Top.Mail.Ru

Гэта клятая фітафтора!

07.08.2025 | 15:22

Сёлета для яе проста раздолле: фітафтора любіць вільготнасць і прахалоду. Ідэальныя ўмовы для развіцця гэтага грыбка — тэмпература каля 20 °С і вільготнасць вышэй за 76 %. Менавіта таму ўспышкі фітафтарозу часцей за ўсё здараюцца ў другой палове лета, калі ночы становяцца халоднымі, а раніцай выпадае раса. Дажджы таксама спрыяюць распаўсюджванню хваробы, бо споры грыбка могуць знаходзіцца ў глебе і разам з пырскамі вады трапляць на расліны. Узбуджальнік захворвання распаўсюджваецца вокамгненна, таму ўжо пры першых прыкметах важна пачаць лячэнне.



Як заўважыць?

Хвароба звычайна пачынаецца з ніжняга лісця, паступова паднімаецца ўверх і дабіраецца да пладоў. Ад з`яўлення першых карычневых плям на лісці да поўнай гібелі расліны можа прайсці ўсяго два тыдні.

На адваротным баку лісця можна заўважыць белы налёт — гэта споры грыбка, якія хутка распаўсюджваюцца.

Памідоры, захопленыя фітафторай, пакрываюцца цёмнымі плямамі. Яны хутка павялічваюцца, лісты засыхаюць і абсыпаюцца, а сцёблы і плады пачынаюць гніць. Калі не прыняць меры, расліна загіне за некалькі дзён. Асабліва крыўдна, калі хвароба пашкоджвае амаль спелыя плады — яны становяцца непрыдатнымі для ўжывання.

Як змагацца?

На ранніх стадыях з фітафторай можна справіцца з дапамогай народных сродкаў, напрыклад, выкарыстоўваць настой солі ці попелу або сыроваткі. Аднак калі хвароба ўбілася, трэба ўсё ж такі задзейнічаць хімію.

Для барацьбы з фітафторай выкарыстоўваюцца хімічныя прэпараты, якія не толькі лечаць памідоры, але і прадухіляюць заражэнне. Сярод найбольш эфектыўных сродкаў — «Ардан» і «Рэвус». Гэтыя прэпараты распрацаваны спецыяльна для барацьбы з фітафтарозам і іншымі грыбковымі захворваннямі паслёнавых культур. Але трэба ведаць, як іх правільна выкарыстоўваць.

  1. Чаргаванне прэпаратаў. Каб пазбегнуць прывыкання ўзбуджальнікаў фітафторы да дзеючых рэчываў, рэкамендуецца чаргаваць прэпараты з рознымі складамі.
  2. Захаванне тэрмінаў. Пасля апрацоўкі хімічнымі сродкамі неабходна вытрымліваць пазначаны ў інструкцыі тэрмін да збору ўраджаю (звычайна 3–14 дзён).
  3. Выдаленне хворых частак раслін. Перад апрацоўкай варта выдаліць усё заражанае лісце і плады, каб прадухіліць далейшае распаўсюджванне хваробы.
  4. Апрацоўка ў спрыяльны час. Апырскванне лепш праводзіць рана раніцай ці ўвечары, каб пазбегнуць апёкаў лісця пад уздзеяннем сонечных прамянёў.
Акрамя ўмоў надвор’я ёсць і іншыя прычыны з’яўлення фітафторы

  1. Няправільны паліў. Калі паліваць памідоры са шланга, вада трапляе на лісце і стварае ідэальныя ўмовы для развіцця грыбка.
  2. Густая пасадка. Калі расліны пасаджаны заблізка адна ад адной, паветра дрэнна цыркулюе, а вільгаць даўжэй захоўваецца на лісці.
  3. Суседства з бульбай. Фітафтора часта спачатку паражае бульбу, а затым перакідваецца на таматы.
  4. Празмернасць азоту ў глебе. Залішняя колькасць азотных угнаенняў робіць расліны больш уразлівымі да хвароб.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю