Top.Mail.Ru

1 верасня больш за 2,6 тысячы школ і 3,6 тысячы дзіцячых садкоў прымуць 1 млн 50 тысяч школьнікаў і 327,1 тысячы дашкольнікаў

07.08.2025 | 17:51

Сёлета свае дзверы адчыняць сем новых школ на 5238 месцаў. У Брэсцкай вобласці ў Пінску пачне працаваць пачатковая школа № 1 на 471 месца, а таксама прыбудова да сярэдняй школы № 1 у Лунінцы на 660 месцаў. У Гродзенскай вобласці з 1 верасня дзяцей прыме сярэдняя школа № 4 у Астраўцы (510 месцаў). У Мінскай вобласці навінкі тры: сярэдняя школа № 2 у Фаніпалі (1050 месцаў), пачатковая школа ў Слуцку (471 месца), сярэдняя школа ў вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна (1020 месцаў). Адкрыецца новая ўстанова і ў сталіцы — сярэдняя школа № 227 (1056 месцаў).



Цікава, што ў новай мінскай школе, якая пачне функцыянаваць у мікрараёне «Мінск-Мір» (дарэчы, фота да матэрыяла зроблены менавіта там), будуць створаны профільныя класы чыгуначнай накіраванасці. У іншай школе гэтага мікрараёна, што таксама адкрылася нядаўна, навучаюцца будучыя авіятары.

Як адзначылі ў Міністэрстве адукацыі, пашпарты гатоўнасці школ падпісваюцца да 20 жніўня. Старт гэтым мерапрыемствам ужо дадзены.

Сёлета 55,6 тысячы навучэнцаў будуць карыстацца паслугамі бясплатнага падвозу (1,6 тысячы аўтобусаў). У 2025 годзе закупяць 237 новых аўтобусаў — 61 ужо ў парку.

Акрамя таго, да навучальнага года падрыхтаваны 28 абноўленых і новых падручнікаў. Сярод іх — «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» для 3-га класа і «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» для 11-га класа.

Будзьце ў курсе!

У міністэрстве нагадалі і аб зменах у Кодэксе аб адукацыі з 1 верасня 2025 года.
  1. Так, цяпер будзе арганізаваны падвоз школьнікаў на экскурсіі, спартыўныя і іншыя выхаваўчыя мерапрыемствы ў межах населеных пунктаў.
  2. Таксама ў школах у сельскай мясцовасці (пасёлках гарадскога тыпу) і спецыялізаваных ліцэях, Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы, кадэцкіх вучылішчах змогуць навучаць ваджэнню.
  3. Будзе ўведзены дзелавы стыль адзення на ўроках (акрамя фізкультуры і працы).
  4. Бацькі дзяцей, якія жывуць у нашай краіне, абавязаны забяспечыць атрыманне адукацыі ў Беларусі.
  5. Навучанне ў 10-х класах завершыцца 25 мая з улікам вучэбна-палявых збораў (10 дзён).
  6. Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену будзе суправаджацца арганізаваным падвозам.
  7. З 2026 года ад выпускных экзаменаў у 11-м класе можна быць вызваленым па медыцынскіх паказаннях.
Абнавілі ў Беларусі і навучальны план. Новая праграма і тры ўрокі на тыдзень прадугледжаны для прадмета «Фізічная культура і здароўе». Для школьнікаў, якія навучаюцца дома па медыцынскіх паказаннях, адведзены гадзіны на маляванне, АБЖ, чарчэнне і мастацтва.

На ўрок — без мабільнага

З 1 верасня абмяжоўваецца выкарыстанне ў школе мабільных тэлефонаў.

 «Калі гаварыць аб школах горада Мінска, то ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў нас гатовы да гэтага новаўвядзення. Яны абсталяваны адпаведнымі ячэйкамі, якія будуць замыкацца для таго, каб захаваць мабільныя тэлефоны», — сказаў на прэс-канферэнцыі ў БелТА намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Глеб ЛАЎРЫНОВІЧ.
Тое ж датычыцца і ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці, дадаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый ЛАРЫЧАЎ. «Вясной былі праведзены бацькоўскія сходы, вызначаны месцы захоўвання, адказныя асобы. Арганізуецца відэаназіранне і гэтак далей», — падкрэсліў ён. Як адзначыў Юрый Ларычаў, недзе ў пачатковых класах тэлефоны будуць захоўвацца непасрэдна ў кабінетах, дзе вучацца маленькія дзеці. Што да астатніх класаў, для навучэнцаў прадугледжаны ячэйкі пад ключ, за якімі будуць наглядаць адказныя асобы.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю