Top.Mail.Ru

Што рабіць, каб ваша дзіця не стала наркакур’ерам аб злодзеем?

Лічбавае асяроддзе адкрывае вялізныя магчымасці для навучання і камунікацыі, але адначасова патрабуе асаблівай увагі да пытанняў бяспекі. Ва ўмовах імклівага развіцця тэхналогій і пашырэння дзіцячай аўдыторыі ў інтэрнэце асабліва актуальнымі становяцца пытанні абароны непаўналетніх ад кіберпагроз, фарміравання лічбавай граматнасці і стварэння бяспечнага анлайн-асяроддзя.



Бацькі павінны ведаць, але без татальнага кантролю

Важна разумець, што амаль усе злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў непаўналетнімі, здзяйсняюцца з дапамогай інтэрнэту. У сетцы зламыснікі пад падставай хуткага і лёгкага заробку залучаюць падлеткаў у злачынны бізнес у ролі кур’ераў або трафарэтчыкаў. 

«Удзельнікі злачынных схем вярбуюць школьнікаў з дапамогай веернай рассылкі або асабістых паведамленняў у папулярных сацсетках і месенджарах. Таксама злачынцы адгукаюцца на публікацыі аб пошуку працы. Куратары абяцаюць школьнікам легальнасць, бяспеку і вялікі заробак. Пры гэтым, як паказвае практыка, працягласць „кар’еры“ закладчыка наркашопа ад аднаго дня да трох тыдняў», — адзначыў старшы інспектар па асобых даручэннях аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Бардзееў.

Паводле яго слоў, за першыя шэсць месяцаў 2025 года супрацоўнікі МУС спынілі дзейнасць больш за 25 інтэрнэт-наркашопаў, абмежавалі доступ амаль да 80 сайтаў, на якіх размяшчалася рэклама наркамаркетаў.

Раман Бардзееў звярнуў увагу на тое, што дзіцячая злачыннасць усё часцей перацякае з вуліцы ў інтэрнэт: «Амаль 20 % усіх злачынстваў, учыненых падлеткамі, адбыліся ў сетцы або з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій». Бацькі павінны ведаць, чым займаецца іх дзіця ў інтэрнэце. Пры гэтым не павінна быць татальнага кантролю, бо непаўналетні можа замкнуцца ў сабе і спрабаваць пазбягаць такога нагляду. 

«У дадзеным выпадку добрай дапамогай у захаванні бяспекі дзіцяці могуць стаць праграмы бацькоўскага кантролю. Гэтыя прылады абмяжоўваюць тыя ці іншыя функцыі гаджэта. Такім чынам можна адгарадзіць дзіця ад неспрыяльных сайтаў, працяглага знаходжання ў інтэрнэце або за гульнямі, а таксама не дапусціць яго азнаямлення з непажаданым кантэнтам», — дадаў праваахоўнік.

Самае распаўсюджанае кіберзлачынства, якое здзяйсняецца падлеткамі, — крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Як правіла, ствараецца фішынгавая спасылка, з дапамогай якой атрымліваюцца звесткі аб рэквізітах банкаўскай каркі чалавека. Пасля гэтага пры дапамозе спецыяльных праграм непаўналетнія выкрадаюць з гэтай карткі грошы. «Акрамя прафілактычнай работы МУС таксама прымае меры па блакіраванні сайтаў і акаўнтаў з непрымальным кантэнтам. Арганізавана кругласутачнае ўзаемадзеянне з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь па апрацоўцы інфармацыі аб несанкцыянаваных плацежных аперацыях, што дазваляе аператыўна прымаць рашэнні аб іх прыпыненні. На заканадаўчым узроўні рэалізуюцца ініцыятывы, накіраваныя на ўрэгуляванне здзелак з крыптавалютай, кваліфікацыю дзеянняў, звязаных з незаконным абаротам сродкаў плацяжу», — адзначыў Раман Бардзееў. Дзякуючы прынятым мерам назіраецца зніжэнне колькасці кіберзлачынстваў, учыненых падлеткамі.

