Top.Mail.Ru

Юбілеі, рэканструкцыі і гісторыі святыняў аб’ядноўваюць праваслаўных вернікаў па ўсёй краіне

Гэты год багаты на юбілейныя даты, звязаныя з праваслаўнай духоўнай традыцыяй. Ад Полацка да Жыровічаў праходзяць урачыстасці. А яшчэ вядуцца рэканструкцыі храмаў, адбываюцца прэзентацыі культурна-асветніцкіх ініцыятыў.



Праваслаўныя вернікі ўжо адзначылі 900-годдзе Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку, 555-годдзе Жыровіцкай іконы Божай Маці. Гэтыя мерапрыемствы праводзіліся пад патранатам дзяржавы, бо названыя святыні — неад’емныя часткі духоўна-культурнай спадчыны ўсяго народа.

Іерэй Аляксандр Сняжко, кіраўнік інфармацыйнага аддзела Навагрудскай епархіі, расказаў пра 555-годдзе Жыровіцкай іконы Божай Маці. Ён адзначыў, што гэта «жамчужына нашага народа і нашага манастыра». Адраджэнне Жыровіцкага манастыра пачалося ў 1996 годзе пасля візіту туды кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Быў зацверджаны план па аднаўленні, праведзена рэканструкцыя з элементамі рэстаўрацыі цэнтральнага храма. Рэстаўрацыя адбылася і ў Богаяўленскай царкве, адной з найстарэйшых на тэрыторыі манастыра. На гэтым спыняцца не будуць — працягваецца аднаўленне Георгіеўскай царквы на Юр’евай горцы.

Як мінімум яшчэ дзве знакавыя даты наперадзе — 525-годдзе з’яўлення Мінскай іконы Божай Маці (гэта свята ўжо хутка — 26 жніўня) і 800-годдзе Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра — аднаго з найстарэйшых у Беларусі.

Як падкрэсліў протаіерэй Пётр Дзем’янчук, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска, Мінская ікона Божай Маці — адна з галоўных святыняў краіны. Згодна з паданнем, яна прыплыла ў Мінск з Кіева, які ў той час перажываў цяжкі перыяд нашэсця іншаверцаў. Ікона была знойдзена ў рацэ Свіслач. Протаіерэй адзначае: «Мінская ікона Божай Маці абараняла, абараняе і будзе абараняць наш горад ад няшчасцяў». Ён таксама расказаў пра выпадак часоў Вялікай Айчыннай вайны, калі бомба, скінутая на горад, прабіла купал храма Аляксандра Неўскага і ўпала ў цэнтр будынка, але не выбухнула. Гэта было расцэнена як цуд і сведчанне духоўнага заступніцтва Багародзіцы, якая ў цяжкія гады вайны абараняла ўвесь Мінск.

Восенню праваслаўныя адзначаць 800-годдзе заснавання Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра. Сакратар намесніка Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра іерэй Яўгеній Барташэвіч нагадаў, што сучаснае афіцыйнае афармленне абіцелі адбылося ў 2007 годзе са значнай падтрымкай дзяржавы. Сёння на тэрыторыі манастыра ёсць нядзельная школа, мастацкая студыя «Сугучча» і гістарычны музей. Цэнтральнай падзеяй стане святочнае богаслужэнне 5 лістапада, якое ўзначаліць Мітрапаліт Веніямін. Таксама ў гэты дзень адбудзецца асвячэнне капліцы, якая ўваходзіць у комплекс «Алея праваслаўных святыняў».

Міхаіл Данілковіч.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю