуваюць нашы спецыяльныя службы, — падзяліўся назіраннямі Прэзідэнт. — Таму я ўдзяляю перш за ўсё самую пільную ўвагу рабоце Камітэта дзяржаўнай бяспекі і наогул сілавога блока».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што 2020 год — гэта ўрокі, урокі і яшчэ раз урокі. Гэта датычыцца ўсіх напрамкаў дзейнасці нашай дзяржавы, уключаючы Камітэт дзяржбяспекі. У сувязі з гэтым старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі прапанаваў не рэфармаванне, а шляхі ўдасканалення дзейнасці камітэта. «Зразумела, як і іншыя міністэрствы і ведамствы, КДБ не выключэнне, "пакутуе" нейкай ведамаснасцю. Натуральна, прапанова старшыні камітэта, нягледзячы на тое, што я давяраю яму і камітэту ў цэлым, была падвергнута рэвізіі. Дзяржаўнаму сакратару, сакратарыяту Савета Бяспекі было даручана вывучыць прадметна прапанову старшыні КДБ па ўсіх напрамках, па ўсіх унесеных прапановах і ўнесці свае прапановы», — расказаў кіраўнік дзяржавы. Разглядалі дадзеныя заключэнні ў вузкім коле, што не дзіўна, паколькі Камітэт дзяржбяспекі — служба спецыфічная. На нараду былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы, чый кар’ерны шлях звязаны з КДБ. Акрамя старшыні КДБ Івана Тэртэля, прысутнічалі генеральны пракурор Андрэй Швед, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка, кіраўнік Апарату Савета Міністраў Валерый Вакульчык. З асноўным дакладам выступіў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Па словах Прэзідэнта, КДБ заўсёды быў вядомы не кругавой парукай, а братэрствам. Таму ён выказаў спадзяванне, што абмеркаванне пытанняў у такім складзе будзе аб’ектыўным і прывядзе да канкрэтнага заключэння.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на матэрыяльнае забеспячэнне КДБ грошай не шкада. Асабліва за канкрэтныя вынікі. «Мы са старшынёй адладзілі гэтую сістэму: я заўсёды пасля аперацый пэўных яго папярэджваю, што хлопцы, якія там зарабілі гэтыя грошы, павінны іх атрымаць, нават звыш таго», — адзначыў ён. Таму справа не ў фінансавых пытаннях.
- Прэзідэнт звярнуў увагу на агульны трэнд развіцця краіны: не павышаць колькасць супрацоўнікаў па ўсіх напрамках. «Вы бачыце, што адбываецца, у нас прыстойны адток ад цывільных спецыяльнасцяў у ваенныя і гэтак далей. Людзі патрэбныя на вытворчасці перш за ўсё. І адтуль забіраць людзей, па вялікім рахунку, мы не маем ніякага права. Гэта датычыцца ўсіх, у тым ліку і Камітэта дзяржбяспекі». Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паўтарыў: на карысную справу грошай не шкада. Ён заўважыў, што нямала супрацоўнікаў спецслужбаў маюць патрэбу ў жыллі — таму трэба будаваць для іх жыллё, трэба павялічваць грашовае забеспячэнне вайскоўцаў у цэлым. «З гэтага трэба зыходзіць, а не нарошчваць расходы на нейкія неперспектыўныя справы», — арыентуе ўсіх адказных беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка вылучыў спецыяльныя пытанні, якія датычацца Камітэта дзяржбяспекі. «Недахопы свае мы ўбачылі ў 2020 годзе і пасля. Вузкія месцы таксама мы выявілі, трэба іх ліквідаваць. Гэта перш за ўсё трэба зрабіць», — паставіў задачу ён.
І даў яшчэ адно канкрэтнае даручэнне: «Узмацніць работу па лініі кібербяспекі — ці тое яшчэ будзе, таму мы да гэтага павінны рыхтавацца. Людзі ў нас разумныя, талковыя ў краіне. Іх трэба знайсці і забяспечыць бяспеку ў кіберпрасторы з улікам меркавання гэтых разумных і талковых людзей, патрыётаў. Іх нямала ў краіне».
Валерыя СЦЯЦКО
Вальфовіч: Кіраўнік дзяржавы трымае руку на пульсе і кантралюе ўсе структуры сілавога блока