Па словах Аляксандра Вальфовіча, нарада пад кіраўніцтвам Прэзідэнта прайшла канструктыўна і ў давернай атмасферы. «Кіраўнік дзяржавы трымае руку на пульсе і кантралюе ўсе структуры сілавога блока. А Камітэт дзяржбяспекі як структура, падпарадкаваная асабіста Прэзідэнту, вядома ж, на пярэднім плане ўвагі, — адзначыў ён. — Кіраўніка дзяржавы цікавіла, як, у якім ключы сёння развіваецца Камітэт дзяржбяспекі, зыходзячы з новых выклікаў і пагроз, з новых форм вядзення ваенных дзеянняў».
Аляксандр Вальфовіч расказаў, што КДБ сёння вывучае не толькі вопыт вядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі і абстаноўку каля нашых граніц, але і формы, метады, спосабы работы аналагічных спецслужбаў па ўсім свеце і ўкараняе іх у сваю дзейнасць.
Упор робіцца на якасны падбор і падрыхтоўку кадраў. Прэзідэнт на гэта звярнуў асаблівую ўвагу і паставіў задачу ўзмацніць гэту работу. «Прэзідэнт сказаў, што патэнцыял і рэзерв у нас яшчэ ёсць у дадзеным напрамку, — адзначыў Дзяржсакратар Савета Бяспекі. — Самае галоўнае, што кіраўніцтва Камітэта дзяржбяспекі бачыць, у якім напрамку развіваць і ўдасканальваць сваю работу. Сакратарыятам Савета Бяспекі было адзначана, што за апошнія пяць гадоў у Камітэце дзяржбяспекі праведзена найбольш маштабная за апошнія дзесяцігоддзі работа па пытаннях удасканалення і развіцця структуры. Многае зроблена ў плане арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў, падрыхтоўкі супрацоўнікаў, аснашчэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, у плане падыходаў да навучання будучых супрацоўнікаў КДБ».
Аднак, разам са станоўчымі момантамі, падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, ёсць нюансы, на якія варта звярнуць увагу. Прэзідэнтам пастаўлена задача з улікам меркавання тых, хто працаваў у сістэме КДБ і не па чутках ведае асаблівасці дадзенай структуры, прааналізаваць, паправіць, падкарэктаваць некаторыя моманты. «Самае галоўнае — забяспечыць бяспеку нашага народа і краіны ў гэтай няпростай абстаноўцы з улікам пазіцый суседзяў. Мы бачым агрэсіўную рыторыку палякаў, кіраўніцтва прыбалтыйскіх дзяржаў. У гэтых найскладанейшых умовах сёння рэалізуе задачы ў тым ліку і Камітэт дзяржбяспекі, і іншыя структуры сілавога блока», — рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч.
Валерыя СЦЯЦКО.