«Прывязвалі да батарэі, акуналі ва ўнітаз галавой»

Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, кібербулінг сустракаецца ў падлеткавым асяроддзі. У нацыянальным заканадаўстве такога паняцця няма, але супрацоўнікі ўнутраных органаў усё роўна фіксуюць факты гвалту і даюць ім прававую ацэнку. 

«Кібербулінг — гэта той жа гвалт, толькі ў лічбавай прасторы з дапамогай віртуальных зносін на форумах, у чатах і месенджарах, — працягнуў старшы інспектар. — Ён усё часцей адзначаецца ва ўстановах адукацыі. Навучэнцы адпраўляюць агрэсіўныя або непрыстойныя відэа і фота, пішуць абразлівыя каментарыі. У некаторых выпадках здзекванне перарастае ў гвалт, што пацягнуў за сабой крымінальную адказнасць за катаванне (арт.154 КК) і незаконнае пазбаўленне волі (арт. 183 КК). Прыкладам таму з’яўляецца выпадак у адным з каледжаў краіны. Трое падлеткаў на працягу шасці месяцаў у пакоі інтэрната здзекаваліся з аднагодка, прывязвалі яго да батарэі, акуналі галавой ва ўнітаз, сістэматычна збівалі. Часцей за ўсё непаўналетнія не могуць самастойна абараніцца ад булінгу, замыкаюцца ў сабе, што становіцца прычынай суіцыдаў».

Частай з’явай сёння становіцца не толькі самі хуліганства і гвалт, але і здымка сваіх жа злачынстваў. Раман Бардзееў прыводзіў прыклад, калі двое хлапчукоў вырашылі стаць папулярнымі, забіваючы жывёл. Адзін катуе, другі — здымае і выкладвае ў інтэрнэт. З першым зразумела, факт парушэння закона ў наяўнасці, а ці будзе нейкае пакаранне «аператару»? «Грамадзяне Беларусі надзеленыя паўнамоцтвамі спыняць злачынствы, а не патураць ім, як у дадзеным выпадку. Таму ў падобных сітуацыях размаўляем з усімі ўдзельнікамі. Калі будуць даказаныя ролі, што загадзя дамоўлена: адзін здзяйсняе супрацьпраўнае дзеянне, другі — здымае і выкладвае, то будзе дадзена прававая ацэнка абодвум».

Каб пазбегнуць правапарушэнняў у Інтэрнэце і іх наступстваў, паміж бацькамі і дзецьмі трэба выбудоўваць даверныя адносіны, адзначыў Раман Бардзееў: «Калі дзіця хоча зарэгістравацца на якім-небудзь сайце, стварыць профіль у сацыяльнай сетцы і выкласці свае фатаграфіі, лепш перад гэтым параіцца з бацькамі. Дарослы чалавек зможа лепш прааналізаваць сітуацыю і зразумець, ці бяспечны сайт, а таксама дапамагчы выбраць здымкі, якія можна выкласці на ўсеагульны агляд. Акрамя таго, можна ўстанавіць „бацькоўскі кантроль“ на гаджэт або камп’ютар».

Новая небяспека — азартныя анлайн-гульні

Як паведаміў начальнік упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектра Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Корзун, у краіне набірае абароты новая несуцяшальная тэндэнцыя: непаўналетнія ўсё часцей далучаюцца да азартных анлайн-гульняў. Нягледзячы на ўзроставыя абмежаванні, падлеткі знаходзяць спосабы абыйсці сістэму і ўдзельнічаць у гульнях, па механіцы падобных да анлайн-казіно.

Нядаўна ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі прайшла нарада з Генеральнай пракуратурай, аператарамі сувязі і іншымі ўдзельнікамі з нагоды вырашэння гэтай праблемы. «Праблема сапраўды актуальная: падлеткі, марачы пра выйгрыш і хуткае ўзбагачэнне, становяцца залежнымі ад азартных гульняў. Яны прайграваюць вялікія грошы, кідаюць вучобу, не слухаюць бацькоў і сяброў. Намі ўжо прапрацоўваецца шэраг рашэнняў у гэтым кірунку. Да сярэдзіны жніўня мы іх падрыхтуем і накіруем у Генеральную пракуратуру», — акцэнтаваў Дзмітрый Корзун.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю