Top.Mail.Ru

Малады спецыяліст у абранай прафесіі і на першым рабочым месцы знайшоў сваё прызванне

07.08.2025 | 15:39

— Мая прафесія вельмі цікавая і шматгранная, таму што патрабуе ведаў у многіх іншых галінах. Мне павінны быць вядомыя вытворчая магутнасць завода і магчымасці працаўнікоў. Я абавязан дэталёва ведаць увесь вытворчы працэс: ад распрацоўкі дэталяў да збору тэхнікі — і ўмець аб’яднаць работу большасці аддзелаў, — кажа Даніла Юхневіч, інжынер-канструктар цэнтра навукова-тэхнічных распрацовак ААТ " Кіруючая кампанія холдынга «Бабруйскаграмаш».



Працаваць на прадпрыемства Даніла Міхайлавіч, як яго тут паважліва называюць, прыйшоў у 2023 годзе, пасля заканчэння Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве. Хлопец скончыў навучальную ўстанову па спецыяльнасці «Аўтамабілебудаванне» і за невялікі час праявіў сябе на прадпрыемстве перспектыўным спецыялістам, які падыходзіць да працы з асаблівай адказнасцю. Вельмі хутка заканчваецца тэрмін яго адпрацоўкі па размеркаванні, але пакідаць сваё працоўнае месца малады чалавек не збіраецца, бо бачыць тут і магчымасці, і перспектывы.

— Я займаюся распрацоўкай і вядзеннем канструктарскай дакументацыі, чарцяжоў, мадэліраваннем, праводжу сустрэчы на тэму тэхнікі бяспекі з рабочымі ў цэхах. Нярэдка ўдзельнічаю ў выязных камандзіроўках, — расказвае Даніла Юхневіч. — Можна сказаць, што мая праца падзяляецца на дзве часткі: работа за камп’ютарам і з людзьмі. Першы этап дапамагае мне ажыццявіць шмат новых ідэй і задум, прымяніць на практыцы штосьці новае, а вось у рабоце з людзьмі трэба ўмець праявіць індывідуальны падыход. Сярод работнікаў прадпрыемства — людзі розных узростаў. Вельмі няпроста пачынаць размову з чалавекам, які мае значны прафесійны вопыт і аддаў сваёй рабоце не адзін дзясятак гадоў.

І ўсё ж важна тое, што з першых дзён я адчуваю падтрымку вопытных калег. Калектыў нашага прадпрыемства вельмі зладжаны і добразычлівы. У патрэбны момант кожны гатовы падтрымаць добрым словам, даць карысную параду. З гэтай прычыны мне вельмі хацелася б працаваць тут і далей.

Дапамога з боку дзяржавы

Як маладому спецыялісту з боку прадпрыемства Даніле была аказана ўсебаковая дапамога. Па-першае, хлопцу быў прадастаўлены пакой у інтэрнаце. Пасля агляду камісіі ў пакоі за кошт завода былі праведзены рамонтныя работы. Згодна з заканадаўствам маладым спецыялістам аказваюцца некалькі відаў фінансавай дапамогі, сярод якіх аднаразовыя выплаты, надбаўкі да заработнай платы і падатковыя льготы.

Акрамя заработнай платы за першы месяц работы Даніле Міхайлавічу была выплачана аднаразовая дапамога ў выглядзе месячнай стыпендыі, прызначанай у апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі). Паколькі хлопец атрымаў размеркаванне на працу не па месцы рэгістрацыі, яму была прызначана аднаразовая дапамога ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі (аклада) пасля заключэння кантракта. Малады спецыяліст мае таксама права на дадатковы заахвочвальны адпачынак да пяці каляндарных дзён без захавання сярэдняга заробку. Пры налічэнні заробку маладым спецыялістам, якія працуюць у бюджэтных арганізацыях, выплачваецца надбаўка ў памеры 50 % да аклада.

Да таго ж малады спецыяліст мае магчымасць атрымаць ільготны крэдыт на набыццё спажывецкіх тавараў беларускай вытворчасці. Такім чынам вельмі хутка ўдасца абставіць свой пакой усім неабходным.

...І падтрымка вопытных калег

— На нашым прадпрыемстве створана выдатная атмасфера для таго, каб маладыя спецыялісты маглі ў поўнай меры рэалізаваць атрыманыя навыкі і свае магчымасці. Вопытныя калегі актыўна падтрымліваюць новыя ідэі, цікавыя прапановы, — кажа суразмоўца. — Маім настаўнікам у прафесіі стаў Сяргей Вялічка, начальнік бюро, які аддаў рабоце ў «Бабруйскаграмашы» не адзін дзясятак гадоў. Сяргей Рыгоравіч курыруе маю работу: падказвае, ва ўсім дапамагае. Дзякуючы яго важным парадам я атрымаў веды, які вельмі спатрэбіцца мне ў далейшай рабоце. Як кажуць вопытныя калегі, раней працаваць было больш складана. Цяпер жа рабочы працэс камп’ютарызаваны, выкарыстоўваецца высокатэхналагічнае абсталяванне, таму працаваць нашмат зручней.

Энергія і працоўны запал

Даніла не толькі паспяхова праяўляе сябе ў прафесіі, але і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці прадпрыемства. Не выпадкова хлопец уваходзіць у склад Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў. Члены савета актыўна працуюць над прыняццем правілаў, распарадку работы органа, а таксама выконваюць даручэнні васьмі камісій. Паколькі Даніла Міхайлавіч уваходзіць у склад каміісіі па аграрных пытаннях, экалогіі і прыродакарыстанні, разам са сваімі маладымі калегамі ён актыўна працуе над добраўпарадкаваннем участкаў, пасадкай дрэў — удзельнічае ў рабоце, якая звязана з прыродакарыстаннем.

— Члены Маладзёжнага савета ўмацоўваюць сувязь паміж вышэйшым кіраўніцтвам і маладым пакаленнем. Наша работа — яркі доказ таго, што мы працуем над паляпшэннем якасці жыцця моладзі. Вельмі важна таксама і тое, што на прадпрыемстве праводзіцца шмат культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў. Работнікі завода актыўна ўдзельнічаюць ва ўрачыстасцях да Дня Незалежнасці, Дня горада, праяўляюць сваё майстэрства ў спартыўных мерапрыемствах гарадскога і абласнога ўзроўняў, турыстычных злётах, — ажыўлена расказвае малады спецыяліст. — У вольны час разам з калегамі па традыцыі гуляем у настольны тэніс. За кубачкам кавы размаўляем пра жыццё нашага прадпрыемства, абмяркоўваем, што яшчэ прадстаіць зрабіць.

На пытанне аб тым, якія якасці найбольш цэнныя ў людзях, Даніла з упэўненасцю адказвае:

— Шчырасць і адкрытасць. Калі чалавек заўсёды кажа шчыра, што ў яго на душы, яго заўсёды лёгка зразумець. Я лічу, гэта вельмі важна ў жыцці. Менавіта такія людзі працуюць і на нашым прадпрыемстве. Для таго каб павысіць свой прафесійны ўзровень, мне яшчэ трэба працаваць вельмі шмат. Аднак я ўпэўнены, што з падтрымкай маіх вопытных калег усё атрымаецца.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю